К книге
Станіслаў Шушкевіч. Пуцявіна лёсуСтраница 22
96%
Страница 22
22

Увогуле ж прэтэндэнтаў на найвышэйшае дзяржаўнае крэсла акажацца на дзіва багата. Сімпатыі «левага» электарату нечакана апынуцца пад пагрозай раздраблення: у якасці патэнцыяльных канкурэнтаў Кебіча («пад» якога, на думку многіх, і прымаўся закон аб прэзідэнцтве) пачнуць вымалёўвацца фігуры ўжо добра вядомага Лукашэнкі, новага спікера — былога генерала міліцыі Грыба, каго-кольвечы яшчэ... На вылучэнца цэнтрысцкіх сіл стане прэтэндаваць мэр Маладзечна дэпутат Карпенка.

Шушкевіч з самага пачатку выдатна разумеў, што ягонае «другое прышэсце» ў палітыку зусім не стане бесклапотным шпацырам. I ўсё ж — рушыў...

* * *

Адступленне. Аўтарскі «допыт»

(красавік 1994 года)

— Вы з зайздроснай хуткасцю «залячылі раны», адаптаваліся да ролі простага дэпутата, хоць, падобна, не збіраецеся задавальняцца ёю ў перспектыве... Што дапамагло сабрацца з сіламі, адкуль гэтас моцнае «другое дыханне»?

— А ў мяне, ведаеце, даволі вялікі вопыт адставак. Ён пачаўся з 1946 года, з піянерскага лагера ў Прылуках, дзе мяне абралі старшынёю савета атрада. Неўзабаве гэтая пасада прыйшлася мне не да густу, бо я павінен быў перастаць быць самім сабой...

Яшчэ адна своеасаблівая адстаўка адбылася, калі я пакінуў пасаду прарэктара радыётэхнічнага інстытута, бо не жадаў удзельнічаць у цкаванні сумленных, таленавітых навукоўцаў, а змагацца супраць лініі рэктара не ставала моцы. Цяпер, праўда, думаю, што тое маё адступленне было памылкай...

Увогуле ж адстаўка ў палітыцы — рэч звычайная, тут не трэба рабіць трагедыі. I званне «простага» дэпутата, за якога прагаласавалі некалі тысячы і тысячы суграмадзян, для мяне, паверце, вельмі ганаровае. Дый увогуле я, відавочна, значна менш сабою асабіста захапляюся, чым вы можаце падумаць.

— Тады, 26 студзеня, вы нават не сталі чакаць вынікаў галасавання...

—...бо ведаў, якія яны будуць. Прыхапіў па дарозе асабістыя рэчы са службовага кабінета і паехаў дадому. Там сабраў сяброў, і мы, так бы мовіць, падвялі рысу...

— Кажуць, у вас адразу адабралі службовую машыну, знялі на кватэры спецсувязь, ахову...

— Што да машыны, то не зусім так: я і цяпер магу выклікаць легкавік з гаража Вярхоўнага Савета, гэтае права прадугледжана адпаведным законам. Іншая справа, што гэтым не злоўжываю, хоць тыя, каму заўсёды нешта мроіцца, адразу ж сталі падазраваць, што я езджу цяпер па гарадах рэспублікі на казённых «колах»...

Спецсувязь на кватэры сапраўды адключылі ўмомант, тут усё правільна. Па хлопцах жа з аховы толькі сын трохі пасумаваў, бо паспеў з імі моцна пасябраваць. На журналісцкія ж пытанні, ці не баюся за сваю бяспеку, адказваю: не хвалюйцеся, я «ўзброены і вельмі небяспечны».

Ну, а гарадскі тэлефон я ў той вечар сам адключыў — каб не распачалася ў хаце завочная прэс-канферэнцыя.

— Як успрыняла навіну жонка?

— Спакойна. Яна даўно была падрыхтаваная. Толькі вось цяпер кажа: ну нашто, маўляў, ты зноў лезеш...

— Але ж вы не адмовіцеся ад барацьбы за прэзідэнцтва?

— Калі мяне вылучаць, я буду змагацца. Сёння я падрыхтаваны не толькі тэарэтычна, але і практычна. Добра ўяўляю, якімі метадамі можна эфектыўна змагацца супраць антырэфарматарскіх сіл. Схема адгортвання іх ад улады, за якую яны ўчапіліся мёртвай хваткай, мне зараз добра зразумелая. А адгортваць трэба, бо нельга рабіць рэформы рукамі тых, хто гэтыя рэформы не падтрымлівае.

