– Не, Аўк. Я застаюся важаком. Калі хочаш атрымаць мой тытул, біся за яго.
– Гэта тваё рашэнне.
Грык чакаў выкліку на бойку, але не ад Аўка… Былы сябар і дарадца шэсць гадоў назад быў самым моцным ваўком зграі. Але яго час прайшоў, і ён не роўня цяперашняму важаку. Гэта разумела ўся зграя.
Стары воўк кінуўся на маладога. Грык лёгка адскочыў у бок. Потым яшчэ два разы пазбег зубоў Аўка. “Пачакаю, пакуль ён стоміцца, а потым без бойкі праганю”, – вырашыў важак. Аднак яго сапернік меў другое рашэнне.
– Трымайце!
Ззаду Грыка за скуру схапілі два ваўкі. Аўк кінуўся ўперад і учапіўся зубамі ў пярэднюю лапу былога сябра. Яго пашча да хрусту здавіла косткі і важак завыў ад болю, а калі яго адпусцілі – паваліўся на зямлю.
– Выкіньце яго з горада. А разам з ім праганіце вернікаў Вый-Кло. – Загадаў Аўк сваім хаўруснікам і павярнуўся да сходу. – Сапраўдны важак зграі Суу-Ардун вярнуўся.
***
З часоў, калі зграі сталі жыць асобна на сваіх тэрыторыях, яны моцна змяніліся. Гаўл упэўніўся ў гэтым, калі наглядаў жахлівыя традыцыі Ачын, ці пазнаваў дзіўныя вераванні Вый-Кло. Але Стыр-Калі стаялі асобна. Іх традыцыі ва ўсім паходзілі на Суу-Ардун. У зграі быў важак, у важака быў дарадца, яны ні ў што не верылі, а іх ваўкі не насілі брані. Ён расказаў пра мэту свайго візіту дарадцу, той пераказаў важаку і яны выклікалі сход. Ваўкі патроху збіраліся на паляне горада.
З Гаўлам ніхто не размаўляў, таму ён лёг на зямлю і адпачываў. Ногі невыносна балелі, а шыя самлела так, што галава апускалася да самай зямлі. Нылі і пракусы на скуры ад зубоў Акіры.
“Усе гэтыя зграі… Мы ратуем іх ад смерці, а яны яшчэ нешта патрабуюць ад нас – тэрыторыю, ежу, наш розум і традыцыі. А я пагаджаюся. І з чым жа застанецца Суу-Ардун пасля перамогі? Станем самай слабой зграяй”. Невясёлыя думкі дапякалі Гаўла. Да таго ж ён хваляваўся за Грыка. “Акіра праўду казала, трэба было вяртацца і падтрымаць яго. Гэта ж маё рашэнне прасіць дапамогу ў іншых зграй”.
– Воўк Суу-Ардун, падыдзі бліжэй і скажы зграі тое, што павінен сказаць.
Гаўл здзівіўся, бо на сход прыйшло вельмі мала ваўкоў – не больш за сотню.
– Я – Гаўл, саветнік важака зграі Суу-Ардун. Шмат гадоў мы з вамі спрачаемся з-за вострава на рацэ, аднак сёння я прыйшоў не за гэтым.
Ён расказаў усё, што ведаў пра белых ваўкоў, пра саюз з Ачын і Вый-Кло. Расповед атрымаўся доўгі. Пасля яго заканчэння ваўкі Стыр-Калі працягвалі сядзець моўчкі, быццам ім ўсё роўна. Да Гаўла падышоў важак зграі.
– Гаўл, я правільна цябе зразумеў – калі мы дапаможам вам у бойцы з белымі, то вы пагодзіцеся перадаць нам востраў?
– Усё так, уладар.
– А што ты скажаш на іншую прапанову – мы дачакаемся, пакуль белыя заб’юць вас і востраў усё роўна стане нашым.
– Але ж белыя прыйдуць і за вамі.
– Ты сапраўды лічыш, што яны могуць гэта зрабіць? З поўначы і захаду наша тэрыторыя ахоўваецца ракой, з усходу нас аберагае мора, а на поўдні балоты, праз якія ніводны воўк не здолее прайсці. А белыя… Хай плывуць па рацэ. Мы іх сустрэнем і заб’ём.
– Важак, вы не разумееце…
– Я ўсё разумею. Як ты думаеш, чаму тут мала ваўкоў? Мы навучыліся плаваць па моры. Два тыдні таму даплылі да зямель, якія займаюць белыя, і дамовіліся з імі. Мы не дапамагаем вам, а яны не чапаюць нас.
– Яны падманваюць. Усіх ваўкоў на поўначы яны не проста заваявалі. Белыя ядуць наша мяса, ядуць нас саміх.
