К книге
ЗграяСтраница 8
36%
Страница 8
8

Лена была доўгачаканым дзіцём, нарадзілася праз сем гадоў шлюбу, пайшла па кроках бацькоў і атрымала адукацыю хіміка. Імя ёй далі ў гонар бабулі, якая працавала чыноўнікам і “выбіла” для яе бацькі грамадзянства. Зараз яны ўсёй сям’ёй працавалі ў галіне прадуктаў харчавання.

Максім спрабаваў распавесці пра сваё жыццё, ды нічога не атрымалася. Гісторыя бацькі-алкаголіка, айчыма-донжуана ды маці-тырана не паходзіла на сямейны эпас. Дый чаму яго назвалі менавіта так, не ведаў.

Калі цыкорыя з гарбатай былі выпітыя, а гісторыі асабістага жыцця расказаныя, Лена падышла да мэты свайго візіту.

– Прабач мяне. Калі б ведала, што ўсё так атрымаецца, абрала б іншага. Не чакала я, што ты будзеш супраціўляцца. Думала, раскажаш сваю частку гісторыі, атрымаеш узнагароду і ўсё.

– Ты ведаеш пра Насту?

– Ведаю і пра Насту, і пра Філіпа і пра іншыя твае прыгоды. Не, я не сню ваўкоў. У мяне на працы адпачынак, таму вырашыла пракантраляваць гэтых траіх – сачыла за табой з першага дня. Цікава было, як ты будзеш паводзіцца. Яшчэ раз прабач, што абрала цябе.

– Калі б не я, быў бы іншы. Я думаў, што адзін памятаю пра Насту, а ўвесь свет не ўспамінае пра яе існаванне.

– Відаць, людзі, якія былі апавядальнікамі, могуць бачыць і ведаць больш. Чаму ты наогул вырашыў супраціўляцца?

– Ды нічога я не вырашаў. Так атрымалася. Думаў схавацца ад іх у Насты, пераседзець некалькі тыдняў. Не падазраваў, што гэта настолькі сур’ёзна. Калі б ведаў, што ёй пагражае небяспека, ніколі б не паехаў. А пасля з’явіўся Філіп. Назваў сябе наглядальнікам, а сам і зрабіць нічога не змог. Не лепш за мяне. Калі б пацэліў, усё б было па-іншаму.

– Ён страляў у тройцу? Нічога б не змянілася, нават калі б пацэліў.

– Чаму?

– Я таксама не хацела паддавацца на іх прапановы, білася… Звярні ўвагу, у чарнявага не хапае на левай руцэ двух пальцаў – мая праца. А калі я трымала нож, яны баяліся блізка падыходзіць. Вырашыла кінуць яго, бо ў свой час прафесійна займалася дартсам. Нож увайшоў у грудзі лысага нібы ў воск па самыя тронкі. А ён і не заўважыў, выняў яго і ўсё.

– Не разумею, да чаго ты вядзеш.

– Мы можам пашкодзіць ім ці нават забіць. Але дзеля гэтага рука павінна трымаць зброю. Куля, што вылятае са стрэльбы, гэта асобны аб’ект, не звязаны з намі. Тое ж самае тычыцца і кінутага нажа. Прынамсі, мне падаецца, што ўсё так.

– На жаль, твае веды ўжо непатрэбныя. Наста памерла і перанесена ў іншы сусвет, Філіп у палоне і не ведаю, ці пакінуць яго жывым. А мае родныя ў небяспецы да таго часу, пакуль я не скончу гісторыю.

– Ты што, здаешся?

– Няма выйсця. Дачакаюся моманту, калі трэба будзе расказваць працяг, скажу што трэба. Тады яны сыдуць з нашай планеты.

– Як гэта, сыдуць?

– Я – апошні апавядальнік. Больш нікога не будзе, тройца сама пра гэта сказала. Філіп думаў, што гэта неяк звязана з паловай планеты. Быццам, калі белыя атрымаюць яшчэ адну перамогу, шэрыя ваўкі не змогуць іх спыніць.

– Разумееш, што тваё рашэнне азначае гібель шэрых ваўкоў?

– Мне ўсё роўна. Дзе тыя шэрыя, а дзе мы…

– Зразумей, калі-небудзь такія ж белыя ваўкі, ці хто іншы, могуць прыйсці на нашу планету. Яе лёс будзе залежыць ад некага іншага і калі ён…

– Лена, не будзем сварыцца. Позна ўжо. Час вяртацца ў сусвет ваўкоў за чарговай гісторыяй.

Дзяўчына глядзела на яго асуджальна.

– Не глядзі на мяне так. Сама магла выратаваць сваіх ваўкоў, калі б захацела.

