К книге
Станіслаў Шушкевіч. Пуцявіна лёсуСтраница 18
78%
Страница 18
18

* * *

Фармальнай жа падставай для рашучага наступу на Шушкевіча была выбрана пазіцыя, занятая ім падчас дыскусіі аб мэтазгоднасці далучэння Беларусі да сістэмы калектыўнай бяспекі краін СНД. Гэтая дыскусія старанна распальвалася пачынаючы з сакавіка 1993-га. Шушкевіч, як і чакалася, адразу ж катэгарычна запратэставаў супраць далучэння да дагавора аб калектыўнай бяспецы, нагадаўшы, што Вярхоўны Савет заканадаўча канстатаваў у свой час імкненне рэспублікі да нейтралітэту і бяз'ядзсернасці, абвясціў пра гэта на ўвесь свет...

I адразу ж па ім ударыла з усіх ствалоў загадзя падрыхтаваная цяжкая артылерыя.

Пазіцыю Шушкевіча з нумару ў нумар з усё большай апантанасцю крытыкавала падуладная ягоным апанентам прэса. Уступіла ў бой магутная кагорта прамысловых «генералаў» — кіраўнікоў тых індустрыяльных гігантаў, што дзесяцігоддзямі былі арыентаваныя на выгадныя ваенныя заказы Масквы. «Генералы» пачалі спекуляваць на цяжкасцях канверсіі, на страху рабочых іх прадпрыемстваў страціць свае месцы. На баку прыхільнікаў дагавора выступіла і шматлікая група розным шляхам ангажаваных палітолагаў, сацыёлагаў, экспертаў...

Шушкевічу заявілі, што ягоныя ўяўленні пра нейтралітэт безнадзейна састарэлі, што ад такой палітыкі, маўляў, ужо адыходзяць і класічна вядомыя ў гэтым сэнсе Швецыя ды Швейцарыя. Што калі не пайсці на ваенны саюз — перш за ўсё, безумоўна, з Расіяй,— то вялікая ўсходняя суседка вельмі пакрыўдзіцца і, бы муху, прыдушыць маленькую Беларусь эканамічна. I нарэшце, што ён, Шушкевіч, займаецца звычайным танным папулізмам і наўмысна застрашвае беларускіх мацярок прывідам цынкавых трун з целамі іх сыноў,

што могуць скласці галовы ў «гарачых кропках» СНД,— застрашвае, каб нажыць палітычны капітал для барацьбы за магчымую ў перспектыве на Беларусі пасаду прэзідэнта. Але народ, маўляў, усё добра разумее і, безумоўна ж, у масе сваёй за ваенны саюз з Масквой.

Шушкевіч прапанаваў: давайце сапраўды даведаемся пра думку простага люду, давайце вынесем пытанне аб дагаворы на рэферэндум! I дадаў: калі высветліцца, што большасць народу думае на гэты конт не так, як я,— падаю ў адстаўку...

На слова «рэферэндум» праціўнікі Шушкевіча адрэагавалі прыблізна так, як рэагуе на чырвоную анучу раз’юшаны бугай. Годам раней парламенцкая большасць паспяхова пахавала ўжо ідэю аднаго рэферэндуму, прапанаванага апазіцыяй. Цяпер гэтая большасць вырашыла «пахаваць» Старшыню.

Аднак трэба было знайсці нейкую зачэпку. Бо зусім ужо абсурдна здымаць парламенцкага кіраўніка толькі за тое, што ён адважыўся мець уласную думку па спрэчнай праблеме. Ды і выступаць з ініцыятывай рэферэндуму — ягонае законнае права. Так, ён не хавае спадзявання, што народ у рэшце рэшт скасуе ініцыятыву апалагетаў калектыўнай бяспекі, але ж пакуль што выканаў волю парламенцкай большасці — падпісаў адпаведны дагавор.

