— Не, лепей зробім так. Вы адзявайцеся, потым зойдзем да мяне. Я таксама непадалёк жыву. А ўжо ад мяне пойдзем у рэстаран...
Юрку было ўсё роўна.
У рэстаране ярка гарэлі люстры. Паліна выглядала прыгожа. Яе ўсё запрашалі на танцы, але яна адмаўлялася. Яны пілі каньяк і шампанскае, і хутка абое ап’янелі, але не так, як ад гарэлкі, ап'яненне было вясёлае і прыемнае.
— А вы і праўда не танцуеце? — спыталася Паліна.
— Я танцую толькі вакол тэорыі мностваў,— пажартаваў Юрка. — Давайце вып’ем на брудэршафт,— прапанаваў ён.
— На што? — падзівілася Паліна.
— На дружбу...
— А я чорт ведае што падумала,— прызналася Паліна.
Яны выпілі на брудэршафт. Апалове дванаццатай пайшлі дамоў. Юрка падмеўся праводзіць Паліну. Яны марудна ішлі па сонных вуліцах Еўпаторыі. Часам сустракаліся такія ж, як і яны, гулякі. Дайшоўшы да дома, дзе яна наймала кватэру, Паліна захацела праводзіць яго.
— А ў цябе не знойдзецца чаго выпіць? — спыталася яна.
— Спіртнога няма...
— Чаю б...
— I чаю няма. Гаспадыня спіць.
— А вада знойдзецца? — ужо нецярпліва спытала Паліна.
— Есць бутэлька сітро...
— Дык што ж ты маўчаў?..
Электрычнасці ў доме, аднак, не было. Юрка запаліў свечку, паставіў на стол. Дастаў з тумбачкі бутэльку сітро, сказаў:
— А шклянка ў мяне адна. Пі ты...
Ён наліў сітро ў шклянку, падаў ёй. Яна села на ложак, папярэдне спытаўшы: можна?..
— Сядай побач. Чаго ты стаіш? — запрасіла яна Юрку і адпіла пару глыткоў.— А ты піць хочаш?
— Пасля цябе...
— Хочаш, я цябе напаю?
— Як?..
— А вось так,— яна набрала ў рот сітро, абняла яго за шыю, прыклалася вуснамі да ягоных вуснаў, і яны абое паваліліся на падушкі...
Паліна прыдушана смяялася і ўсё адводзіла ягоную руку ад клуба, але неяк так, што пры гэтым усё вышэй задзіралася сукенка, і Юрка ўжо адчуваў пад рукою шорсткасць купальніка.
— Не, міленькі, не,— зноў затрымала ягоную руку Паліна.— Не трэба, міленькі, родненькі, каханенькі. Ах, божа мой, які ж ты няспрытны.— I яна імгненна скінула з сябе купальнік, абхапіла Юркаву галаву і, пацягнуўшы да сябе, упілася губамі ў ягоныя губы, стала паціху іх кусаць.
Юрка прачнуўся ад чужога і незразумелага пільнага позірку. Над ім навісаў твар Паліны. Яна прыціснулася да ягонага твару, і ў Юркавай галаве прамільгнула першая за суткі здаровая думка: я, здаецца, натварыў глупства...
19
Стален забіраў усю ўвагу Алесі, Аўдоцці Якаўлеўны і нават Канстанціна Вячаслававіча — Карпу заставаўся самы мізер, і ён адчуў сябе абдзеленым і ашуканым. Карп раўнаваў, хоць і разумеў недарэчнасць гэтага брыдкага, неадпаведнага яго поглядам пачуцця, таму пастараўся абгрунтаваць сваю рэўнасць: ён не раўнуе, а выступае супраць празмернай увагі да малога, якая можа спесціць сына. Ён жа хацеў, каб Стален быў моцны, вынослівы, смелы.
Карп Хіжняк сапраўды выхоўваўся ў суровых умовах. Бацькам было не да яго. За ім наглядалі старэйшыя сёстры. Ім Карп толькі перашкаджаў гуляць з дзяўчатамі на выгане, дзе было тры пуні і два такі — выдатныя месцы, каб гуляць у хованкі. Каб Карп не збег куды, яго прывязвалі за нагу да старой, з парэпанай карой вішні, пакуль ён аднойчы не адвязаўся і ледзь не зваліўся ў калодзеж. Пасля гэтага сёстры выхоўвалі Карпа кухталямі і бацькавай папружкай. Затое накарміць часам забываліся, і тады Карп шукаў ежу ў чужых агародах. Зімой было горш, але зімой варылі бульбу, і яе можна было есці колькі захочаш. Менавіта такую школу выхавання Карп і лічыў адзіна правільнай. Каб не тая школа, дык хіба ён выцерпеў бы ўсе пакуты франтавога жыцця, пакуль хадзіў у падначаленых. Канешне, Карп разумеў, што ажыццявіць поўнасцю такое выхаванне немагчыма ды і непатрэбна, але няма чаго і патакаць дзіцячым капрызам.
