— Ты наконт партыі не загінай,— Карп вельмі выразна паківаў пальцам перад Юркавым тварам,— не кідай цень на яе членаў. У камуністаў на гэты конт трывалы імунітэт,— заявіў ён.
Менавіта заявіў, а не сказаў. Карп наогул найчасцей гаварыў лозунгамі, заклікамі, павучаннямі: не дапусцім адхіленняў ад генеральнай лініі партыі; кожны чалавек абавязаны актыўна будаваць камунізм; бальшавікі бралі ўладу, каб ніколі не выпусціць яе са сваіх мазолістых рук; хто з намі нязгодны, той наш вораг і павінен загінуць; мы рашуча выкарчуем рабскае пакланенне перад гнілым захадам. Усё ў такім кірунку, усё з гарачай упэўненасцю і рашучасцю.
Нарэшце Карп выгаварыўся. Як бы толькі цяпер ён заўважыў жонку, падышоў да яе, абняў за плечы, сказаў, звяртаючыся да Юркі:
— А я цябе па ўсіх пунктах абставіў. Са мной хітраваць — марная справа. Я людзей наскроаь і нават глыбей бачу. Ты мне: сястра... сястра! Траюрадная! Я адразу здагадаўся, што ты да яе ласы, як марцовы кот на каўбасы. А мы, віцебскія, не лыкам шытыя. Во я і падумаў: падатру нос лейтэнанту...
Юрка зніякавеў. Ён не ведаў, як быць. Не звярнуць увагі? Даць водпаведзь? Але ж Хіжняк здольны і на большую дурасць. ЮрКу апярэдзіла Алеся.
— Карпуша, — звярнулася яна да мужа з той далікатнасцю, якая была ёй уласціва, але і з крыўдай у голасе,— як ты можаш такое гаварыць? У нас і сапраўды былі сваяцкія адносіны. Ты абражаеш мяне і сябе ў першую чаргу...
Карп Хіжняк разрагатаўся.
— Дык жа я знарок, каб падражніць навуковую інтэлігенцыю, — і, ужо забыўшыся на нядаўняе, зрабіў яшчэ нетактоўнасць: пагладзіў Алесю па жываце, спытаўся: — Як адчуваюць мае паўтары чалавекі? — Алеся узяла ягоную руку і далікатна адхіліла яе. Але Карп не супакоіўся. Яму хацелася паказаць Юрку, як ён клапоціцца пра Алесю: — Я цябе вельмі прашу — беражыся. Ты ж не абы-каго раджаць будзеш, а нашчадка Героя Савецкага Саюза Карпа Хіжняка, будучага доктара навук, акадэміка.
Юрка з Канстанцінам Вячаслававічам пераглянуліся. Той падаў знак: не здзіўляйся і не зважай, мы і не такое чуем...
Ліха ведае, куды завяла б далейшая размова, каб Аўдоцця Якаўлеўна. Яна паявілася ў гасцёўні, нібы той голуб-міратворца, які вельмі своечасова прынёс пальмавую галінку.
— Хопіць вучоных дыспутаў,— заявіла яна.— Будзем абедаць.
За абедам у Цярпілоўскіх звычайна панавала мілая, далікатная раскаванасць. Гаварылі пра новыя кнігі, прагледжаныя кінафільмы, пра музыку, пра медыцыну, але, здаецца, ніколі пра палітыку, якую Канстанцін Вячаслававіч у прысутнасці жанчын называў бруднай справай, а калі іх не было, смярдзючым дзярмом, а палітыкаў дзярмочарпаламі.
Цяпер у застоліцы панавала палітыка і з вельмі пэўным ухілам — тая, што магла дапячы Канстанціну Вячаслававічу. Ці гаварыў Карп аб перавагах сацыялістычнай сістэмы перад заходнімі дэмакратыямі, ці аб пранікненні ў інтэлігенцкі асяродак варожай ідэалогіі, ці пра геніялыіыя ўказанні Сталіна ў галіне мовазнаўства, ці аб запазычанні на аблудным захадзе безыдэйных танцаў — ён заўсёды зводзіў гаворку да таго, каб упікнуць цесця ў апалітычнасці і дрэнным веданні марксісцка-ленінскай філасофіі. Канстанцін Вячаслававіч на кожны Карпушаў задзірысты выклік адказваў шматзначным фырканнем, паказваючы тым самым, што ён ставіцца да зяцевых разваг з непачцівай абыякавасцю. Толькі адзін раз, калі Карп назваў пастановы адзінаццатага з’езда камсамола гістарычнымі, Канстанцін Вячаслававіч не сцярпеў, і гэта надало гаворцы за сталом асабліва востры характар.
— Так ужо і гістарычныя,— хмыкнуў Канстанцін Вячаслававіч.— А калі гісторыя не захоча прызнаць іх гістарычнасць?..
