К книге
ЗграяСтраница 5
23%
Страница 5
5

– Для мяне ежа – галоўнае задавальненне ў жыцці. А калі перабіваць яе сур’ёзнымі размовамі, то і апетыт знікне. Навошта тады жыць?

А пасля прыйшлося прыбіраць са стала – посуд памыць, у хаце падмесці, смецце на вуліцу вынесці. Пасля гэтага задаволены Філіп сеў насупраць Максіма.

– Цяпер пытай.

– Ты хто? Тваё прозвішча Гаўл?

– Не, Гаўла я выкарыстаў, каб ты мне даверыўся. А так я сапраўды Філіп і адвакат. Калі ж ты пытаеш у сувязі з апошнімі падзеямі і тваімі сненнямі, то лічы мяне наглядальнікам.

– Што значыць – наглядальнік?

– Я не ўмешваюся і сачу, каб гісторыя ішла так, як выбіраюць людзі. Без прымусаў, пагроз і іншага.

– А калі яны грошы даюць – гэта не прымус?

– Не, канечне. У цябе ж свабодная воля – браць іх ці не.

– А якое ты маеш дачыненне да гісторыі? Табе таксама некалі расказалі пра ваўкоў?

– Не, ніхто мне нічога не расказваў. І не ведаю, чаму я звязаны з вамі. Ёсць апавядальнікі – такія, як ты. Яны расказваюць гісторыю. А ёсць я – чалавек, які з дзяцінства бачыць у сне іншых людзей і ваўкоў. Я да дваццаці гадоў не мог зразумець, чаму ўсім іншым кожную ноч сняцца розныя сны, а мне – заўсёды аднолькавыя. Маці цягала мяне і да псіхолага, і да псіхіятра, і да неўрапатолага, пакуль я не паразумнеў і сказаў, што незвычайныя сны скончыліся.

– Дык табе сняцца ваўкі?

– І ваўкі, і апавядальнікі. Можа, я б ніколі не зразумеў сваё прызначэнне, каб не сустрэў аднаго з апавядальнікаў у рэальнасці. А потым пазнаёміўся з тройцай.

Пры ўпамінанні аб іх па целе Максіма прабеглі мурашы.

– Хто яны?

– Цяжка сказаць. Упэўнены ў адным – яны не людзі. Для сябе я называю іх паляўнічымі на гісторыі.

– Ты іх не баішся?

– Не. Яны намагаліся страшыць, ды я дзедаву дубальтоўку дастаў і ўсё. З таго часу тройца мяне пазбягае.

– Мяркуеш, яны спужаліся? Мая дзяўчына…

Максім змоўк. Ён назваў Насту сваёй дзяўчынай. І зразумеў: увесь час, якіо яны не жылі разам, працягваў так лічыць. Гэта адкрыццё быццам цунамі накрыла яго, і хлопец заплакаў. Гора, насычанае чорнае гора затапіла ўсе іншыя пачуцці. Філіп не кінуўся суцяшаць, сядзеў і чакаў.

– Прабач. Я…

– Не хвалюйся. Я ведаю што значыць губляць блізкіх людзей. У сне я бачыў, што твая Наста зрабіла з белабрысым.

– На ім жа нават драпіны не засталося… Няўжо дубальтоўка іх спужае?

– Галоўнае, не як ці чым ты яго раніш, а хто гэта робіць. Паміж намі – тройцай, мной і табой ёсць сувязь.

– Значыць, я параніў белабрысага, калі выштурхнуў яго з акна?

– Упэўнены ў гэтым.

– Тады наступным разам я заб’ю яго.

– Наўрад ці ты яго пабачыш. Павер, яны баяцца цябе не менш, чым ты іх.

– Раскажы мне пра ваўкоў і воўчыя сны.

– У свой час. Спачатку паслухай іншую гісторыю.

Гісторыя пра апавядальніка

Хлопчык, назавём яго Іван, жыў у Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя. Якраз у тыя часы, калі дзяржава чамусьці вырашыла, што чалавек можа пражыць без ежы. А таму сілай забірала ўсё да апошняй бульбіны. Ды й зямля ў тых мясцінах была дрэнная – мала карыснага расло на ёй. Адзін бур’ян. Ён і выратоўваў вёску. Бо траву елі козы ды авечкі, а пасля давалі людзям мяса і малако.

Іван жыў з маці і дзедам. Бацька яго некалі прыйшоў у іх вёску разам з польскім войскам, згвалціў маці Вані. І ад гэтай кароткай сувязі з’явіўся на свет хлопчык. І з дзяцінства яго ўсе ненавідзелі.

