К книге
ЗграяСтраница 21
95%
Страница 21
21

– Усё?

– Так. І давай без падрабязнасцей. У мінулы раз табе расказалі пра шаснаццаць ваўкоў, якія нейкім чынам здолелі выратавацца. З-за гэтага Суу-Ардун добра падрыхтавалася да бою. Да чаго гэта прывяло, сам ведаеш. Таму, паўтаруся, без сваіх фантазій. Сёння ўвечары ідзі ў горад, выбірай любога чалавека і раскажы яму тое, што адбылося, і тое, што мы сказалі. Заўтра вернеш сваё жыццё.

***

Максім вярнуўся ў кавярню, з якой пачалася яго гісторыя. Сеў на сваё месца ў куце, замовіў каву і пачаў абіраць – хто ж з наведвальнікаў здольны супраціўляцца белым ваўкам. Ён здзівіўся, што Алена знайшла такі выхад з абставін – выдумала шаснаццаць выратаваных ваўкоў, ад якіх Суу-Ардун і даведаліся пра белых. Сапраўды, калі б не гэта, усё б вырашылася было зусім іначай.

Маладая рудавалосая дзяўчына, саракагадовы лысы мужык з піўным жыватом ці студэнт у акулярах? Не, ніхто з іх не падыходзіў для яго гісторыі. Трэба чакаць далей.

“А можа, плюнуць на ўсё? Падыду зараз да мужыка і раскажу ўсё, як ёсць. І як загадалі. Хай думае, як жыць далей”, – такія думкі апаноўвалі хлопца, але ён працягваў сядзець і чакаць.

“Шэрыя атрымалі перамогу. Яны зрабілі немагчымае. Перамаглі ў дзесяць разоў большае войска, у якім кожны воўк каштаваў мінімум пяцёра іхніх. Гаўл, Акіра, Арык, Апосталы, Аўчылак… Цікава было б даведацца, чаго б яны дасягнулі яшчэ, калі б не скончылася мая гісторыя. Можа, усе чатыры зграі ператварыліся б у адну вялікую, якая ведае пра нафту, порах, жалеза, са сваёй рэлігіяй, выведкай і рэгулярным войскам. А яшчэ калонія на іншым кантыненце. Упершыню ваўкі утварылі б зграю зграй, ваўчыную федэратыўную дзяржаву. А пасля яны б лёгка маглі аб’яднацца з іншымі зграямі. Шкада, што Гаўл і астатнія загінуць”.

У кавярню зайшоў высокі трыццацігадовы хлопец. Упэўнены ў сабе, высокі і моцны.

“Вось такі чалавек здолеў бы перамагчы. Сапраўдны герой, не тое што я. Яму і раскажу сваю гісторыю”.

Незнаёмец узяў піва і сеў за столік пасярэдзіне кавярні. Максім канчаткова абраў яго наступным апавядальнікам, але перад тым, як падсесці да яго, вырашыў апошні раз успомніць усіх, хто загінуў. Бо раптам падумалася, што пасля заканчэння гісторыі не здолее гэта зрабіць – яны знікнуць і з ягонай памяці.

Наста, дзяўчына, якую ён кахаў, але з-за маладосці не здолеў зразумець сваіх пачуццяў. Філіп – упэўнены ў сваім абранні хлопец, а насамрэч – звычайнае дзіця супадзенняў, які згубіў веру. Андрэй – дзіўнаваты мужык з вар’ятні, які збягаў ад сябе, а прыбег да смерці ў выглядзе Максіма. Грык – важак, які марыў кіраваць зграяй і нічога не вырашаць. Аўк – былы важак, які не здолеў забыцца на свае амбіцыі і загінуў з-за традыцый, якімі сам жа і апекаваўся. Сурта – старая ваўчыца-маці. Аўчылак – воўк, які біўся да апошняга. Да іх хутка далучацца астатнія – Гаўл з Акірай, Арык, Апосталы…

“Не трэба пра гэта думаць. Выйсця няма. Ну, раскажу я зараз, як шэрыя кінуліся наўздагон і пазабівалі ўсіх белых. А далей? Лысы прыйдзе да наступнага апавядальніка і скажа – раскажы, як аб’яднаныя зграі трапілі ў пастку і ўсе загінулі. З самага пачатку ідэя супраціву была дурная”.

Хлопец устаў з-за стала і падсеў да абранага чалавека. Той са здзіўленнем паглядзеў на яго.

– Прывітанне, мяне завуць Максім. І я хачу расказаць табе гісторыю пра ваўкоў.

– Што? Ты хто такі? Якія яшчэ ваўкі?

– Хачу расказаць. Адчуваю, што калі пачну, то не здолею спыніцца. Галава расколваецца ад гэтага жадання.