— Шмат хто з дэмакратаў папракнуў вас за тое, што вы недастаткова рашуча змагаліся з кансерватарамі на пасадзе Старшыні Вярхоўнага Савета... А ваш палітычны лёс хто-кольвечы параўноўвае з лёсам Гарбачова, якога ў свой час таксама шмат крытыкавалі за непаслядоўнасць, палавіністасць рашэнняў, лавіраванне...

— Хачу падкрэсліць адно сваё катэгарычнае адрозненне ад Гарбачова: той быў пры магутнай уладзе і імкнуўся яе захаваць, я ж пры такой уладзе ніколі не быў, вось што самае цікавае. Так, спікер у нас фармальна з’яўляецца вышэйшай службовай асобай краіны, а практычна... Я, напрыклад, не меў права нікога ні зняць з намеклатурнай пасады, ні прызначыць на яе, увогуле не меў доступу да рычагоў выканаўчай улады. Спікер — гэта чалавек, які толькі кіруе тымі, хто піша законы... I хіба можна такога чалавека параўноўваць з некалі амаль што ўсеўладным генсекам-прэзідэнтам Гарбачовым? Хіба што, у нейкай ступені,— у сэнсе знешнепалітычнай дзейнасці. I я ганаруся, што за апошнія тры гады пра Беларусь даведаліся ў свеце, што да яе добра ставяцца...

Пытанні ж рэфармавання эканомікі, напрыклад, я мог толькі выносіць на абмеркаванне ў парламенце, што і рабіў сістэматычна. А ўрад усё рабіў па-свойму, бо рэформы — яго магільшчык.

Ну на якія больш рашучыя крокі я мог пайсці? Перавысіць свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы? Па-першае, хто б мне дазволіў, а па-другое, такім шляхам мы ніколі не пабудуем дэмакратычную прававую дзяржаву... Выйсці мітынгаваць на плошчу? Для Старшыні Вярхоўнага Савста метад, мякка кажучы, нязручны. Вось цяпер гэта зручна, што я і раблю, каб арыентаваць думку беларусаў у патрэбным накірунку.

— Як прымае вас аўдыторыя ў новай ролі?

— Красамоўная ў гэтых адносінах — сустрэча ў Барысаве з людзьмі, якіх у свой час намеснік старшыні гарвыканкама Трусаў абяцаў, калі будуць скардзіцца на жыллёвыя ўмовы, «згнаіць у бараках». Удалося ўсё ж такі гэтых людзей перасяліць, і вось зараз яны мяне сустракалі з хлебам і соллю. Здаецца, я ўпершыню ў жыцці адчуў іх сапраўдны смак...

Сустрэчу ж гэтую ў Барысаве ўсяляк імкнуліся забараніць лідэры тамтэйшых камуністаў. Нават тады, калі яна была ў самым разгары, разыгралі спектакль: з’явіўся кіраўнік раённай міліцыі і прапанаваў «освободить всем помешение, так как здесь заложена мина». Я звярнуўся да залы: «Ну, што, пасмяёмся разам?» Пасмяяліся і далей размаўляем. I вы ведаеце, як адрэагаваў на гэта той жа іван Іванавіч Трусаў: маўляў, каб Шушкевіч клапаціўся аб людзях, хіба дазволіў бы ён праводзіць гэту сустрэчу, калі існуе пагроза выбуху?

Несумленнасць стала для многіх уладу маючых галоўным сродкам дасягнення мэтаў. Такая філасофія ў барысаўскіх бальшавікоў, якія там валодаюць усім. Але людзі ўсё бачаць і добра разумеюць, хто ёсць хто. Я вельмі, напрыклад, баяўся, што ў Гродне — пасля контрагітацыі па радыё — людзі не прыйдуць да мяне. Але зала была забіта цалкам. I такі высокі ўзровень культуры, адукаванасці, беларускасці! Праўда, і, супрацьстаянне адпаведнае — ветэранская кагорта. Але прыемна, што пляскалі ў далоні і ветэраны, калі прымалі рэзалюцыю. Так што і іх можна вывесці з таго зману, у які іх заводзяць.

Маё цвёрдае перакананне: наменклатура і партыя ўлады заўсёды спрытна выкарыстоўвалі супярэчнасці ў дэмакратычных рухах. Калі знайсці спосаб аб’яднаць дэмакратычны рух на Беларусі на адной перадвыбарнай платформе, не сумняваюся, што дэмакраты б перамаглі, і мы б пайшлі па шляху рэфармавання. Маё найпершае жаданне зараз — дасягнуць адзінства дэмакратаў. Многія гэта трактуюць так, што я хачу, каб яны вылучылі мяне кандыдатам у прэзідэнты. Схіляюся да думкі, што ўся дэмакратычная плынь рэспублікі павінна вылучыць аднаго кандыдата. I таго, верагоднасць абрання якога найбольшая.

