К книге
Клетка для берасцянfrСтраница 15
83%
Страница 15
15

— Ты заўважыў, як яна ўсміхалася табе? — гаварыў ён Юрку, калі яны ішлі дамоў.— Не, так усміхаюцца толькі каханым людзям. Я даўно бачу: яна раскусіла свайго Хіжняка. I раскайваецца...

17

Дома Юрку чакаў сюрпрыз.

— Дзе ты ходзіш? — спыталася маці, якая ніколі не цікавілася дзе ён і з кім ходзіць. А тут раптам такі гонар: дзе ты ходзіш?

— Мы з Канстанцінам Вячаслававічам былі ў радзільным доме, і віншавалі Алесю,— прызнаўся ён, пагарджаючы выратавальнай хлуснёй.

Бацька перастаў пакаваць чамаданы. Маці троху здзіўлена па ківала галавой.

— I як яна?..

— Нас у бальніцу не пусцілі, хоць Канстанцін Вячаслававіч і дамагаўся.

— I правільна зрабілі,— разважна сказала маці.— Мы заўтра збіраемся на поўдзень. Я мяркую, што ты прыедзеш да нас дзён праз пяць. За гэты час мы знойдзем табе добрую кватэру.

— А вы?..

— У нас пуцёўкі ў санаторый. Табе вельмі патрэбны актыўны адпачынак. Ты зусім змарнеў.

Юрка зразумеў матчыны захады — яна спадзяецца, што ўдалечыні ад Мінска ён лягчэй забудзе Алесю. Юрка ўжо хацеў адмовіцца, маўляў, едзьце без мяне, але зусім нечакана ў галаве саспела шчаслівая задума.

Назаўтра Юрка праводзіў бацькоў у аэрапорт, адтуль зайшоў ва ўніверсітэт, аформіў водпуск, а пасля абеду нават атрымаў грошы. Адразу з бухгалтэрыі паехаў на Паркавую, дзе спадзяваўся сустрэць Канстанціна Вячаслававіча. Той сапраўды ўжо сядзеў у сваім закутку. пацягваў каньяк.

— У нядзелю лячу ў Крым,— пахваліўся Юрка.— Ужо і адпачынак аформіў.

Канстанцін Вячаслававіч спахмурнеў.

— А мяне на каго пакідаеш?

— Я буду пісаць вам лісты,— паабяцаў Юрка.

— Але я не люблю на іх адказваць...

— Вам і не трэба адказваць...

— Ветлівасць — адзнака каралёў,— нагадаў Канстанцін Вячаслававіч.

— Калі верыць рамантычным творам сусветнай літаратуры, дык ліставанне дапамагала з’ядноўваць раз’яднаныя лёсы. Я мяркую, хатняя цэнзура яшчэ не праглядае дасланыя вам лісты?..

— Не зразумеў.

— Я буду пісаць лісты Алесі на ваша імя. Вы перадаяце іх Алесі. Так я і завяжу ліставанне...

— Хітра! — было не зразумець, ухваляе такі план Канстанцін Вячаслававіч ці не ўхваляе.— Але дазволь унесці некаторыя змены. Па-першае, лісты мне пішы на галоўны паштамт, да запатрабавання. Апошнім часам Аўдоцця Якаўлеўна стала надзвычай цікаўная. Раптам распячатае канверт і знойдзе там любоўнае пісьмо. Да запатрабавання будзе найлепш. Па-другое, ліст да Алесі пакладзі ў асобны канверт, заклей яго, а канверт з Алесіным лістом пакладзі ў той, што будзе на маё імя. Хоць я чалавек моцнага гарту, але чым чорт не жартуе, калі бог спіць. Лоўка ты прыдумаў. Давай вып’ем за твой адпачынак.

Яны выпілі і раз, і два, і тры. Канстанцін Вячаслававіч, было відаць, добра сп’янеў, і Юрка стаў баяцца, што яго трэба будзе весці дамоў. А па дарозе ці мала каго можна сустрэць, напрыклад, выкладчыкаў ці прарэктара або самога рэктара — горад пасля вайны сціснуўся ў трох раёнах: цэнтр, Камароўка, Юбілейная плошча да Кальварыі.

— Канстанцін Вячаслававіч, даруйце, але піць я вам больш не дам,— сказаў ён і рашуча прыняў чарку.

— Мне? Не дасі? На якой падставе? — грозна запярэчыў Канстанцін Вячаслававіч.

— На той падставе, што вам хопіць. Сап’яцеся, і давядзецца нам з вамі ісці праз увесь горад у абдымку.

— Ну і што?..

— Але ж ці прыгожа славутаму хірургу і доктару навук ісці па горадзе ў непрыстойным выглядзе?

