Што, дарэчы, самым непасрэдным чынам адаб’ецца і на лёсе канстытуцыйнага праекта.
Недзе ў маі — чэрвені 1993-га Шушкевічу стане зразумела: амаль што трохгадовая праца над праектам канчаткова забуксавала. Пасля чарговага раунду практычна безвыніковых парламенцкіх спрэчак дакумент зноў і зноў даводзілася адкладваць убок. Чыста арыфметычны прагрэс, здавалася б, назіраўся — да сярэдзіны 1993 года ўдалося прыняць галасаваннем крыху болей за палову артыкулаў (хоць часам даходзіла да анекдота: з першай спробы не змаглі прагаласаваць нават назву — «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь»). Але гэта былі пераважна дэкларатыўныя артыкулы, што тычыліся, у прыватнасці, правоў чалавека. (Сталінская Канстытуцыя, дарэчы, таксама была шчодрая на прыгожыя дэкларацыі, што не перашкодзіла скручваць народ у бараноў рог...). Калі ж справа дайшла да палажэнняў, закліканых вызначыць прынцыповыя рысы сістэмы ўлады,— бакі схліснуліся не на жыццё, а насмерць. У штыкі была прынята вылучаная дэмакратамі ідэя цалкам прафесійнага парламента, у якім ужо немагчыма было б мець крэсла, адначасова захоўваючы
высокі чыноуніцкі пост. Парламенцкая большасць некалькі разоў мяняла стаўленне да прапануемага інстытута прэзідэнцтва — у залежнасці ад таго, наколькі моцнымі пачуваліся на той ці іншы момант шанцы яе патэнцыяльнага кандыдата на прэзідэнцкае крэсла... Кансерватарам удалося выкрасліць з праекта палажэнне аб прамых выбарах кіраўнікоў мясцовых адміністрацый.
А ўвогуле стала выразна бачна, што большасць узяла на ўзбраенне элементарную тактыку зацягвання часу, каб па магчымасці даўжэй пратрымацца ў крэслах, аддаліць наступныя выбары. Бо на іх, нягледзячы на ўсе хітрыкі, можна і «праляцець», а пакуль што дэпутацкі мандат дае магчымасць разжыцца такімі-сякімі дабротамі на чорны дзень. Карацей, пасля нас — хоць патоп...
Канчаткова ўпэўніўшыся, што з гэтым складам Вярхоўнага Савета прыняць дастойную Канстытуцыю немагчыма, Шушкевіч летам 1993-га пачаў настойліва прапагандаваць ідэю Канстытуцыйнай асамблеі, куды б увайшлі новыя, адмыслова выбраныя народам людзі, закліканыя разумна і энергічна зрабіць толькі адну, але найважнейшую справу — стварыць прагрэсіўны, цывілізаваны Асноўны Закон. I хоць Старшыня старанна падкрэсліваў, што статут асамблеі ні ў якім разе не дазволіць ёй зрабіць замах на іншыя прэрагатывы парламента, прадстаўнікі дэпутацкай большасці імгненна абвінавацілі Шушкевіча ў намеры «падкапацца» пад існуючы Вярхоўны Савет.
* * *
Крызіс улады на Беларусі нарастаў. Проціборства старых і новых тэндэнцый уваходзіла ў рашаючую фазу.
У палітычнай атмасферы рэспублікі ўсё мацней павявала навальніцай.
ПОДЫХ НАВАЛЬНІЦЫ
Навальніца грымнула на ўсю моц акурат у сярэдзіне 1993-га.
3 хмараў, што няўмольна згушчаліся над Старшынёю ў папярэднія месяцы, вырваліся ў той дзень дзесяткі маланак непрыхаванай варожасці, абрынуўся нябачаны град найцяжэйшых абвінавачванняў і проста абраз.
Які вецер і з якога боку нагнаў тыя грозныя хмары, усім было добра зразумела. Парламенцкая большасць апошнім часам перад тым ужо не хавала сваіх намераў: гэты чалавек павінен быць змецены са старшынёўскай пасады любым чынам, любой цаной.
Уключыць у парадак дня пытанне аб адстаўцы Шушкевіча ягоным праціўнікам, аднак, не ўдалося. Тады вырашылі скарыстаць абходны манеўр: на галасаванне паставілі пытанне аб даверы Старшыні.
* * *
...Прыкладна за паўгода да таго падчас адной з сустрэч Шушкевічу сярод іншых задалі і пытанне наконт жонкі: якога, маўляў, роду-племя?
Ён адказаў: з вайсковай сям’і, напалову руская, напалову ўкраінка. I жартам дадаў прыблізна такую фразу: калі здарыцца нешта накшталт дзяржаўнага перавароту, то можна прасіць палітычнага прыбежышча на любой з дзвюх яе гістарычных радзім — на выбар...
