К книге
Станіслаў Шушкевіч. Пуцявіна лёсуСтраница 21
91%
Страница 21
21

Безумоўна, яшчэ не надышоў час публічна распавядаць пра ўсе дэталі той прыватнай гаворкі з Клінтанам і гэткай самай папярэдняй гутаркі з дзяржсакратаром ЗША Крыстаферам. Гэта не значыць, што ёсць нейкія таямніцы, пра якія ніхто ніколі не давсдасцца. Усё зафіксавана ў пратаколах, што захоўваюцца ў адпаведных нашых архівах. Дарэчы, гэта не былі, строга кажучы, дыялогі тэт-а-тэт. Побач знаходзіўся перакладчык, але такі, што стопрацэнтна гарантуе канфідэнцыйнасць. Пройдзе час, і ўсё будзе абнародавана — так, як гэта звычайна і робіцца ў практыцы міжнародных зносін.

* * *

А візіт і сапраўды быў прыгожы. I ягоным апафеозам (тут гэтае ўрачыстае, узнёслае слова якраз дарэчы) стала сустрэча Клінтана з мінчукамі на плошчы Псрамогі.

Пасля таго як лёг вянок да абеліска, Шушкевіч па-англійску прапанаваў амерыканскаму прэзідэнту павітаць ветэранаў. (Увогуле, трэба заўважыць, прафесару Шушкевічу найчасцей даводзілася мець справу з вузкаспецыяльнымі навуковымі тэкстамі на гэтай мове, а ў размоўным жанры віртуозам ён зусім сябе не адчуваў, але тут патрэбная фраза склалася неяк сама па сабе — і надзвычай дарэчы.)

Клінтан — элегантны, усмешлівы, падобны ў сваім доўгім чорным паліто і беласнежнай кашулі на дырыжора — рушыў да натоўпу, што цясніўся за металічнымі бар’ерамі вакол плошчы, і пачаў паціскаць рукі — адну, дзве, дзесяць, дваццаць... Мінчукі наваліліся на бар’еры, наперабой працягваючы далоні для жаданага поціску; бедакі-міліцыянты, тытанічна напружваючы мускулы, ледзь стрымлівалі гэты парыў; узмакрэлыя агенты спецслужбаў, як чаўнакі, снавалі ў людскім віры, і можна было толькі ўявіць, як шалёна калаціліся іх прасякнутыя звышсуровай адказнасцю сэрцы... I было яскрава бачна, што ў тым людскім парыве няма ні кроплі халопства, што гэта, бы крынічны струмень, прарываецца з нетраў чалавечых душ шчырае пачуццё павагі да лідэра вялікай нацыі, якая здолела пабудаваць для сябе заможнае і вольнае жыццё, і ў прагных поцісках рук пульсавала гарачая вера, што гэткае самае дастойнае жыццё здолеюць пабудаваць і беларусы.

Было відавочна, што распісаная да хвіліны праграма візіту ўжо трашчыць па ўсіх швах, але не было тае сілы, што магла разарваць гэты спантанна замкнёны энергетычны ланцуг яднання чалавечых душаў. I Клінтан працягваў агінаць аточаную бар’ерамі плошчу, і поціскі рук па-над гэтымі жалезнымі перагародкамі дарылі рэпарцёрам фенаменальныя кадры-сімвалы.

Шушкевіч у тыя хвіліны заставаўся па-за рамкамі рэпарцёрскіх відашукальнікаў. Ён ішоў трохі паводдаль услед за амерыканскім прэзідэнтам, і мала хто бачыў, што ў ягоных вачах свяціліся адначасова і радасць і сум...

А тым часам высокага госця ўжо чакала зала беларускай Акадэміі навук...

* * *

Адступленне. Аўтарскі «допыт»

(красавік 1994 года)

— Сустрэчу з Білам Клінтанам у Акадэміі навук трансліравала беларускае тэлебачанне. I ўсё ж нешта цікавае, мусіць, засталося па-за кадрам?

— Калі на плошчы Перамогі была сустрэча, так бы мовіць, эмацыянальная, то тут, у Акадэміі,— сэнсоўная.

Дарэчы, не абышлося без кур’ёзаў. Прадстаўнік Акадэміі спачатку трымаў уступнае слова па-англійску, а потым сказаў тое самае па-беларуску. Клінтан занепакоіўся (відаць, вырашыў, што ў нас няма адпаведнай тэхнікі): маўляў, няўжо мяне таксама будуць «падаваць» у два прыёмы? Я кажу: не турбуйцеся, будзе сінхронны пераклад праз навушнікі. Тады ён супакоіўся...

