– Я – Гаўл, саветнік важака зграі Суу-Ардун, што знаходзіцца на поўнач ад вас. І я прыйшоў прасіць дапамогі ў барацьбе з белымі ваўкамі.
– Мы чулі пра іх і думаем, што гэта казкі…
– Не, не казкі. Тыдзень таму яны былі на нашай мяжы. Яны не размаўляюць, а забіваюць шэрых ваўкоў. І ніхто не можа перашкодзіць ім. Бо яны большыя па памерах, мацнейшыя за нас… Адзіны выхад – аб’яднацца. Я заручыўся дапамогай зграі Ачын. І калі вы будзеце ваяваць разам з намі, мы пераможам захопнікаў.
Воўк-субяседнік змяніўся ў чарговы раз. Гаўла раздражнялі такія перамовы. Ён не мог вызначыць, хто з іх галоўны.
– Дзякуй, што прыйшоў да нас, Гаўл. Мы можам дапамагчы, і не толькі войскам. У нас вялікія поспехі ў вырабе прылад для забойства. Але… Мы не будзем дапамагаць нявернаму.
– Не разумею. Што значыць верны ці няверны, хто такі Прарок, чаму вы завяцеся апосталамі і дзе важак зграі? І чаму, урэшце, вы ходзіце вакол мяне і гаворыце па чарзе?
– Звычайна мы не распавядаем сваёй гісторыі няверным. Аднак, улічваючы, што цябе мог паслаць Месяц… Слухай.
Кола ваўкоў зрабіла крок у правы бок.
Гісторыя пра прарока
Сто дванаццаць гадоў таму мы былі звычайнай зграяй. Мы палявалі на трусоў і птушак, будавалі фермы, адганялі ад межаў іншыя зграі. У нас былі важакі, якія казалі што рабіць, судзілі нас. А раз на пяць-шэсць гадоў яны біліся з маладымі ваўкамі, каб даказваць, што яшчэ маюць права займаць сваю пасаду. Не будзем доўга распавядаць пра былыя часы. Ты і сам ведаеш, як жывуць зграі.
Усё змянілася сто адзінаццаць гадоў таму – нарадзіўся вялікі прарок. Гэты воўк быў непадобны да іншых. Як адарваўся ад матчынай цыцкі, ён днямі сядзеў у хаце і чытаў усё, што мог знайсці. Разварушыў нашы скураныя скруткі з гісторыяй зграі, схемамі пабудовы хат і ферм, запісамі традыцый. Іншыя ваўкі смяяліся з яго, бо прарок нават не ўмеў здабываць ежу. Выпраўляўся на паляванне, а вяртаўся з пустымі зубамі. А таму еў ягады ды яйкі птушак, якія робяць гнёзды на зямлі. Часам шанцавала і ён ласаваўся аб’едкамі ад абеду іншых ваўкоў.
Прарок схуднеў, вочы яго запалі глыбока ў чэрап. Над ім перасталі смяяцца, а сталі пазбягаць, лічыць дурным ваўком. І на кожным сходзе нехта прапаноўваў прагнаць яго са зграі. Утрымлівалі традыцыі – ніколі яшчэ за гісторыю не было ваўка, якога б мы выгналі.
Але час і знешнасць прарока зрабілі сваю справу. Прыхільнікаў выгнання з году ў год рабілася болей, а абаронцаў менела. Апошняй кропляй стала смерць важака. Ён памёр не ў бойцы з сапернікам, а з-за таго, што папярхнуўся косткай. І шмат маладых ваўкоў вызваліся ўдзельнічаць у спаборніцтвах на права стаць новым важаком. Бойкі ішлі тры дні. Сем ваўкоў было забіта, чацвёра – скалечана. Новы важак, малады і моцны, адразу сабраў сход і прапанаваў прагнаць Прарока. Зграя прагаласавала аднагалосна.
У той жа дзень ваўкі прыйшлі да яго і сказалі, каб ішоў, куды вочы глядзяць, што ён нам ад таго часу не брат. Прарок не чуў. Схіліўся над скурай, у зубах заціснуў пэндзаль і пісаў. Ваўкі зубамі схапілі яго за лапы і выцягнулі з хаты, працягнулі праз увесь горад і кінулі на дарозе. А Прарок быццам не адчуваў, што з яго цячэ кроў, не зважаў на нашы папярэджанні.
Яму зламалі заднюю лапу, а ён на трох пацягнуўся назад, у горад. І зноў ваўкі схапілі і выкінулі яго за сцяну. І так адзінаццаць раз Прарок падымаўся, а мы выкідалі яго з горада. Кожнага разу маладыя ваўкі былі ўсё больш нецярплівымі. Яны разумелі, што іх учынак – няправільны, а таму былі жорсткімі. Іх зубы ўсё глыбей пракусвалі скуру і мышцы Прарока.
