Аўдоцця Якаўлеўна паспешліва выбегла на кухню. Юрка стаў чакаць.
Кватэра Цярпілоўскіх — тры пакоі — пачыналася з невялікай прыхожай, якая пераходзіла ў вузкі, доўгі і цёмны калідор, што ляжаў паміж глухой сцяной і бытавымі памяшканнямі: кухняй, ванным пакоем і туалетам. Калідор выводзіў у гасцёўню — дужа вялікі пакой з двума вокнамі. На выхадзе калідора ў гасцёўню ад яго адгаліноўваўся калідор-тупічок, у якім направа і налева знаходзіліся два астатнія пакоі. Калідор-тупічок гэты аддзяляла ад гасцёўні цяжкая, як тэатральная заслона, парцьера. 3-за яе Юрка і чакаў Алесю. А Алесі ўсё не было. Ён і хваляваўся і радаваўся. Сам не ведаў чаго. Але назапашаныя словы забыў канчаткова.
Нарэшце спачатку гайданулася парцьера, затым яна расхінулася, і ў гасцёўні паявілася Алеся. На ёй быў халат, дужа задраны спераду, а на плячах шаль, які прыкрываў жывот, чамусьці падобны на піраміду з усечаным і закругленым верхам. Юрка ашалела глядзеў на гэты пукаты жывот і нічога не кеміў: маці ж казала, што Алеся ўсяго два месяцы, як замужам. Дык няўжо?!
— А я чую, хтосьці размаўляе. Думала, нехта з завочнікаў. Яны маме жыцця не даюць...
Юрка нетактоўна, на ўсе вочы глядзеў на яе, разумеў, што так глядзець нельга, але не мог адвесці позірку. Ён не пазнаваў Алесі. Некалі далікатны твар цяпер быў збрыджаны бурымі плямамі, а тонкая, у кілішак, талія здэфармавана самым пачварным чынам. Не дапамагаў і шаль хаваць гэтую пачварнасць.
Алеся ўкосікі прайшлася між мэблі, села ў крэсла насупраць Юркі. Цяпер, па крайняй меры, хоць не так выразна бачна была яе цяжарнасць — яе хаваў шаль, які яна акуратна расправіла на грудзях і жываце. У Юркавай свядомасці мільганула дужа абразлівая для Алесі, ганебная і нават пахабная думка, якая магла наявіцца толькі ў галаве недаразвітага крэціна. Яму аж стала сорамна за яе, затое «недаразвіты крэцін» пасмяшыў яго: а крэціны развітыя бываюць?
— Я і не ведаў пра тваё замужжа,— сказаў ён.— Мама толькі ўчора ўвечары сказала пра гэта. Я вярнуўся з Масквы днём, але здарылася аварыя з самалётам, і я, шчыра прызнаюся, добра напалохаўся, а таму выпіў і праспаў да вечара.
Юрка гаварыў абы-што, хаваючы сваю няёмкасць, што наявілася ў адказ на яго непрыстойную думку пра Алесю. Дзіўна, але як толькі ён загаварыў, да яго пачаў вяртацца яе знаёмы і мілы сарцу воблік. Чаму яму здалося, што Алеся вельмі змянілася? Анічуць! Усё такая ж прыгожая і чароўная. Яна слухала яго з ледзь прыкметнай усмешкай Джаконды...
— Ты шчаслівая? — спытаўся Юрка тонам студэнта, які толькі што выслухаў лекцыю аб шчасці.
Мабыць, Юрка застаў яе знянацку — яна думала над чымсьці сваім, бо спахапілася і чамусьці пачырванела. Чырвань адразу сагнала з твару рудыя плямы. Без аніякай паслядоўнасці Алеся сказала:
— Карпуша хоча назваць сына Сталенам. Вядома, калі народзіцца сын. У гонар Сталіна і Леніна...
— Чаму Сталіна і Леніна? па-блазенску спытаўся Юрка.— А не Леніна і Сталіна. Ленін — настаўнік, Сталін — яго вучань. Заканамерна было б назваць Ленстал. А потым, чаму сына трэба называць партыйнымі клічкамі, а не прозвішчамі правадыроў? Напрыклад, Ульджуг або Джугул...
Юрку здавалася, што ён знайшоў тон у размове. Але Алеся збянтэжыла яго:
— Не нам з табою рашаць такія выключна партыйныя справы,— сказала яна з поўнай упэўненасцю, што гаворыць нешта адмысловае.— У Карпушы высока развіта палітычнае чуццё. У яго па марксізму-ленінізму адны пяцёркі.
Усё выглядала так бязглузда, што Юрка не ведаў, што і адказаць.
— Ты ўзяла акадэмічны адпачынак? — спытаўся ён.
— Навошта? — здзівілася яна.— Карпуша прыводзіць выкладчыкаў дамоў і яны тут прымаюць экзамены.
