Іх чамусьці адклікалі праз чатыры з паловай месяцы. Вярнуўшыся ў Маскву, Юрка павінен быў пісаць доўгія і непатрэбныя яму справаздачы ды яшчэ адказваць на пытанні невядомых людзей, аб прафесіі якіх можна было толькі здагадвацца.
Зрэдзьчасу ён званіў дамоў. Звычайна адказвала маці. Яна не надакучала пытаннямі, мабыць, ведала, што весці шчырыя размовы па тэлефоне дужа рызыкоўная справа. Юрку хацелася як мага больш ведаць пра Цярпілоўскіх, найперш пра Алесю. Пазваніць ім не мог — на іхняй кватэры ўсё яшчэ не было тэлефона. Маці адказвала коратка: жывуць, працуюць, Аўдоцця Якаўлеўна хутка будзе абараняць дысертацыю, Канстанцін Вячаслававіч атрымаў ордэн Леніна, Алеся вучыцца і, здаецца, закончыць універсітэт з адзнакай.
Скандал выбухнуў нечакана. Раніцай, як звычайна, Юрка разгарнуў газету і пад інтрыгуючым загалоўкам «Тупыя рогі ідэалізму» пабачыў артыкул, падпісаны Аляксеем Іванавічам Ягоравым. Тое, што пісалася ў артыкуле, здзівіла Далейку. Аляксей Іванавіч, дарэшты забыўшыся на цёплы прыём, аказаны ім вучонымі універсітэта, усяляк ганіў іх навуковыя дасягненні, зневажаў самымі непрыстойнымі словамі, абвінавачваў іх у нядобразычлівасці і нават варожасці. Мала таго, Ягораў лічыў дзейнасць славутых вучоных антынавуковай, грунтуючы свой доказ на новай навуцы кібернетыцы, якую ён называў ілжэнавукай, а яе творцу Вінера шарлатанам, які спрабуе тупымі рагамі ідэалізму звергнуць навуковы матэрыялізм. Усё гэта дужа кепска смярдзела.
Юрка Далейка з тым жа Ягоравым сустракаліся з Вінерам, і тады абодва пагадзіліся, што кібернетыка мае вялікую будучыню. Тым больш было незразумела, чаму Ягораў раптам памяняў сваю аб ёй думку. Але змірыцца з такой яго подласцю Юрка Далейка не мог.
Спачатку яму захацелася паехаць на кватэру да Ягорава, набіць таму морду. Але ён і сам разумеў усю абсурднасць такога ўчынку. Ды і не быў ён здатны на фізічную расправу. Заставалася адно: публічна выступіць і асудзіць учынак Ягорава.
У той дзень якраз праходзіў сімпозіум па пытаннях далейшага развіцця фундаментальных навук. Юрка вырашыў папрасіць слова і сапраўды папрасіў, і яму яго далі.
Ягонае выступленне было падобна на выбух атамнай бомбы. Па тварах удзельнікаў ён бачыў, што адны дзівяцца з ягонай смеласці і наіўнасці, другія — ледзянеюць ад страху, трэція — моўчкі падтрымліваюць яго. Старшыня сімпозіума так разгубіўся, што паспрабаваў зрабіць выгляд, нібы нічога не здарылася. Затое адразу пасля сімпозіума пачаўся строгі разбор, больш падобны на шабаш ведзьмаў у Вальпургіеву ноч. Праўда, закончыўся ён для Юркі шчасліва.
Яго паклікаў рэктар. Круцячы ў тоўстых пальцах тонкі аловак, рэктар прачытаў Юрку невялічкую лекцыю, а ў заключэнне падакараў Юрку:
— Што ж вы, Юрый Валянцінавіч, гэтак схібілі? Няўжо не маглі ўразумець, што так трэба. Трэба, даражэнькі мой!.. I Аляксей Іванавіч тут ні пры чым. Яму загадалі. А маглі загадаць вам...
— Я на подласць ніколі не пайшоў бы,— рашуча заявіў Юрка.
— Таму вам і не даверылі адказную справу,— парыраваў рэктар.— А Аляксей Іванавіч — чалавек заслужаны, паслухмяны... Ды і навуковая кар'ера яго на завяршэнні... Во, што я параю вам, даражэнькі мой,— напішыце заяву па ўласным жаданні і пахерым справу. Я вашаму рэктару пазваню, каб ён часам не напалохаўся ды не нарабіў глупства. А вы дайце мне слова, што надалей будзеце займацца навукай, толькі навукай. Яшчэ, даражэнькі мой, прашу вас, павініцеся перад Аляксеем Іванавічам. Вельмі ён на вас у крыўдзе. А навошта вам мець ворага. Настойліва раю — павініцеся, дзеля вашай жа карысці.