На дванаццаты раз Прарок не падняўся. Так і ляжаў на дарозе, з павернутай да горада пысай. Лапы былі зламаны ў некалькіх месцах, хвост – адгрызены, выбіта вока. Ён усвядоміў, што не зможа ніколі вярнуцца да сваіх скур, у сваю хату і завыў на месяц. Усю ноч зграя не магла заснуць з-за выцця. І раніцай наш новы важак перагрыз Прароку горла.
Пяць гадоў пасля гэтага, пакуль нарадзілася і вырасла наступнае пакаленне ваўкоў, ніхто не заходзіў у хату Прарока. Яе лічылі праклятай і не заўважалі. Але якую моладзь спыняць забабоны старэйшых?
Шасцёра маладых ваўкоў прыйшлі ў будку Прарока, каб спаліць яе. Адзін з іх заўважыў стосы спісаных скураных скруткаў і пачаў чытаць, каб даведацца аб чым пісаў вар’ят. Разам з ім сталі чытаць і пяцёра іншых.
Сямнаццаць дзён яны выходзілі з будкі толькі паесці. Ад раніцы да ночы чыталі тое напісанае Прарокам. Выйшлі адтуль прасветленымі і сталі вучыць зграю мудрасці. Мы назвалі іх шасцю Вялікімі Апосталамі.
Са спісаных скур Прарока мы даведаліся, што ваўкі з’явіліся на зямлі не з ніадкуль. Нас стварыў Месяц. Кожны дзень ён са сваім малодшым братам Сонцам глядзіць на нас з нябёсаў – ці шмат зла мы робім, ці добра паводзімся са сваімі старымі, ці не забіваем больш жывёл, чым можам з’есці.
А пасля смерці добрыя ваўкі выпраўляюцца ўверх, каб жыць на Месяцы. А тыя ваўкі, якія за жыццё зрабілі больш зла, будуць жыць на распаленым сонцы. І да сканчэння часоў будуць бегаць па ім, каб не апаліць свае лапы.
Скруткі, у якіх была напісана гісторыя паходжання і жыцця ваўкоў, мы называем святымі. Але прарок пакінуў не толькі іх. Ён навучыў нас, як рабіць драўляныя даспехі, лук і стрэлы, катапульты і іншыя прылады. З іх дапамогай мы сталі непераможнымі. А як усвядомілі гэта, адразу знікла патрэба ў вайне. Навошта біцца з іншымі ваўкамі, калі ўпэўнены, што з лёгкасцю пераможаш?
Хутка ваўкоў, якія ўшаноўваюць Месяц і яго брата Сонца, унашай зграі стала больш, чым іншых. Таму яны сабраліся разам і забілі важака, таго самага, які перагрыз горла Прароку. Астатнія альбо далучыліся да нас, альбо назаўсёды пакінулі зграю. Уладу ў свае рукі ўзялі адзінаццаць ваўкоў у гонар адзінаццаці спроб, якія рабіў Прарок, каб вярнуцца дахаты. На пачатку ў іх лік уваходзілі і шэсць Вялікіх Апосталаў.
***
Падчас гісторыі пра прарока кола з ваўкоў зрабіла адзін абарот і насупраць Гаўла стаяў той самы апостал, што ў самым пачатку размовы.
– Цяпер зразумеў? Мы лічым астатніх ваўкоў, якія не ведаюць пра Месяца ды ягонага брата Сонца – нявернымі. Іх час яшчэ не прыйшоў. Але хутка ў кожнай зграі з’явіцца свой прарок і навучыць яе мудрасці.
– Дзякуй за гісторыю. І яшчэ раз звяртаюся да вас, апосталаў. Ніводнага прарока ніколі не з’явіцца ў іншых зграях, калі белыя знішчаць іх. Яны заб’юць кожнага і нават Месяц не выратуе іх.
Апосталы сцішыліся. Таксама ціха было і ва ўсім горадзе. Гаўл пачуў, як ваўкі пераказваюць яго словы тым, хто дрэнна пачуў.
Кола перайшло.
– Гаўл, ты і не ведаеш, што ў другі раз паўтарыў словы прарока з яго апошняга скуранага скрутка. Ён не паспеў яго дапісаць, бо быў забіты. У гэтым апошнім скрутку Прарок расказвае пра апошнія часы шэрых ваўкоў. Піша, што хутка прыйдзе час і з нябёс прыйдуць іншыя ваўкі, якія заб’юць усё жывое. А выжыць змогуць толькі тыя, хто даведаецца пра Месяц. Апошнія словы, якія ён напісаў: “Яны заб’юць кожнага і нават Месяц не выратуе няверных ваўкоў”. Цяпер мы ўпэўнены, што цябе даслаў да нас сам Месяц. І словы твае – папярэджанне.
