К книге
Клетка для берасцянfrСтраница 14
78%
Страница 14
14

У Хіжняка голас звінеў металам, і Юрку станавіліся зразумелымі паводзіны Аўдоцці Якаўлеўны і Алесі. Яму стала боязна за іх. Хіжняк на ўсё гатовы. Ён родную маці з бацькам не пашкадуе.

— Захапленне Ясеніным і Багдановічам яшчэ нічога не гаворыць пра грамадзянскую пазіцыю людзей,— не вельмі ўпэўнена сказаў Юрка.— У вялікага пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага таксама быў зубны боль у сэрцы.

— Што яшчэ за зубны боль ды яшчэ ў сэрцы? — Карп Хіжняк аж спыніўся, не паверыўшы Юрку, палічыўшы, што той разыгрывае яго.

— А такі, шчымлівы і надакучлівы, які паяўляецца у пісьменніка, калі яго не разумеюць, — адказаў Юрка.

— У пралетарскіх пісьменнікаў не можа быць безыдэйнага болю. Так і зарубі сабе на носе.

— Але ж Горкі пра гата сам пісаў. Не верыш — вазьмі Горкага і прачытай. Калі Горкі страляўся, дык напісаў у запісцы, што ў ягонай смерці вінаваты Гейнэ, які выдумаў зубны боль у сэрцы...

Карп пераможна ўсміхнуўся:

— Ну, я так і думаў, што ты нешта наблытаў. Дык жа не Горкі, а Гейнэ выдумаў зубны боль. Партыйнае сумленне пралетарскага пісьменніка таму і не сцярпела.

Юрка разумеў усю марнасць іхняй гаворкі, але, не хочучы таго, пагрузаў у бескарыснай спрэчцы.

— Дык што, па-твойму, вывучаць і чытаць Ясеніна і Багдановіча нельга?

— Каб я быў міністрам адукацыі, то катэгарычна забараніў бы ўсе вершыкі, дзе слібізуецца непадзельнае каханне і розная там меранхлюдзія, няздольная памагчы людзям у іх змаганні за камуніэм.

— А як жа тады станеш камуністам, калі не ўзбагаціш сваю памяць ведамі, што напрацавала чалавецтва?..

Карп троху разгубіўся, але тут жа знайшоў адказ і на такое Юркава пытанне.

— Хоць ты, можа, і вялікі матэматык, але ў марксісцкай тэорыі слабец,— выпаліў ён.— Аж няёмка цябе слухаць. Во, перакруціў ленінскае выказванне і думаеш, што даказаў мне сваю правату. Ленін казаў пра веды, а не пра вершыкі аб сабаках ці зорках вянерах. Вершыкі пралетарыяту непатрэбныя. Яму неабходны рэвалюцыйныя песні, якія клікалі б на барыкады. Вершыкі пра каханне, сабак, зоркі і іншую лухту патрэбны класам, якія сваё аджываюць, як гэтыя Цярпілоўскія. Мінулае, як з'едзенае шашалем дрэва,— адна труха. I запомні маё слова, лейтэнант, што я выхаваю з Алесі сапраўднага бальшавіка і змагара за камунізм, нават калі мне давядзецца адсекчы ад яе старыя, згнілыя ўжо карані. У бітве за чалавека будучыні камуніст не павінен ведаць літасці...

Паціснуўшы на развітанне Юркаву руку, Карп павярнуўся і пайшоў па Савецкай вуліцы, насвістваючы нейкі рэвалюцыйны матыў.

Юрка вярнуўся дамоў прыгнечаны да знямогі. У іх яшчэ абедалі і, падвяселеныя чаркай, госці прывычна жартавалі, смяяліся, трымаліся з той бесклапотнасцю, якой вечна жыў іхні дом. Сёння Юрку яна здалася абразлівай. На душы было тужліва і пуста. Юрка пастараўся непрыкметна прабрацца ў бацькаў кабінет, дзе ўсё схіляла на роздум.

Мабыць, яго заўважыла маці, якая, безумоўна ж, здагадвалася, дзе ён прападае. Яна нячутна зайшла ў кабінет, паклала вялікую і цёплую руку на ягонае плячо, спыталася са спачуваннем:

— Там кепска?..

— Ты ведала, што там кепска?..

— Пастарайся забыць усё,— параіла маці.

Маці заўсёды раяць мудра, ды дзеці не хочуць слухаць іх парад.

16

Пабеглі пустыя, нікчэмныя дні. Юрка паспрабаваў хадзіць у оперу, на балет. Але і там яго чакала немагчымая пустата. Асабліва яна адчувалася ў антрактах, калі разадзетая ў аксаміт і парчу публіка важна праходжвалася па фае. Звычайна Юрка не мог выцерпець дзвюх дзеяў — ішоў дамоў, часам пакідаў тэатр і пасля першай дзеі.