Зала ацаніла гумар дабрадушным смехам: каб на нашай ціхай Беларусі ды нейкія перавароты...
Тое, што адбудзецца ў беларускім парламенце праз паўгода, дэмакратычныя сілы кваліфікуюць менавіта як спробу дзяржаўнага перавароту.
Не, на мінскіх вуліцах не заляскалі гусеніцамі баявыя машыны пяхоты, у Авальную залу парламента не ўрываліся аўтаматчыкі ў касках... Але ў тым, што дэпутацкая большасць распачала, мовячы па-вайсковаму, «агонь на знішчэнне» — на палітычнае
знішчэнне свайго непрыяцеля — сумненняў не заставалася. I ў тысяч, дзесяткаў тысяч людзей, што прыпалі тады да радыёдынамікаў, адчуванне было зусім такое ж, як у тыя хвіліны жніўня 1991-га, калі самыя лютыя ваяры за ідэалы Сістэмы, пайшоўшы па-банку, узнялі ў краіне пракамуністычны путч.
* * *
Той путч праваліўся. Праваліўся 1 ліпеня 1993-га і раз’юшаны наступ парламенцкай большасці ў Авальнай зале.
У выніку галасавання недавер Старшыні выказалі 166 дэпутатаў. Арганізатарам акцыі не хапіла васьмі галасоў, каб атрымаць абсалютную перавагу, што развязала б рукі для бязлітаснага маральнага ціску на Шушкевіча з той самай запаветнай для ягоных праціўнікаў мэтай — змусіць Старшыню да адстаўкі.
Па-першае, тым, хто хацеў нанесці знішчальны ўдар, па розных прычынах не ўдалося сабраць тады ў парламенцкай зале ўсе надзейныя сілы: хто быў у адпачынку, хто ў камандзіроўцы...
Па-другое, яшчэ раз прадэманстравала ўдалую тактыку выступіўшая на баку Шушкевіча апазіцыя. Яна
не толькі сама адмовілася галасаваць, але і пераканала «выйсці з гульні» каго-кольвечы з дэпутацкага «балота». Кворум стаў мінімальным, і дастаткова было некалькіх сапсаваных бюлетэняў, каб з задумы агрэсіўнай групоўкі атрымаўся пшык... Так яно ўрэшце і сталася. Менавіта восем (!) бюлетэняў былі палічаны несапраўднымі. (Апазіцыйная газета «Свабода» з’едліва сцвярджала потым, что падчас перапынку перад галасаваннем хто-ніхто з атакаваўшай браціі паспеў занадта па-заліхвацку адзначыць з келіхам у руцэ немінучую, як уяўлялася, перамогу).
Карацей, ініцыятарам галасавання заставалася ў той дзень толькі кусаць локці.
* * *
Што ж, горшага не адбылося. Але ці нагода гэта, каб лунаць у эмпірэях?
3 аднаго боку, тыя, каму давялося пакуль што пакусаць локці, зусім не збіраюцца складаць зброю. На наступнай сесіі іх ударны кулак можа стаць больш масіўным.
3 другога боку, прад’явіла свой рахунак апазіцыя. Яна выразна дала зразумець, што цяпер спадзяецца заўжды бачыць Старшыню толькі пад сваім сцягам.
Зноў, які ўжо раз,— між молатам і кавадлам. I прасторы для кампрамісаў, здаецца, не засталося.
* * *
А між тым менавіта на кампраміс была зроблена стаўка ў верасні 1991-га, калі Шушкевіча абралі Старшынёю Вярхоўнага Савета.
Парламенцкая большасць была дэмаралізавана правалам пракамуністычнага путчу. Каму-кольвечы мроіліся ўжо астрожныя краты... Таму ранейшага Старшыню — Мікалая Дземянцея — «здалі» практычна без супраціўлення. I разумелі: нікому са «старой гвардыі» кіраўнічае крэсла ў парламенце ў такіх варунках не «свеціць». Апазіцыя, натхнёная падтрымкай «вуліцы» (а большасць народу не хавала сваёй злараднасці з тае нагоды, што нахабным партбосам далі нарэшце як след у нюхаўку), выціскала максімум са спрыяльнай сітуацыі, дамаглася шэрага рашэнняў, якія незадоўга да таго здаваліся проста фантастычнымі (прыпыненне дзейнасці рэспубліканскай кампартыі, канстытуцыйнае замацаванне незалежнасці Беларусі!),— але і яна, апазіцыя, у сваю чаргу разумела, што, нягледзячы на ўсё, яе моцы ў парламенце недастаткова, каб паставіць на чале Вярхоўнага Савета кагосьці са сваіх прызнаных лідэраў.