— А ці прыстойна рабіць з вядомага хірурга старога паяца, які да ўсяго павінен выступаць у ролі зводніка і паштовай скрынкі для сваёй любімай дачкі? — ні з таго, ні з сяго завёўся Канстанцін Вячаслававіч.— Ці падумаў ты пра гэта, дарагі Юрый Валянцінавіч? А потым, на што ты мяне штурхаеш? На развод маіх дзяцей, у якіх нарадзіўся сын. У яго павінен быць хоць і дрэнны, але родны бацька, а не добры вотчым.

Юрка зніякавеў. Хіба не сам Канстанцін Вячаслававіч прасіў яго вырваць Алесю з-пад улады Карпа Хіжняка? А цяпер выходзіць, нібы гэта ён, Юрка Далейка, падбухторыў Канстанціна Вячаслававіча на непрыгожыя ўчынкі.

— Я шчыра перапрашаю вас, Канстанцін Вячаслававіч,— чырванеючы ад сораму, павініўся Юрка.— Мне здаецца, увесь час гаворым на розных мовах.

Юрка ўстаў, каб пакінуць гэты закутак у карчме, якую назвалі па-сучаснаму недарэчна — павільён. Павільён — гэта шацёр, выстава нечага, а тут звычайная карчма і карчомныя ў ёй размовы. Юрку разбірала злосць, але найбольш крыўда на сябе, на сваю даверлівасць і шчырасць. «Да д’ябла ўсё! Заўтра ж вазьму білет на самалёт і адпраўлюся ў Еўпаторыю. Забыць усё: Алесю, Хіжняка, Канстанціна Вячаслававіча!..» Думалася па-п’янаму гаротна і крыўдна.

— Сядзь! — па-генеральску ўладна загадаў Канстанцін Вячаслававіч.— Дужа вы нецярплівы народ! Чаго пакрыўдзіўся? Падумаеш, стары чалавек крыху не так выказаўся — і ўжо крыўда! А ты мяне зразумей! У душу маю заглянь! Яна адвеку спакутаваная. Ты гэта зразумець можаш?

— Магу,— зноў сеўшы ў крэсла, сказаў Юрка.— А вы мяне зразумелі? Я хіба хлопчык, якім можна вось так маніпуляваць? Вы шчырасць маю можаце зразумець?

— Сапраўды, не магу,— прызнаўся Канстанцін Вячаслававіч. — Я нікога не разумею. Цябе, сябе, жонку, дачку, зяця — усіх! Ты ара шчырасць сказаў. Я сам на вось такой шчырасці сто разоў пападаўся, а на сто першы сказаў: хопіць!

— Ды зразумейце вы, Канстанцін Вячаслававіч, я вельмі кахаю Алесю. А вы лічыце, што моцна кахаць маглі толькі вы!

— Не, я так не лічу,— сказаў Канстанцін Вячаслававіч.— Я наогул не веру ў каханне. Што яно? Пусты гук — не больш. Сумеснае жыццё — вось падмурак усіх цывілізацый. Бяда, Юра, у тым, што я не бачу падмурка ў адносінах Алесі і Карпа.

— Вы пярэчыце сабе,— сказаў Юрка.— Без кахання не можа быць падмурка.

— Не пра тое гаворка. Не пра тое. Душой чую, разам з Карпушам у маёй кватэры запанавала бяда, можа, смерць. Я для яго самы вялікі вораг. Прабач і ты мне. Я апошнім часам шмат думаю, таму і п’ю. Калі добра вып’еш, страшэнна лагічна думаецца, а праспішся — і ўсё развальваецца. Прашу цябе, даруй мае завіхрэнні. Ты вельмі правільна вырашыў: эпісталярны жанр самы магутны жанр з усіх жанраў літаратурнай творчасці.

— Але цяпер я не стану ім займацца,— сказаў Юрка.

— Чаму? Пакрыўдзіўся? Не трэба на старога крыўдаваць, а ранейшая ўмова застаецца ў сіле. Умова — даражэй золата...

На трэці дзень, пасля той п’янай размовы, Юрка атрымаў тэлеграму ад бацькоў: вылятай, пакой знойдзены, бўдзеш задаволены...

18

Кватэра была крокаў за трыста ад лячэбнага пляжа і санаторыя, дзе лячыліся бацькі, на ціхай, цяністай вуліцы, якраз насупраць краязнаўчага музея — асобны пакой з асобным уваходам.

Але Юрка аблюбаваў дзікі пляж, метраў на сто далей ад лячэбнага, напрыканцы прыморскага бульвара імя Сталіна. Там было немнагалюдна, а галоўнае, не маячылі абсалютна голыя курортнікі і курортніцы, якія нахабна дэманстравалі да чарнаты загарэлыя целы. Юрку гэтае масавае распрананне чамусьці бянтэжыла, можа, баяўся пабачыць голымі і сваіх бацькоў. На дзікім пляжы загаралі ў купальніках. Да ўсяго, у курортным парку, што прымыкаў да дзікага пляжа, меўся летні рэстаран, дзе няблага кармілі.