3 Алесяй ён не сустракаўся, ды яна, мабыць, і не выходзіла з кватэры. Чамусьці баяўся ён і сустрэч з Карпам Хіжняком, быццам быў вінаваты перад ім, хоць усё было наадварот. Затое недзе ўжо перад самым пачаткам летняй сесіі Юрка зусім выпадкова сустрэўся з Канстанцінам Вячаслававічам.

Аднойчы яго паклікалі ў цэка камсамола, каб уручыць грамату, як маладому вучонаму і самаму маладому ў Беларусі доктару навук. Грамату ўручаў сакратар цэка, дужа сур’ёзны, нават пахмуры, з павольнымі рухамі. Ён вельмі падзівіўся, што Юрка ніколі не быў у камсамоле, але выказаў надзею, што іхнія сувязі на гэтым не закончацца.

Цэка камсамола размяшчаўся ў невялічкім асабнячку, былым тэхнікуме хлебапячэння на Падгорным завулку, што збягаў да Паркавай вуліцы. Ідучы берагам Свіслачы, Юрка за мостам пабачыў блакітны павільён, які стаяў насупраць выставы трафейнага ўзбраення, што размяшчалася па схіле гары ад Дома Савецкай Арміі і да самай Паркавай вуліцы. Усе павільёны чамусьці фарбаваліся ў блакітны ці сіні колер і называлі іх «Блакітнымі Дунаямі». Юрка раптам прыгадаў, што не абедаў, і, бадай, не варта ісці дамоў, бо маці наўрад каб гатавала абед.

Гэты «Дунай», у адрозненне ад падобных павільёнаў, забягалавак і піўных ларкоў, меў пяць сталоў, засланых беласнежнымі абрусамі, выдатную кухню і не менш выдатны буфет. Ды і наогул ён выглядаў даволі рэспектабельным, аж Юрка падзівіўся: нават у такім, на скорую руку скляпаным павільёне можна дамагчыся ўзорнага парадку.

Выбіраючы закуску ў буфеце, Юрка пачуў, што яго нехта кліча:

— Юра! Юрый Валянцінавіч! — Юрка азірнуўся — з-за парцьеры выглядаў Канстанцін Вячаслававіч Цярпілоўскі.— Хадзем да мяне...

Канстанцін Вячаслававіч быў ужо крыху падпіўшы. Ён прапусціў Юрку паперадзе сябе, і парцьера аддзяліла іх ад агульнай залы. За парцьерай быў дужа цесны пакойчык са сталом і трыма крэсламі. На стале ўжо стаяў пузаценькі графінчык, сподак з чырвонай ікрой і яшчэ адзін — з балыком і кавалачкам масла.

— Сядай. Аднаму піць моташна, а трэба,— а калі Юрка сеў, папрасіў: — Тое, што ты мяне тут бачыў, маім не кажы. Не прашу — загадваю. Што будзеш піць?

— Каб было сухое...

— Тут усё ёсць,— з гонарам за павільён сказаў Канстанцін Вячаслававіч,— ад каньякоў вышэйшай маркі да «сучка» — дужа смярдзючай гарэлкі з чорнай шасцерняй на наклейцы, ад вытрыманага «Кахецінскага» да дрэні Слуцкага вінзавода. «Супераві» — хочаш? 3 мусам? Мус тут гатуюць як нідзе смачны.

— Вы, мабыць, бываеце тут часта? — выказаў здагадку Юрка.

— 3 таго часу, як выявіў гэты закутак і вельмі ўважлівых гаспадынь,— адказаў Канстанцін Вячаслававіч.— Што мне тут падабаецца? Сядзіш у зацішку і такое ўражанне, што ўцёк ад мітуслівага свету. Ды і пагаварыць па душах тут можна не баючыся старонніх вушэй. Зрэшты, найчасцей я сяджу тут у гордай адзіноце.

— I даўно вы аблюбавалі гэты павільён? — спрабаваў дапытвацца Юрка.

— 3 таго часу, як уласны дом з яго насельнікамі стаў мне нямілы, — і раптам спытаўся ў Юркі: — А ты чаму не заходзіш да нас?..

— Да каго заходзіць?..