Аб’яднанне гэта можа адбыцца на падставе трох пазіцый усіх дэмакратычных рухаў — беларускай дзяржаўнасці, дэмакратыі і рынку. Думаю, БНФ, на жаль, будзе выступаць як асобная сіла, але гэта не значыць, што нельга знайсці спосаб узаемадзеяння і каардынацыі намаганняў.

— Цяперашняе кіраўніцтва Вярхоўнага Савета зазначае, што парламент, маўляў, пачаў працаваць дружна, эфектыўна, многія пытанні ўдалося зрушыць з мёртвай кропкі. Ці падзяляеце вы гэты аптымізм?

— Большасць цяпер адкрыта паказвае, што яна большасць. Мне здаецца, што трэба чакаць і антырэфарматарскіх захадаў. Мячэслаў Грыб у сваім першым на пасадзе спікера інтэрв’ю газеце «Правда» заявіў: мы не будзем будаваць капіталізм, але мы будзем развіваць свабоднае прадпрымальніцтва. Гэта азначае наступнае: мы не будзем рабіць у доме светла, але ўключым электрычныя асвятляльнікі. Такія супярэчлівыя заявы на такім узроўні!

Я б сказаў так: мы не павінны дапусціць, каб быў антаганістычны, ненародны капіталізм. Дзяржава павінна рэгуляваць, каб уладальнікамі маёмасці былі не адзін, не пяць, а 60-70 працэнтаў жыхароў рэспублікі. Трэба правесці такую прыватызацыю. Ну, а проста так дэклараваць лозунгі... Многія дэпутаты быццам бы і хочуць нешта рэфармаваць, але не хочуць адрачыся ад таго, што дала ім папярэдняя ўлада. Не могуць расстацца з размеркавальнай сістэмай, паколькі ім вельмі падабаецца размяркоўваць.

Стан эканомікі сёння абвальны. Больш за тое, ствараюцца ўмовы для агрэсіўнай люмпенізацыі. Людзі шмат дзе атрымліваюць грошы, нічога не робячы. Чалавек павінен патрабаваць справядлівую заработную плату за тое, што ён зрабіў. А ўтрымліваць чалавека, здольнага працаваць, і плаціць яму заробак за кошт тых, хто добра працуе,— значыць, рабіць утрыманства афіцыйнай з’явай.

Дзяржава, калі яна няздольна ў межах дзяржаўнай маёмасці забяспечыць функцыянаванне прадпрыемстваў, павінна ісці на прыватызацыю аб’ектаў. Паглядзіце, што зрабіў Баладзюр у Францыі. Ён падняў пытанне аб прыватызацыі самых прэстыжных дзяржаўных карпарацый. А мы баімся. У той жа час аддаем на кабальных умовах газаправод расійскаму капіталу. Гэта ганебная палітыка ўрада, які аддае тое, што можа Беларусі прынесці вялікія грошы, аддае, каб зараз атрымаць сродкі і тут жа іх праесці. Такая палітыка накіравана на ліквідацыю беларускай дзяржаўнасці, на кабальную залежнасць ад нашага ўсходняга суседа. Толькі маласвядомы ўрад можа такую палітыку праводзіць.

Наконт аб’яднання грашовых сістэм. Першай пазіцыяй павінна быць пытанне аб мытным саюзе, калі гэтага няма — няма ніякай патрэбнасці ў такім аб'яднанні. Расія, быццам злавіўшы тую рыбку на вуду — а рыбка даволі-такі вялікая, выцягнуць адразу цяжка,— вымучвае яе цяпер. Мы на трыццаць экю болей за сусветны кошт плацім за тону нафты, і яе цана ўкладасцца ў асноўным у тую прадукцыю, якая ідзе ў Расію, сабекошт яе шалёны, яна робіцца неканкурэнтаздольнай. Мы руйнуем сваю прамысловасць. Урад здае пазіцыю за пазіцыяй. Таму я гавару прама: з гэтым урадам да самастойнай Беларусі прыйсці немагчыма.

— Якім вам бачыцца далейшае развіцце падзей?

— Калі дэмакратычныя сілы аб’яднаюцца і змогуць растлумачыць большасці люду Беларусі, у чым справа — а я выступаў перад прадстаўнікамі розных партый і ўпэўніўся, што інтэлігенцыя ўсведамляе складанасць сітуацыі,— калі здолеюць павесці за сабой народ, то ён зможа адхіліць ад улады старую наменклатуру. У Беларусі шмат здольных людзей, якія могуць яе павесці па шляху рэфармавання. I я буду імкнуцца ўсё рабіць для таго, каб перамогу атрымаў менавіта такі варыянт. Хаця рэакцыянеры імкнуцца ўсё рабіць для таго, каб застацца пры ўладзе.