Мама Вані да яго нараджэння лічылася першай прыгажуняй на вёсцы. Усе казалі, што яна пойдзе замуж за заможнага чалавека. Можа, нават у горад паедзе. І дзяўчына таксама верыла ў гэта. Аднак гвалт і нараджэнне хлопчыка ўсё змяніла. А таму маці ненавідзела свайго сына больш за іншых вяскоўцаў. Адзіным чалавекам, які любіў Ваню, быў дзед.

Колькі памятаў сябе, Іван быў пастухом у полі. Яму трэба было не столькі глядзець за жывёламі, колькі адпужваць ваўкоў. Рабіць гэта было няцяжка – бярэш дзве драўляныя, гладка ачасаныя пласціны і моцна б’еш адна аб адну. Гук атрымліваецца падобным на стрэл і ваўкі пужаюцца.

Кожную раніцу Іван падымаўся да ўсходу, а клаўся спаць пазней за ўсіх у хаце. Не дзіва, што аднойчы хлопчык не вытрымаў і, выгнаўшы авечак у поле, заснуў. Ачуняў праз чатыры гадзіны ад мужчынскіх крыкаў. Вялікая зграя галодных ваўкоў напала на статак і загрызла трыццаць авечак. Вяртанне дадому праз усю вёску стала для хлопца сапраўдным выпрабаваннем. Нехта пляваў у твар, іншы біў смярдзючай анучай, а адна старая выліла на яго памыі. Дома на хлопца накінулася маці, узяла дубец і біла яго па нагах і руках, прыгаворваючы:

– Лепш бы цябе ваўкі забралі і з’елі. Нам бы менш ратоў карміць і вёска вольна б уздыхнула. Каб ты здох, нягоднік. Скажу старасце – хай прагоніць цябе з вёскі.

Адступіла яна, калі ад біцця яе рука знямела. Іван ляжаў на падлозе і плакаў. Не столькі ад болю, колькі ад невыносных слоў.

– Ціха, Ванечка, не трэба плакаць. Жыццё пераменлівае. Сёння яна цябе б’е, а заўтра палюбіць. Хадзем лепш да мяне – раскажу казку.

Дзед пагладзіў хлопца па галаве, падняў на руках і аднёс у ложак.

– Не плач, Ванька. Во бяда – ваўкі авечак пагрызлі. Ды колькі я жыву, года не было, каб шэрыя кагосьці не загрызлі. Людзі галадаюць і ваўкі таксама. Мы хочам жыць і яны Хочуць. Але калі малое ваўчаня не здолее забіць вялікага зубра, ніхто з роднай зграі не будзе кусаць яго за гэта.

Слёзы высахлі на шчоках Вані, ён уважліва слухаў дзеда.

– А ты бачыў нашага старасту? Да кіраўніцтва з горада ліслівы, нібы парасё ў маці цыцку выпрошвае. А як да сваіх адносіцца? Слова добрага не пачуеш! Ды й які з яго кіраўнік? У мінулым годзе адмовіўся збожжа купляць, якое можа на нашых землях расці. Сказаў: “І так пражывём”. Ён то пражыве, а мы – не. А сярод ваўкоў у зграі важаком становіцца заўсёды самы моцны і самы разумны. Той, хто ведае, як і дзе паляваць, куды ісці, каб паляўнічыя цябе не злавілі. Такім павінен быць сапраўдны кіраўнік. Не тое, што ў нас.

– Дзед, атрымліваецца, ваўкі лепшыя за людзей? І жывецца ім лепш?

– Не ведаю, унучак. Я ж ніколі сярод ваўкоў не жыў.

– А што б яны зрабілі з такім, як я… “непажаданым”?

– “Непажаданым”… Маці навучыла так казаць? У шэрых няма чужых ці сваіх ваўчанят. Калі ты нарадзіўся ў зграі, то ўся зграя – твая сям’я. Ніхто не будзе шукаць – хто твой бацька, а хто маці. У ваўкоў усё проста – калі ты са зграяй, цябе будуць любіць.

Ваня працягваў заставацца пастушком і трываць здзекі аднавяскоўцаў. Аднак, з таго дня ён не звяртаў на гэта ўвагі, бо стаў уяўляць на месцы аднавяскоўцаў ваўкоў. Сядзе ў траве, трымае драўляныя пласціны ў руках і думае: “А што б было, калі б замест людзей паўсюль жылі ваўкі? Якія б законы ў іх былі? Як бы яны размаўлялі?”. І сам адказваў на гэтыя пытанні. Так, павольна, у галаве хлопчыка ствараўся ваўчыны свет. Насамрэч, ваўкі Вані мала паходзілі на сапраўдных, жывых ваўкоў. Уяўленне хлопчыка пра іх было складзена з фантазій і аповедаў дзеда.