– Так. Але я не здолела, прагнулася. Ішла да цябе і думала, што ты не такі.

– А я такі…

– Маеш рацыю. Я не маю права цябе судзіць… Максім, можна мне застацца на ноч у цябе? Позна дадому ехаць, ды й не аб усім яшчэ пагаманілі.

– Заставайся. Канапа вольная. Але мне рана ўставаць на працу…

– Нічога. Я люблю рана падымацца.

***

Максім расцяліў для Лены ложак, а сам лёг на канапе побач. Сон не ішоў, ён думаў пра дзяўчыну побач. Яна перажыла тое, што чакае яго ў будучыні – гібель сваёй зграі.

– Лена, ты не спіш?

– Не.

– Раскажы мне пра сваю зграю – Агыр-Санан. Якая яна была?

***

Гісторыя Лены пра ваўкоў

Зграя Агыр-Санан жыла ў камунізме. Не, не смейся. Памятаеш, як яго ўяўлялі нашы бабулі і дзядулі? Я як цяпер помню, прадзед расказваў, што ўсе марылі, як у будучыні ты прыходзіш у краму, бярэш усё, што табе трэба і ідзеш дадому. Ні грошай, ні талонаў будзе непатрэбна. А раніцай ідзеш на завод і працуеш – не за зарплату, а за ўсеагульнае шчасце. Каб ежа ў крамах не заканчвалася.

Агыр-Санан так і жылі. Яны навучыліся здабываць соль і такім чынам надоўга захоўваць мяса ды іншую ежу. Калі праз іх ішла міграцыя зуброў ці нераст нейкай рыбы, яны надоўга запасаліся ежай. І да наступнага сезону не зналі голаду. Дакладна не ведаю, толькі па размовам, у іх саляных шахтах захоўвалася столькі ежы, што хапіла б на некалькі год, нават калі б яны зусім перасталі паляваць.

Праблем з ежай была вырашаная. Усе свае сілы яны накіравалі на стварэнне ідэальная зграі. Збудавалі вялікі прыгожы горад, пачалі займацца навукай і пісаць кнігі. І, уяўляеш, у іх нават школа была. Усе малыя ваўкі тры гады павінны былі вучыцца – не толькі паляваць, але таксама пісаць, чытаць, сачыць за зоркамі, вывучаць жывёл.

Самае галоўнае ж – яны ўсе працавалі. Ніхто нікога не прымушаў. Раніцай усе дзяліліся на брыгады і ішлі займацца сваімі справамі. Нехта вучыў шчанюкоў, нехта – будаваў, нехта – паляваў. Усім знаходзіўся карысны для зграі занятак. Не працавалі толькі старыя, малыя і хворыя.

Кіраваў зграяй савет, у які ўваходзілі самыя паважаныя ваўкі: вучоныя, паляўнічыя, будаўнікі. Галоўнага сярод іх не было. Усе рашэнні прымаліся сумесна.

Агыр-Санан добра разумелі, што жывуць нашмат лепш за іншыя зграі. І хваляваліся за сваю бяспеку, бо за шмат гадоў залатога веку развучыліся біцца і ваяваць. Каб ніхто не даведаўся пра іх саляныя шахты, яны спынілі ўсе кантакты з ваўкамі іншых зграй.

Усе мае сны пра ваўкоў паходзілі на чароўную казку. У іх усё было добра. Засынаючы кожную ноч, я рыхтавалася да сустрэчы з героямі свайго ўлюблёнага серыяла. Сачыла, як нараджаюцца ваўчаняты, як спрачаюцца каханкі, як настаўнікі расказваюць вучням, быццам на месяцы таксама жывуць ваўкі. Гэтыя сны былі шчасцем у адрозненне ад тваіх, дзе ідзе падрыхтоўка да вайны.

Тройца да мяне таксама прыходзіла, сказалі што выканаюць усе мае жаданні, калі скончу гісторыю так, як ім патрэбна. Я ж адразу пагадзілася. Адносілася да гэтага як да вясёлай прыгоды. Сны мае яны таксама правяралі, як і твае. Не так часта, праўда – раз на тры-чатыры дні. Відаць, іх усё задавольвала.

Пра белых я нічога не ведала. Так, здараліся часам нейкія трывожныя ўрыўкі, дзе я бачыла кроў і адчувала страх. Лічыла, гэта урыўкі з палявання ці харчавання.

Шчасце доўжылася нядоўга. Белыя ваўкі прыйшлі з поўначы і, не сустракаючы супраціву, падышлі да сцен горада. Я ж гаварыла, што гэта быў цудоўны і вялікі горад? Яго сцены ўзвышаліся вышэй за дрэвы. Таму белыя не змаглі ўзяць іх наскокам. Пачалася аблога.