I яшчэ: хоць задумвалася сустрэча менавіта з маладымі інтэлектуаламі (папярэдне ішла гаворка, што для дэпутатаў, у прыватнасці, узроставай мяжой будзе 1956 год нараджэння), у зале ў рэшце рэшт апынулася багата асоб, што зусім не адпавядалі першапачатковаму «цэнзу». Бо напярэдадні пачалі патрабаваць для сябе месцы члены Прэзідыума Вярхоўнага Савета, потым — члены ўрада... Карацей, выявілася псіхалогія старых партыйных часоў: крый Божа не заняць ганаровае крэсла на чарговым мерапрыемстве — яшчэ падумаюць, што цябе перасталі паважаць у адпаведнасці з санам...

* * *

Але Клінтан, трэба меркаваць, дакладна ведаў, каму ў той зале трэба адрасаваць словы надзеі на дастойную будучыню беларускага народа.

Аглядальнік «Народнай газеты» не без вытанчанай з’едлівасці адзначыў у сваёй справаздачы: «Большасць аўдыторыі, а былі там пераважна маладыя навукоўцы, маладыя палітыкі і журналісты, культурная эліта, слухалі прэзідэнта ЗША, як гаворыцца, «жыўцом». У адрозненне ад дзяржаўных мужоў, што адразу пацягнуліся да навушнікаў з сінхронным перакладам. Як тут не згадзіцца з Білам Клінтанам, што гэтае новае, высокаадукаванае і таленавітае пакаленне і ёсць наша асноўная надзея!».

Але ля рычагоў рэальнай улады ў маладой краіне заставаліся на той момант пераважна людзі з навушнікамі...

НЕЗАВЕРШАНЫ РАЗДЗЕЛ

Вось і ўсё.

Ён сышоў з трыбуны і, абмяняўшыся парай слоў з намеснікам, паволі рушыў да «закуліснага» выхаду з Авальнай залы — стомлены, трохі ссутулены ад нябачнага цяжару чалавек з вялікім маршчакаватым ілбом.

Даносчыкі-мікрафоны агучылі на ўсю рэспубліку ягоны яўна не разлічаны на такую аўдыторыю дыялог з намеснікам, што выглядаў прыблізна так:

— Хіба вы не застаяцеся на галасаванне? Ваш голас, дарэчы, таксама будзе ўлічвацца...

— Ат, ведаеце, мне ўжо ўсё адно... Паеду дадому!

Ён мог прадказаць вынікі, якія праз пару гадзін абнародуе падліковая камісія, з дакладнасцю практычна да голаса. Гэтаксама дакладна было ўсё пралічана і ягонымі праціўнікамі. Праз некалькі хвілін пачнецца тайнае галасаванне па пытанні аб змяшчэнні старшыні парламента з пасады. I 209 дэпутатаў выкрасляць у бюлетэнях ягонае прозвішча.

* * *

За некалькі дзён да таго, акурат у дзень прыбыцця ў Мінск амерыканскага прэзідэнта, парламенцкая большасць атрымала дзівосны падарунак. Цяжка сказаць, ці быў ён нечаканы — падаплёка падзеі так і засталася таямніцай за сямю пячаткамі. Фактам жа стала тое, што раніцай 15 студзеня са згоды кіраўнікоў беларускіх МУС і КДБ агенты літоўскіх спсцслужбаў арыштавалі двух функцыянераў тамтэйшай нелегальнай кампартыі, якія хаваліся ў Мінску ад вышуку, абвінавачаныя ў злачыннай дзейнасці супраць суверэннай Літвы.

Іх беларускія браты па духу, з’ехаўшыся на парламенцкую сесію пасля калядных вакацый, адразу ж адсунулі ўбок усе запланаваныя пытанні і, выставіўшы за дзверы журналістаў, адключыўшы трансляцыю, аж на чатыры дні далі волю пачуццю святога гневу. 3 глыбокім абурэннем асуджаючы дазвол на паланенне ў Мінску літоўскіх падпольшчыкаў, згадалі і пра зганьбаваны беларускі суверэнітэт, і пра міжнародныя каноны чалавечых правоў — карацей, менавіта пра тое, напамінак аб чым раней звычайна выклікаў у каго-кольвечы з выступоўцаў нешта падобнае на алергію. Зыход гэтага дружнага збівання на порхаўку міністра ўнутраных спраў і старшыні КДБ, бадай, ні ў кога не выклікаў сумненняў. Свярбела толькі адно пытанне: як такія мацёрыя прафесіяналы трапілі ў прымітыўную, дрэнна замаскаваную «воўчую яму»? Ды яшчэ пасля таго, як кінулі такі небяспечны выклік сваім нашумелым адкрытым лістом?