I тады — а што яшчэ заставалася? — прычапіліся да... формы, у якой тое было зроблена. Яна, гэтая форма, ніяк не рэгламентавалася. Шушкевіч выбраў такі варыянт: разаслаў кіраўнікам краін — удзельніц сістэмы калектыўнай бяспекі ліст, дзе канстатавалася падпісанне адпаведнага дагавора і Беларуссю.

Вось тут і ўзняўся вэрхал: Старшыня хітруе, падманвае, усё несапраўдна, трэба было ставіць подпіс на самім дакуменце! Дарэмна стараўся Шушкевіч давесці, што такая працэдура не прадугледжана, што дакумент зачынены і ўзяты дэпазітарыем на адказнае захоўванне... Парламенцкая большасць, распаліўшы сябе да сапраўднай лютасці, ужо нічога не хацела чуць. За адным махам зрабілі Старшыню і галоўным віноўнікам эканамічнага крызісу: маўляў, усё гэта з-за ягонай некампетэнтнасці, ну і, вядома ж, з-за «злачыннага развалу Саюза» ў Белавежскай пушчы. А потым хто-кольвечы і ўвогуле адпусціў тармазы, перайшоўшы на звычайнае прымітыўнае хамства. Дарэмна дэпутат Станіслаў Бабачонак заклікаў апамятацца, не дэманстраваць, як ён выказаўся, узровень пячорнага чалавека. Дарэмна іранізаваў прадстаўнік апазіцыі Сяргей Навумчык: «Калі пасадзіць вельмі няздольных музыкантаў, то дай ім хоць Растраповіча, але Шапэна яны не сыграюць». Дарэмна іншыя парламентарыі-дэмакраты заклікалі прыслухацца да думкі народу.

...Калі 1 ліпеня 1993 года эмоцыі ў Вярхоўным Савеце дасягнулі апагею, адзін з самых зацятых нядобразычліўцаў Шушкевіча, палемізуючы з апазіцыяй, міжволі вымавіў сімвалічную па-свайму фразу:

— Пры чым тут народ?

* * *

Але народ усё адно сказаў у тыя дні сваё слова. Бязлітасны бой у Вярхоўным Савеце прыкаваў да радыёдынамікаў і тэлеэкранаў увагу тысяч і тысяч людзей па ўсёй Беларусі. Такой масавай і напружанай завочнай аудыторыі дэпутаты не мелі даўно... Простыя грамадзяне будуць не толькі слухаць — яны засыплюць Вярхоўны Савет градам лістоў і тэлеграм.

* * *

3 тэлеграм і лістоў тых дзён (канец чэрвеня — пачатак ліпеня 1993 года)

«Мы абураныя той наменклатурнай палітычнай гульнёй, што вядзецца часткай дэпутатаў ва ўгоду ўласным карпарацыйным інтарэсам... Спрабуюць наладзіць гэты палацавы пераварот, а самі няспынна ўзбагачаюцца за народны кошт, будуючы сабе палацы-катэджы, дачы, прыхватызуюць за бясцэнак прадпрыемствы, дзяржаўную маёмасць, здзекуюцца над людзьмі, карыстаючыся сваёй беспакаранасцю...

Народныя дэпутаты Барысаўскага гарсавета: ГАЎРУСЕЎ, ШЧАРБІНІН, ХАРКОЎ, ЕШЧАНКА, СМАГІН, ПІШЧАЛАЎ, ШАРСТНЁЎ, КОРАЧКІН, КАЛЕНІК, КУДЗЕЙКА».

«Дэпутаты, не будзьце іудамі і не лічыце народ за дурняў, калі адхіліце Шушкевіча, будзе югаслаўскі варыянт. Пашкадуйце хоць сваіх дзяцей, калі не шкадуеце нашых.

Выбаршчык ІЛЬЯНКОЎ. Віцебск».

«Падтрымліваем Шушкевіча, выказваем недавер бальшавіцкаму Вярхоўнаму Савету.