Папраўдзе, дык за гэтыя дні, пасля іх апошняй сустрэчы, калі яны позна ўвечары неяк дабраліся з Канстанцінам Вячаслававічам да ягонай кватэры і шаноўны хірург быў здадзены ў надзейныя рукі Аўдоцці Якаўлеўны, Юрка шмат перадумаў наконт іх умовы і адмовіўся ад яе. Але ўжо ў першы дзень адпачынку яго нешта пачало трывожыць, аж было не ўляжаць на залацістым пяску пляжа. Юрка адчуў, як не хапае яму Алесі. Так, як у тэатры, калі ён бываў там адзін. Яму жадалася гаварыць з ёю, дзяліцца сваімі думкамі; настойліва, да памутнення розуму хацелася бачыць Алесю поруч, чуць яе мяккі, з лёгкім прыдыханнем голас.

Крокаў за пяцьдзесят ад берага яшчэ з вайны, ад дэсанта, які выкідвалі тут у заліве, застаўся пад вадой танк, Юрка хацеў даплысці да яго, вызначыць тып танка, але яму раптам падумалася: «Навошта? Усё роўна няма з кім падзяліцца сваім адкрыццём». Яму ўявіўся іншы малюнак, з Алесяй. Ён плыве да танка, а яна стаіць на самым беражку, і марскі прыбой акочвае пенай яе ногі.

Увечары ён засеў за ліст. Яму пісалася лёгка, нязмушана, па натхненні. Словы выстройваліся ў радкі, ад якіх зыходзіла туга і пяшчота, але і ўпэўненасць у лепшыя часы, калі яны зноў стануць хадзіць У оперны тэатр, хоць на час збаўляючыся ад праклятага быту, што пажырае маладосць, красу, бестурботнаець, што засаджвае людзей, як берасцянак, у клеткі, няхай і залатыя, але такія, што не даюць развінуць крылы.

Ліст яшчэ дыхаў той маладой разважлівасцю, якая бывае ў людзей закаханых, бо недзе ж кімсьці сказана, што каханне і толькі яно спараджае шчырую філасофію пачуцця. Астатняе — выпакутаваная і перанесеная на паперу марнасць.

Прачытаўшы ліст, Юрка зрабіў так, як раіў Канстанцін Вячаслававіч, аднёс яго на пошту, бо хацеў паслаць яго заказным, ды выявілася, што лісты да запатрабавання заказнымі не прымаюцца. А ў Юркавым лісце абодва адрасы былі да запатрабавання. Цяпер засталося чакаць адказ ад Алесі або Канстанціна Вячаслававіча.

Праз пяць дзён Юрка ўжо стаяў ля акенца з карэспандэнцыяй да запатрабавання. Чарнавокая, чарнабровая маладзіца, са старанна адбеленымі валасамі, глянула ў пашпарт, сказала з усмешкай:

— Вам, малады чалавек, каханая яшчэ піша...

Усмешка паштаркі чамусьці пакрыўдзіла Юрку. Назаўтра ён вырашыў на пошту не хадзіць, але выцерпеў толькі да абеду. Усё тая ж паштарка Ліна сказала са знаёмай усмешкай:

— Малады чалавек, а вам усё яшчэ пішуць...

Праз тыдзень яго ўжо ведалі на пошце ўсе. I кожны раз Ліна разводзіла рукамі.

— Вам яшчэ пішуць...

Тым часам праляцела палова адпачынку, і Юрка ўжо не спадзяваўся, што атрымае ліст. Відавочнае, аднак, не перашкаджала, а наадварот, заахвочвала хадзіць на пошту па два, а то і па тры разы на дзень.

— Ды плюньце вы,— аднойчы параіла Ліна.— Ці на ёй свет клінам сышоўся? У горадзе вунь колькі дзевак...

Дзевак у горадзе і сапраўды было многа. Але такіх, як Алеся,— ніводнай!

У адвячорак таго ж дня, калі Ліна параіла плюнуць і не чакаць ліста, Юрку на прыморскім бульвары аклікнуў незнаёмы голас.

— Юрый Валянцінавіч! Во нечаканасць!..

У пярэстым курортным натоўпе нікога знаёмага не было. Але тут жа з яго вылучылася грудастая дзяўчына ў сарафане на шлейках. Усміхаючыся, яна пайшла яму насустрач, падала руку.