Юрка пабачыў, як зніякавела Аўдоцця Якаўлеўна, нечага перапалохаўшыся, хоць палохацца сапраўды не было чаго.
— Тата. што ты кажаш? Як ты можаш? — пачырванеўшы ад усхваляванасці, накінулася на бацьку Алеся,— Адзінаццаты з'езд камсамола нездарма ж назвалі з’ездам будаўнікоў камунізму. А гэта значыць, што ўжо наша пакаленне стане жыць у камуністычным грамадстве. Ужо адно гэта ставіць яго ў разрад гістарычных з’ездаў.
— А потым, — падхапіла Аўдоцця Якаўлеўна,— на гэтым з'ездзе камсамол атрымаў яшчэ адну высокую ўзнагароду...
— Чацвёрты ордэн Леніна,— падказала Алеся. — А яго ж за так не даюць. 3 суровых выпрабаванняў вайны камсамол выйшаў яшчэ больш акрэплым, згуртаваным вакол камуністычнай партыі і мудрага правадыра і настаўніка таварыша Сталіна. I ты можаш казаць, што гісторыя неяк іначай успрыме пастановы камсамола па будаўніцтве камунізму? Ды яны залатымі літарамі ўжо запісаны на скрыжалях гісторыі.
Юрку здавалася, што ён сядзіць не за сталом, а на занятках палітгуртка, дзе акуратныя слухачы актыўна ўдзельнічаюць у выніковых занятках. Усё выглядала абсурдна, недарэчна і смешна. Затое Карп Хіжняк слухаў водпаведзь жонкі і цешчы Канстанціну Вячаслававічу з ухвалою мудрага настаўніка, які за кароткі час дасягнуў незвычайных поспехаў.
— Усё, здаюся,— Канстанцін Вячаслававіч па-блазенску ўзняў угору рукі, устаў з-за стала, падышоў да буфета, наліў велікаваты келіх каньяку, выпіў адным дыхам, сказаў, звяртаючыся да зяця: — Наліў бы і вам, дарагі зяць, Карп Раманавіч, але ж вам рэлігія не дазваляе. А вось Юрку налью, з вялікім задавальненнем.
Карпу змаўчаць бы, але ён быў не з тых, хто змоўчвае. Няйначай, выключна для таго, каб паквітацца з цесцем, ён раптам пачаў расказваць, як на з’ездзе камсамола выступіла маладзенькая дзяўчына-паляўнічая з таежнай Сібіры, у якой і адукацыі ўсяго сем класаў, затое палымянага патрыятызму, любові да радзімы больш чым ва ўсіх дыпламаваных хірургаў і гінеколагаў.
Цяпер ужо настала чарга затаіць дыханне Юрку: вельмі ўжо непасрэдна і груба была нанесена абраза Канстанціну Вячаслававічу. Юрку здавалася, што Канстанцін Вячаслававіч такога не сцерпіць. На яго здзіўленне, той паставіўся да зяцевага хамства дужа спакойна і нават насмешліва:
— I ў чым жа вы, шаноўны зяць, угледзелі яе такі высокі патрыятызм?
Спакойны цесцеў голас раздражняў Карпа, але ён пастараўся ўправіцца з сабой. Надаўшы голасу лектарскі тон, Карп, смакуючы кожнае слова, пастараўся коратка перадаць выступленне той дзяўчыны на з’ездзе і сваё з гэтай нагоды рэзюме:
— Вы ж, канечне, ведаеце, што сібіракі страляюць вавёрак і сабалёў толькі ў вока, каб не пашкодзіць шкурак. Дык вось тая дзяўчына, якая, як я казаў, мае ўсяго сем класаў адукацыі і семнаццаць гадоў жыцця, сказала ў сваёй вельмі яркай і вобразнай прамове, што калі на нас захочуць напасці амерыканскія ці яшчэ якія імперыялісты, дык хай яны ведаюць, што сібіракі б’юць вавёрку толькі ў вока і яе рука таксама не здрыганецца ў барацьбе з любым ворагам.
— Ах, якая вобразнасць,— усклікнула Аўдоцця Якаўлеўна.— Сібіракі і ў Айчынную вайну паказалі сябе з найлепшага боку.
— Народ — геній,— сказала і Алеся.
— А вось Канстанцін Вячаслававіч зусім іншай думкі,— адкрыта назаляючыся, абы ўзлаваць цесця, сказаў Карп.— А дарэмна, у народа трэба вучыцца. Народ — гэта калектыўны розум...
