– Гэта не адказ.
– Мы не памятаем сябе сапраўдных. За час існавання мы захапілі тысячы сусветаў і забылі – які з іх наш. Дый якая розніца, калі ўсюды адчуваем сябе як дома? Прыйдзе час, і ваш сусвет, ваша планета стане нашай.
– А зараз размовы скончаны, – лысы зрабіў крок да Максіма. – Мы забіраем цябе з сабой.
– Так не пойдзе! – Філіп перавярнуў стол і нацэліў абрэз у твар лысага. – Сыходзьце, ці мы вас заб’ём.
Чарнявы пайшоў на Філіпа, і той стрэліў у лысага. Паміж імі было менш за два метры, прамазаць было немагчыма, але… Лысы знік. І пакуль адвакат агаломшана азіраў пустое месца, а Максім, аглушаны стрэлам, праціраў вочы ад парахавых газаў, лысы апынуўся ззаду, перакрываючы шлях да ўратавання.
– Мы не баімся вашай зброі.
Філіп не паспеў азірнуцца на голас. Да яго кінуліся чорны і белы, скруцілі рукі, павалілі на зямлю.
– Максім, пайшлі з намі добраахвотна і ўсё будзе добра. Мы пакінем Філіпа жывым, не будзем чапаць тваіх родных і сяброў. Твая частка гісторыі апошняя – раскажаш яе і ты нас ніколі не пабачыш.
– Да таго моманту, пакуль вы не прыйдзеце захопліваць маю планету.
– Так. Але гэта можа адбыцца праз тысячы, а то і мільёны гадоў. Час для нас ідзе па-іншаму. Ты паспееш састарыцца і памерці, як і твае дзеці. Ды што там – чалавецтва паспее састарыцца і сысці ў нябыт.
– Не слухай яго! – выкрыкнуў Філіп.
Бялявы моцна ўдарыў яго ў галаву і хлопец страціў прытомнасць.
– Максім, мы казалі праўду пра твой лёс. Можаш пайсці дабравольна, ці павалачом цябе сілай. Адрэжам рукі з нагамі, выкалем вочы. Будзем падтрымліваць жыццё, каб ты працягваў сніць ваўкоў. І ўвесь час ты будзеш адчуваць боль. А ў канцы, калі ты раскажаш тое, што нам трэба, мы дазволім табе памерці. І перад зыходам з тваёй планеты зойдзем у госці да важных для цябе людзей.
Максім стаяў у нерухомасці. Шанцаў на пабег не засталося. Можна кінуцца ў бойку без шанцаў на перамогу. За гэта яны заб’юць Філіпа і ўсіх, каго ён ведае. Ці пагадзіцца – і ўсё будзе добра. “Дый навошта мне здаліся тыя ваўкі? Гэта іх праблема – барацьба з белымі”.
– Добра, Лысы. Я згодны. Вядзі мяне.
– Мы нікуды цябе не павядзём, Максім. Ты вернешся дадому. Кожны дзень мы будзем прыходзіць і глядзець, што адбываецца ў сусвеце ваўкоў. Да таго часу, пакуль сны не скончацца. Тады мы скажам табе, што ты павінен расказаць новаму апавядальніку. А пакуль мы забіраем гэтага, – ён ткнуў ботам у Філіпа, – як гарантыю, што ты будзеш добра сябе весці.
– А міліцыя…
– Пакінь гэту справу нам. Хутка ніхто не ўспомніць пра існаванне той дзяўчыны. Гаспадар кватэры заменіць акно і будзе здаваць яе іншым людзям. Бацькі дзяўчыны павераць, што яе ніколі не было. А цяпер сядай на канапу і дазволь мне паглядзець твае сны.
***
Максім ачухаўся ў пустой хаце праз гадзіны праз тры. Галава не балела. “Відаць, прывыкаю”, – нявесела пасміхнуўся сам сабе.
Ён абшукаў хату, забраў абрэз і некалькі патронаў. Хацеў ісці дадому ды ўспомніў словы Філіпа: “Калі мяне побач не будзе – уцякай туды”.
Макс спусціўся ў склеп, знайшоў падрыхтаваныя ліхтарыкі, узяў адзін і пайшоў па вузкім, абложаным цэглай, праходзе. Прыйшлося нізка згінаць галаву. У канцы стаяла драўляная лесвіца, па якой Максім вылез.