Савет зграі хутка зразумеў, што ваююць яны не са звычайнымі ваўкамі і перамагчы немагчыма. Але вырашылі змагацца да апошняга.

Белыя сотні разоў спрабавалі ўскараскацца па драўляных сценах, ды не змаглі. Таму зрабілі падкоп пад іх…

Лена замаўчала. Максім пачуў яе хуткае дыханне і здагадаўся, што яна плача. Гімн па радыё на кухні абвясціў пачатак новага дня.

– Астатняе ты ведаеш. Цяпер давай адпачываць.

Воўчы сон

Яшчэ напачатку сваёй місіі Гаўл вырашыў ісці да зграі Стыр-Калі ў апошнюю чаргу. Гэтыя перамовы былі самымі небяспечнымі з-за шматгадовых спрэчак. Мяжа тэрыторый двух зграй праходзіла па рацэ і доўжылася дзве тысячы хвастоў. Плынь ракі хуткая, а шырыня дасягае соцень хвастоў. У самым шырокім яе месцы знаходзіцца востраў. Ён густа парос лесам і, нягледзячы на невялікія памеры, там жыве шмат жывёл – трусы, птушкі, і нават дзікі. З-за гэтага вострава і былі спрэчкі. Пачалося з таго, што Стыр-Калі збудавалі да яго драўляны мост. І калі Суу-Ардун пабачыла на востраве чужых ваўкоў, пачала будаваць пераправу са свайго берага. Сустрэча на востраве двух зграй стала нагодай для вайны, якая цягнулася два гады. З абодвух бакоў загінулі сотні ваўкоў. Пасля было заключана перамір’е. Востраў прызнаваўся нічыім і ніхто не мог будаваць да яго мост.

Здавалася б – сварцы канец. Але ў сезон засухі рака рабілася настолькі плтыкай, што ваўкі час ад часу плавалі на востраў і палявалі. І калі раптам там сустракаліся шэрыя розных зграй, пачыналася бойка.

Сварка доўжылася больш за стагоддзе. Дзесяць пакаленняў ваўкоў паспела нарадзіцца і памерці з таго часу, як будаваўся мост. Таму перамовы са Стыр-Калі ускладняліся векавой нянавісцю. Гаўл вырашыў перадаць усе правы на востраў Стыр-Калі. І дазволіць ім збудаваць да яго мост. Гэта ўступка выкліча шмат незадаволенасці сярод ваўкоў Суу-Ардун і можа каштаваць Грыку тытула важака.

“А мне – жыцця”, – падумаў Гаўл. Аднак выйсця не было. Чым больш у іх будзе ваўкоў, тым больш шанцаў на перамогу. Ваўкі Ачын ужо ўдзельнічалі ў будаўніцтве сцяны, а іх выведнікі распавядалі, што белыя збіраюцца купкамі па дзесяць-дваццаць ваўкоў. Значыцца, часу заставалася мала.

Па дарозе да ракі Гаўл сустрэў дэлегацыю ад Вый-Кло, якія неслі з сабой некалькі лукаў і адну катапульту. Дэманстрацыя іх магчымасцяў дапаможа Грыку падчас сходу.

***

Гаўл у нерашучасці сядзеў на беразе ракі. На яго выклік ніхто не адказваў. Ды й наўрад ці яго пачулі – шум вады заглушаў гукі. А калі б і пачулі, выйшлі на бераг, як бы яны размаўлялі? Вяртацца назад таксама не хацелася – ён жа абяцаў Грыку, што перагаворыць з трыма зграямі.

– Так і будзеш на хвасце сядзець? – Гаўл азірнуўся і ўбачыў Акіру. Яна стаяла за яго спінай і сачыла за другім берагам. – Наўрад ці цябе пачуюць. А калі пяройдзеш мяжу, то і слухаць не стануць – адразу заб’юць.

– А што ты тут робіш?

– Я апошнія дні толькі тым і займаюся, што за табой сачу. Ты мне спадабаўся. Цікавы экзэмпляр.

Гаўл фыркнуў.

– Ты аб усіх ваўках гаворыш так, быццам яны нейкая прылада?

– Я і пра сябе так гавару. Мы жывём дзеля зграі. Нават такія адзінцы, як ты. Што будзеш рабіць?

– А ў цябе якія прапановы?

– Вяртайся назад. Ты патрэбны Грыку. Абыдземся і без гэтай зграі. З нашым войскам ды тэхналогіямі Вый-Кло…

Замест адказу Гаўл пабег уверх па плыні ракі. Акіра кінулася за ім. Ён спыніўся на беразе, калі апынуўся насупраць аднаго з канцоў вострава.