— Ну, дапусцім, народнай мудрасці я тут не бачу,— насмешліва пазіраючы на Карпа, загаварыў Канстанцін Вячаслававіч.— Па-першае, вашай гэтай паляўнічай, якая, па вашых словах, шаноўны зяць, мела сем класаў адукацыі, прамову сачыніў які-небудзь пісака з «Комсомольской правды». Так што яе заслуга зводзілася выключна да таго, каб пісьменна яе прачытаць. Чакай, чакай, дарагі Карпуша,— неяк па-асабліваму здзекліва вымавіў Хіжнякова імя Канстанцін Вячаслававіч,— я не ўсё сказаў. А перапыняць чалавека на паўслове здатны толькі армейскія старшыны ды дурнаватыя генералы. А паколькі вы ўсяго маёр ды яшчэ ў адстаўцы, старэйшых за вас вучыцеся выслухоўваць да канца. Дык вось! Па-другое, я прытрымліваюся той думкі. што жанчына створана не дзеля таго, каб страляць, ды яшчэ ў вока, каму б там ні было — вавёрцы або чалавеку. Кажу гэта таму, што мне за вайну давялося залатаць тысячы дзірак на салдатах, афіцэрах і нават генералах. Стоячы за аперацыйным сталом, я заўсёды думаў пра амаральнасць і бесчалавечнасць любой вайны, хто б яе ні пачынаў. па якой бы высакароднай прычыне яна ні вялася. А забіваць людзей ды яшчэ ў вока!.. Не ведаю, але думаю, што гэта зверства і варварства. I захапляцца гэтым могуць толькі зладзеі або вар'яты...
За сталом настала няёмкае маўчанне. Аўдоцця Якаўлеўна і Алеся чамусьці пазіралі на Карпа, і ў іхніх вачах адбіваўся страх. Канстанцін Вячаслававіч паволі, як бы дражнячыся, наліваў каньяк у чарку і ні на каго не глядзеў. Юрка, шчыра кажучы, не вельмі разумеў, што дрэннае сказаў Канстанцін Вячаслававіч. Ён і сам быў блізкі да такой простай думкі, што войны — пачварны эпізод у жыцці народаў.
Затое Карп паставіўся да выказвання Канстанціна Вячаслававіча так, нібы яго абразілі асабіста. Ягоныя магутныя сківіцы былі сціснуты, а кулакі ляглі на стол, як бы гатовыя абараняць іх гаспадара.
— Канстанцін Вячаслававіч,— пачаў ён аж нейкім металічным голасам,— я не дазволю ў маёй прысутнасці параўноўваць Вялікую Айчынную вайну савецкага народа з каланіяльнымі, імперыялістычнымі, а тым больш фашысцкімі войнамі, якія скрозь былі несправядлівымі. Такая абраза нашай доблеснай арміі, якая выратавала чалавецтва ад карычневай чумы дваццатага стагоддзя, уяўляецца мне...— Карп на хвіліну замоўк, як бы шукаючы патрэбныя словы. Юрку падумалася, што зараз яго панясе ў завоблачныя высі. Аж не! Ён перадыхнуў і ўжо загаварыў неяк па-іншаму: — Мая далікатнасць не дае мне магчымасці сказаць вам тое, што я пра вас думаю. Каб не вашы заслугі перад савецкай уладай і камуністычнай партыяй, якія ўзнагародзілі вас шматлікімі ордэнамі і медалямі, я падумаў бы, што вы самы сапраўдны бязродны касмапаліт, у якога няма радзімы і якому ненавісны сацыялістычны лад...
Магутны смех Канстанціна Вячаслававіча перапыніў гнеўную філшіку Карпа і аж спаралізаваў таго. Карп застыў у нейкай неверагоднай і недарэчнай позе з разяўленым ротам і перакрыўленым ад нядаўняй злосці тварам. Так доўжылася, можа, імгненне.
Канстанцін Вячаслававіч перастаў смяяцца і ўжо зусім сур’ёзна сказаў:
— Дарагі зяць, Карп Раманавіч, дазвольце вам заўважыць, што сказанае вамі сярод людзей называецца: у агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька. Яшчэ каб вы мяне, шаноўны зяць, назвалі памагатым фашыстаў, было б куды больш лагічна, чым называць касмапалітам. Вы, дарагі Карпуша, чулі звон, але так і не ўразумелі, дзе ён. А ці ведаеце вы, да якіх вялікіх людзей далучылі вы мяне, думаючы назвай гэтай — касмапаліт — нанесці мне абразу? Адкуль жа вам ведаць. Касмапаліт, да вашага ведама, слова грэцкае. Азначае яно грамадзянін свету. Ідэю сусветнага грамадзянства падтрымлівалі такія вялікія розумы чалавецтва, як Дантэ, Кампанела, Гётэ, Лесінг, Шылер, Кант, і многія іншыя светлыя галовы. Дарэчы, дарагі зяць Карпуша, лозунг камуністычнай партыі наконт сусветнай рэвалюцыі, каб усе сталі роўнымі і свабоднымі, чыста касмапалітычны, бо калі на зямлі запануе камунізм, дык камуністы ж не стануць разыходзіцца па нацыянальных кватэрах, а стануць грамадзянамі ўсяго камуністычнага свету. Так што, перш чым у нечым абвінавачваць чалавека, асабліва свайго цесця, які крыху больш за вас знаёмы з сусветнай навукай, паасцеражыцеся трапляць у пастку сваёй малаадукаванасці.