Юрка і сам ужо здагадваўся, што Ягораў пісаў артыкул па ўказцы. Аднак ісці да яго і перапрошваць здавалася справай немагчымай. У той жа час Юрка не мог і не паслухацца парады рэктара. Той, відаць, усё прадугледзеў: Юрку чагосьці паклікалі ў партком, там, як бы выпадкова, апынуўся і Ягораў. Юрка прызнаўся ў сваёй нетактоўнасці, папрасіў Аляксея Іванавіча дараваць яму гарачнасць. Універсітэцкае начальства як магло, як умела ратавала і сябе і маладога вучонага.
У Мінск Юрка чамусьці паляцеў, хоць прасцей было ехаць цягніком. Мабыць, яму вельмі хацелася як найхутчэй сустрэцца з Алесяй.
У грузавым старым «Дугласе» ляцела пяць пасажыраў; астатнюю плошчу займалі цюкі з картунай. Самалёт бязлітасна гайдала: ён толькі тое і рабіў, што падаў у паветраныя ямы, а потым выбіраўся з іх. Усіх пасажыраў страшэнна нудзіла. А ў дадатак недзе над Віцебскам раптам адказаў матор. Ляцець на адным маторы было падобна на плаванне па возеры з адным вяслом. Але самалёт усё ж ляцеў, і ўжо пад ягоным крылом праплыў Лагойск, а наперадзе стаў відзен Астрашыцкі Гарадок. I тут адказаў другі матор.
У салоне пачаўся перапалох. Жанчыны плакалі. Юрка сядзеў, падцягнуўшы пад падбародак калені, як бывала ў танку, чакаў, калі яны грымнуцца аб зямлю. Ды лётчык неяк давёў самалёт да аэрадрома, пасадзіў яго на пляцоўцы перад самым будынкам аэрапорта.
Гайданку Юрка сяк-так перацярпеў, затое апошнія хвіліны, калі самалёт, здавалася, вось-вось клюне носам у снег, даліся яму ў знакі. Юрка і сам дзівіўся: хадзіў жа ў танкавыя атакі і не баяўся смерці, а тут раптам перапалохаўся. Выйшаўшы з самалёта, ён пачуў, як трымціць кожная клетачка ягонага цела.
На шчасце, у аэрапорце працаваў буфет. Юрка, каб зняць цяжар перапуду, выпіў сто пяцьдзесят грамаў каньяку, адчуў, як расслабляецца спаралізаваны страхам арганізм і святлее ў галаве.
Дамоў ён адправіўся пеша. У вушах усё яшчэ гуло, ды не адпускала і паскуднае адчуванне жывёльнага страху — раптам здавалася, што пад нагамі раскрываецца бездань і ён ляціць у яе на злом галавы.
Як і дамаўляліся, дома яго чакала маці. Убачыўшы бледны сынаў твар, яна захвалявалася, адчуўшы нешта нядобрае. Юрка збольшага расказаў пра аварыю з самалётам і раптам адчуў, што страшэнна хоча спаць. Прачнуўся ён на цямку і адразу ўзгарэўся ісці да Цярпілоўскіх.
— Сядзь, Юра,— папрасіла маці.— Сядзь і паслухай, што я табе скажу.
Юркава сэрца так і абарвалася, хоць ён яшчэ нічога благога не пачуў ад маці.
— Што-небудзь здарылася?..
— Нічога асаблівага,— адказала маці.— Абсалютна нічога... Ці бачыш, Юра, мы з бацькам даўно здагадваліся, што ты кахаеш Алесю.
— Нешта здарылася з ёй?..
— Тое, што здараецца з усімі маладымі дзяўчатамі,— спакойна адказала маці.— Яна выйшла замуж...
Юрку захацелася сказаць, што ён так і думаў, што ён быў гатовы такое пачуць, але зразумеў, што ўсё будзе выглядаць хлуснёй. У той час, як ён хаваў свае пачуцці і яму здавалася, што хаваў надзейна, маці даўно ўгледзела ягонае каханне, Але ж маўчала?! Дык ці варта яму дарэмна гаварыць пустыя словы?
— Даўно? — як мага больш спакойна спытаўся ён.
— Месяцы два назад...
— І хто ж яе суджаны? — са штучнай іроніяй у голасе спытаўся Юрка.
— Нейкі студэнт. Як казала Дуся, адзінокі, бедны, сірата,— у тон сыну адказала Антаніна Васільеўна.— Я якраз была ў Цярпілоўскіх, калі Алеся прывяла яго, каб пазнаёміць з бацькамі. Канстанцін Вячаслававіч усё форскаў. I сапраўды, што яна знайшла ў ім? Нязграбны, непрыгожы, а да ўсяго хамаваты. А вось жа ўпадабала. Хіба што герой. Мабыць, гэта і спакусіла...