– Гэта казкі, каб пужаць шчанюкоў. Раскажу табе яшчэ адзін сакрэт. Далёка на ўсходзе, у дзясятках тысячах хвастоў адсюль праз мора мы знайшлі іншую зямлю. Там шмат жывёл і вады, шмат дрэў і раслін і, самае галоўнае, няма іншых ваўкоў. Ні шэрых, ні белых. І калі ўсё будзе дрэнна тут, мы накіруемся да сваіх братоў, якія будуюць там горад.
– Атрымліваецца, вы не дапаможаце. Шкада. Мы ўсё роўна пераможам, нават без вас. Дазволь ісці.
– Не, не дазваляю. Прабач, але тое, што я табе расказаў, не павінны ведаць іншыя. Таму ты памрэш. Схапіць яго!
Трое ваўкоў падхапілі Гаўла зубамі і павалаклі за горад. Воўк не мог супраціўляцца – з-за хворай шыі зубы не дацягваліся да чужых шый. Яго цягнулі не па дарозе, а ў глыб лесу, дзе за сто крокаў ад горада расцягнулася доўгая яма, заваленая целамі з шэрай скурай.
Неспадзявана адзін з ваўкоў адпусціў Гаўла і кінуўся на другога. Схапіў яго і пракусіў шыю, палілася кроў. Трэці воўк кінуўся на выратаванне, ды не паспеў – ззаду яго атакавала Акіра. Яна скокнула на спіну ворага лапамі, на якія былі прывязаны вострыя камяні – адно з вынаходніцтваў зграі Вый-Кло. Воўк узвыў і Гаўлу прыйшлося перагрызці яму шыю, каб сюды не збегліся іншыя са зграі Стыр-Калі.
Акіра з Гаўлам сталі насупраць ваўка, які забіў аднаго са сваёй зграі.
– Не чапайце мяне. Я на вашым баку.
– Што ў вас адбываецца? Што гэта за яма? Як вы дамовіліся з белымі, калі яны не размаўляюць?
– Не ведаю. Я быў сярод тых, хто наведваў іх. Наш важак хацеў зразумець, што ім патрэбна, а мы чакалі яго на караблі. Ён вярнуўся іншым… Сказаў, што паразумеўся з белымі – яны добрыя і перададуць нам тэрыторыі суседніх зграй. Мы не пагаджаліся, бо на свае вочы бачылі скуры і косткі шэрых, якія былі раскіданы на зямлі. Ён упрошваў нас не расказваць пра гэта. Мы не пагадзіліся. І па вяртанні ён загадаў забіць палову з нашых за непаслухмянства. А астатнім сказаў маўчаць.
– А пра зямлю на ўсходзе – праўда?
– Праўда. Дзвесце ваўкоў вяртаюцца сюды праз тыдзень. Сярод іх дарадца важака, якога ён вельмі баіцца. Гэта малады і моцны воўк, які заўсёды з ім сапернічаў. І калі яны вернуцца, мы скінем важака і дапаможам вам у бойцы з белымі.
– Галоўнае, каб не было позна.
– Гэта не ад мяне залежыць. А зараз вам трэба сыходзіць. Ідзіце да берага, а потым па рацэ на захад. Там заўважыце караблі. Іх не ахоўваюць, таму бярыце любы і плывіце на свой бераг.
***
Караблі Стыр-Калі былі сапраўднай рэвалюцыяй на планеце ваўкоў. З іх дапамогай можна было плаваць па самых вялікіх рэках, перасякаць акіян, гандляваць з іншымі зграямі, не парушаючы межаў. Гаўл бачыў гэтыя магчымасці, але не ўяўляў, што кіраваць караблём настолькі складана. Яны з Акірай узялі самы маленькі па памерах і вырашылі абагнуць востраў, каб не трапіць у агароджу з сеткі. Аднак плыць супраць плыні было немагчыма. Колькі ні налягалі на вёслы, хіба крыху марудней зносіла плынню. Яны ўперліся ў рыбалоўныя сеткі і тыя прарваліся.
Карабель нёсся ўперад, да мора, а адзінае, што маглі зрабіць Гаўл з Акірай – змяняць яго кірунак у бок берага Суу-Ардун. Яны наляцелі на падводныя камяні і ад сутыкнення ваўкоў кінула аб драўляную сценку, а з днішча карабля палілася вада.
Гаўл ад моцнага ўдару страціў прытомнасць. Акіра за шкірку выкінула яго ў ваду і скокнула следам. Схапіла ваўка за скуру і паплыла да берага.
10.
Гэтым разам тройца прыйшла раніцай. Максім адкрыў вочы і адразу пабачыў іх. Лысы сядзеў на канапе, а чарнявы і бялявы стаялі каля дзвярэй.