Хутка ў Івана з’явіўся і лепшы сябар – Антоній, мясцовы дурань, над якім смяялася ўся вёска. А любімае захапленне старасты вёскі –падпальваць адзежу Антонія і глядзець, як той дурасліва бегае і збівае агонь рукамі. Увесь час дурань пасміхаўся, нават калі яго білі.

Аднаго разу Антоній прыйшоў на поле, дзе пасвіліся авечкі, і сеў каля Івана. Той пабачыў ваўка і ляснуў пласцінкамі. Дурны спужаўся і хацеў збегчы, ды хлопчыку стала сорамна. Ён спыніў яго, пасадзіў каля сябе і расказаў гісторыю пра ваўкоў. І тады Антоній стаў прыходзіць кожны дзень і слухаць аповеды хлопчыка.

Чым старэйшы рабіўся Іван, тым больш часу праводзіў не ў вясковай рэальнасці, а ў сваім уяўленні. Не, ён не здурнеў, проста паверыў сам, што ваўчыны свет існуе і туды можна збегчы. Таксама ў гэта верыў і Антоній, які ўсё слухаў і запамінаў.

Калі Івану споўнілася сямнаццаць, пачалася вайна, на якой ён і загінуў. Але свет ваўкоў застаўся жыць у галаве Антонія. Дурань мог дакладна ўспомніць кожную гісторыю Івана нават праз дваццаць гадоў пасля смерці свайго сябра.

Адной ноччу яму прысніўся ваўчыны сон. Усё адбывалася ў свеце, які стварыў Іван. Толькі гісторыі былі іншымі, новымі. І яны так захапілі старога Антонія, што ён імі вырашыў падзяліцца.

Так Іван стаў стваральнікам сусвету Ваўкоў, а Антоній – першым апавядальнікам.

***

– Ну, як табе казка пра хлопца, дурня і ваўкоў? Не, лепш назваць яе “Гісторыя стваральніка сусветаў”.

– Гэта праўда?

– Напэўна.

– Як гэта – “напэўна”? Ты што, усё выдумаў?

– Не. Я ж кажу: з дзяцінства бачыў сны. Нешта запомніў, дэталі дадумаў, частку выдумаў.

– А сам ты верыш у тое, што расказаў?

– Чаму б і не? Нашы думкі ствараюць сусветы, калі мы сапраўды паверым у свае фантазіі. Пра астатняе даведаемся заўтра.

– Дзе?

– Не дзе, а ў каго. Тройца прыйдзе ў госці.

– Што? Яны знайшлі твой дом?

Філіп пасміхнуўся.

– Ты не зразумеў? Ад іх немагчыма схавацца. Яны заўсёды ведаюць, дзе ты. Нават схавайся ты пад зямлёй у цынкавым бункеры, гэтыя лёгка да цябе прыйдуць. Таму я не стаў чакаць, а сам іх запрасіў.

– Яны прыйдуць сюды… Ты казаў, у цябе ёсць дубальтоўка…

– Не, зброю ты не атрымаеш. Аднаго, можа, і паспееш забіць, а астатнія збягуць і лёгка зарэжуць у сне цябе ці тваіх родных. Трэба быць асцярожным з тым, што не да канца разумееш. Абяцай, што не ўтворыш глупстваў заўтра.

– Буду старацца.

– Гэтага недастаткова. У мяне з імі дамоўленасць – яны не чыняць шкоды людзям і дамаўляюцца з апавядальнікамі. Да твайго з’яўлення ўсё было добра. А цябе ад пачатку моцна прэсавалі, ды яшчэ забойства… Трэба зразумець, што здарылася. Таму абяцай, што калі яны прыйдуць, ты будзеш сядзець і слухаць нашу размову моўчкі. Іначай сустрэчы не будзе. У мяне таксама ёсць сябры і родныя. Не хачу, каб іх жыццю нешта пагражала.

– Добра, я абяцаю.

***

Тройца сядзела ў парку і чакала. Іх целы выглядалі такімі ж мёртвымі, як і раней, а вочы свяціліся нецярплівасцю, страхам і гневам.

Воўчы сон

Гаўл спадзяваўся, што пасля зграі Ачын яго нічога не здзівіць. І памыліўся. Зграя Вый-Кло была самай маленькай на поўдні зямель Суу-Ардун – менш за трыста хвастоў. Можа таму пра яе ваўкоў рэдка расказвалі. Ды й мала хто сустракаў іх з цяперашняга пакалення.

Гаўл чакаў з вечара ўсю ноч. На ўсходзе з’явіліся пробліскі святла, калі ён пабачыў іх. Дванаццаць ваўкоў, на іх баках віселі драўляныя дошкі, а на шыях – бранзалеты з маленькіх вострых костак. Яны падышлі да самай мяжы, і Гаўл адчуў, што з лесу за ім сочаць яшчэ больш шэрых.