Хоць Юрка і стараўся паказваць сваю абыякавасць, яму гэта дрэнна ўдавалася. Яго аж захлынала рэўнасць, да якой ён яшчэ нядаўна ставіўся з насмешкай. Ды і цяпер свой нясцерпна пякучы боль Юрка не лічыў рэўнасцю — яна на яго думку была адзнакай дрэннага выхавання. Раўнаваць могуць людзі малакультурныя або разумова адсталыя. Юрка лічыў, што Алеся здрадзіла дружбе — найвялікшая здрада на яго думку. Магла ж Алеся дачакацца яго, каб сказаць пра сваё каханне. Хай бы тады і выходзіла замуж, ён не стаў бы пярэчыць. Наадварот, ён бы пасядзеў на вяселлі, павіншаваў бы яе са зменай у жыцці, пажадаў бы маладым доўгіх гадоў жыцця і вялікага шчасця.
— Ты была на вяселлі? — прадаўжаючы ролю абсалютна не зацікаўленай асобы, спытаўся ён.
— Дык жа вяселля не было...
— Чаму?..
— Мабыць, на тое у Цярпілоўскіх былі прычыны,— адказала Антаніна Васільеўна.
Юрка адчуваў, што маці нешта не дагаворвае, хавае ад яго штосьці такое, пра што не рашаецца сказаць, але распытваць не хацелася. Гэта супярэчыла б ягонай ролі абыякавага слухача. Раптам у яго ўзнікла неверагодная дагадка:
— Ты сказала, што Алесін жаніх студэнт і Герой Савецкага Саюза. А як яго завуць? Выпадкова не Карп?
— Карп...
— Хіжняк?..
— Карп Хіжняк,— пацвердзіла маці.
— Дык гэта ж мой камандзір батальёна, пра якога я не раз вам з бацькам расказваў,— крыкнуў Юрка.— I гэта я пазнаёміў яго з Алесяй. Не, як хочаш, а я павінен пайсці і павіншаваць іх.
— На ноч гледзячы,— нагадала маці.
— Ну і што?..
— А тое, што інтэлігентныя людзі так віншаваць не ходзяць,— сказала маці.— Ды і ты з дарогі, пасля непрыемнага палёту. А заўтра рабочы дзень. Можа, Канстанцін Вячаслававіч адпачывае. Можа, і Алесі дома няма. А ты заявішся. Сходзіш у нядзелю...
Яе ўгавор не пераканаў Юрку, але змусіў скарыцца — маці, безумоўна, мела рацыю. Трэба не спяшацца...
Тры дні да нядзелі аказаліся для Юркі пакутлівым выпрабаваннем. Ён ніяк не мог уявіць, што нейкі Карп Хіжняк, хай сабе і Герой і камандзір батальёна, але чалавек, безумоўна, нявыхаваны, грубы ці, як казала маці, хамаваты, мог уразіць, закахаць у сябе Алеею з яе высокім інтэлектам, разумную, далікатную, шчырую. Чаму яна закахалася? Што прыцягнула яе да Карпа?
Ламаючы галаву над вечным і праклятым пытаннем усіх, каму здраджвалі, каго мянялі на менш дастойных, Юрка па далікацтве душы не знаходзіў разумнага адказу. Дужа абсурдна выглядаў для яго Алесін выбар.
Бываючы ва універсітэце, Юрка ледзь стрымліваў сябе, свае немагчыма бязглуздыя намеры, якія спараджалі такія ж недарэчныя словы. Заўсёды такі разважны і лагічны ў сваіх размовах і ўчынках, Юрка ператварыўся ў закаханага недарэку, якога жорстка ашукалі.
Што праўда, часам логіка брала верх над эмоцыямі. Юрка прыгадваў сваё няўдачлівае сватанне і Алесін адказ яму. Тады ўзнікала пытанне: а ці здраджвала Алеся? Хіба яна тады сваёй адмовай яму не намякнула, што можа ў любы час выйсці замуж за таго, хто ёй сладабаецца. Мяркуючы паслядоўна, Юрка пагаджаўся, што, строга кажучы, Алеся яму не здраджвала, бо яго не кахала. Але гэта не дапамагала. У ягонай свядомасці ўзнікаў нейкі дзіўны, як ён называў яго, парадаксальны нелагізм: хай бы яна выходзіла замуж за каго іншага, але не за Хіжняка, быццам гэты нехта іншы, стаўшы яе мужам, не выклікаў бы той жа, што і цяпер, ягонай рэакцыі. Але ў такія — дарэчы, рэдкія — хвіліны Юрка дакараў сябе, што лішне ўсё драматызуе, што і ў яго да Алесі няма моцнага кахання — адно самалюбства. Ды ён ведаў, што гэта няпраўда. Чым больш ён пераконваў сябе, што не кахае Алесю, тым мацней станавіліся ягоныя да яе пачуцці. Ён разумеў, ведаў, адчуваў, што не можа жыць без Алесі, што яна патрэбна яму, як вада, паветра, сонца. Яго каханне мацнела, яму на злосць. Сабе на злосць, Алесі, Карпу — усяму свету, які спрасаваўся да памераў адной Алесі.