– Добрай раніцы, Максім. Як там ваўкі? Яшчэ сняцца табе?
– Сняцца. А вы чаму так рана?
Вачамі хлопец шукаў Лену. Але ні дзяўчыны, ні яе рэчаў нідзе не было.
– Мы табе не давяраем, таму прыйшлі нечакана. Учора нешта было не так. Нешта змянілася ў тым, як мы цябе адчуваем.
– І як жа вы мяне адчуваеце?
– Мы падумалі, гэта сігнал аб тым, што твае сны скончыліся. Але цяпер адчуваем цябе як раней.
– Можа яны і скончыліся.
– Дазволь мне паглядзець.
Учорашні сон яшчэ раз прамільгнуў перад вачыма Макса. Пасля “сеансу” засталося адчуванне слабасці.
– Ты ўжо звыкся са сваёй роляй. Гэта добра. Не рабі глупстваў і хутка ўсё скончыцца.
– Чакайце. Вы абяцалі адказаць на мае пытанні.
– Мы нічога не абяцалі. І ў мінулы раз ты шмат даведаўся з таго, што ведаць не трэба.
Тройца знікла. Не растварылася ў паветры, як гэта адбываецца ў кнігах і фільмах, а знікла. Макс устаў з ложка і стаў апранацца на працу.
– Яны сышлі?
Хлопец падскочыў ад нечаканасці. Лена вылезла з-пад ложка.
– Сышлі… А як ты паспела схавацца? Я думаў, яны ўсіх адчуваюць.
– Пасля таго, як я расказала сваю частку гісторыі пра ваўкоў, яны мяне перасталі бачыць. Быццам я знікла. У той жа час я ведаю, калі яны набліжаюцца.
– Набліжаюцца? Яны ж імгненна знікаюць і з’яўляюцца дзе захочуць.
– Не. Чым больш адлегласць, тым больш патрабуецца і часу. Таму я паспела схавацца.
– Гэта добра. Думаю, ім бы не спадабалася, калі б яны пабачылі цябе ў маёй кватэры. мне час збірацца на працу. Цябе праводзіць дадому?
– Максім, я не ўсё паспела расказаць. Я прыйшла не дзеля таго, каб падтрымаць цябе. Давай зробім па-свойму, пераможам іх.
– Лена, аб чым ты гаворыш? Як можна іх перамагчы?
– Шмат гадоў яны на нашай планеце. Шмат людзей расказвалі гісторыю пра ваўкоў так, як патрэбна гэтай тройцы. І я думаю, што калі б нехта адзін расказаў гісторыю па-свойму, усё змянілася б. Яны б прайгралі…
– Лена, хопіць. Што ты прапануеш? Збегчы? Гэта немагчыма. Я ведаю, што яны адшукаюць мяне нават на Марсе. А пасля ўсё роўна прыйдзецца рабіць тое, што яны скажуць. Дый мае родныя… Што з імі будзе?
– Я думаю – нічога. Заўваж, ніводнага разу гэта тройца не з’явілася, калі разам збіралася больш за двое людзей. Яны баяцца. А калі так, у іх ёсць слабасці. Можа, яны наогул не могуць паказвацца іншым людзям.
– Гэта толькі думкі. Насту забілі з-за мяне. І я не хачу, каб пацярпеў нехта яшчэ. Буду разумным. Зраблю тое, што павінен.
– Яны ж заб’юць ваўкоў…
– І халера на іх. Я не герой, каб сусветы выратоўваць. Сама вінавата, трэба было іншага чалавека абіраць. Ці самой усё вырашаць, калі была твая чарга.
– Я дапамагу.
– Чым? Карміць мяне будзеш, калі яны рукі і ногі адрэжуць?
– Не. Я магу схаваць цябе ад іх вачэй.
– У сэнсе?
– Яны, відаць, таму і прыйшлі сёння ранкам, бо ноччу я на хвіліну схавала цябе.
– Ты і так умееш?
– Я не ведала, ці магчыма гэта. Калі хаваюся сама, адчуваю, быццам мяне ахутвае густы туман. Учора паспрабавала накіраваць яго на цябе і… атрымалася.
– Ты ведаеш, як гэта небяспечна і што яны могуць з табой зрабіць?
– Я не баюся, – Лена нечакана заплакала. – З таго дня, як ты стаў апавядальнікам, мне кожную ноч сняцца белыя ваўкі, як яны забіваюць шэрых, перагрызаюць ім глоткі, п’юць іх кроў і ядуць іх мяса. Кожную ноч, як закрыю вочы, бачу гэта. Адно і тое ж. Прачынаюся са слязьмі на вачах.