У хаце, дзе ён апынуўся, даўно ніхто не жыў. Вокны адсутнічалі, а ў адным месцы абвалілася столь. Электрычнасці не было, аднак промень ліхтара хутка знайшоў незвычайна белы для гэтага месца ліст паперы на зямлі. Гэта было пасланне ад Філіпа:
“Максім, відаць, усё прайшло не так, як мы задумвалі. Значыць, мяне забілі, альбо хутка гэта зробяць. Што б ты зараз ні зрабіў, ніхто цябе не асудзіць. Можаш пагадзіцца на іх прапановы, выратаваць сябе і родных. Ёсць і іншы выхад. Кожная гісторыя жыве, пакуль жывы яе стваральнік. Ён сапраўды бог створанага ім свету. Калі ён памірае, цэлы сусвет, ваўкі там, хобіты ці людзі, атрымлівае свабоду. І ніхто не зможа на яго паўплываць.
Што тычыцца ваўкоў, то хлопчык Іван не проста стварыў гэты сусвет, але пасля смерці перадаў яго ў спадчыну Антонію. Такія апавядальнікі слаба могуць уплываць на іншыя сусветы, бо не з’яўляюцца іх стваральнікамі. Аднак, у нейкіх ключавых момантах, калі стаіць пытанне аб жыцці ці смерці, менавіта вы вырашаеце лёс гісторыі. Ты ўжо зразумеў, што другое выйсце, якое я табе прапаную – гэта смерць апавядальніка, а значыць твая. Не лайся на мяне, бо рашэнне прымаць павінен ты сам. І для аб’ектыўнасці павінен ведаць усе магчымасці.
P.S. Яшчэ адно. Мне не падабаецца, што яны так актыўна заняліся табой. Раней такога не было. Думаю, гэта звязана з тым, што белыя захапілі палову планеты. Магчыма, ты апошні апавядальнік, які яшчэ можа на нешта паўплываць. А пасля цябе іх нішто не зможа спыніць”.
***
Максім прыйшоў дадому і паваліўся ў ложак. Хацелася спаць, аднак ён ведаў, што як толькі закрые вочы, зноў пабачыць ваўкоў: Гаўла, Грыка, Акіру і іншых. Усіх, каго ён вырашыў прадаць.
Воўчы сон
– Яны адрэзалі табе хвост?
– Не адрэзалі, а абрэзалі крыху, самы кончык. Ва ўсіх ваўкоў іхняй зграі такія. Гэтага нават не заўважаеш, калі не звяртаць увагі. А некаторыя апосталы ў доказ сваёй веры наогул адмовіліся ад хвастоў і карыстаюцца вялікай пашанай у зграі.
– І ты хочаш, каб мы ўсе паабразалі хвасты і выконвалі нейкія абрады?
– Усё так, уладар. Калі б яны былі звычайнай зграяй з забабонамі, я б проста прыбег да цябе і сказаў адмовіцца ад супрацоўніцтва. Але ў іх ёсць зброя, якая будзе забіваць белых на вялікай адлегласці. Напрыклад, лук – уяві сабе палку, канцы якой сцягнуты жылай зубра. Гэтай жылай яны нацягваюць завостраную палку, а потым адпускаюць. Яна ляціць на сто хвастоў. А хуткасць такая вялікая, што лёгка заб’е ваўка. Ці яшчэ: у іх ёсць так званыя катапульты – драўляныя прылады, якія кідаюцца камянямі. Галоўнае ж не гэта. Яны ўмеюць рабіць браню для ваўкоў, аб якую зломяць зубы белыя.
– Зразумей мяне, Гаўл. Зграя не пагодзіцца на гэта, асабліва старыя ваўкі, як Аўк.. І калі сёння я скажу пра абразанне ды Месяц, у гонар якога трэба схіляць галаву, заўтра ж усе маладыя ваўкі зграі кінуць мне выклік, як важаку. Дый навошта будзе патрэбны важак, раз мы будзем жыць пад уладай нейкіх апосталаў?
– Яны абяцалі, што твая ўлада захаваецца. І дадаткова з’явіцца кола апосталаў. Іх справа – абрады, твая – астатнія праблемы зграі.
– Але ж апосталы будуць не нашы.
– Спачатку. А потым, калі мы здолеем навучыць сваіх ваўкоў, чужыя сыдуць.
Грык цяжка ўздыхнуў і лёг на зямлю.
– Ведаеш, Гаўл, з мяне дрэнны важак. Я хутка вырашаю лёгкія пытанні, з якімі на працягу стагоддзяў сутыкаліся іншыя важакі. Аднак зараз мне цяжка. Я разумею, што якое б рашэнне не прыняў, яно будзе дрэнным. Адмовімся ад дапамогі іншых зграй – загінем у бойцы з белымі. Пагодзімся – мяне самога заб’юць свае ж браты і сёстры.
– Не заб’юць. Не ўсе ваўкі падобныя да Аўка. Сярод іх шмат разумных. Яны пабачаць, што твае загады добрыя.
– Так. Сто ваўкоў пабачаць, а дзесяць кінуць выклік.
