Часам даводзілася твар у твар сутыкацца з палітычнымі антыподамі, якія не выбіралі дыпламатычных выразаў...
Так, аднойчы, на самым пачатку сустрэчы з афіцэрамі-вайскоўцамі, бы Піліп з канапель, выскачыў наперад маёр з палаючымі лютасцю вачыма. Ён абрынуўся з праклёнамі за «развал» Саюза і адзінай савецкай арміі: там, маўляў, так выдатна служылася, а вось цяпер, калі вайскоўцы трапілі пад юрысдыкцыю Беларусі, усё дрэнна... Назваўшы белавежскае пагадненне здрадай, маёр закончыў філіпіку пагрозлівым рытарычным пытаннем:
— А вам вядома, што заўсёды рабілі са здраднікамі на Русі?!
— Пачнём з таго, што вы не на Русі, а ў незалежнай Беларусі,— спакойна заўважыў Шушкевіч.
Выслухаўшы іншых афіцэраў (больш ніхто з іх не дазволіў сабе хамства, але пра свае шматлікія праблемы — і прафесійныя, і бытавыя — кожны гаварыў з болем, а то і крыўдай), Старшыня ўзяў слова. У яго не было напісанага тэксту, але выступ прагучаў фантастычна бездакорна і пераканаўча — на гэтай думцы сышліся потым усе журналісты, што былі ў зале.
Шушкевіч на канкрэтных лічбах паказаў, да якой неверагоднай ступені перанасычана Беларусь войскам і ўзбраеннямі. «Людзей з ружжамі» прыпадае тут на душу насельніцтва прыкладна ў пяць разоў болей, чым гэта лічыцца нормай у цывілізаваных краінах! Вось вынік старой, імперскай ваеннай дактрыны, і рэспубліцы такія каласальныя ўзброеныя сілы зусім не патрэбны. Можна было б проста адправіць лішніх вайскоўцаў на ўсе чатыры бакі... «Беларусь і не прэтэндавала б на тое, каб браць пад сваю юрысдыкцыю ўсё войска на яе тэрыторыі,— зазначыў Шушкевіч.— Але ж чые вы тады будзеце? Каму станеце прад'яўляць прэтэнзіі?»
Шмат хто з афіцэраў у зале, бадай, упершыню асэнсаваў гэтую элементарную, здавалася б, ісціну. Саюза ўжо няма, ад савецкай арміі засталіся толькі пагоны з зорачкамі, і трэба ацаніць высакародства беларусаў, што разумеюць драму людзей, якіх службовы лёс сюды закінуў... Разумеюць — і як могуць дзеляцца жытлом, прадуктамі, усім, чаго і так небагата. Утрыманне войска ды змаганне з чарнобыльскай бядою «з’ядаюць» аж чвэрць рэспубліканскага бюджэту... I ўсё ж беларускае кіраўніцтва дало афіцэрам досыць часу, каб падумаць, ці гатовы яны прыняць прысягу на вернасць рэспубліцы, вырашыла скарачаць войска плаўна, па магчымасці бязбольна для лёсу службоўцаў, прадугледзела шэраг захадаў, якія ў бліжэйшы час падмацуюць матэрыяльна-бытавое становішча людзей у пагонах...
У канцы сустрэчы ўзняўся хтосьці з афіцэраў:
— Даруйце нам, Станіслаў Станіслававіч, за таго маёра...
А праводзілі Шушкевіча стоячы, пад дружныя воплескі.
Вядома, наіўна было б меркаваць, што гэтая сустрэча як рукой здыме вайсковыя праблемы. Працэс стварэння беларускага войска — сучаснага, кампактнага, заснаванага на прынцыпах выключна абарончай дактрыны і, што надзвычай важна, шчыра адданага народу гэтай зямлі — будзе натыкацца не толькі на бюджэтныя цяжкасці, але і на ўпартае супраціўленне тых высокіх чыноў у мундзірах, што так і не змогуць пазбавіцца тугі па часах імперыі. А хто-кольвечы будзе муціць ваду не з-за ідэйных псракананняў, а проста таму, што за час вайсковага бязладдзя прызвычаіўся грунтоўна ўладкоўваць свой «суровы» быт за кошт казённай маёмасці ды дармавой салдацкай працы.
I ўсё ж надыдзе дзень, калі над урачыстым строем залунаюць словы клятвы на вернасць народу Беларусі. Прысягу прымуць практычна ўсе афіцэры. Беларускае войска пачне сваю гісторыю. I дай Божа, каб яму заўсёды даводзілася страляць толькі на палігонах.