– Гэта не воўчыя сны. Схадзі да псіхолага і…
– Не! Не воўчыя. Гэта будучыня. Я ведаю гэта. У маіх снах белыя ваўкі ідуць на поўдзень, туды, дзе зямля не пакрытая лёдам. І забіваюць усіх шэрых.
– Лена, спыніся. Мне трэба на працу. Не плач. Я не магу дапамагчы. Калі хочаш, заставайся. Аднак і вечарам мой адказ будзе такім жа. Я не буду рызыкаваць чужымі жыццямі.
Дзяўчына змоўкла і не сказала ні слова, пакуль Максім апранаўся і збіраў рэчы.
***
“Дурненькая, верыць, што дабро заўсёды перамагае зло. У нашай гісторыі дабро ніколі не пераможа, бо смерць Насты перакрэслівае ўсё. А калі загіне яшчэ нехта, я ніколі сабе не прабачу”, – думкі пра словы Лены не адпускалі Максіма на працы. Учора ранкам ён змірыўся са сваёй роляй – апавядальнік, які без супраціўлення зробіць тое, што яму скажуць. А зараз…
“Нічога не змянілася. Лена хай сама разбіраецца са сваімі кашмарамі. Я – не герой, і ніколі ім не быў. Ні на працы, ні ў адносінах з жанчынамі, ні на стадыёне. Мяне з-за гэтага і ў каманду апошнім бралі – бо ў падкаты не іду і да мяча баюся падысці. Не я павінен выратоўваць сусветы”.
Аднак думкі аб іншым лёсе, аб магчымасці ўпершыню стаць героем, свідравалі душу Максіма. Яны, бы драпежныя чарвякі, прагрызалі металічную няўпэўненасць хлопца.
“Зараз не зраблю нічога і ў жыцці больш нічога не здолею зрабіць. Бо калі яшчэ будзе шанец змяніць не тое што планету, а цэлы сусвет?”
Каб збегчы ад гэтых думак, Макс палез у сацыяльныя сеткі. Апошняга разу ён перапісваўся там у дзень, калі Лена расказала гісторыю пра ваўкоў. Пісаў дзяўчатам са зразумелым намерам – залезці ў ложак. Перачытваў гэтыя лісты і разумеў, што большасць субяседніц яму не падабаецца, а ягоныя допісы выклікаюць амаль агіду.
“Навошта я сябе так паводзіў? Быццам жывёла, а не чалавек”. Перагортваючы зверху ўніз спіс сяброў, ён успомніў Насту. За час адносін яны напісалі адно аднаму тысячы паведамленняў. Пачыналася ўсё з рамантыкі і прызнанняў, прыгожых слоў і кампліментаў. Пасля, калі ружовыя акуляры зніклі, у паведамленні дадаўся эратычны, а потым і сексуальны матыў. Наста дражніла яго, пісала паўнамёкамі, дасылала фотаздымкі “амаль ню”. А ён бегаў да яе кожную вольную хвіліну бы дурны, прыносіў кветкі, шакаладныя цукеркі, мяккія лялькі. Зараз гэта выглядае банальным, а тады падавалася мілым. І ёй падабалася, Максім не сумняваўся ў гэтым. Як жа інакш тлумачыць усе гэтыя паведамленні, якія з часам ператварыліся ў натуральную парнаграфію, а потым перараслі ў сапраўдны сэкс?
Першы сэкс, няўмелы і асцярожны, калі ты больш думаеш не пра сваё асабістае задавальненне, а пра тое, каб спадабалася партнёру. Хвалюешся, баішся зрабіць нешта “не тое”. У выніку ні ты, ні яна не атрымліваеце ад працэсу чаканых пачуццяў. І ўсё роўна застаяцеся задаволенымі. Другі і асабліва трэці раз будуць куды лепшымі. Бо першы сэкс, як і паведамленні – гэта рамантыка. А парнаграфія пачынаецца раз на дзясяты, калі можна кіраваць партнёрам, а партнёр можа кіраваць табой, калі ўзніклы давер разбурае ўсякія межы ў паводзінах, абы толькі каб абаім было прыемна.
Яны сталі жыць разам. У паведамленнях месца эротыкі ды рамантыкі пакрысе заняла “бытавуха”: “Максім, купі ў краме хлеб і малако”, “Наста, я сёння з сябрамі, прыйду позна, кладзіся без мяне”, “Чаму не бярэш мабільнік?”, “Дастала ты ўжо кантраляваць кожны мой крок”. Так, з’явіліся і сапраўдныя сваркі. Ні рамантыка, ні сэкс не маглі выратаваць ад іх. Адзінае, што былі ў сілах зрабіць закаханыя – трымацца разам, нягледзячы ні на што, прабачаць іншаму малыя правіны і вучыцца жыць разам.