Кола зрабіла абарот.
– Мы дапаможам, бо такім чынам выратуемся самі.
– Аднак?…
– Не разумеем цябе, Гаўл.
– Заўсёды ёсць нейкія ўмовы.
– Так, умовы ёсць. Тычацца яны цябе, усіх Суу-Ардун і Алык-Ачын.
– Я магу гаварыць за сябе і Суу-Ардун. Аднак Ачын не стане слухаць мяне ці вас.
Кола перайшло.
– Добра. Гэтага дастаткова. З Алык-Ачын разбяромся пазней. У нас адна ўмова: ты, а потым і ўся твая зграя, павінны прызнаць Месяц і яго брата Сонца. І гэта павінна адбыцца да бойкі з белымі, бо толькі так можна перамагчы. Так пісаў Прарок. За гэта мы перададзім усе свае веды, якія захоўвалі дзесяцігоддзямі.
8.
Макс сядзеў на ложку і ўспамінаў сны пра ваўкоў. З кожным разам яны рабіліся больш складанымі і падрабязнымі. Цяпер гэта была не проста лінейная гісторыя. У адным сне хаваўся іншы. Ён то бачыў ваўкоў зверху, нібыта з дрона. То ўлазіў у галаву аднаго з іх і глядзеў на свет ягонымі вачамі, потым сягаў глыбей, у тую гісторыю, якую расказвалі самі ваўкі і перажываў яе. А часам замест вобразаў сніў гукі ды пахі. І яны былі настолькі разнастайнымі, што расказвалі больш, чым вочы. А аднаго разу хлопцу падалося, што ён бачыць тых самых белых ваўкоў, якія дажыраюць мяса забітых шэрых. І ежы застаецца ўсё менш.
Пра гэта ён за сняданкам і спытаў у Філіпа.
– Максім, часам я бачу тыя ж сны, што і апавядальнікі. А часам не.
– Кожны з вас паступова мог усё глыбей паглыбляцца ў свет ваўкоў. Не здзіўляйся гэтаму. У канцы сваёй гісторыі на кароткі час ператворышся ў іх бога..
– Бог… А той хлопчык Іван хто тады?
– Ён – стваральнік. Між іншым, памятаеш, як пачала свой аповед Лена?
– Хто?
– Лена… Цемнаскурая апавядальніца, якая перадала гісторыю.
Максім без праблем успомніў, бо тыя словы нібы выдрукавалі перад яго вачамі.
– “Сусвет бясконцы, і існуе бясконцая колькасць іншых бясконцых сусветаў. І ў адным з іх, які вельмі падобны на наш, самымі разумнымі жывёламі сталі ваўкі”.
– Так. А ведаеш легенду: “Аднойчы Чжуанцзы прыснілася, што ён – матылёк, які атрымлівае асалоду і не ўсведамляе, што ён Чжуанцзы. А калі ён прачнуўся, вельмі здзівіўся таму, што ён – Чжуанцзы і не мог зразумець: ці снілася Чжуанцзы, што ён – матылёк, ці матыльку зараз сніцца, што ён – Чжуанцзы ?!”
– Да чаго ты гэта расказаў?
– Нашы думкі ствараюць сусветы. І думкі хлопчыка Івана стварылі сусвет ваўкоў.
– Хочаш сказаць, калі я зараз падумаю пра планету-бардэль, яна з’явіцца?
– Гэтага мала. Трэба не думаць, а верыць. Так, як у гэта верылі Іван ды Антоній.
– Дык што, паралельныя сусветы ствараюць дзеці і дурні, якія сапраўды вераць у іх існаванне?
– Пэўна, так.
Макс на хвіліну замаўчаў. Ён думаў, як адносіцца да такой мадэлі пабудовы свету.
– Глупства. Недзе што, існуюць сусветы “Уладара пярсцёнкаў”, “Вядзьмара” ці “Гульні тронаў”?
– Толькі калі ў іх нехта сапраўды паверыў. А таму наконт тронаў ды героя Сапкоўскага я вельмі сумняваюся – гэта не дзіцячая літаратура. А хобіты з эльфамі і тролямі павінны існаваць.
– А чаму…
– Хопіць, Макс. Я і сам мала што ведаю і больш дадумваю, расказваючы табе казкі. Калі хочаш паслухаць мае тэорыі, давай пазней. Трэба рыхтавацца да сустрэчы.
– Думаеш, яны прыйдуць, каб забіць нас?
– Цябе дакладна не заб’юць. Ты патрэбны, інакш гісторыя скончыцца і ваўкі атрымаюць волю. Не пытай пра гэта, пазней распавяду. А зараз дапамажы.