ЛЯВОЦКАЯ, ЛЫСАК, ПОДКАС. Пінск».

«Спадары дэпутацкая большасць, народ верыць Шушкевічу больш, чым вам. Не стварайце напружання, у выніку прайграеце вы і, на жаль, Беларусь.

Вадзім БАРШЧЭЎСКІ. Віцебск».

«Паважаны Станіслаў Станіслававіч, Вы на правільным шляху. Добрага здароўя, вытрымкі, мужнасці, так неабходных будучаму прэзідэнту. Наша пагарда агрэсіўнай большасці...

Ад групы вашых выбаршчыкаў — ХОЦІНА. Мінск».

«Дарагі Станіслаў Станіслававіч, не паддавайцеся на правакацыі партакратаў. Выбаршчыкі, народ з Вамі.

Сем'і МАКАРЭВІЧ, ДЗЕРБАН, ШАЎЦОВЫ, МУДРАГЕЛАВЫ і іншыя выбаршчыкі. Мінск».

«Да глыбіні душы абураныя правакацыйнай антынароднай дзейнасцю камуністычнай большасці ў Вярхоўным Савеце. Выказваем Вам, Станіслаў Станіслававіч, сваю самую гарачую падтрымку. Вы былі і застаяцеся гонарам і сумленнем беларускай нацыі.

Сям’я БАБІЧ. Глыбокае Віцебскай вобласці».

* * *

Такіх зваротаў былі сотні — з усіх куткоў Беларусі, з вялікіх гарадоў і глыбінных вёсачак, ад рабочых і выкладчыкаў, ад студэнтаў і пенсіянераў... Супраць Шушкевіча выказаліся, здаецца, толькі два ці тры аўтары.

Безумоўна, аналіз гэтай пошты не мог прэтэндаваць на статус сацыялагічнага даследавання. I ўсё ж сама па сабе напрошвалася выснова: народ зрабіў свой выбар.

Гаворка тут, вядома, не толькі пра асобу Станіслава Шушкевіча. Народ зрабіў цвёрды выбар на карысць рашучага рэфармавання ўсіх сфераў грамадскага жыцця. I яму, падобна, імпануе менавіта той шлях, які спавядае Шушкевіч: без новых барыкад, без гвалту, без крыві... I хай сабе тыя, каму б хацелася адкінуць грамадства ў часы ўсемагутнасці Сістэмы, нават здолеюць атрымаць яшчэ колькі лакальных перамог,— час улады гэтых людзей усё адно катастрафічна мінае. Эпоха запатрабавала кіраўнікоў іншага складу, іншага мыслення — здольных правесці карабель пад назвай Беларусь праз шторм крызісу курсам да вольнага, справядлівага, заможнага жыцця, аб якім так даўно мараць на гэтай шматпакутнай зямлі.

I шмат хто на Беларусі звязвае надзеі са Станіславам Шушкевічам...

* * *

Выбліснула з-за хмар сонейка, высвеціла медныя ствалы гонкіх прыбярэжных соснаў, заіскрылася на нарачанскіх хвалях.

Ідылія!

Не трэба нікуды спяшацца, раз-пораз кідаць вокам на гадзіннік, старанна ўзважваць кожную фразу. Бы на нейкай іншай планеце застаўся ўвесь той тлум — чуйныя парламенцкія ды журналісцкія мікрафоны, бесцырымонныя вочкі тэлекамер, неўтаймоўныя тэлефонныя апараты,— усё тое, што трымае як у абцугах, не дае ні на хвіліну расслабіцца, перавесці дух.

Палітык рэдка належыць самому сабе. I бязвоблачныя, ціхамірныя хвіліны ў ягоным жыцці гэткія ж нячастыя, як вось гэты сонечны выбліск сярод дажджлівага, свінцова-пахмурнага жніўня 1993-га.

