І што ў канцы? У паведамленнях нават сварак не стала. Сварыліся дома, а ў сацсетках перасылалі мемы, смешныя малюнкі і гіфкі, каб адно паказаць – я пра цябе не забыў.
Тысячы паведамленняў, з якіх можна выбудаваць гісторыю адносін. Ад пачатку да сумнага фіналу. Па іх можна было рамантычную драму здымаць. Але яны зніклі. Як знікла з гэтага сусвету Наста. У яе не было магілы, ці хаця б нішы ў сцяне для попелу. Яе не ўспомніць ніхто з жывых людзей, акрамя самога Максіма, Філіпа і Лены. А яе цела, некалі жывое, раскладаецца на састаўныя рэчывы пад чужой зоркай. Ці яго з’ядуць невядомыя жывёлы.
Хлопец паклаў галаву на рукі і з вачэй пацяклі слёзы. Калегі моўчкі пераглянуліся. Яны ведалі яго як Максіма, які заўсёды пагодзіцца працаваць у суботу, з якім можна выпіць піва ці гарэлкі. І ўсё. Ім, па сутнасці, пляваць, хто ён на самай справе і што адбываецца ў яго жыцці.
– Максім, усё добра? Што здарылася? – кіраўніца аддзела, Маргарыта, адзіная рызыкнула падысці да яго. І зрабіла гэта не дзеля самога Максіма, а хутчэй, каб зберагчы маральны настрой калектыву.
– Не, у мяне не ўсё добра. Мая дзяўчына, Наста, загінула. А я не змог перашкодзіць. Я ануча, якая нічога не можа зрабіць самастойна. Я баязлівец, – прарвала Максіма.
– Максім, ідзі дадому, я цябе адпускаю, – толькі і змагла адказаць Маргарыта. – Вазьмі адпачынак на тыдзень. Перажыві сваё гора, схадзі да псіхолага. Усё будзе добра.
Яна паводзіла сябе як добрая сяброўка, а насамрэч хацела пазбавіцца ад парушальніка спакою. Хлопец ведаў, што калі выйдзе, усе пачнуць перагаворвацца – хто такая Наста, чаму яе ніколі ніхто не бачыў, ці не выдумаў ён гэту гісторыю. Ён не асуджаў іх, бо сам быў такім жа – чалавекам, жыццё якога настолькі нецікавае, што любая навіна з лёсу іншага выклікае хіба што нагоду папляткарыць.
***
Тры гадзіны Максім гуляў па Нямізе, Траецкім прадмесці, старым горадзе. Хадзіў, слухаў клёкат чаек, сачыў за качкамі, якія біліся за кавалкі хлеба, шчодра насыпаныя ў раку дзяўчынкамі-падлеткамі.
Ён хацеў зразумець Лену, хацеў змагацца і адпомсціць за Насту і не ведаў як. Калі яны зробяць, як прапануе яго новая знаёмая – збягуць ад тройцы і раскажуць гісторыю ваўкоў так, каб дабро перамагло – што з таго? Хто перашкодзіць ім шантажыраваць наступнага апавядальніка? Белыя заваявалі палову планеты. І калі ён прагнецца зараз, то іх перамога стане канчатковай. А калі не, то яны перамогуць на некалькі тыдняў пазней. Любыя намаганні пойдуць прахам. Тройцу трэба перамагчы адзін раз і назаўсёды.
“Трэба перагаварыць з Ленай. Можа, у яе знойдуцца адказы на гэтыя пытанні?”.
***
Лена не сядзела без працы – прыбрала ў кватэры і пазакідвала ў пральню брудную адзежу, прыгатавала вячэру, заварыла травяную гарбату,.
– У мяне адчуванне, што ў госці мама прыехала. Цяпер можаш пасварыцца: “Вой-вой-вой, сыночак, як ты ў такім брудзе жывеш”.
– Сварыцца не буду. Што мне да таго – жыві, як хочаш. Але пакуль я буду жыць з табой, тут будзе парадак.
– У сэнсе, са мной?
– Максім, зразумей, я не пакіну цябе, пакуль усё не скончыцца. Мне сорамна, што ўсё так атрымалася. І я хачу быць побач, калі спатрэбіцца дапамога.
– Дзякуй, Лена! Але не трэба гэтага рабіць.
– Трэба. Гісторыя скончыцца і я сыду з твайго жыцця. А пакуль – трывай.
– Я шмат думаў пра твае словы… Ты маеш рацыю ва ўсім. Толькі я ўсё роўна баюся за сябе і родных. Таму не ведаю, што рабіць.
– Сёння нічога рабіць не будзем. Патрэбны час, каб усё прадумаць. Ды й трэба зразумець, як нам быць. Ці дастаткова будзе расказаць гісторыю так, каб шэрыя перамаглі? Я і сама мала што ведаю. Можа, Філіп змог бы дапамагчы. Але… дзе ён?