***
Філіп скотчам прыляпіў пад стальніцу зараджаны абрэз, за пояс схаваў нож, тое ж самае прапанаваў зрабіць Максіму. У шкарпэткі паклаў напільнік. “Раптам нас схопяць і прыкуюць?”, – паясніў ён. Пад саколку, на жывот, адвакат паклаў тоўстую металічную пласціну і перадаў такую ж сябру.
– Не зручна, затое бяспечна. А цяпер дапамагай.
Разам яны адсунулі ад сценкі старую канапу, на якой гэтай ноччу спаў Макс. Пад ёй у падлозе было вечка.
– Гэта наш шлях адступлення. Там склеп, адкуль можна хутка дабегчы ў суседнюю хату. Мой дзед пабудаваў, каб незаўважна да палюбоўніцы бегаць. У бабулі ногі хворыя былі, дык яна ўніз не лазіла. Зараз у той хаце ніхто не жыве. Калі нешта здарыцца – уцякай туды. І бяжы ў шматлюднае месца. Яны, можа, і бессмяротныя, аднак паказваць свае магчымасці іншым не будуць.
Апошняе, што зрабіў Філіп – занавесіў вокны і зачыніў аканіцы. У хаце стала цёмна, як ноччу. Адвакат уключыў электрычнае асвятленне.
***
Тройца прыйшла ў сямнаццаць гадзін. Уперад выйшлі лысы і чарнявы. Бялявы стаў ззаду. Ён апіраўся на драўляны кій, а пры ўваходзе ў хату кульгаў.
За сталом сядзеў Філіп. Правая рука трымала прылеплены скотчам да нізу стальніцы абрэз, левая ляжала на каленях з нажом. Максім сядзеў за ім на канапе. Пры з’яўленні бялявага яго рукі сціснуліся ў кулакі.
– Мы прыйшлі па тваёй прапанове, Філіп. Што ты хочаш і навошта тут апавядальнік?
Як заўсёды, размову пачаў чарнявы.
– Правілы парушаны. Мы дамаўляліся, што вы не шкодзіце і не пагражаеце людзям. І што? Дзяўчына забіта!
– Мы прыносім прабачэнні. Гэта адбылося выпадкова. Вінаваты будзе пакараны.
– Як вы яго пакараеце?
– Вас гэта не тычыцца.
– У такім разе Максім сам вырашыць, які працяг будзе ў яго гісторыі.
– Гэта немагчыма, – у размову ўступіў лысы. – Ты называеш сябе назіральнікам і лічыш, што можаш судзіць нас. Але гэта не так. Мы самі вырашаем, як дзейнічаць. Гэты хлопец, Максім, апошні. Пасля яго мы знікнем. Твае сны скончацца, – ён паглядзеў на Максіма. – Змірыся, інакш мы будзем дзейнічаць жорстка. Ты нам наогул не патрэбны. Апавядальніка можна трымаць за кратамі, адрэзаць яму рукі з нагамі і чакаць. Павер, мы зможам зрабіць, каб ён расказаў патрэбны працяг.
– Не пужай. Хочаш размаўляць – забі бялявага.
Лысы засмяяўся. Ад гэтага гуку Філіп ледзь не нажаў курок.
– Вы дурні! Сядзіце тут, смелыя. І не ведаеце, хто мы такія.
– Дык скажы нам, лысы, хто вы?
– Ты завеш нас паляўнічымі за гісторыямі. Аднак нам не трэба гісторыі. Мы палюем на сусветы.
Максім падхапіўся.
– Філіп, я ведаю, хто яны. Гэта белыя ваўкі.
Бровы лысага палезлі ўверх.
– Вы ж белыя, так?
– Мы белыя ваўкі на планеце ваўкоў. Мы чорныя людзі на планеце людзей. Мы доўгія камяні на планеце камянёў. Мы ружовы колер на планеце колераў. Мы нішто на планеце ўсяго і ўсё на планеце нішто. Вашае разуменне… далёкае ад сутнасці сусветаў.
– У кожным сусвеце вы ператвараецеся ў дамінуючы від. І ў той жа час кардынальна розніцеся ад яго. Белыя ваўкі нашмат большыя за звычайных шэрых. А тут, на зямлі, вы сталі бессмяротнымі, не маеце крыві і, відаць, можаце шмат такога, што не пад сілу звычайнаму чалавеку.
– Усё так.
– Хто ж вы на самай справе?
Тройца маўчала. Упершыню за размову наперад пракульгаў бялявы.
– Нам не трэба пра гэта казаць. А калі і скажам, вы ніколі не зразумееце нас. Ваш розум на пачатковай ступені. Ды вось, на жаль, толькі такія істоты як вы здольны ствараць сусветы.