— Вы, мусіць, мяне і не памятаеце. Паліна Дзямешка, Алесіна аднакурсніца і сяброўка. Яна, дарэчы, і сказала мне, што вы адпачываеце ў Еўпаторыі. Нічога, што я вас гукнула? Можа, вы тут не адзін. Я ўжо трэці дзень тут. Праўда, цудоўна? Вы дзе загараеце? Я дасюль вас не бачыла. 3 вамі бацькі? Яны па пуцёўцы? Я вельмі рада, што сустрэла земляка і нашага, універсітэцкага...

Яна гаварыла бесперапынна. А Юрка ўсё спрабаваў асэнсаваць сказанае Палінай Дзямешка, мымрай, як ён яе некалі ахрысціў. Па словах мымры, выходзіла, што Алеся ведае пра тое, што ён на курорце ў Еўпаторыі. Адкуль ведае? Сказаў бацька, Канстанцін Вячаслававіч, ці даведалася з ліста?

— Вы даўно бачылі Алесю? — спытаўся Юрка.

— Пяць... Не, бадай, шэсць дзён назад. Перад самым ад’ездам...

Юрка з ліхаманкавай хуткасцю вылічыў, што ў такім разе Алеся павінна была б атрымаць ягоны ліст.

— Яна хіба выпісалася з бальніцы?..

— Але ж у радзілках доўга не трымаюць,— сказала мымра. — Які цудоўны хлопчык і ўвесь у дзеда. Яго Сталенам назвалі, у гонар двух правадыроў сусветнага пралетарыяту.

— Мне трэба ісці,— раптам сказаў Юрка.

— Але вы заўтра будзеце на пляжы? Я таксама перайду на дзікі. А дзе вы жывеце?.. Мала што можа здарыцца...

Узяўшы з яго слова, што заўтра ён будзе загараць на дзікім пляжы, а таксама адрас ягонай туташняй кватэры, мымра нарэшце пакінула Юрку ў спакоі. Вечар быў канчаткова сапсаваны. Юрка ляжаў і ўсё імкнуўся разгадаць загадку: атрымала Алеся ягоны ліст ці не атрымала і чаму маўчыць, калі атрымала, а калі не атрымала, дык чаму?

Назаўтра Юрка, як заўсёды, зайшоў на пошту.

— Ёсць! Ёсць! — яшчэ не пераступіўшы парога, пачуў Юрка Лінін голас.

Забыўшыся падзякаваць, ён апантана выскачыў на вуліцу, дрыготкімі пальцамі разарваў канверт. У ім быў другі. Юрка ліхаманкова надарваў і той. Перад яго вачыма — бісер акуратных літар. Яны заскакалі, закружыліся ў шалёным карагодзе. Затым кружэнне памалу аціхла, спынілася, з далечыні выплылі паасобныя словы, фразы, увесь невялічкі тэкст Алесінага ліста.

«Я рада, што ты добра адпачываеш. Але навошта табе было пісаць мне? Асабліва так, як ты напісаў. Я кахаю Карпушу. Гэтым усё сказана. Цябе я, можа, некалі і кахала. Але ты тады не заўважаў мяне. Да твайго ведама, я паказала твой ліст Карпушу. Як чалавек сугуба партыйны, ён паставіўся да яго з разуменнем, але і насмешкай. Хачу спадзявацца, што ты зразумееш тое глупства, якое зрабіў».

У сваім пакоі Юрка праляжаў гадзін да чатырох вечара. Можа, ляжаў бы і далей, ды ў дзверы нехта пастукаў.

— Хто там? — крыкнуў Юрка, ведаючы, што гаспадыні дома няма.

У пакой зайшла Паліна Дзямешка.

— Можна,— неяк праспявала яна, калі ўжо стаяла ў пакоі.

— Раз зайшлі, значыць, можна,— сказаў Юрка.

Ён быў злосны на ўвесь свет. Хацелася нешта рабіць такое, што сагнала б гэтую злосць.

— А ў вас міла,— азіраючыся, сказала Паліна.— А я чакала, чакала на пляжы, а вас няма. Падумала, ці не здарылася што. Вы дрэнна сябе адчуваеце?

— Паскудна,— прызнаўся Юрка.— Горш не бывае.

— Бедненькі,— паспачувала Паліна.— А маці да вас хіба не заходзіць?

— Я не маленькі, за мной догляд непатрэбны,— сказаў Юрка і раптам прапанаваў: — А ці не закаціцца нам у рэстаран? Хачу напіцца да чорцікаў у вачах. Як?..

— На ўсе сто згодна. Але што скажуць бацькі?

— А мы ў іх і пытацца не будзем.

— Але ж мне трэба пераапрануцца. У рэстаран, бадай, у такой сукенцы не пусцяць.

— Час яшчэ ёсць — ідзіце пераапранайцеся...

Предыдущая главаГлава 15 из 18Следующая глава