Дзіця ўдалося крыклівае: ледзь што — пачынае плакаць; тады да яго бягуць і жонка, і цешча, і цесць. I пачынаюцца цялячыя пяшчоты, аж дурна слухаць: «А цяценечкі, а гушанькі, наш Сталенчык абсікаўся, не плач родненькі, не плач харошанькі, зараз мы яго загорнем у сухенькае ды цёпленькае». Карпу ў такія хвіліны думалася: «Во так вырошчваюць інтэлігентных хлюпікаў. 3 такіх дзяцей хіба вырасце актыўны будаўнік камунізму? Дзе там! Выгадуюць мне апалітычнага абывацеля. Нічога, як толькі Стален стане на ногі, я не дам ім расціць ацеслівае дзіця. Я выхаваю з яго сапраўднага байца за камунізм. Нам яшчэ належыць звярнуць галаву сусветнаму імперыялізму, а дзеля гэтага патрэбны барацьбіты, а не слюнцяі накшталт гэтага Юркі Далейкі».
Але не толькі сынава капрызлівасць выклікала Карпава раздражненне. Стален, як дзве кроплі вады, быў падобны на дзеда Цярпілоўскага, на што асабліва націскалі і жонка і цешча. Астатнія, хто прыходзіў у адведкі, у тым ліку і муж і жонка Далейкі, таксама знаходзілі ў малога абсалютнае падабенства да дзеда. Карп і сам, калі нікога не было ў доме, падыходзіў да ложачка, углядаўся ў далікатны тварык сына — ніводнай сваёй крывіначкі не знаходзіў у Сталена. Усё не яго, усё чужое, Цярпілоўскае, а таму ненавіснае.
У такія хвіліны ён думаў, што каб Стален быў падобны да яго, дык не крактаў бы па начах, ад чаго прахоплівалася Алеся, а са сваёй спальні тут жа прыбягала цешча, а спаў бы як пшаніцу прадаўшы. «Бяссонніцай пакутуюць гнілыя інтэлігенты. Савецкая інтэлігенцыя спіць моцна, бо яна пад надзейнай аховай камуністычнай партыі і савецкай улады»,— злосна думалася Карпу, і ён крычаў на жонку і цешчу:
— Чаго вы ўсхадзіліся? Хай паплача. Не так часта будзеце мяняць пялёнкі...
Алеся ўспрымала ягоныя словы як абразу сабе, неяк віскліва па-жаночы звярталася да маці:
— Мама, ну чаму ён не любіць Сталенчыка?..
Аўдоцця Якаўлеўна, замест таго каб прамаўчаць, у сваю чаргу казала зяцю:
— Карпуша, не блытайце дзейнасць слёзавых залоз з работай нырак...
Цяпер ужо абражаўся Карп. У цешчыных словах ён чуў намёк на ягоную шасцікласную адукацыю і на непададзены ў канцылярыю універсітэта дакумент на заканчэнне сярэдняй школы. Карп адварочваўся спінай да жонкі і цешчы, стараўся стрымаць злосць, якая так і клекатала ў ягоных грудзях. У такія хвіліны свайго адступлення перад цешчай Карп таіў у душы прагу будучай адплаты. Помста ўяўлялася яму не толькі жаданай, але салодкай і вабнай, нейкім асаблівым шчасцем, вышэй за якое нічога няма на свеце. Аўдоцці Якаўлеўны і Алесі ён чамусьці баяўся. Можа, таму, што аднойчы сакратар райкома партыі Сухастоеў параіў яму:
— Найперш за ўсё запомні, таварыш Хіжняк, баба і на тым свеце — баба. Яна і самому д’яблу не адмовіць, але з карысцю для сябе. Таму забудзь пра шашні. Яны многіх партыйцаў давялі да ганьбы і турмы. Асцерагайцеся і сваіх сямейных. Баба ў цябе ўсё выпытае, а пасля цябе ж будзе шантажыраваць. А павераць не табе — ёй.
Затое Канстанціну Вячаслававічу Карп не ўступаў ні пядзі, асабліва пасля таго, як Алеся выдала яму бацькаву тайну: Канстанцін Вячаслававіч быў сынам пана, якога ў трыццаць другім годзе пасадзілі ды і не выпусцілі.