– Ён закладнік, а таму, верагодна, яго хаваюць у нашым сусвеце.
– Вось і добра. Можа, атрымаецца яго выратаваць. А зараз сядай есці.
Пасля яны доўга сядзелі за сталом і размаўлялі. Не пра ваўкоў – гэта тэма надакучыла абодвум. Лена распавядала, як цяжка было адаптавацца ў беларускай школе з цёмным колерам скуры. Дзеці не ведаюць спачування. Яны жорсткія каты, якім падабаецца глядзець на слабых, смяяцца з іншых, паказваць пальцамі.
Макс таксама спрабаваў успамінаць гісторыі са свайго дзяцінства. Яно было вельмі звычайным. Ні першага кахання, ні боек, ні ворагаў у ім не было. Таму ён больш маўчаў і падліваў Лене гарбаты.
Воўчы сон
Гаўл прачнуўся з галаўным болем. Учора яго некалькі разоў ванітавала, таму Акіра вырашыла не ісці адразу ў горад, а адпачыць да раніцы на беразе. Воўк здолеў падняцца на ногі і адчуў, што можа ісці самастойна. З зарасніку прыбегла каралева, трымаючы ў зубах мёртвага зайца.
– Трэба паснедаць і набрацца сіл.
– Акіра, я не буду. Частуйся адна.
– Гаўл, я не збіраюся зноў валачы цябе на сваёй шыі. А таму еж.
Яму стала сорамна. Учора ваўчыца тройчы выратоўвала ягонае жыццё, кожны раз рызыкуючы загінуць. А таму ён паслухаўся і адкусіў кавалак мяса.
– У мяне дрэнныя навіны, – ваўчыца была занепакоенай. – Нам нельга вяртацца ў горад. Ваш былы важак скінуў Грыка і захапіў уладу.
– Што? Як гэта адбылося?
– Не ведаю. Я сустрэлася са сваімі выведнікамі. Яны сказалі, што паўмёртвага Грыка выкінулі з горада разам з апосталам Вый-Кло. А маіх ваўкоў, якія дапамагалі на будаўніцтве сцяны і рова, сёння раніцай папрасілі сысці. Аўк сказаў, што не аддасць нам паляўнічыя надзелы.
– Акіра, я не ведаў, што так адбудзецца. Павер…
– Замоўкні, Гаўл. Я вельмі злая. Мне не патрэбны апраўданні.
– Атрымліваецца, усё скончана? Праз два тыдні, а можа і раней, прыйдуць белыя і пазабіваюць усіх? І за некалькі гадоў атрымаюць перамогу над усімі зграямі, з’ядуць нас…
– Вырашыў прызнаць паразу?
– Калі зграя падтрымала Аўка, то ў нас няма шанцаў. Грык забіты…
– Я не сказала, што яго забілі. Вый-Кло выратавалі яму жыццё. Да таго ж, сам Аўк, які шмат гаворыць пра традыцыі, парушыў іх падчас бойкі з важаком. Ён загадаў сваім сябрам, каб яны трымалі Грыка.
– Што? Гэта немагчыма. І ўсе маўчалі?
– Усе былі незадаволены тым, што згубяць часткі сваіх хвастоў, а таму заплюшчылі вочы. Аднак, прайшла ноч і шмат хто перадумаў. Зараз мы пойдзем да сяброў і вырашым, што рабіць далей.
***
Сярод сяброў былі апостал Вый-Кло, Грык, Сурта і, што вельмі здзівіла Гаўла, Аўчылак. Воўк, які ненавідзеў адзінца і не аднойчы збіваў у дзяцінстве. Усе казалі, што менавіта Аўчылак стане наступным важаком, бо ён быў самым моцным сярод маладых ваўкоў.
Грык ледзь трымаўся. Замест пярэдняй правай лапы ваўкі Вый-Кло прывязалі яму драўляную палку, якую назвалі “пратэз”.
– Вітаю вас, сябры-паўстанцы, – Акіра ўзяла на сябе правы галоўнай і ніхто ёй не пярэчыў. Сярод прысутных ваўкоў яна адна была уладаром зграі. – Сёння ж мы зробім так, каб Грык зноў стаў важаком Суу-Ардун. Думаю, усе разумеюць, што перамовы не дапамогуць. Мы заб’ём Аўка і ўсіх здраднікаў. І будзем верыць, што астатнія ваўкі не прыйдуць ім на дапамогу. Сутра, Аўчылак, які настрой у зграі?