— I згаджаюцца?..
— Ну, я не ведаю. Мусіць, згаджаюцца. Не бачу, што тут дрэннае.
Яна сапраўды не бачыла ў гэтым нічога дрэннага. Юрка прыгадаў яе выказванні аб служэнні народу, і яго раптам разабрала злосць.
— А хто ён такі, твой гэты Карпуша, каб па ягонай просьбе ці загаду выкладчыкі ішлі да цябе дамоў прымаць экзамен. Падумаеш, сакратар камсамольскага камітэта!..
— Чаму камсамольскага? — здзіўлена спытала Алеся.— Ах, ты ж і не ведаеш! Яго ж выбралі сакратаром парткома універсітэта.
— Нішто сабе партыйны сакратар, які пачынае працу ў парткоме з таго, што патрабуе ад выкладчыкаў хадзіць дамоў і прымаць экзамены ў ягонай жонкі.
— Ён не патрабуе,— рашуча запярэчыла Алеся.— Яго паважаюць і прапануюць самі ў парадку выключэння.
Юрка аж люцеў ад таго, што чуў. «Божа мой,— падумалася яму,— што можа стацца з чалавекам за кароткі час. I чаму сталася?» Адказу на гэтае простае пытанне ў яго не было. Хацелася насварыцца на Алесю і пайсці дамоў. Што з воза ўпала — лічы, прапала. Але ён сядзеў, і, надзіва, яму хацелася спрачацца, пераконваць Алесю:
— Што новага ў тэатрах? — перамяніў ён вельмі небяспечную гаворку.— Я ж даўно не быў...
— Куды мне,— сказала яна і сашчапіла рукі на жываце.
Юрка адчуваў сябе так пагана, што далей не было куды. Ён разумеў, што трапіў у недарэчнае становішча, і не бачыў з яго выйсця. Хоць бы Аўдоцця Якаўлеўна прыйшла з кухні. Тады можна было б знайсці якую прыдатную прычыну і развітацца. На яго шчасце, у прыхожай пачуўся званок — Алеся падхапілася з крэсла, кінулася туды. Мабыць, яна чакала, што прыйшоў яе Карпуша. Але заміж яго ў гасцёўню ўвайшоў Канстанцін Вячаслававіч з шырока раскінутымі рукамі:
— Каго я бачу!.. Юрачка! Юрый Валянцінавіч! Дарагі пляменнічак, дай абдыму цябе.— Канстанцін Вячаслававіч на Юркава здзіўленне быў пад градусам. Ён абняў Юрку, расцалаваў і, усё яшчэ трымаючы за плечы, адхіліўся назад, паглядзеў на яго павільгатнелымі вачамі.— А ты ўзмужнеў. Зусім сталы мужчына. Хоць чаго там: быў такім. Прызнавайся, мабыць, ад дзяўчат няма адбою? Прыгажун! Ні па маці ні па бацьку...
— Тата, ну што вы кажаце? — нецярпліва перапыніла яго Алеся.
— Не зважай,— шапнуў Юрку Канстанцін Вячаслававіч.— Яна цяпер раздражняецца з любой прычыны.
— Я разумею,— абы нешта сказаць, згадзіўся Юрка з Канстанцінам Вячаслававічам.
— Эх, Юра, Юра, хто і што цяпер разумее? — запярэчыў Канстанцін Вячаслававіч. — Думаеш, чаго я сёння выпіў? Чалавека сабраў. Рукі, ногі, рэбры... Па костачках збіраў, па асколачках. Восем гадзін за аперацыйным сталом стаяў. Ангеліна Карлаўна, сястра наша аперацыйная, пасля аперацыі глянула на мяне і кажа: «У вас жа рукі дрыжаць». Глянуў, праўда — дрыжаць. Чую, і ногі задрыжэлі. Так і шлёпнуўся на кушэтку. Толькі тады і пачуў, што страшэнна замарыўся. А зарплата, Юрачка, у мяне на ўзроўні загадчыка аддзела райкома партыі, які толькі і ведае, што некага правярае, па зараней складзенай шпаргалцы, дзе ўсё распісана, якія пытанні задаваць, што правяраць, а вывады ўжо нехта іншы зробіць і, заўваж, зусім не тыя, якія варта было б зрабіць. Такое вось жыццё савецкага эскулапа. Зрэшты, кожнага інтэлігента. А мяне ж яшчэ і папікаюць, быццам я няўдзячны савецкай уладзе і камуністычнай партыі. Крыўдна...
— Тата,— зноў раздражнёна азвалася Алеся,— колькі можна гаварыць пра гэта? Карпуша злуецца на твае размовы. Яны нікчэмныя і абывацельскія. Інтэлігенцыя абавязана бескарысліва служыць народу, а ты пра зарплату, даброты...