Вось тады позіркі бакоў і скрыжаваліся на фігуры Шушкевіча... У пэўнай ступені паўтарылася сітуацыя, калі яго выбралі намеснікам Старшыні.
Праз некалькі месяцаў, у снежні 1991-га, Вярхоўны Савет Беларусі практычна аднагатосна адобрыў рызыкоўны крок, зроблены Шушкевічам у Белавежскай пушчы.
Гэта быў час ягонага палітычнага трыумфу — такой аднадушнасці, шчыра кажучы, ён і сам не чакаў.
Недасведчанаму назіральніку магло б здацца, што ўсё ідзе, кажучы афіцыйнай мовай, «у канструктыўным накірунку». Можна, як высвятляецца, знаходзіць рашэнні, за якія дружна галасуюць тыя, хто прызвычаіўся глядзець адзін на аднаго скасавурана.
Час, аднак, паказаў, што тое адзінства было ілюзорным.
Кансерватары, галасуючы за белавежскае пагадненне, разлічвалі ператварыць Беларусь у рэліктавы запаведнік Сістэмы.
Дэмакратычная плынь марыла пра пабудову вольнай, цывілізаванай дзяржавы, дзе будуць рашуча разбураны рэшткі таталітарызму і ўсталюецца дынамічная рыначная эканоміка.
Шушкевіч ніколі не адчуваў духоўнай роднасці з парламенцкай большасцю. Аднак ён мусіў канстатаваць, што дэмакратычная апазіцыя ў многіх выпадках грашыць дылетантызмам, наіўнай верай у спрошчаныя «цудадзейныя» рэцэпты, рэцыдывамі неабальшавіцкай псіхалогіі. У інтэрв’ю беларускай службе радыё «Свабода» ў жніўні 1992-га Шушкевіч, аддаўшы належнае высілкам апазіцыі, скіраваным на нацыянальна-дэмакратычнае адраджэнне беларускага грамадства, разам з тым падкрэсліў: «Я ніколі не прысягаў Беларускаму народнаму фронту... Я не магу падзяліць падыходы, калі людзі ўносяць у грамадства азлабленне, супрацьстаяць вялікія натоўпы людзей адзін другому... І дазвольце мне мець сваю думку...».
Цяжка сказаць, чаго ў гэтай заяве было болей — канстатацыі сапраўдных разыходжанняў у поглядах ці проста тактычных меркаванняў.
Народны дэпутат Беларусі Аляксандр Сасноў зазначыць пазней у адным са сваіх артыкулаў: «...устаць на бок большасці яму не дазвалялі перакананні, зрабіць жа стаўку на апазіцыю ён не мог, бо выпрабаваныя клакёры большасці хутка паказалі б яму хто ёсць хто. Трэба аддаць Шушкевічу належнае: амаль два гады яму, хоць і цаною вялікіх страт, удавалася балансаваць паміж Сцылай апазіцыі і Харыбдай большасці».
* * *
Між тым эканоміка рэспублікі ўвесь гэты час працягвала калапсаваць.
За эканоміку перш за ўсё адказвае, безумоўна, урад. У дэмакратычных колах беларускі ўрад быў увянчаны стойкім эпітэтам — «пракамуністычны». Многія ключавыя пасады там занялі былыя «адказныя работнікі» КПБ. Адна за адной цярпелі крушэнне ўрадавыя праграмы «аздараўлення» эканомікі, заснаваныя на старых адміністрацыйна-камандных метадах кіравання, толькі трохі закамуфляваных рыначнай тэрміналогіяй.
Разам з тым урад, узначальваемы Вячаславам Кебічам, здолеў узяць у свае рукі гіганцкія паўнамоцтвы. Вось якое меркаванне выказаў напрыканцы 1992-га карэспандэнт маскоўскай «Независимой газеты»: «Спікер (маецца на ўвазе Шушкевіч.— Аўт.), які зрабіў стаўку на павышэнне свайго рэйтынгу ў радавых выбаршчыкаў, верагодна, спадзеючыся на ўсеагульныя прэзідэнцкія выбары, апынуўся ў пройгрышы. Яго абышла «каманда» Кебіча, якая здолела ўзяць у свае рукі асноўныя рычагі рэальнай улады: прэсу, войска, адносную большасць у парламенце.
Кебіч — па сутнасці адзіны палітык у рэспубліцы, за якім стаіць добра зладжаная, падабраная па прынцыпах асабістай адданасці «каманда», рэкрутаваная цалкам з былой наменклатуры». Прыкладна ў той самы час англійскі часопіс «Эконаміст» канстатаваў: «Камандная эканоміка не знікне на Беларусі без барацьбы. Яе бюракраты змагаюцца за апошні кавалачак чырвонай стужкі».