– Не скажу за зграю, аднак ваўчыцы на баку Грыка. Ніхто з нас – ні старая, ні малая, не выступіць супраць, – Сурта была самай паважанай ваўчыцай Суу-Ардун. – Мы незадаволены рашэннем Грыка па Вый-Кло. Але ён – важак. На сходзе мы можам выказаць сваё меркаванне, але вырашае уладар. Калі б Аўк перамог чэсна, ніхто б не спрачаўся. Але ад пачатку было зразумела – Грык мацнейшы за старога.
– Мне не падабаецца Грык. Яшчэ менш мне падабаешся ты, Акіра, і ты – Гаўл. – Аўчылак ніколі не хаваў свае сімпатыі і намеры. – Але ў мяне ёсць вочы і вушы. Я чую, што кажуць ваўкі Алык-Ачын паміж сабой пра белых. І я бачу, што за апошнія некалькі дзён наша зграя ў вайсковым плане дасягнула такіх поспехаў, на якія нам спатрэбілася б шмат месяцаў. Мне падабаецца зброя Вый-Кло. Калі дзеля таго, каб авалодаць ёй, трэба адрэзаць кончык хваста, то можаце зрабіць гэта. Калі трэба пакланіцца Месяцу на небе, то я пагаджуся і на такое. Мае сябры, маладыя ваўкі, падтрымаюць ваша вяртанне. А сам я, калі можна, хачу паўдзельнічаць у вяртанні ўлады Грыку.
– Тое, што вы мне расказалі – вельмі добра. Вый-Кло, вы нам дапамажыце?
– Дзеля Месяца і святой справы мы зробім тое, што скажаш. Хай ты і не нашай веры.
– Добра. Колькі ў вас ёсць зброі?
– Катапульта і два лукі, мы ж не думалі тут з некім біцца.
– Гэтага хопіць. А браня?
– Толькі тая, што на нас.
– Здымайце ўсё. Без крыўды, аднак біцца будуць ваўкі з маёй зграі.
– Вядома, Акіра. Ніякай крыўды. Мы й самі добра ведаем, што ваўкі Ачын – лепшыя воіны.
– Выведка даклала, што да Аўка набліжаны дзевяць ваўкоў – усе старыя, але кожны можа біцца. Мінулым вечарам яны збіраліся разам ля асобнага вогнішча. Калі сёння адбудзецца тое ж самае, то гэта наш адзіны шанец. Апостал, ці здолеюць твае стралкі з сарака крокаў патрапіць з лука ў ваўка? Папярэджваю, страляць прыйдзецца ў прыцемках з лесу.
– З трыццаці крокаў гэта нескладана будзе зрабіць.
– Добра. Але пацэліць трэба так, каб яны альбо загінулі, альбо страцілі рухомасць. Пасля гэтага я, трое маіх ваўкоў, Гаўл, Грык і Аўчылак нападзём на астатніх.
– Акіра, – апостал быў занепакоены. – А Грык абавязкова павінен ісці? Яго стан далёка не добры. Ён вельмі слабы. Наўрад ці ён дапаможа.
Грык перапыніў апостала:
– Я пайду. Вый-Кло доўга жывуць не па воўчых законах і пра ўсё забылі. Каб вярнуць тытул важака, я сам павінен забіць Аўка. Так, Акіра?
– Мы таксама не жывём па вашых законах, але твая праўда. Так будзе лепш. Сурта ідзе, як сімвал падтрымкі ваўчыц, а Аўчылак – ваўкоў. І менавіта таму нас будзе сем. Мы ў меншасці павінны перамагчы васьмярых ваўкоў, каб астатнія зразумелі, што праўда за намі. Інакш я б і сто ваўкоў паклікала.
– У мяне ёсць пажаданне.
– Чаго ты хочаш, Грык?
– Аўка павінен забіць Гаўл. І я перад усімі прызнаю яго важаком.
– Непрымальна! – Аўчылак выскаліў зубы. – Я супраць.
– Аўчылак, ты сам расказваў, якіх поспехаў мы здолелі дасягнуць за апошнія дні. Не падманвай сябе і іншых – гэта зрабіў не я. Гаўл прапанаваў прасіць дапамогу іншых зграй, ён жа ішоў з імі на перамовы, ён перацягнуў на наш бок Ачын і Вый-Кло. А я ў адказны момант пашкадаваў Аўка, хаця падчас бойкі мог забіць яго. І ён ведаў пра маю слабасць. Таму не магу быць важаком, асабліва зараз, калі ідзе вайна.
– Добра, Грык. Але ты, Гаўл, ведай, калі мы пераможам белых, я першым выступлю супраць цябе і перамагу ў бойцы.
– Я згодны, Аўчылак. Калі мы абодва выжывем, так і будзе.