На нядзелю Антаніна Васільеўна наладзіла з нейкай прычыны званы абед. Юрка адразу здагадаўся, што матчын манеўр не выпадковы, што абед мае на мэце не пусціць яго да Цярпілоўскіх. Але яго ўжо нішто не магло стрымаць.
Гадзіне а дванаццатай Юрка, як бы між іншым, сказаў маці:
— Я прайдуся...
Хлусня выклікала непрыемны прысмак нечага брыдкага, але думка пра Алесю і спатканне з ёю развеялі яго.
14
Ад Савецкай да вуліцы Карла Маркса ісці было хвілін дзесяць павольнай хадой. Ды за гэты час Юрка перадумаў, а ўсё перадуманае зводзілася да шчаслівага канца, таго славутага «хэпі энда», які ён не цярпеў у трафейных фільмах і вечна выскаляўся з Алесі, якая любіла шчаслівае заканчэнне сентыментальных гісторый.
На дварэ трываў халодны сакавік. Горад быў занесены снегам, і нават руіны выглядалі не так пачварна, як улетку. У шкле вокан адбівалася сонца, яшчэ нізкае, халоднае, але яркае. Юрка, папраўдзе, прыгажосці прыроды не заўважаў. Горад ён успрымаў, як мноства геаметрычных фігур, раскіданых па белым аркушы паперы — банальныя, адвечныя фігуры яшчэ з часоў Эўкліда і нават раней: ад рэшткаў горада Махенджа-Дара і егіпецкіх пірамід. Усё на свеце вечна, устойліва, апрача тапалагічных фігур. Пра гэта падумалася ўперамешку з думкамі пра Алесю — складаныя свае пачуцці, падобныя на тапалагічныя фігуры. Затое ў думках ужо саспеў план яго гаворкі з Алесяй, гэткае пераўтварэнне адных іранічных формаў у другія насмешлівыя, але ў любым выпадку бяскрыўдныя. Алеся, толькі яна, ацэніць стыль ягонай гаворкі.
Дзверы адчыніла Аўдоцця Якаўлеўна — першая перашкода на ягоньм шляху.
— Юрачка, ці ты гэта? — узрадавана і лішне ўзрушана ўсклікнула яна, парыўна абняла і тройчы пацалавала.— Не пазнала... Даўно ж не заходзіў... Ды я чула, чула... Быў у Штатах. Як там маецца загніваючы капіталізм?.. Ды ты распранайся. Вешай паліто тут... Як мама, бацька? А Канстанціна Вячаслававіча ноччу паднялі з пасцелі. Аднекуль з перыферыі прывезлі цяжка хворага. Адбылася аварыя... Якая — не ведаю. Дык хадзем у гасцёўню. Чаго ж стаяць у парозе...
Пасадзіўшы Юрку на канапу, Аўдоцця Якаўлеўна з уласцівай ёй спахоплівасцю то закідвала яго пытаннямі, так што ён не паспяваў на іх адказваць, то пачынала апавядаць пра немагчыма цяжкую працу Канстанціна Вячаслававіча, пра нейкія свае няўладжанасці, ад якіх яна церпіць, то хвалілася, што напісала кніжку вершаў і яе ўжо ўзялі ў выдавецтва.
Як і належыць выхаванаму чалавеку, Юрка ўважліва слухаў, а сам усё думаў пра Алесю. Чаму Аўдоцця Якаўлеўна ні разу не згадала яе? Дзе зараз Алеся? Калі дома, дык чаму не выходзіць? Значыць, няма дома, і ён дарэмна прыйшоў сюды. А можа, яна разам з Карпам пайшла ў кіно? Алеся так любіла глядзець трафейныя фільмы.
Юрка ўявіў, як яны сядзяць у цёмнай зале і трымаюцца за рукі, каб сагрэць іх. У кінатэатры заўсёды было холадна. Яго аж скаланула ад малюнка, што раптам уявіўся яму.
— Даруй, Юрачка, у мяне зараз абед гатуецца,— падхапілася Аўдоцця Якаўлеўна.— Зараз гукну Алесю. Ёй нечага нездаровіцца. Спадзяюся, што ты паабедаеш у нас. Канстанцін Вячаслававіч узрадуецца,— і гукнула: — Алеся, хадзі сюды, не хавайся. Юра прыйшоў...