* * *
Хіба ж не нонсенс: руплівы народ, спрадвеку прызвычаены да сёмага поту шчыраваць на ніве, сёння не можа як след сябе пракарміць?
Сталін, гвалтам зганяючы сялян у калгасы, абяцаў краіне прадуктовы рай. Сёння нашыя суайчыннікі душацца ў чэргах за дрэннай каўбасой і намазваюць на скібкі заморскае «гуманітарнае» масла.
Сталінская мадэль калектыўнага гаспадарання на зямлі пацярпела фіяска. Перш за ўсё таму, што не стала сапраўднага гаспадара.
Вядома, бязглузда было б заклікаць сёння да бязлітаснага руйнавання калгасна-саўгаснага ладу. На гэтым ужо апякліся суседзі беларусаў — літоўцы. Але тое, што гранічна неабходна даць на вёсцы прастору прыватнай ініцыятыве,— бясспрэчна... Логіка ж эканамічнага развіцця ўсё расставіць па сваіх месцах...
Такія ці прыкладна такія меркаванні Шушкевіча шмат разоў за апошнія гады гучалі ў самых розных аўдыторыях.
Здавалася б, якія могуць быць пярэчанні супраць аргументаванай і памяркоўнай праграмы пераўтварэнняў у аграрным сектары?
Аказалася, могуць. Сістэма сфарміравала слой аграрных начальнікаў, якім надзвычай па сэрцу сталася роля ўсемагутных, непадзельных валадароў сваіх «латыфундый». Каб яшчэ нейкія там фермеры вока мазолілі?! А калі заўтра ўсе фермерамі стаць захочуць?
Вось гэта і палохала болей за ўсё. Калі кожны пачне гаспадарыць на ўласнай зямлі і на свой розум, што застанецца рабіць аграрнаму «правадыру» з усёй ягонай канторай? Кім камандаваць?
Маючы прыкметную моц у парламенце, апалагеты татальнага калгасна-саўгаснага ладу не шкадавалі высілкаў, каб «забадаць» ці хоць знявечыць ненавісныя ім законапраекты. 3 вялікімі цяжкасцямі, у пашкуматаным выглядзе ўбачыў свет закон аб фермерскай гаспадарцы. Ён яшчэ не даваў права прыдбаць зямлю, а толькі дазваляў атрымаць надзел у асабістае карыстанне. Але ж і дзеля гэтага трэба ісці на паклон да мясцовых «князькоў»! Адусюль да Шушкевіча паляцелі слёзныя скаргі: учыняецца суцэльны здзек! Ці ўвогуле адмаўляюць у зямлі, ці даюць такія пусткі, дзе сто гадоў нічога не вырасце... I нават калі ўчастак выдзелены, у арсенале «князька» застаецца багата дзейсных метадаў, каб той небарака, што рызыкнуў падацца ў фермеры, хутка згадаў прымаўку дзядоў наконт Маркі, што трапіў у пекла.
У адным з газетных інтэрв'ю Шушкевіч эмацыянальна назваў гэтых адыёзных ваяроў за старыя парадкі на вёсцы «чырвонымі памешчыкамі». Які ўзняўся вэрхал! Ледзь ці не ўвесь корпус калгасных старшынь і саўгасных дырэктараў палічыў гэта за страшэнную абразу свайго гонару. Група разгневаных аграрных начальнікаў пагражала нават падаць на Старшыню Вярхоўнага Савета ў суд...
Сапраўдны бой давялося вытрымаць Шушкевічу і падчас абмеркавання законапраекта аб праве ўласнасці на зямлю, які абяцаў даць дадатковы штуршок прагрэсіўным пераўтварэнням на вёсцы, падтрымаць фермерства. Ягоныя праціўнікі імкнуліся любой цаной замацаваць у законе тэзіс аб калектыўнай уласнасці. Пры слове «прыватная» шмат каго з іх аж трэсла...
«Калектыўную ўласнасць» высмакталі з пальца перш-наперш для таго, каб затлуміць мазгі простым калгаснікам, сыграць на недасведчанасці многіх з іх у юрыдычнай сутнасці праблемы. Людзей сталі палохаць: раз Шушкевіч супраць калектыўнай уласнасці, значыць, наважыўся ў імгненне вока разагнаць усе калгасы і зрабіць вас жабракамі... Быў нават выпадак, калі масу збітых з панталыку вяскоўцаў з шэрага раёнаў арганізавалі, пасадзілі ў адмыслова заказаныя аўтобусы і накіравалі ў Мінск — пратэставаць, давіць Старшыні на псіхіку. Многія з удзельнікаў той «акцыі пратэсту» нават і не падазравалі, што пра калектыўную ўласнасць не згадваецца і ні ў адным з існуючых законаў...