***
Аўк быў задаволены. На яго розум, абарончыя збудаванні, якія засталіся ад Алык-Ачын, надоўга стрымаюць белых. А калі нехта і праскочыць, яго лёгка заб’юць, стомленага і знямоглага. Стары воўк ведаў, што не ўсе ў зграі задаволены тым, як ён атрымаў перамогу над Грыкам і што пасля зрабіў – выкінуў яго з горада, а значыцца са зграі. “Нічога, пройдзе час, яны зразумеюць, што я ўсё рабіў дзеля іх. Калі б уладу атрымаў Гаўл, ніякай Суу-Ардун наогул не засталося б”.
У час вячэры ён зноў пайшоў да вогнішча сваіх сяброў, з дапамогай якіх адваяваў уладу. Хаця па традыцыі важак еў у адзіноце, каб не паказваць, што адасоблівае некага ад астатніх.
“Сёння яшчэ раз аддзякую сябрам і сяду да іх. Хай яны бачаць, што мы роўныя. А заўтра буду вячэраць асобна, як важак”.
Аўка турбаваў толькі Гаўл, які дагэтуль не вярнуўся. Быў шанец, што яго забілі, аднак… Нешта падказвала новаму старому важаку, што гэта не так. Пра гэта ж размаўлялі яго хаўруснікі:
– Калі вернецца, нельга яго блізка пускаць да зграі. Выведзем з горада ў лес, дзе ніхто не пабачыць, і загрызём.
– А зараз што, чакаць? Не, трэба камусьці выпраўляцца да ракі і чакаць яго вяртання. Дні тры. Калі не вернецца, то й добра. А калі вернецца, то там і забіваць трэба. Ніхто на сваіх і не падумае. Цела ў раку кінем.
– Добрая думка, – Аўку падабалася, што гэтыя ваўкі думаюць аб тым жа. – Так і зробім. Па чарзе будзем хадзіць і пільнаваць. А зараз…
Тут адзін з шэрых заекатаў, усхапіўся на ногі і адразу паваліўся. З яго спіны тырчалі дзве стралы.
***
Гаўл з ваўкамі выскачыў да Аўка і ззаду пачуў незадаволены рык Акіры – стралкі не дамовіліся ў каго цэліць і забілі толькі аднаго ваўка. Што за глупства – у Вый-Кло была лепшая зброя з усіх зграй, а ваяваць яны не ўмелі. З-за гэтага ім усямёх прыйдзецца біцца з дзевяццю ваўкамі. А ўлічваючы, што ён і Грык у дрэнным стане, а Сурта – слабая ваўчыца, бойка была ад пачатку няроўнай. Супраць іх будуць старыя, але моцныя і вопытныя ваўкі. У кожнага з іх у свой час быў шанец стаць важаком.
Аўк са сваімі сталі вакол мёртвага.
– Ты…
Гэта ўсё, што паспеў прамовіць важак Суу-Ардун. Акіра кінулася ў бойку. Урэзалася ў бок бліжэйшага ваўка, паваліла на зямлю і ўчапілася зубамі ў шыю. За ёй кінуліся астатнія. У атаку на Аўка, як і было дамоўлена, пайшоў Гаўл.
Акіра хутка расправілася са сваім сапернікам і білася з другім ваўком. Гаўл прайграваў. У яго з дзяцінства былі слабыя ногі, а хворая шыя не дазваляла вывернуць пысу для смяротнага ўкусу. Яшчэ і галава з учорашняга дня ніяк не праходзіла і перад вачамі ўсё круцілася колам. Аўк жа нават не біўся, а падсмейваўся над сапернікам, кусаючы яго ў бок і збягаючы ад чужых зубоў.
Акіра забіла другога ворага і кінулася на дапамогу Сурты. “Свайго” забіў і Аўчылак і цяпер біўся разам з ваўкамі Ачын. Грык дацягнуўся да шыі саперніка і перагрыз яе. Але зрабіў гэта коштам свайго жыцця. З яго распоратага жывата валачыліся кішкі. Ён паміраў.
З дзевяці прыхільнікаў Аўка у жывых засталіся трое. Двое здаліся і схілілі галовы, а адзін збег у лес. Аўк працягваў біцца з Гаўлам. У іх бойку ніхто не лез. Акіра вырашыла, што не будзе дапамагаць ваўку-адзінцу. І калі ён загіне – сама заб’е важака.
Гаўл адчуваў, што бойка спынілася, але не ведаў, хто перамог. Вочы залівала кроў і ён не мог адвесці іх ад саперніка, бо баяўся ўпусціць яшчэ адзін укус. Ён не ведаў, як перамагчы. Спрабаваў кідацца на старога, а той адступаў і атакаваў ззаду. Хітрыкамі прыманьваў ворага бліжэй і ўсё роўна не паспяваў схапіць зубамі блізкую шыю.