Больш зручнага выпадку, каб пакласці на плаху галовы апальных Ягорава і Шыркоўскага, не прыдумаў бы і сам д’ябал.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады дэпутат Алег Трусаў перад тайным галасаваннем аб адстаўцы сілавых міністраў зазначыў у гутарцы з журналістам «Звязды»: «...Калі ім удасца пазбавіцца ад гэтых дзвюх асоб — яны праз некалькі дзён паставяць пытанне аб адстаўцы Шушкевіча. Шлях да поўнага захопу ўлады будзе адкрыты. План у іх адпрацаваны, і яны яго стараюцца выканаць».

Гэта гучала хутчэй нават не прагнозам, а проста канстатацыяй непазбежнага.

Па частцы ўзорнага выканання планаў «яны» заўсёды былі мастакамі.

* * *

У запланаваным парадку дэпутаты і вярнуліся да пытання, якое не здолелі «дабіць» перад калядамі,— аб нашумелым «антымафіёзным» дакладзе. Трэба ж было неяк рэагаваць на «кампрамат», прымаць пастанову, што дапамагла б у святым змаганні супраць «гідры карупцыі». I з падачы аўтара даклада большасць ахвотна прыйшла да высновы, што таму змаганню найбольш замінае... Старшыня Вярхоўнага Савета. Цвіком у праект адпаведнай пастановы быў забіты пункт аб адкліканні Станіслава Шушкевіча з займаемай пасады. Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што праект прапаноўваў аналагічную меру пакарання і для прэм’ера Вячаслава Ксбіча. Але апошняе, на думку многіх, рабілася толькі дзеля адводу вачэй: маючы ў парламенце магутнае лобі, Старшыні Саўміна не было чаго надта баяцца... Што і пацвердзіла потым галасаванне, па выніках якога Кебічава крэсла за ім жа і засталося.

Ну, а пра дзесяткі іншых важных персон, чые прозвішчы фігуравалі ў скандальным дасье Аляксандра Лукашэнкі, ніхто ужо, здаецца, і не згадваў, тым болей, што не адна з тых персон якраз і засядала ў Авальнай зале...

Такім чынам у якасці свяшчэннай ахвяры на алтар барацьбы з карупцыяй кінулі неспрактыкаванага ў закулісных гульнях, мала прыстасаванага да «схваткі бульдогаў пад дываном» ідэаліста-спікера. Яго адправілі ў адстаўку з фенаменальнай фармулёўкай — «у сувязі з непрыняццем мераў па барацьбе з карупцыяй, адсутнасцю кантролю за работай праваахоўных органаў і праяўленую асабістую нясціпласць». Асаблівае замілаванне выклікае гэтае «праяўленую» — для філолага бясспрэчны плеаназм, слова-паразіт, але ў дадзеным выпадку яно міжволі правакуе пытанне: а што, маглі б — і за «непраяўленую»? Дарэчы, апошні варыянт, бадай, болей адпавядаў бы ісціне, бо на момант галасавання абвінавачванне, быццам бы Шушкевіч за нешта там недаплаціў будаўнікам, было, прынамсі, не даказана, а пазнейшая грунтоўная праверка і ўвогуле дашчэнту развеяла той «кампрамат».

Але хіба кагосьці з праціўнікаў Шушкевіча хвалявала тады такая «дробязь» як прэзумпцыя невінаватасці? Пра яе згадаюць пазней, калі дэпутат-змагар Лукашэнка, увайшоўшы ў смак славы, не задаволіцца адведзенай яму роляю Шушкевічава «магільшчыка» і стане «падкопвацца» пад вышэйшых урадавых чыноўнікаў і саноўных парламентарыяў. Ён імгненна атрымае жорсткі адпор, а ягоную камісію проста скасуюць (што, зрэшты, толькі дадасць яму палітычных дывідэндаў напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі). Светлую ж памяць пра «антымафіёзную» камісію ўвекавечыць частушачны фальклор:

Аляксандр Лукашэнка —

Беларуская ЧэКа:

Міліярды правароніў,

Скінуу Стася з-за цвіка.

Зрэшты, многія ініцыятары Шушкевічавай адстаўкі нават не ўтойвалі, што ім самім слаба верыцца ў тыя міфічныя цвікі, за якія ён нібыта не разлічыўся з казной. На прэс-канферэнцыі, што адбылася адразу ж пасля падвядзення вынікаў галасавання, вечарам 26 студзеня, дэпутат Віктар Ганчар спакойна канстатаваў: «Фармальныя падставы для адстаўкі Шушкевіча не супадаюць з рэальнымі прычынамі». I пераможна дэклараваў: «паў першы «белавежскі зубр». Даведаўшыся пра гэтае выказванне, Шушкевіч неўзабаве ў адным з інтэрв’ю падтрымае і дапоўніць метафару апанента: «Не мышы разважаць аб зубрыных паводзінах».