Напрыканцы 1992-га, калі Шушкевіч ездзіў па Магілёўшчыне, у адной з вёсак на яго заўзята насеў дырэктар мясцовай гаспадаркі, імкнучыся даказаць, што без калектыўнай уласнасці на зямлю аграрнаму сектару — труба...
— Прабачце, а што вы разумееце пад калектыўнай уласнасцю?
— Ну, вядома ж, што — калгасы!
— Дык а хіба ж калгас карыстаецца не дзяржаўнай зямлёю?
Дырэктар напачатку сумеўся, а потым вырашыў ударыць пад дых: маўляў, можа ў ядзернай фізіцы, Станіслаў Станіслававіч, вы і вялікі знаўца, а вось у сельскіх праблемах, відаць, не вельмі...
Шушкевіч парыраваў імгненна:
— Ведаеце, ва ўсякім разе, заўсёды адрозню карову ад свінні.
Падчас сваіх паездак па рэспубліцы Старшыня як мог тлумачыў людзям, што ідзе несумленная гульня... Вось што казаў ён, выступаючы ў Горацкай сельгасакадэміі ў снежні 1992-га:
— У сучасны момант у нас ёсць толькі дзяржаўная ўласнасць на зямлю. I пра гэта забываюцца не толькі простыя людзі, але і вельмі адукаваныя прафесары і акадэмікі. I калі я выступаю супраць калектыўнай уласнасці на зямлю па адной простай прычыне — я не ведаю, што гэта такое, то яны пачынаюць сцвярджаць, што я супраць калгасаў і саўгасаў. Але ж гэта не так! У нас ніколі не было калектыўнай уласнасці на зямлю, але калгасы і саўгасы існавалі. Існуюць яны і зараз. I ніхто ім не пагражае. Іншая справа, што калі чалавек хоча, каб яго гаспадарку ніхто не адабраў, не зруйнаваў, то патрэбна заканадаўчае забеспячэнне яго інтарэсаў... Таму нам трэба разглядаць дзве формы ўласнасці: дзяржаўную і прыватную.
...Доўгая, вострасюжэтная барацьба вакол гэтага закона закончылася ў чэрвені 1993-га поўнай перамогай Шушкевіча і ягоных аднадумцаў. У выніку «калектыўную ўласнасць» без слёз пахавалі нават тыя парламентарыі, што напачатку, здавалася, гатовыя былі самі легчы за яе касцьмі.
* * *
Але трыумфаваць даводзілася далёка не так часта, як хацелася б.
Ва ўпартую, знясільваючую і малапрадукцыйную барацьбу палярных падыходаў вылілася абмеркаванне праекта новай Канстытуцыі рэспублікі. 3 тым, што старая, створаная ў часы непадзельнага панавання камуністычнага рэжыму, стала анахранізмам, не мог спрачацца ўжо ніхто. Але на гэтым кансенсус і скончыўся...
Кансерватары цвёрда паставілі сабе на мэце працягнуць у новы Асноўны Закон максімум палажэнняў, што дазволілі б зберагчы, а то і ўмацаваць далёка не разбураны яшчэ падмурак Сістэмы. У трохі больш моднай абгортцы падсоўваўся той самы заляжалы тавар...
Для прыхільнікаў жа рашучай ломкі старога ладу цяжкасць была яшчэ і ў тым, што ідэолагі Сістэмы, трэба аддаць належнае, навучыліся спрытна маніпуляваць лозунгам сацыяльных гарантый. Люмпенская псіхалогія «роўнасці ў беднасці» пусціла, на жаль, глыбокія карані у масавай свядомасці. Шмат хто прызвычаіўся да гэтага сурагату сацыяльнага шчасця: практычна незалежна ад тваіх здольнасцяў і ступені працоўнай аддачы дзяржава забяспечвае заробак, якога хапае, ва ўсякім разе, на танную каўбасу і піва; дзяржава раней ці пазней дае хай сабе і не надта ўтульнае, аднак жа бясплатнае жытло... Кідаючы гэтыя косткі, кіруючая эліта Сістэмы ўзрошчвала бяздумную пакорлівасць, адсякала масу простага люду ад палітыкі, атрымлівала магчымасць бесперашкодна правіць свой баль у высокіх дзяржаўных сферах.