– Не кінуць, калі ты адмовішся яго прыняць.
– Што? – Грык узняўся на ногі. – Як гэта – адмовіцца ад выкліку?
– Хто сказаў, што ты абавязаны яго прымаць? Калі нехта кіне табе выклік – адмоўся біцца да канца вайны з белымі і ўсё. А пасля…
– А пасля мы можам і не дажыць. Пакуль цябе не было, Гаўл, я шмат думаў пра важака зграі. У такія часы ім павінен быць такі воўк, як ты. У цябе засталася апошняя зграя для перамоў. Пасля твайго вяртання я збяру сход і перадам табе тытул важака.
– Грык…
– Не спрачайся. Ты нас можаш выратаваць, а я – не. Важак павінен рабіць тое, што ідзе на карысць зграі. Цяпер пакінь мяне і ідзі спаць. Заўтра раніцай выпраўляйся да зграі Стыр-Калі. Мяне ж чакае сход ваўкоў, дзе трэба расказваць казкі пра Месяц ды ягонага брата Сонца.
***
Хата Грыка – самая вялікая ў горадзе Суу-Ардун. Калі б ваўкі маглі лятаць, то пабачылі б, што зверху яна нагадвае сняжынку – круглая, з шасцю промнямі. Кожны прамень – асобнае памяшканне: сталовая, кладоўка, шафа, прыбіральня, кабінет, спальня. На канцы кожнага променя – па адным акенцы. Каля аднаго з іх, таго, што выходзіла з кабінета, ляжаў Аўк. Яшчэ важаком ён заўважыў, што любы воўк можа такім чынам падслухоўваць яго размовы. А таму загадаў, каб на канцы кожнага з промняў стаяў ахоўнік. Перадаючы ўладу Грыку ён “забыў” расказаць пра гэту асаблівасць.
Прапанова Гаўла была непрымальная. Кланяцца Месяцу, абразаць хвасты, прагінацца пад чужымі апосталамі. Ды яшчэ Грык вырашыў перадаць уладу гэтаму адзінцу, які злёгку прадасць усю зграю іншым, падзеліць яе землі, а саму зграю прагоніць у пустэльню паміраць.
“Не, я гэта так не пакіну. Хай Гаўл заўтра сыходзіць да Стыр-Калі, якія ненавідзяць нас, як і мы іх. Думаю, там яго і заб’юць. А я займуся Грыкам, забяру тытул важака. Старыя ваўкі мяне падтрымаюць, калі даведаюцца пра ўсё”.
Калі ў кабінеце стала ціха, Аўк падняўся і пайшоў у лес, дзе яго чакалі сябры.
9.
Максім стаяў голы насупраць люстэрка і разважаў:
– Герой… З валасатымі нагамі і вялікімі стопамі. Замест прэса – піўное пуза. А рукі за жыццё не падымалі нічога цяжэй за ноўтбук. І твар… Герой павінен выглядаць прывабна, а лепш – быць сэкс-сімвалам. А я падобны да хамяка ў акулярах. Непрапарцыянальна вялікія шчокі, якія трэба галіць кожны дзень, інакш зарасту бы партызан. І зубы – два вялікіх разцы наперадзе, якія псуюць усмешку.
Максім падняўся ў сем раніцы, памыўся, з’еў яечню з двума бутэрбродамі і пайшоў на працу. З дзевяці раніцы да шасці вечара перапісваў свой блок праграмы. З калегамі не размаўляў, а кіраўніцтва яго не чапала. Ніхто не пытаў, чаму ўчора яго не было на працы.
“Тройца хавае сляды”, – нявесела падумаў Макс і ўспомніў Насту. Яе таксама “схавалі”. Ды так добра, што хлопцу здавалася, што ён і не ведаў такой дзяўчыны. З сацсетак зніклі яе старонкі, у нябыт сышлі асабістыя перапіскі. Пры спробе патэлефанаваць мабільны аператар паведамляў: “Калі ласка, праверце набраны нумар”. Удзень Максім насмеліўся патэлефанаваць бацькам дзяўчыны. Яны яго пазналі, паразмаўлялі і ніводнага разу не спыталі пра дачку. Дома залез на камп’ютары ў папку асабістае, дзе захоўваліся іх сумесныя фотаздымкі. Нічога не засталося.
“Як проста… Яны выдалілі чалавека з нашай рэальнасці. І яна знікла. Нібы і не было ніколі Насты, не было нашых доўгіх шпацыраў па Нямізе, не было пацалункаў пад дажджом і сэксу пад лесвіцай ва ўніверсітэце. А я, атрымліваецца, шмат гадоў не сустракаюся з дзяўчатамі. Наста…”
Максім заплакаў. Ён павінен быў злавацца, біць кулаком у сцены, клясціся помсціць за яе смерць. А замест гэтага сядзеў напалову голы за сталом і плакаў.