– Твая праўда, я не магу заходзіць на іх тэрыторыю. Аднак калі даплыву да вострава і паклічу адтуль, то мяне пачуюць. А на востраў яны прыйдуць, павер.

– Не даплывеш. Плынь панясе цябе да самага мора, у салёную ваду і ты загінеш. Не рабі глупстваў…

– Маё жыццё, ад самага нараджэння, і ёсць глупства. Можа Месяц, у якога вераць Вый-Кло, сапраўды існуе, і ён стварыў мяне менавіта дзеля гэтай бойкі з белымі ваўкамі?

Сказаў і скокнуў у ваду. Усімі лапамі ён гроб у кірунку вострава, а плынь зносіла яго далей. Акіра, не раздумваючы, кінулася за ім. Яна хутка нагнала Гаўла, зубамі схапіла за шыю і разам з ім паплыла да вострава. Іх адносіла далей і шанцаў на выратаванне рабілася менш.

“Дурны, дурны воўк! І я таксама дурная, навошта кінулася за ім? Хай бы гінуў. Такіх, як ён, забіваюць пры нараджэнні. Яны не патрэбны зграі”, – Акіра ганіла сябе, але не адпускала Гаўла. Хаця без яго лёгка б выратавалася.

“Яшчэ крыху і мы выратаваныя. Яшчэ крыху…”, – яны праплылі міма вострава. Далей яны альбо разаб’юцца аб камяні, альбо нап’юцца салёнай вады і памруць.

І раптам нешта спыніла іх. Плынь неслася міма іх, а Акіра з Гаўлам заставаліся на месцы.

– Чаму мы спыніліся?

– Рыбалоўная сетка. Відаць, Стыр-Калі пакінулі яе на рацэ пасля мінулага сезона засухі.

– І што далей? Яна не прызначана, каб трымаць ваўкоў.

– Глядзі на раку. Бачыш драўляныя калкі, на якіх нацягнута сетка? Яны ідуць да самага берага. А значыць…

– Сетка таксама нацягнута да самага берага.

– Так. Нам застаецца даплыць да яго.

***

На беразе змораны Гаўл упаў на зямлю. Лапы былі ў крыві, на шыі засталася рана ад зубоў Акіры.

– Ты дурань. Мог загубіць нас…

– А навошта ты скокнула за мной? Загінуць павінен быў я…

Акіра не ведала, што адказаць. Яна і сама не ведала, навошта зрабіла гэтак.

– Адпачні крыху і выклікай Стыр-Калі. Толькі не кажы пра мяне. Буду ўпотайкі сачыць за тваімі перамовамі.

– Добра, Акіра. І… дзякуй табе.

– Няма за што. Адплаціш пазней.

Яна знікла ў лесе.

***

Сход шумеў. Нават дэманстрацыя зброі Вый-Кло не выратавала Грыка. Ваўчыцы і ваўкі незадаволена паказвалі зубы. Ніхто не хацеў прымаць чужое вераванне, ды яшчэ і абразаць хвост.

Грык гаварыў, прыводзіў довады, але ніхто не слухаў. Нават Сутра, ягоная маці, злосна рыкала, калі глядзела на аднаго з апосталаў Вый-Кло. Важак казаў:

– Зразумейце, або мы саступім сваім традыцыям і атрымаем дапамогу ад ваўкоў іншых зграй, або загінем. Нельга жыць далей старымі забабонамі. Мы не ведаем, як створаны свет.

Яго не чулі. Гучней за ўсіх была купка старых ваўкоў разам з Аўкам. Яны стаялі ўсярэдзіне сходу і во ўсе глоткі завывалі: “Далоў важака”. І іншыя ваўкі, якія стаялі побач, далучаліся да іх. Калі гэтыя словы перакрылі астатнія, уперад выйшаў Аўк. Усе сцішылася, бо ведалі – ён збіраецца кінуць выклік Грыку.

– Важак, ты страціў наш давер. Паслухаў адзінца Гаўла, замест таго, каб слухаць мяне. І мы лічым, што ты павінен саступіць свой тытул.

– І што будзе з дамовамі?

– Твае дамовы непрымальныя. Алык-Ачын не атрымае тэрыторый, і мы не аддамо свае хвасты Вый-Кло. І што б ні паабяцаў Гаўл Стыр-Калі – гэтага не будзе. Саступі месца, стань адным з ваўкоў зграі.

“Можа, загінуць у зубах белых – наш лёс? – думаў Грык. – Я саступлю Аўку і ўсе шанцы на перамогу знікнуць. Але ж я абяцаў Гаўлу, што наступным важаком стане ён. Дык што б гэты самотнік зрабіў на маім месцы?”.

Предыдущая главаГлава 8 из 22Следующая глава