Што праўда, дык вялікай тайны і не было: проста Канстанцін Вячаслававіч не любіў згадваць дзве непрыемныя гісторыі, звязаныя з бацькавай царкоўнай дзейнасцю.
Першая адбылася ў далёкім юнацтве, калі ўзнікла праблема: кім быць Канстанціну Вячаслававічу? Косця хацеў вучыцца на доктара, бацька настойваў на паступленні ў духоўную акадэмію. У яго на тое былі свае прычыны: у часе нейкай небяспекі — Косця так і не даведаўся, якой? — айцец Уладзімір пакляўся аддаць сына богу, вывучыць яго на свяшчэнніка. Згодна той клятве, Канстанцін Вячаслававіч і павінен быў ісці вучыцца ў духоўную акадэмію. Яго прынялі. Правучыўшыся год, Косця ўпотай ад бацькі перайшоў на медыцынскі факультэт універсітэта. Калі бацька дазнаўся пра гэта, ён адрокся ад сына. Памірыліся яны ўжо годзе ў дваццатым, напрыканцы грамадзянскай вайны.
Другая гісторыя як бы была працягам першай. У трыццатыя гады ўжо сын змушаны быў адмовіцца ад бацькі. Канстанцін Вячаслававіч паставіў тады ўмову, каб бацька выракся сана свяшчэнніка. Бацька адмовіўся, пайшоў спачатку ў турму, а потым у ссылку ў Нарымскі край.
Карп адразу зразумеў, што на шалях савецкага правасуддзя ягоны ўчынак нашмат лягчэйшы за цесцева сацыяльнае паходжанне. Адрачэнне Канстанціна Вячаслававіча ад бацькі заўсёды можна палічыць манеўрам, на які здольны сацыяльна варожыя класы. Знайшоў Карп і методу заўсёднай наступальнай вайны супраць цесця — сістэматычнае пакепліванне з інтэлігенцкіх звычак Канстанціна Вячаслававіча і туманнае нагадванне аб цесцевай нібы варожай пазіцыі ў адносінах да камуністычнай партыі і савецкай улады. Генеральская нястрыманасць цесця толькі памагала Карпу здзяйсняць свае планы. Яны саспявалі павольна і як бы інтуітыўна. Карпу здавалася, што менавіта іхнія дыскусіі некалі і дапамогуць яму нанесці рашучы ўдар па ненавісным цесцю.
Звычайна славесныя баталіі разгараліся ў часе абедаў і вячэраў. Аўдоцця Якаўлеўна як магла, як умела разводзіла цесця і зяця. Але куды ты дзенешся ў выхадныя дні або ў асеннія вечары, калі Канстанцін Вячаслававіч не на дзяжурстве, а Карп не ва універсітэце? У такіх выпадках нічога не памагала. Задзіраўся звычайна Карп. Аўдоцця Якаўлеўна таму лічыла, што Канстанцін Вячаслававіч мае маральнае права на адказ апаненту.
Карп распачынаў спрэчкі з нявінных падколванняў, пакепліванняў ды жарцікаў, якія, аднак, выклікалі ў Канстанціна Вячаслававіча прыступы гневу. Потым, калі дзікія, недарэчныя, абразлівыя сваркі заканчваліся нібы і з нічыйным вынікам, Канстанцін Вячаслававіч горка папракаў сябе, што не стрымаўся, не саступіў дурню, якому іх спрэчка на радасць. Шчыра кажучы, дык ён і не падазраваў, што Карп у любых абставінах умеў выклікаць у цесця гнеў.
Усё пачалося з артыкула нейкага прафесара, спецыяліста па савецкай маралі, надрукаванага ці то ў «Камунісце Беларусі», ці то проста ў «Камунісце».
Быў выхадны дзень, а таму снедалі позна і, як было толькі па нядзелях, усе разам. Карп, як і заўсёды, еў, чытаў і тут жа каменціраваў прачытанае, як бы толькі для адной Алесі. На самай справе ўсё рабілася, каб падкалоць Канстанціна Вячаслававіча.
— Не, ты толькі паслухай,— звярнуўся да Алесі Карп,— што піша гэты безыдэйны разумнік: актыўным будаўніком камунізму (падкрэсліваю: актыўным) можа быць любы грамадзянін Савецкага Саюза, у тым ліку і абцяжараны рэлігійнымі забабонамі. Выходзіць, кожны поп таксама будаўнік камунізму! У гэтым (Чуеш? У гэтым!) заключаецца гуманізм савецкай камуністычнай маралі. Магу прысягнуць, што вучоны гэты або вораг, або сам належыць да папоўскага семя. I такому вучонаму даюць трыбуну ў партыйным часопісе. Ды гэта ж чыстай вады рэвізіянізм бальшавіцкага светапогляду. А як вы лічыце, Канстанцін Вячаслававіч? — раптам звярнуўся да цесця Карп.