— А хоць бы да мяне,— з выклікам сказаў Канстанцін Вячаслававіч.— Да Аўдоцці Якаўлеўны. Яна, нябога, таксама адзінокая. Круціцца, як той настольны вентылятар: і на дачку трэба падзьмухаць, і на зяця, і на мяне, грэшнага. А ўсім хіба дагодзіш? Усе як раз і незадаволеныя. Шкада мне яе. Дужа шкада! Але каб ты ведаў, як сцякае крывёй маё сэрца па Алесі! Не, ты скажы, чаму яна выбрала Хіжняка, а не каго іншага, цябе, напрыклад? Чаму патомная інтэлігентка, адукаваная, разумная, выхаваная на сусветнай культуры, пацягнулася ў бруд, да грубага нікчэмнага чалавека? Ці гэта лёс усёй нашай інтэлігенцыі: для жыцця выбіраць не чалавекаў з вялікай літары, а грубых самцоў і самак? Гэта ж не сёння пачалося. Прыгадай раманы Тургенева, Ганчарова, Талстога нарэшце. Можа, таму, што чалавек належыць да тупіковай лініі атрада млекакормячых і яму ўсё хочацца вярнуцца ў першабытны стан пад апеку сілы. Таму і перамагае палавы інстынкт. Няўжо ўсё так проста? Хоць чаго там! Ты ж не дзіця, разумееш. Калі замуж выходзіла шэсць месяцаў назад, а ёй заўтра-паслязаўтра раджаць, дык тут і дурань здагадаецца...

Юрку было няёмка слухаць гаворку Канстанціна Вячаслававіча. Яна абражала Алесю. Але ён слухаў, бо і сам некалі вось так брыдка думаў пра Алесіна захапленне Хіжняком: зрабіла, маўляў, выбар паміж самцом і інтэлектуалам на карысць першага. I тады, і цяпер такая думка найперш абражала ягоную цнатлівую годнасць.

— Вы гаворыце, як хірург, якому ў прывычку кроіць чалавечае цела,— запярэчыў ён Канстанціну Вячаслававічу.— Але ж, згадзіцеся, ёсць і вышэйшыя паняцці: абавязак, памкненне рабіць людзям дабро, а ў Алесі было шчырае жаданне аддацца народу...

— Аддацца народу?.. Натоўпу?..

— Можа, я не вельмі дакладна выказаўся. Яна хацела аддаць народу ўсё, што мае: веды, жыццё...

— Не, не, ты сказаў вельмі дакладна: аддацца натоўпу! Як аддаваліся калісьці вясталкі ў храме нейкай там рымскай багіні. Якая бязглуздзіца! I ты патакаў ёй?..

— Я адгаворваў...

— Дрэнна адгаворваў.— У закутак зазірнула афіцыянтка, спыталася, ці трэба ім яшчэ чаго. Канстанцін Вячаслававіч заказаў яшчэ дзвесце грамаў, а калі яна выйшла, прадоўжыў: — Даруй, Юра, за маё наступнае пытанне. Калі яно табе будзе непрыемнае, не адказвай і забудзь, што я ў цябе пытаўся. Між вамі была блізкасць... інтымная? — Юрка густа пачырванеў, а Канстанцін Вячаслававіч скрушліва пахітаў галавой.— Я так і думаў, што, апрача цялячых пяшчотаў, вы ні аб чым і не памышлялі. А наогул, ты хоць адзін раз з бабай пераспаў ці толькі па кнігах ведаеш пра грэшнае каханне?..

— Канстанцін Вячаслававіч,— абурыўся Юрка,— я не чакаў ад вас такога абыдленага цынізму. Не кажу ўжо пра мае інтымныя справы, якія вам хочацца ведаць. Але ж Алеся ваша дачка. I вы гаворыце пра яе, як пра гуляшчую дзеўку.

— Кінь,— адмахнуўся Канстанцін Вячаслававіч.— Я палічыў бы за лепшае, каб яна нарадзіла ў дзеўках, чым прывяла мне ў хату звар’яцелага прапагандыста і агітатара, а можа, і горш — выведніка.

— А калі Алеся яго кахае? — спытаўся Юрка, у надзеі пачуць ад Канстанціна Вячаслававіча, што Алеся Карпа не кахае, але той раптам ашаламіў яго вечным, а таму нечаканым пытаннем:

— А што яно, такое каханне? Бясполае — тая ж ненармальнасць, як і шызафрэнія. А калі я загаварыў пра палавое, ты нечага пакрыўдзіўся. Не, ты не падумай, што перад табой сядзіць стары распуснік. Я супраць разбэшчанасці і донжуанскіх прыгод. Я за нармальнае каханне без выкрутасаў і мазахізму. Я за прыроднае каханне. А ты Алесю не кахаў. Цяпер спахапіўся. Во адкуль яна, трагедыя. Ты кінуў Алесю Хіжняку, а цяпер гатовы загладзіць віну. I я цябе на гэта падштурхоўваю. Мы абодва — злачынцы. А ў злачынцаў няма маралі, і яны заўсёды вызначаліся цынічнасцю.

Юрка аж знямеў ад нечаканага папроку. Канстанцін Вячаслававіч выліў з графіна ўсю гарэлку.

— Можа, вам трэба спыніцца? — сказаў Юрка.

Канстанцін Вячаслававіч насмешліва паглядзеў на яго.