Канстанцін Вячаслававіч пры мёртвым маўчанні, не спяшаючыся ўзняўся з крэсла, пайшоў у спальню. Перад парцьерай, што аддзяляла гасцёўню ад калідора-тупічка, ён спыніўся, павярнуўся тварам да застоліцы, павучальна сказаў:
— Не палічыце за абразу, што я іду спаць. Мне надакучылі пустыя размовы, асабліва калі адстаіш за аперацыйным сталом восем гадзін...
— Ах, ах, як нядобра атрымалася,— забедавала Аўдоцця Якаўлеўна.— Ён жа сапраўды з чатырох гадзін на нагах, а мы з нейкімі размовамі...
Яна падхапілася і пабегла ў спальню. Застоліца закончылася з такой нечаканасцю, якую нельга было прадбачыць. Юрка хацеў зайсці да Канстанціна Вячаслававіча, каб развітацца, але Аўдоцця Якаўлеўна сказала, што той як лёг, так і заснуў.
Карп пайшоў праводзіць Далейку. Да Камсамольскай вуліцы яны дайшлі моўчкі.
— Слухай,— раптам прапанаваў Карп,— давай пяройдзем на ты. Не люблю выкацца. Мы ж з табой франтавікі, пабрацімы. Нам проста не да твару гэтае інтэлігенцкае выканне. Ты хоць і беспартыйны, але свой. А я, братка мой, трапіў у нерат, ні назад ні наперад, Не,— спахапіўся ён,— Алеся дзеўка нармальная, хоць і ў яе галаве шмат кашы. Так ужо яна выхавана. Ды ты і сам бачыў, чым канчаюцца жыццёвыя размовы. Цесць мой, шчыра табе скажу, дыназаўр — кажуць, была некалі такая жывёліна,— які невядома як захаваўся пасля чыстак савецкіх устаноў. Можа, ён і спецыяліст, але я не хацеў бы ў яго лячыцца. Такі нашага брата камуніста з радасцю на той свет адправіць. Ён увесь у тым, старым, свеце, і адтуль яго ніякімі спосабамі не выцягнеш.
— Канстанцін Вячаслававіч за вайну прааперыраваў больш за пяць тысяч параненых і толькі чалавек з паўсотню, здаецца, не выратаваў,— нагадаў Карпу Юрка.
— I ты верыш!.. Ды ён толькі ўказанні даваў, а сам усе аперацыі шпіталя прысвоіў...
Юрка зразумеў, што паміж Карпам і цесцем пралегла бездань, цераз якую ўжо немагчыма наладзіць мост. Таму Юрка і сказаў, каб не чуць абразлівых слоў у адрас Канстанціна Вячаслававіча:
— Затое з Аўдоццяй Якаўлеўнай, як я бачу, у вас поўная згода...
— Я яе цярпець не магу, хоць яна з усіх сіл выпінаецца, каб дагадзіць мне. I наогул, усе яны адным мірам мазаныя — мяшчане да мозгу касцей, і ўвесь быт іхні мяшчанскі. Мне іхняе сюсюканне ў пячонках сядзіць. Толькі і чуеш: ах, Ясенін, ах, Багдановіч, ах, Шастаковіч! Ды ўсе іх ясеніны-багдановічы-шастаковічы не вартыя аднаго чацвёртага раздзела «Кароткага курса гісторыі ВКІІ(б)». Там жа згустак геніяльнай марксісцкай думкі, непераможны мускул пралетарскай ідэалогіі. А ў Ясеніна з Багдановічам замагільнае скуголенне і суцэльны песімізм. Для свядомага будаўніка камунізму такая паэзія — смерць смертная. Таму я і сказаў Шуры: або, або... Або яна пазбавіцца мяшчанскіх поглядаў на жыццё і цвёрда стане на стальныя рэйкі высокай ідэйнасці, або... Адным словам, таварыш лейтэнант, я вымушаны ў сілу некаторых абставін займацца дрэсіроўкай адсталага і варожа чужога мне кантынгента. Мы, Юрый Валянцінавіч, не для таго зламалі хрыбет фашызму, каб спасаваць перад дзвюма бабамі з хісткімі поглядамі і адным маразматыкам.