Апазіцыя ж, ахарактарызаваўшы адстаўку як адзін з этапаў «паўзучага камуністычнага перавароту» (выраз Зянона Пазьняка), разам з тым дала даволі суровую ацэнку і старшынёўскай дзейнасці Шушкевіча. Галоўнымі былі папрокі ў нерашучасці, непаслядоўнасці, згодніцтве з пракамуністычнай большасцю.

Сам жа Шушкевіч на нейкі час з’ехаў з Мінска на дачу, каб трохі расслабіцца і спакойна сабрацца з думкамі. Праўда, шматлікія журналісты дапялі і туды. Прынамсі, можна было ў натуры прадэманстраваць ім «аб’ект», што трапіў у славутае «антымафіёзнае» дасье. «У гэтым доме амаль усё зроблена маімі ўласнымі рукамі,— тлумачыў гаспадар лецішча дасціпным працаўнікам пяра.— Але любому нармальнаму чалавеку зразумела, калі патрэбны зварачныя работы, тынкоўка, без майстроў не абысціся... Няма ніводнага рахунка, які б я не аплаціў. Калі хтосьці мяркуе, што тут усё робяць за капейкі, клянуся, гэта не так. Увесь мой заробак за апошнія два гады «лёг» у дачу. Жылі на жончыны грошы». На пытанне ж, чаму не даводзіў пра ўсё гэта на той чорнай для яго сесіі,— адказаў: «Уступаць у дыскусію па гэтым брудзе я лічу ніжэйшым за сваю годнасць. Тады, калі вы памятаеце, я сказаў на сесіі: маім дзецям за мяне чырванець не давядзецца. I палічыў, што гэтага дастаткова». А напрыканцы інтэрв’ю прызнаўся:

— Я шалёна стаміўся...

* * *

Але ўжо дзён праз дзесяць людзі ўбачылі іншага Шушкевіча — не стомленага, не прыціснутага цяжкімі думамі, а бадзёрага, энергічнага, упэўненага ў сабе. Першым пасля адстаўкі «выхадам у свет» стаў для цяпер ужо радавога дэпутата Шушкевіча публічны выступ у адной з аўдыторый Фрунзенскага раёна сталіцы, адкуль яго ў свой час і выбралі ў беларускі парламент. Былы Старшыня пацвердзіў сваё жаданне зноў уключыцца ў палітычную барацьбу.

Неўзабаве ён пачынае серыю паездак па краіне — Гомель, Брэст, Гродна, Барысаў, Віцебск... У залах, дзе Шушкевіч сустракасцца з суграмадзянамі,— не ўпасці яблыку. «Не ліпнуць да яго смехатворныя абвінавачванні ў асабістай нясціпласці,— канстатаваў у тыя дні аглядальнік «Народнай газеты».— Так што разборкі ў сталіцы адгукнуліся для экс-спікера ў правінцыі, бадай, толькі павышэннем рэйтынгу».

Шушкевіч рэзка крытыкуе урад і парламент, выступае за іх тэрміновую адстаўку, хутчэйшае правядзенне новых выбараў у Вярхоўны Савет, аб'яднанне дзеля гэтай мэты ўсіх дэмакратычных сілаў Бсларусі. Тры кіты, на якіх павінна трымацца тое адзінства, гэта, на думку Шушкевіча, дзяржаўнасць, дэмакратыя, рынак.

Тым часам парламент прымае нарэшце новую Канстытуцыю, якая прадугледжвае пасаду прэзідэнта, а неўзабаве з’яўляецца і закон аб прэзідэнцкіх выбарах. Хутка будзе абвешчана і іх дата — 23 чэрвеня 1994 года. Але да таго часу неафіцыйная перадвыбарная барацьба будзе ўжо ў разгары. Аб намеры падтрымаць у гэтай барацьбе Шушкевіча абвесціць блок дэмакратычных партый і рухаў «Вясна-94». Лідэры БНФ адрэагуюць на новыя палітычныя планы былога спікера холадна і нават з дрэнна схаваным раздражненнем, зноў нагадаўшы пра ягоныя ранейшыя «грахі» перад апазіцыяй. Народны фронт назаве сваім кандыдатам у прэзідэнты Зянона Пазьняка.

Предыдущая главаГлава 21 из 23Следующая глава