— Я сваю норму ведаю...

Юрка, пакрыўджаны яго словамі, расказаў, як прапаноўваў Алесі выходзіць за яго замуж і як яна адмовіла яму, сказаўшы, што не кахае яго.

Раптам Канстанцін Вячаслававіч абняў Юрку, пацалаваў.

— Юра, Юрачка, вырві яе з Карпушавых рук. Я баюся за яе. Хіжняк можа зрабіць з яе ката для сваіх бацькоў.

— Што вы, Канстанцін Вячаслававіч,— усклікнуў Юра.— Як я магу яе вырваць з-пад яго ўлады — ён жа законны муж.

Канстанцін Вячаслававіч п’яна заплакаў, і Юрка, абы супакоіць яго, паабяцаў, што неяк разлучыць Алесю з Карпам.

На Юркава здзіўленне, п’яная размова гэтая пакінула ў ягонай душы глыбокі след. У яго сапраўды паявілася надзея адабраць у Хіжняка Алесю. Як? Ён не ведаў. Адчуваў.

Настаў час прыгожых мараў і не менш прыгожых планаў, дзе Юрка адводзіў сабе высакародную ролю выратавальніка траюраднай сястры з-пад неабсяжнай улады Карпа Хіжняка, ягонага былога камбата.

Цяпер яны часта сустракаліся ў павільёне па Паркавай вуліцы. Юрка расказваў пра свае планы, Канстанцін Вячаслававіч слухаў, адабральна ківаў галавой.

Ваўсю ўжо раскашавала лета. Аднаго разу Юрка не знайшоў Канстанціна Вячаслававіча на прывычным месцы ў павільёне. Афіцыянтка сказала, што ён яшчэ не заходзіў. Юрка ўзяў бакал «Кахецінскага», памалу піў у непрывычнай адзіноце. Ён ужо збіраўся пайсці, як Канстанцін Вячаслававіч паявіўся ў закутку.

— Павіншуй, я ўжо дзед,— сказаў ён Юрку.— Унук! Увесь у Алесю. Сёння частую я.

Канстанцін Вячаслававіч радаваўся, а Юрка сядзеў прыгнечаны яго навіной і радасцю. Смешна, недарэчна, але Алесіна цяжарнасць для яго была як бы несапраўдная, як на сцэне ў Чыо-Чыо-сан. Цяпер яна набыла ашаламляльную рэальнасць. У Карпа Хіжняка — сын. Юрка паспрабаваў уявіць, ці стаў бы ён любіць яго, каб Алеся кінула Карпа і перайшла да яго. Розум адказаў: так, пачуццё — не адазвалася, і гэта засмуціла Юрку.

— Юра, давай наведаем Алесю,— раптам прапанаваў Канстанцін Вячаслававіч.— Ёй будзе прыемна.

Юрка не быў упэўнены, што Алесі вельмі спадабаецца іх п’яное наведанне. Але яму было ўсё роўна, ды, папраўдзе, хацелася пабачыць Алесю — якая яна?

— Але ж трэба было б нешта купіць,— сказаў Юрка.

— Вось жа беднасць наша! Купілі б кветак. Дык дзе ты іх возьмеш?

— Але ж на Камароўцы ў агародах поўна кветак,— выказаў меркаванне Юрка.— Няўжо не прададуць?..

У трэцім, здаецца, доме ім паспачувалі, нарвалі вялізны ахапак кветак — розных. 3 імі яны і заявіліся ў першую клініку, дзе было радзільнае аддзяленне.

— Пачакай тут,— усадзіўшы Юрку ў драўлянае крэсла, сказаў Канстанцін Вячаслававіч,— я пайду па халаты.

Юрка ўжо разумеў, што дарэмна паслухаў Канстанціна Вячаслававіча. Ён тут з якой радасці? Чакаць давялося доўга. Нарэшце Канстанцін Вячаслававіч прыйшоў ушчэнт узлаваны: загадчык радзільнага аддзялення, нейкая Раіса Маркаўна, нізавошта не хацела даваць халат Юрку, чужому чалавеку, які да ўсяго не мае ніякага дачынення да медыцыны. Але ахапак кветак дазволіла перадаць, сказаўшы, што самае лепшае, што яна параіць, прайсці пад акно і пагаварыць з парадзіхай.

Юрка першы заўважыў Алесю ў акне трэцяга паверха. Яна смяялася, але разабраць яе слоў не ўдавалася: такіх, як яны з Канстанцінам Вячаслававічам, тут стаяла чалавек дзесяць і ўсе нешта спрабавалі сказаць, больш правільна, пракрычаць.

На развітанне Алеся паслала ім прывычны паветраны пацалунак, і гэта адразу наладзіла Канстанціна Вячаслававіча на вясёлы лад.

Предыдущая главаГлава 14 из 18Следующая глава