* * *

Урэшце, і апошнія тыдні перад адпачынкам прайшлі для Шушкевіча адносна спакойна, без непрыемных сюрпрызаў і стрэсавых сітуацый. На Беларусі ўсталяваўся на нейкі час палітычны штыль. Пасля баталій XII сесіі дэпутаты раз’ехаліся хто куды: адны спяшаліся набрацца новых сіл у санаторыях, іншых захліснулі гаспадарчыя клопаты — пад дажджамі гінуў ураджай, у многіх калгасах і саўгасах паліўныя цыстэрны стаялі напярэдадні жніва зусім пустыя. Праўда, месяцы за два да таго ўрад запэўніў, што наконт паставак нафты паразуменне з расіянамі будзе, і тая заява супакоіла Шушкевіча — хоць, як потым высветліцца, дарэмна. Пакуль жа Прэзідыум Вярхоўнага Савета нетаропка абмяркоўваў руцінныя пытанні, да якіх раней не даходзілі рукі. 14 ліпеня, у прыватнасці, вырашылі ўсталяваць дыпламатычныя стасункі з Ямайкай...

Адметнымі ж у ліпені 1993-га былі, бадай, дзве падзеі.

8-га ў Мінску адкрыўся I з’езд беларусаў свету. На Бацькаўшчыну з’ехаліся сотні людзей, якіх лёс — найчасцей жорсткі, драматычны — раскідаў некалі па розных кутках планеты. У камуністычныя часы пра гэтых людзей стараліся не згадваць, калі ж афіцыйная прапаганда і заводзіла гаворку пра беларусаў-эмігрантаў, то звычайна запісвала іх усіх без разбору ў лік здраднікаў. Многія ўжо і не спадзяваліся, што ступяць калі-небудзь на родную зямельку. Але часы памяняліся — і вось Радзіма шчыра, цёпла вітае сваіх далёкіх сыноў і дачок, што здолелі зберагчы на чужыне зайздросную пашану да роднай мовы, культуры, гісторыі, пранеслі праз доўгія гады разлукі пяшчотную любоў да бацькоўскага краю.

У Шушкевіча былі напагатове некалькі аркушаў з тэкстам для выступу. Але ў кулуарах з’езда, адразу ж трапіўшы ў шчыльнае кола ўзрушаных людзей, што наперабой імкнуліся паціснуць руку, змахвалі набягаўшыя міжволі сентыментальныя слязінкі,— ён адчуў, што будзе гаварыць іначай. Не, на паперцы ўсё было правільна, узважана, грунтоўна — але ж, як стала цяпер зразумела, занадта казённа, афіцыйна. А трэба, каб словы ляглі на душу, прагучалі ва унісон акрыленаму, рамантычна-прыўзнятаму настрою тых, хто тут сабраўся.

Пасля выступу яму доўга апладзіравалі, і па тварах прысутных лёгка было пераканацца, што гэта зусім не дзяжурныя воплескі.

Другой неардынарнай падзеяй ліпеня стаў візіт у Злучаныя Штаты. Шушкевіч аказаўся адным з першых сярод кіраўнікоў былых савецкіх рэспублік, якога афіцыйна прыняў у Белым доме прэзідэнт Клінтан. Гэтым запрашэннем наймагутнейшая дзяржава Захаду імкнулася падкрэсліць, што ёй даспадобы цвёрды намер маладой незалежнай краіны добраахвотна пазбавіцца ядзернага арсеналу і што на гэтым шляху маленькая Беларусь можа разлічваць на ўсебаковую дапамогу вялікай Амерыкі. Што і засведчыла падпісаная ў Вашынгтоне сумесная дэкларацыя аб адносінах паміж дзвюма краінамі. Злучаныя Штаты паабяцалі дапамогу ў дэмілітарызацыі, рэфармаванні эканомікі, пераадоленні наступстваў Чарнобыля.