– Чаго трэба, воўк?

– Я прыйшоў размаўляць са сходам зграі. У мяне пасланне ад нашага важака, Грыка.

– Мы не будзем з табой размаўляць.

– Паслухайце, гэта вельмі важна. Ад нашай размовы залежыць бяспека зграі.

– Нам усё роўна, будзеце вы жыць, ці памраце.

– Не толькі мы, але і вы таксама. Гэта агульная небяспека для ўсіх ваўкоў.

– Мы не будзем з табой размаўляць. Бывай.

– Справа ў белых ваўках. Яны да ўсіх дабяруцца і ўсіх з’ядуць.

Дэлегацыя павярнулася спінамі да Гаўла і пайшла ў свой лес. І тады Гаўл кінуўся следам.

– Чакайце, вы не можаце прыйсці сюды і адмовіцца размаўляць. Гэта няправільна.

Ён хацеў дабегчы да ваўкоў, ды не паспеў – пачуўся глухі “шчоўк” і Гаўла рэзка падкінула ўверх. Ён трапіў у пастку і боўтаўся ў сетцы. Пад ім сабралася не менш за два дзясяткі ваўкоў, якія перашэптваліся між сабой: “Няверны парушыў мяжу”, “За такое – смерць”, “Заб’ём яго і выкінем на чужую тэрыторыю, каб усе ведалі”.

– Калі зараз мяне заб’яце, то ў будучыні загінеце самі.

Ваўкі сцішыліся, агаломшаныя яго словамі. Галоўны паглядзеў на Гаўла і кіўнуў галавой.

– Забіраем яго.

***

Да горада Вый-Кло Гаўла неслі звязаным за ногі і падвешаным уніз галавой на доўгай палцы. Калі праз дзве гадзіны яны дайшлі да месца, яму невыносна балела галава, а ногі анямелі. Гаўла не занеслі ў хату, а кінулі звязаным каля вогнішча, вакол якога ўтварылася кола з ваўкоў, апранутых у незвычайную адзежу – скуры жывёл з намаляванымі на іх незразумелымі сімваламі. Некаторыя насілі на галаве чэрапы зуброў, а восем з адзінаццаці былі без хвастоў.

– Развяжыце яго, – пачуўся загад, а потым той жа голас завярнуўся да Гаўла: – Няверны, ты парушыў святую зямлю Вый-Кло. Ніколі такога не здаралася. Ваўкі, у што б яны ніе верылі, не дазвалялі сабе парушаць традыцыі. І цяпер мы не ведаем, што з табой рабіць. Адны кажуць – забіць, іншыя – адрэзаць хвост, трэція – адпусціць з мірам. Скажы нам, адзінаццаці апосталам месяца, які лёс для сябе хочаш.

Гаўл спрабаваў трымацца на нагах, але нічога не атрымалася і ён лёг на зямлю.

– Ваўкі, мне трэба размаўляць ці з важаком, ці са сходам, ці з каралевай. У мяне навіна, якая патрабуе неадкладнага абмеркавання. Гэта пра белых ваўкоў.

– Няверны, ты не маеш права гаварыць, што хочаш. І мы не будзем слухаць казкі пра белых ваўкоў.

– Гэта не казкі. І калі нічога не рабіць, хутка пабачыце белых на свае вочы.

– Нас не пужае смерць. На месяцы нам будзе добра. Таму яшчэ раз пытаю – які лёс для сябе хочаш?

– Паважаныя прарокі, – у кола ўвайшоў адзін з ваўкоў, які нёс Гаўла да горада. – Мы б не неслі яго сюды, а забілі на месцы. Аднак ён прамовіў: “Калі вы зараз мяне заб’яце, то ў будучыні загінеце самі”. А гэта дакладныя словы прарока.

– Цікавыя рэчы ты гаворыш, каб няверны… Хто можа пацвердзіць гэта?

– Усе вернікі, што былі разам са мной.

Кола ўстала і зрабіла крок у правы бок. Насупраць Гаўла цяпер стаяў іншы воўк.

– Адкуль ты ведаеш словы нашага прарока, чужак?

– Я не ведаю ніводнага ваўка з імем Прарок.

– Прарок – не імя, а прызначэнне. Калі ты не ведаеш гэтага, то альбо выпадкова прамовіў тыя словы, альбо сам месяц паслаў цябе да нас. Што ты думаеш пра гэта?

– Думаю, што пагаджуся з любой прапановай, калі выслухаеце мяне.

Кола зрабіла яшчэ адзін крок у правы бок.

– Як цябе клічуць, воўк? Адкуль ты і што хочаш расказаць?

Предыдущая главаГлава 5 из 22Следующая глава