Мы ж паспрабавалі адлюстраваць толькі найбольш важныя, драматычныя моманты палітычнага лёсу Станіслава Шушкевіча, распавесці пра малавядомыя дэталі асобных падзей (напрыклад, звязаных з падпісаннем пагаднення ў Белавежскай пушчы), а таксама трохі прыадчыніць заслону асабістага жыцця чалавека, стаўшага лідэрам дзяржавы.
Спадзяёмся, што такім чынам дапаможам чытачам больш поўна, рэльефна ўявіць сабе аблічча гэтага чалавека, адчуць, чаму ён менавіта такі, чым дыхае, што ў яго за душою.
Нам жа, у сваю чаргу, вельмі дапамаглі ўспаміны самога героя, ягоных сваякоў, сяброў, былых калег-навукоўцаў. Шчыры дзякуй усім ім за ахвяраваны дзеля гэтага час і цікавыя факты.
Вядома, абапіраліся мы і на публікацыі калег-журналістаў, так ці іначай звязаныя з асобай Шушкевіча.
Вось так і атрымалася гэтая кніга. Напрыканцы ж апошняга раздзела пастаўлена не кропка, а шматкроп’е. Далейшы сюжэт дапіша само жыццё.
Красавік 1994 г.