Прыкрываючыся той самай дэмагогіяй, «старая гвардыя» імкнулася захаваць сваё становішча і ў новых,
посткамуністычных умовах. Жорсткае супраціўленне прагрэсіўнаму варыянту новай Канстытуцыі, радыкальным эканамічным рэформам матывавалася «клопатам пра абарону інтарэсаў народу». Сапраўды, няцяжка заваяваць лаўры адважнага ваяра за гэтыя інтарэсы, дамагаючыся ў парламенце папулісцкіх рашэнняў, якія ў выніку канчаткова спустошаць і без таго дзіравую казну... Калі ж высветліцца, што грошай на абяцаныя людзям «пернікі» няма адкуль болей браць, усіх сабак можна павесіць на ненавісных палітычных сапернікаў: маўляў, гэта іх рэфарматарскі сверб давёў эканоміку да калапсу...
Шушкевіч, хоць і не аднойчы падпадаў пры гэтым пад агонь папулісцкай крытыкі, настойліва даводзіў і ў парламенце, і на тэлебачанні, і ў друку бясспрэчную для яго ісціну: далейшая эксплуатацыя старога казарменна-размеркавальнага механізму — гэта варыянт тупіковы; усе прыгожа сфармуляваныя гарантыі застануцца на паперы, калі знясіленая, выпрацаваўшая свой камандна-адміністрацыйны рэсурс эканоміка не рушыць наперад па новых, рыначных рэйках, калі месца люмпенскай псіхалогіі ўтрыманства не зойме псіхалогія здаровай канкурэнцыі... Мадэрнізаваная ж эканоміка, моцная і дынамічная, якраз і дазволіць найлепей падтрымаць старых, інвалідаў, беспрацоўных, шматдзетных — усіх тых, хто не ў стане на роўных канкурыраваць за месца пад сонцам.
Новая сістэма сацыяльных арыенціраў пачне пакрысе замацоўвацца ў масавай свядомасці. Хоць сілы рэваншу яшчэ не аднойчы паспрабуюць разыграць сваю карту, спекулюючы на рэштках старой псіхалогіі і эканамічных цяжкасцях. Адновіць сваю дзейнасць на Беларусі камуністычная партыя. Парламент дасць на гэта афіцыйны дазвол, безумоўна, без вяртання партыі ранейшых уладных прывілей і маёмасці. За гэтае рашэнне выкажацца і Шушкевіч, матывуючы тым, што ў паслядоўна дэмакратычным грамадстве права на аб’яднанне павінны мець людзі любых поглядаў, калі толькі яны не заклікаюць да гвалту. За гэта яму добра перападзе ад апазіцыі, а адзін радыкальны журналіст напіша нават, што Шушкевіч такім чынам здрадзіў памяці бацькі, які столькі пацярпеў ад камуністычнага рэжыму... I ўсё ж пазіцыя Старшыні на гэты конт застанецца непахіснай. У ролі спікера на пасяджэннях ён не аднойчы будзе рашуча ахалоджваць імпэт тых выступоўцаў-антыкамуністаў, што дазволяць сабе надта ўжо абразлівыя выпады супраць палітычных супастатаў.
Камуністы, аднак, не сталі плаціць яму за гэта гарачымі пачуццямі. Ды і ад заклікаў на барыкады духоўныя нашчадкі бальшавікоў утрымацца не змаглі. А ў іх газетках раз-пораз пачалі з’яўляцца злосныя карыкатуры на Шушкевіча. Пераважна — даволі безгустоўныя, прымітыўныя. Шушкевіч паставіцца да іх па-філасофску, а часам, убачыўшы больш-менш прыстойны ў мастацкіх адносінах твор, будзе канстатаваць амаль што з задавальненнем:
— А што, на гэты раз нават прыгажэй, чым на самой справе...
Што ж, камуністы таксама скарысталі плады дэмакратычнага дрэва: у часы іх панавання падобныя жартачкі па адрасу кіруючых асоб напрасткі прывялі б на лагерныя нары...
А ўвогуле новыя камуністычныя правадыры не здолеюць пахваліцца масавасцю сваіх мітынгаў. Слухаць іх прамовы будуць звычайна толькі невялікія купкі пераважна старых людзей. Характэрны штрых: добра ўсведамляючы «папулярнасць» камуністычных лозунгаў у масах, пад сцягі партыі не рызыкне афіцыйна вярнуцца практычна ніхто з высокапастаўленых чыноўнікаў. Іншая справа, што мысленне многіх з іх застанецца па сутнасці ранейшым. I тарпедаваць рэформы яны будуць пры любой зручнай магчымасці.