— А што мне твой Карпуша-Гарбуша,— узлаваўся Канстанцін Вячаслававіч.— Ён на маіх харчах жыве ды яшчэ ўяўляе сябе гаспадаром...
— Тата, як не сорамна!..
— Сорамна,— прызнаўся Канстанцін Вячаслававіч.— А вам не сорамна, што ў мяне з самага ўчарашняга вечара кавалка хлеба ў роце не было?.. Чаму абед не гатовы?..
— Зараз Карпуша прыйдзе, тады і паабедаем, — адказала Алеся і выйшла на кухню.
Адтуль у гасцёўню прыйшла Аўдоцця Якаўлеўна, прынесла на сподачку бутэрброд.
— Перакусі,— падала яго Канстанціну Вячаслававічу.— I не шумі. Садзіцца за стол без Карпушы сапраўды нядобра. Падумае, што не паважаем.
— А ён цябе паважае? — запярэчыў Канстанцін Вячаслававіч.— Вылезшы з-за стала, дзякуй не скажа.
— Дачку пашкадуй,— папрасіла Аўдоцця Якаўлеўна.— Мы не для сябе жывём — дзеля яе.
Яна пайшла на кухню, яўна незадаволеная паводзінамі мужа. Канстанцін Вячаслававіч падышоў да буфета, наліў кілішак каньяку, прапанаваў Юрку. Але той адмовіўся. Канстанцін Вячаслававіч выпіў, закусіў, пазіраючы ў бок кухні, пакрыўджана загаварыў да Юркі:
— Толькі і чую: Карпуша! Карпуша!.. Мы ваявалі!.. Быццам мы за печкай сядзелі. Я за вайну пяць тысяч чатырыста шэсцьдзесят чатыры аперацыі зрабіў. Пяць тысяч чатырыста пяцьдзесят восем жыццяў уратаваў. А ён гэтыя жыцці калечыў. Ды ты ж ведяеш, сам пад яго камандаваннем служыў. Слухаць страшна, як ён безразважна людзей у бой кідаў. Ад сваёй камандзірскай бездапаможнасці. У яго звычайнай кемнасці не было: загад атрымліваў і выконваў як умеў. Ды яшчэ невядома, хто больш радзіму любіць. Ці той, хто звар'яцела крычыць пра сваю любоў да яе, ці той, хто яе ў душы носіць. Мы — бальшавікі! Мы — авангард! Я, выходзіць, не авангард? Выходзіць, калі не камуніст, дык на мыла? — Канстанцін Вячаслававіч перадыхнуў і, здаецца, астыў, бо прадоўжыў гаворку ўжо спакойна: — Так во ў спрэчках і жывём. Два месяцы. 3 самага першага дня нашага сумеснага існавання. Як гэта табе падабаецца? Пахабна, я табе скажу, жывём, а іначай не ўмеем. Не магу ж я саступіць нейкаму хаму, што сяк-так засвоіў «Кароткі курс гісторыі ВКП(б)». Вымерла наша беларуская інтэлігенцыя. Як маманты, вымерла. А калі больш дакладна: выбілі яе. А на месца яе вылезлі з бездухоўнай багны Карпушы. Яны, Юра, робяць пагоду, хоць гэта ў іх не выходзіць. Слота, моразь, шэрасць і бяздарнасць...
Канстанцін Вячаслававіч не хаваў сваёй нядобразычлівасді да зяця, і Юрку гэта падабалася. Але тое, што ён так рэзка гаварыў пра парадкі, палохала Юрку.
— Вы так і пры Хіжняку гаворыце? — спытаўся ён у Канстанціна Вячаслававіча.
— А чаму мне яго баяцца?..
— Дык не яго, Канстанцін Вячаслававіч, а каго другога, хто стаіць на варце і ловіць кожнае слова. Я вось так па сваёй неабачлівасці і пагарэў.
— Табе варта асцерагацца,— параіў Канстанцін Вячаслававіч,— а мне няма чаго. Думаеш, я нічога не бачу, не разумею. За вайну людзі ўсяго нагледзеліся. Да вайны ўсё думалася: нашы правадыры геніі сярод геніяў. А выйшла, сам ведаеш, што выйшла. Усе гэтыя народныя героі, з якіх раілі браць прыклад, аказаліся бездарамі і дурнямі. Варашылаў абарону Ленінграда заваліў, Будзённы са сваёй коннай перад танкамі прымушаў людзей гарцаваць — прыгожа! Кулік, маршал і і дубіна, кажуць, у лапцях з акружэння выбіраўся. Гэты, голены боўдзіла, Цімашэнка, пад Харкавам арміі ў палон паздаваў. У людзей вера згаснула, і сталі яны ўголас разважаць. А разважаць уголас для ўлад пахне небяспекай. Во, таму і ляцяць галовы. Няважна чые, важна, каб ляцелі. I ў першую чаргу паляцяць разумныя, інтэлігентныя галовы. Так што лёс наш пазначаны і выкруткі няма. Лепей загінуць, чым поўзаць на каленях перад вось такімі карпушамі.