“Прабач, Наста. Я слабы, вельмі слабы. Думаў, пабачу твайго забойцу, не вытрымаю, кінуся ды рукамі адарву яму галаву. А што ў выніку? Сядзеў, нібы асталоп. Філіп хаця б нешта спрабаваў зрабіць”.
Максім хадзіў з пакоя ў кухню і назад. Есці не хацелася, спаць таксама. Ён чакаў гасцей. І чарговы раз вырульваючы з кухні ў пакой нават не здзівіўся, пабачыўшы там тры знаёмыя постаці.
– Прывітанне, Максім. Сядай на канапу.
З ім размаўляў толькі лысы. Белы і чорны стаялі ззаду і не чапляліся.
– Як вы гэта зрабілі? Як схавалі Насту?
– Мы не хавалі яе.
– Дык што з ёй стала? Чаму яе няма… нідзе. Быццам выдалілі.
– Раз у нас усталяваліся сяброўскія адносіны, я раскажу. У вашым сусвеце ёсць словазлучэнне “эфект матылька”. Калі нават малая змена ў адным месцы, напрыклад, узмах крылаў матылька, нараджае ў іншым месцы ўраган. Тое ж самае і са зменамі ў гісторыі. Калі б мы сапраўды некага выдалілі, увесь сусвет змяніўся б. Напрыклад, ты б яе ніколі не ведаў і, хутчэй за ўсё, пазнаёміўся б з іншай дзяўчынай. І, напрыклад, у вечар, калі ты знаходзіўся ў кавярні і табе расказалі гісторыю, ты б адпачываў са сваёй каханкай у іншым месцы. Усё б зламалася. І гэты сусвет стаў бы іншым.
– Дык што здарылася з Настай?
– Мы перамясцілі яе ў іншы сусвет.
– Як гэта? А памяць?
– Сусветы не звязаны між сабой. Яны існуюць у розных рэчаіснасцях. І калі ты вырашыў пакінуць свой сусвет, то павінен ведаць – усё, што ты пакінуў матэрыяльнага, пойдзе разам з табой. Нават клеткі адмерлай скуры. А вось тое, што ты зрабіў, у тым ліку з людзьмі, застанецца.
– А як жа вы?
– Шмат пытанняў. Захочаш – паразмаўляем у наступны раз. Зараз няма часу. Рыхтуйся.
Вялікія пальцы лысага дакрануліся да скроняў хлопца.
***
Макс ачомаўся на канапе і паглядзеў у столь. Трэба было класціся спаць і адпраўляцца па чарговую гісторыю ў свет ваўкоў. А заўтра зноў чакаць “гасцей”.
“І колькі гэта будзе працягвацца? Невыносна…”.
У дамафон пазванілі. Максім кінуўся да яго, спадзяючыся, што Філіпу ўдалося збегчы. Жаночы голас сказаў: “Пошта”. Макс інстынктыўна нажаў кнопку і адчыніў дзверы ў пад’езд. А паклаўшы слухаўку даўмеўся: “Ноч на вуліцы, якая яшчэ пошта?”. Накінуў халат і стаў чакаць пад дзвярыма. Праз хвіліну ў іх пастукалі.
– Хто?
– Сябар.
– У апошні час не верыцца мне ў сяброў.
– Гэта я, Лена. Мы сустракаліся колькі дзён таму.
Максім адчыніў дзверы. Там сапраўды стаяла цемнаскурая дзяўчына. Яна хутка заскочыла ў кватэру і сама зачыніла дзверы.
– Прывітанне, зменшчык.
– Прывітанне, апавядальніца.
***
Лена не піла гарбату, какаву і каву. Пагадзілася пачаставацца цыкорыяй, якая засталася ў хлопца ад Насты. Сам Макс каштаваў такі напой адзін раз у жыцці і з тых часоў зарокся піць нешта “тыпу кавы, толькі натуральнае”.
Дзяўчына адразу зняла ўсе пытанні пра колер скуры. Відаць, гэта турбавала ўсіх яе сяброў, таму яна расказвала сваю міні-біяграфію кожнаму.
Яе бацька прыехаў у Беларусь з Танзаніі ў часы Савецкага Саюза. Вучыўся на хімічным факультэце БДУ. Падчас вучобы пазнаёміўся з маці дзяўчынкі, а там каханне, спатканні, шмат начэй, праведзеных разам, і, неўзабаве, вяселле. У гэты час краіна “саюзных рэспублік” развалілася і афрыканец са сваёй маладой жонкай атрымалі беларускае грамадзянства.