— А ніяк не лічу,— адказаў Канстанцін Вячаслававіч.
— Карацей кажучы, вы не асуджаеце пазіцыю аўтара артыкула ці вам абыякавыя погляды на ўзнятую праблему? — спытаўся Карп.
— Чалавек не можа быць абыякавы,— па-філасофску зазначыў Канстанцін Вячаслававіч.
— Вось іменна,— пацвердзіў Карп.— У такім разе, што азначае сказанае вамі раней: а ніяк не лічу. Ведаеце, гэта здорава падобна на пазіцыю страуса, які ў час небяспекі, кажуць, хавае галаву пад крыло. А тым часам прафесар адстойвае вельмі сумніцельны тэзіс размывання межаў між актыўнымі будаўнікамі камунізму і тымі, хто выступае супраць яго. Дык на чыім вы баку, Канстанцін Вячаслававіч?
— Я не разумею самой пастаноўкі пытання,— нарэшце не стрымаўся Канстанцін Вячаслававіч.— Што значыць актыўны ці не актыўны будаўнік камунізму? Будаўнік можа быць сумленным, прафесійна падкаваным, працавітым, увішным або наадварот: несумленным, няўмелым, гультаяватым, марудлівым. Слова «актыўны» ў дачыненні да будаўніка — такая ж недарэчнасць, як назва арцелі «Чырвоная сінька». Дужа рэвалюцыйна і абсалютная бязглуздзіца. Вам як будучаму гісторыку належала б гэта ведаць.
Канстанцін Вячаслававіч адчуў, што зноў улез у дурную, яму непатрэбную, а таму брыдкую спрэчку, але ж і нельга было цярпець зяцеву дурасць. Карп з паказной іранічнасцю пазіраў на цесця, пакуль той выказаў свой пункт гледжання. Папраўдзе, дык ён амаль і не слухаў Канстанціна Вячаслававіча. У гэтым іранічным здзеклівым позірку Канстанцін Вячаслававіч чуў сабе абразу, і яго ўражлівая душа рыхтавалася да стычкі.
— Вы ўпэўнены, што артыкул прафесара правільны. Значыць, я магу лічыць, што вы ў актыўныя будаўнікі камунізму запісваеце і асуджаных савецкім судом за контррэвалюцыйную дзейнасць, але з мэтай іх выхавання, абавязаных працаваць у тым ліку і на будоўлях камунізму. Такім чынам, вы прыраўніваеце мяне, Героя Савецкага Саюза, сакратара парткома універсітэта да злоснага здрадніка радзімы, якому вышка была заменена дваццаццю пяццю гадамі зняволення. Больш чым дзіўны падыход!..
Канстанцін Вячаслававіч аж разгубіўся. 3 нейкага часу ён пачаў пабойвацца Карпавых пытанняў. Было такое ўражанне, што зяць заганяе яго ў пастку. Але тут жа яму зухавата падумалася: «А чорт з ім, нічога ён мне не зробіць. Перажыў трыццаць другі, трыццаць сёмы, перажыву і цяперашнія, але дам гэтаму карпушу па зубах».
— Строга кажучы,— узяўшы з рук Аўдоцці Якаўлеўны кубак чаю, як бы між іншым, але строга абдумваючы кожнае сваё слова, сказаў ён,— прырода ляпіла людзей з аднаго матэрыялу і толькі па колеру скуры рознымі, ды і то невядома яшчэ, які колер мелі нашы прапродкі. Вам, гісторыку, гэта лепей вядома за мяне, хірурга. Таму людзі і павінны быць роўныя, а героі і зладзеі — гэта ўсяго сацыяльныя сінонімы. Тое, што адным здаецца гераізмам, для другіх — зладзейства, і наадварот.
— Па-вашаму, з такой меркай трэба падыходзіць і да таварыша Іосіфа Вісарыёнавіча? — аж шэптам спытаўся Карп.
— Я разважаю абстрактна,— адказаў на каварнае пытанне Канстанцін Вячаслававіч.— Усе людзі — чалавекі, усе чалавекі — людзі.
Пакуль Карп разважаў над цесцевай формулай, Канстанцін Вячаслававіч самазадаволена ўсміхаўся: сёння ён, здаецца, пераспрачаў зяця. Карп глядзеў кудысьці ў прастору, потым яго позірк апусціўся, прайшоў панарамай па цешчы і жонцы, запыніўся на цесцевым твары.