— I ўсё-такі, Канстанцін Вячаслававіч, паасцерагліся б...
— Эх, Юра, Юра, ніхто не ведае, якая чаша чакае кожнага з нас. У трыццаць сёмым годзе бралі людзей з недаступнай розуму непаслядоўнасцю. Усё залежала ад настрою следчага, ад павароту справы, ад паказанняў і чорт яшчэ ведае ад чаго. Бязлітасна каралі абсалютна невінаватых, а вінаватыя — блюдалізы, падхалімы, нягоднікі, злачынцы — вылучаліся на пасады. Разыгрывалася крывавая латарэя. За дзесяць з гакам гадоў нічога, Юра, не памянялася. Таму я і зрабіў з усяго гэтага невытлумачальнага абсурду ці ведаеш якую геніяльную выснову? Ніколі не здагадаешся! Я зразумеў простую ісціну: трэба гаварыць рэзка, быць незадаволеным усім на свеце, апрача тых, што на самым версе. Пра іх нікому, ніколі ніводнага абразлівага слова. Гэта азадачвае і паступова прывучае нашы доблесныя органы да маёй непасрэднасці і адкрытасці. Уяўляеш, даносяць, што хірург Цярпілоўскі зноў незадаволены парадкамі ў сістэме аховы здароўя і на чым свет стаіць лае міністра. Падшываюць данос у папачку і кажуць: а што возьмеш з гэтага папоўскага сына Цярпілоўскага? Ён вечна незадаволены, але асоба абсалютна бяскрыўдная. Шукайце ворагаў сярод тых, хто дзейнічае ціхай сапай. Уразумеў? Дык пляваць я хацеў на нейкага Карпушу, ды яшчэ роднага зяця. Мяне сам Цанава прывозіў на дачу, каб я ягонае задрыпанае калена паглядзеў, бо яно чамусьці забалела. І Панцеляймон Кандратавіч, якога я паважаю, хоць і разумею, што ён падобны на ўсіх, хто ва ўладзе, мяне з Масквы пакуль падтрымлівае, і, уяві, Юра, яму падабаецца, што я рэжу праўду ў вочы. Знаеш, Юра, яны таксама людзі і ім вельмі надакучаюць падлізнікі і ўгоднікі. Хочацца часам востранькага, як прыправы да прэснай і надакучнай стравы.
У калідоры нехта настойліва зазваніў.
— Карпуша,— панура сказаў Канстанцін Вячаслававіч.
15
У гасцёўні, як каменная статуя камандора, узнік Карп Хіжняк. Быў ён у хромавых ботах, зелянковым гарнітуры — штаны-галіфэ і кіцель з каўняром-стойкай,— на якім блішчэла Зорка Героя. Ён увайшоў, як гаспадар у сваю хату, каб навесці парадак. У ягонай постаці заўважаліся выразныя перамены. Юрку здалося, што да камбата вярнулаея былая фанабэрыя і непадступная строгасць распарадчыка чужымі лёсамі. Звычайна ў такія моманты на фронце падначаденым трэба было імгненна ўскокваць.
Мабыць, з-за той прывычкі ваеннай пары Юрка порстка ўскочыў, выцягнуў рукі па швах. Але як толькі ён стаў на ўвесь рост, дык адразу заўважыў, што глядзіць на былога камандзіра батальёна зверху ўніз. Раней жа неяк выходзіла так, што і пры сваім немалым росце Юрка заўсёды глядзеў на камбата знізу ўверх.
Яшчэ больш надзьмуўшыся, Карп Хіжняк зрабіў два крокі да Юркі, выцяў калена аб цяжкое крэсла, але зрабіў выгляд, што нічога не здарылася, працягнуў Юрку руку.
— Ну, здароў, браценік!.. Амерыканскі імперыялізм цябе там не сапсаваў? Ён горш за распусную дзеўку. Так і мкнецца запалучыць савецкага грамадзяніна ў свае шпіёнскія і іншыя сеткі аблуднасці і безыдэйнасці. Але ў савецкіх уласны гонар — на буржуяў глядзець з пагардай...
— А чаму мяне павінен быў сапсаваць імперыялізм ды яшчэ амерыканскі? — заўсміхаўся Юрка, не вельмі разумеючы, гаворыць Карп усур’ёз ці іранізуе.— Амерыканскаму імперыялізму было не да мяне. У яго свае праблемы. Ён, калі каго і ловіць у свае сеткі, дык высокапастаўленых партыйцаў, якія сапраўды валодаюць дзяржаўнымі тайнамі.