* * *
Трэба было тэрмінова зваліць на каго-небудзь віну за эканамічныя правалы. Вядома ж, нават калі ў кулеш сцерці выбраную ахвяру, тавараў на паліцах крамаў болей не стане. Але ж галоўнае — выйграць час, адцягнуць увагу. А там — ці на пенсію, ці на цёплае месцейка ў прыватнай фірме, прадбачліва прыгрэтай за кошт дзяржаўнай маёмасці...
Мелася і іншая, нават больш сур'ёзная падстава, каб атакаваць Шушксвіча.
Як там ні было б, але і ў складаных, драматычных варунках, пры жорсткім супраціўленні парламенцкай большасці, рэфарматарская плынь беларускіх дэпутатаў здолела-такі сяго-таго дамагчыся. Скарыстоўваючы ціск грамадскай думкі, сваю перавагу ў эрудыцыі, прамоўніцкім майстэрстве, гібкасці тактычнага мыслення — карацей, усе магчымыя спрыяльныя фактары, рэфарматары правялі цэлы шэраг рашэнняў, якія спакваля, пядзь за пяддзю, паглыблялі рэчышча для неабарачальных грамадскіх пераменаў. Апазіцыя, вядома ж, будзе лічыць, што гэтага замала, але іншы бок аднойчы прыйдзе да высновы: не, гэта ўжо занадта...
Замаячыла перспектыва масавай, справядлівай прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. Пакрысе пайшло ў рост фермерства. Стала надзвычай папулярнай ідэя новай, дэмакратычнай сістэмы выбараў кіраўнікоў мясцовай улады. Пачалося адраджэнне беларускай духоўнасці, культуры, мовы... Карацей, народ стаў пакрысе распростваць плечы, радавыя грамадзяне адчулі, што яны могуць і павінны быць не «вінцікамі» Сістэмы, а гаспадарамі на сваёй Бацькаўшчыне.
А калі так, то ў хуткім часе большасць тых, хто прызвычаіўся ўсім камандаваць і ўсё размяркоўваць (вядома ж, не крыўдзячы і сябе), проста застануцца «па-за гульнёй».
Вось яны, адчуўшы, што глеба пачынае сплываць з-пад ног, і абрынулі ўсю сваю нянавісць да пераменаў на парламенцкага кіраўніка.
* * *
Пасля бурных падзеяў у парламенце, 2 ліпеня, Станіслаў Шушкевіч зазначыў на прэс-канфсрэнцыі, што, па сутнасці, толькі раскрылася сітуацыя, што існавала ўвесь час. «Шукаючы згоду,— сказаў Старшыня.— я ішоў па шляху павольнага рэфармавання... Але далей трэба рэфармаваць эканоміку. Эканоміку нельга рэфармаваць дэкларацыямі, а гэта ўжо закранае інтарэсы правіцеляў... Я стаў небяспечнай фігурай, я ўжо не прыкрываю, а неяк псую настрой».
Адкрыта выказаўся ён наконт падаплёкі таго, што адбылося, і ў інтэрв'ю БелаПАН, надрукаваным днём пазней: «Я зразумеў, што для большасці парламента важней не справа, а свая каманда. Калі на іх ціснуў страх, яны пагадзіліся з абраннем мяне на пасаду Старшыні Вярхоўнага Савета. Я тады ўспрыняў гэта як пошук імі ўзаемапаразумення, і пры такіх падыходах мы ўсё-такі многае зрабілі. Зараз жа пад уздзеяннем урадавага лобі вырашана, што я перашкаджаю ім панаваць».
Апазіцыя ў тыя самыя дні публічна заявіла, што «ў сённяшняй сітуацыі адхіленне С. Шушкевіча ад пасады азначала б неабмежаваную канцэнтрацыю ўлады і ўсіх органаў кантролю за ўладай (у тым ліку і КДБ) у руках адной структуры — Савета Міністраў, палітыка якога не вызначаецца кампетэнтнасцю і дальнабачнасцю, клопатам пра дзяржаўную незалежнасць і доўгатэрміновыя інтарэсы». Апазіцыйны дэпутат Лявон Баршчэўскі выказаўся ў друку так: «Мы абаранялі не Шушкевіча. Сітуацыя была больш сур’ёзная, бо не пра Шушкевіча ішла размова. Фактычна стаяла пытанне пра лёс дэмакратыі, пра нашу незалежнасць... Ім трэба пасада Шушкевіча, каб узяць пад свой поўны кантроль усё: і КДБ, і знешнюю палітыку, і наступныя выбары...».