Шушкевіча па-добраму ўразіла надзвычайная прастата, натуральнасць паводзін амерыканскага прэзідэнта: ні ценю пыхі, ганарыстасці (якія часам так, прабачце, і пруць з нашых дробных наменклатурных сошак) — Клінтан вёў гутарку з адкрытай, прываблівай усмешкай, абсалютна нязмушана, як са старым добрым прыяцелем.(«Ну проста свой, беларускі хлопец!» — скажа потым Шушкевіч.) Адна толькі акалічнасць азмрочыла тыя дні: трагічна загінуў лепшы сябар амерыканскага прэзідэнта. Клінтан, аднак, не адмяніў сустрэчу з Шушкевічам, а толькі прапанаваў перанесці яе час.

На развітанне ж гаспадар Белага дома падарыў госцю ігральныя карты. Спадарожнікі жартавалі: «Бачыце, Станіслаў Станіслававіч, ЦРУ ведае нават, што вы калекцыяніруеце». Ну, а палітычныя апаненты выкарысталі гэту акалічнасць для ядавітага іранізавання: вось, маўляў, і ўсё, з чым вярнуўся з-за акіяна наш шаноўны спікер...

Замежныя паездкі Шушкевіча ўвогуле надзвычай іх раздражнялі. Не раз гучала: у нас, маўляў, заводы без сыравіны стаяць, каровы без корму, а ён, бач, з візітамі шастае (гучала ж гэта, дарэчы, пераважна з вуснаў тых, хто непасрэдна адказваў і за сыравіну, і за кармы). Такім чынам прарывалася не толькі непрыязнасць да самога Шушкевіча, але і застарэлая, убітая ў свядомасць у эпоху «жалезнай заслоны» ваяўнічая ксенафобія. Носьбіты гэтага заскарузлага мыслення нават з парламенцкай трыбуны неаднойчы на поўным сур’ёзе даводзілі, што ледзь ці не ўсе нашыя эканамічныя беды — вынік падрыўной дзейнасці нейкіх заморскіх «цэнтраў»...

Пра сапраўдныя ж прычыны крызісу Шушкевіч даволі жорстка (хоць падстава была святочная) сказаў пасля вяртання са Штатаў падчас выступлення па тэлебачанні і радыё 27 ліпеня — у той дзень споўнілася тры гады Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі: «...адсутнасць ліберальна-дэмакратычных традыцый, карумпаваная сістэма кумаўства і блату ў кабінетах улады, недахоп прафесіянальных (ды і проста адукаваных) палітыкаў з прагматычным стылем работы не спрыяюць спакойнаму і эфектыўнаму ходу рэформ... Былая партыйная наменклатура хацела б захаваць за сабой уладу, больш таго — зрабіць яе бескантрольнай. Гэтым, у першую чаргу, тлумачацца і спробы на апошняй сесіі перападпарадкаваць КДБ выканаўчай уладзе, адхіліць ад пасады Старшыню Вярхоўнага Савета і стварыць непераадольныя перашкоды на шляху ўмацавання асноў доўгатэрміновага супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Небяспека саюза былой партнаменклатуры, разбагацеўшай на перапродажы дзяржаўнай маёмасці, і мафіёзных камерцыйных структур павялічваецца».

Што і казаць, чарговая гадавіна Дэкларацыі аб суверэнітэце не давала асаблівых падстаў для трыумфавання. Больш таго, менавіта ў тыя дні старая наменклатурная гвардыя, зблакаваўшыся з маладымі неакамуністамі, пачала актыўна разгортваць працэс, які лідэр апазіцыі Зянон Пазьняк з уласцівай яму рэзкасцю і афарыстычнасцю ахарактарызуе так: «Каб застацца хоць на рэшту часу пры ўладзе, яе прадстаўнікі гатовы прадаць нашу дзяржаву ў палон Расіі».

Предыдущая главаГлава 18 из 23Следующая глава