Прыняцце Канстытуцыі — гэта вялікі зрух наперад, хаця некалькі пазіцый там мне і не падабаецца, як і ў законе аб выбарах прэзідэнта. Канстытуцыя дае прэзідэнту надзвычай вялікія правы, і на яе падставе ён можа шмат чаго здзейсніць — як у накірунку дэмакратычным, так і ў накірунку антыдэмакратычным. Гэта, я б сказаў, двухбаковавостры меч, і вельмі важна, каб ён трапіў у рукі сумленнага высокамаральнага і кампетэнтнага палітыка. Ва ўсякім разе, ва ўрад ужо не здолеюць трапіць цемрашалы, калі не будзе цемрашалам сам прэзідэнт.

— Калі азірацца на вашу палітычную кар'еру...

— Прабачце, што перабіваю, але навошта я буду азірацца? Лічу, што ўсё галоўнае яшчэ наперадзе. Статус пенсіянера мяне пакуль што не задавальняе. Пасля адстаўкі я меў шмат розных прапаноў, але вырашыў, што буду займацца палітычнымі і эканамічнымі даследаваннямі, напрыклад, у якім-небудзь створаным у рэспубліцы фондзе. Так што крыж на палітыцы ў любым выпадку ставіць не збіраюся. I напрацаваны ў свой час палітычны капітал мне зараз добра дапамагае. Некалі, напрыклад, мне даводзілася тыдзень ездзіць па Германіі, каб у рэшце рэшт сустрэцца з асобай высокага дзяржаўнага рангу. Цяпер, хоць я і не пры пасадзе, атрымліваю шмат запрашэнняў за мяжу, і кожны раз праграма прадугледжвае самы высокі ўзровень сустрэч. Таму, незалежна ад вынікаў маючых адбыцца выбараў, спадзяюся, што яшчэ здолею папрацаваць на карысць Беларусі...

* * *

Гэты дыялог адбываўся не ў самых спрыяльных умовах: у кватэры Шушксвіча раз-пораз звінеў тэлефон, заходзілі людзі з «каманды», а ў рэшце рэшт гаспадар. папрасіўшы прабачэння, мусіў закончыць гутарку — час ужо быў спяшацца на чарговую сустрэчу з выбаршчыкамі.

У блакноце засталося шмат пытанняў, да якіх гаворка не дайшла. Зрэшты, можа гэта і натуральна, што кніга пра лёс Станіслава Шушкевіча пакуль што не дапісана...

ПАСТСКРЫПТУМ

Мы не ставілі на мэце напісаць капітальную, акадэмічную працу ў жанры палітычнай біяграфіі.

Гэта менавіта журналісцкая работа. Пісалася яна даволі хутка, і напэўна ж, не абышлася без тых ці іншых шурпатасцяў.

Толькі не палічыце, што мы гналіся за кан’юнктурай. Іншая справа, што, безумоўна ж, у кнізе прысутнічае пэўны аўтарскі суб’ектывізм. Наўрад ці мы ўзяліся б пісаць працу пра чалавека, да поглядаў і ўчынкаў якога няма ніякіх сімпатый. У кагосьці з чытачоў, натуральна, адрозныя меркаванні і пра Станіслава Шушкевіча як палітычную асобу, і пра тыя падзеі, у віраванні якіх ён апынуўся ў апошнія гады.

Так, сёння ён ужо не Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, а «просты» дэпутат. Але ж маштаб асобы вызначаецца не пасадай. I бясспрэчна, што Шушкевіч застаецца адной з самых яркіх, неардынарных фігур у палітычным жыцці нашай краіны. Ён не лічыць сваю палітычную біяграфію скончанай.

Як там ні было б, але ягонае імя стала за апошнія гады шырока вядома не толькі на Беларусі, а і ў свеце. I ў той жа час мала хто ведае пра перыпетыі лёсу гэтага чалавека, які прыйшоў у палітыку, адолеўшы ўжо ладны кавалак жыццёвай дарогі.

Мы пастараліся падрабязна распавесці менавіта пра той, папярэдні адрэзак ягонай біяграфіі. Што ж тычыцца апошніх гадоў, то аўтары не імкнуліся пералічыць усе шматлікія мерапрысмствы, у якіх давялося ўдзельнічаць Шушкевічу як кіраўніку дзяржавы. Пра ход работы кожнай парламенцкай сесіі, прыняцце тых ці іншых законаў, афіцыйныя сустрэчы і візіты дастаткова шмат звестак ў газетных падшыўках гэтага часу.

Предыдущая главаГлава 22 из 23Следующая глава