Раптам успамін, кароткі і яркі, быццам звышновая зорка, разарваўся ў розуме Максіма. Гэта было выйсце…

“Дзіўна, але я магу стаць героем. Сапраўдным, а не з нейкага міфа. На жаль, пра гэта не даведаецца ніхто з людзей, ні зваўкоў. Мой подзвіг застанецца толькі маім. Мабыць, і Алена не здагадаецца… І што з таго, калі я перамагу?”.

– Хачу, але не буду, – сказаў уголас Максім. Мая гісторыя застанецца са мной. Яе больш ніхто не пачуе і ніхто не зможа працягнуць. Калі ласка, скажы Алене, што мне шкада.

Максім схапіў са стала нож і рэзкім рухам глыбока уторкнуў сабе ў жывот. Рэзкі боль сцяў хлопца, пальцы знямелі. Неймаверным намаганнем ён пацягнуў нож ўздоўж.

На падлогу палілася чырвона-чорная кроў. Нехта закрычаў. Нечакана побач з’явіўся лысы мужык, паваліў самагубцу на зямлю, прыклаў свае рукі да раны і… знік.

***

Калі дзверы адчынілася, Алена чакала пабачыць там аднаго з тройцы, але там была пакаёўка. Яна здзіўлена паглядзела на дзяўчыну.

– А вы што, жывяце тут? Мне сказалі, што нумар вольны. Прабачце.

Алена не да канца зразумела, што здарылася, таму выскачыла следам, хутчэй да ліфта, на вуліцу. У яе не было ні грошай, ні тэлефона. Яна падбегла да першага сустрэчнага і папрасіла зрабіць адзін званок.

Праз трыццаць хвілін маці забрала яе дадому. Дзяўчына адшукала нумар Максіма, але яго тэлефон быў адключаны. Тады яна кінулася ў сеціва ў пошуках інфармацыі. І знайшла:

“Самагубства ў кавярні

Учора вечарам малады чалавек, апазнаны як Максім Строцаў, учыніў акт самагубства ў кавярні на вачах дзясятка людзей. Наведвальнікі спрабавалі выратаваць яму жыццё, але рана была несумяшчальная з жыццём. Ён памёр праз некалькі хвілін ад страты крыві.

Па словах аднаго са сведак, яго апошнімі словамі было “Папрасі прабачэння ў Алены”. Зараз следчыя органы спрабуюць высветліць асобу названай дзяўчыны”.

Далей ішлі каментарыі следчага і псіхолага. Алена не магла іх чытаць, схапілася за галаву і заплакала.

– Ты перамог. Ты зрабіў гэта…

***

Лысы ачомаўся ў лесе. Яго розум яшчэ не засвоіўся ў гэтым сусвеце і захаваў частку былых успамінаў. Ён зразумеў, што прайграў вайну. І хутка, праз некалькі гадзін, ператворыцца ў такую ж бязмозгую пачвару, як іншыя белыя ваўкі на гэтай планеце. А адзіным яго жаданнем і мэтай жыцця стане пошук ежы – мяса шэрых ваўкоў.

“Цікава, як кожны з сусветаў змяняе нашы асобы. Дзесьці мы цалкам разумныя істоты, можам размаўляць і думаць, а дзесьці, як тут, нам застаюцца адны інстынкты. І чаму мы ніколі не вывучалі гэты феномен?”.

Думкі хутка змяняліся на іншыя, больш простыя:

“Холадна тут. Трэба шукаць ежу, яна сагрэе. Шэрыя ваўкі – смачная ежа. Яны далёка. Буду шукаць іншую ежу, мяса. Шукаць ежу”.

Недалёка ад яго ў лесе з’явіўся яшчэ адзін воўк – з чорнай поўсцю.

Воўчы сон

Белыя ваўкі беглі на поўнач, яны пераскочылі роў, забраліся на вал і рушылі далей, у свой лес. Яны беглі ад бою зараз, каб адпомсціць пасля.

***

Пяць дзён пайшло на тое, каб пахаваць целы ўсіх ваўкоў. Значную частку закапалі ў рове. Ніхто не спрабаваў аддзяліць шэрых ад белых – у мешаніне з крыві і поўсці зрабіць гэта было немагчыма. Горад Суу-Ардун, раздаўлены сваімі ж сценамі, вырашылі не аднаўляць, а пабудаваць побач другі.

Савет ваўкоў, у які цяпер уваходзілі Гаўл, Акіра, Апосталы і Арык, збіраўся кожны дзень. Праблем было шмат – ад пошукаў ежы, да лёсу зграй. Апошняе найбольш хвалявала ўсіх і выклікала шмат сразмоў. Ежы не хапала, асабліва на землях Суу-Ардун, спустошаных не толькі белымі, але і шэрымі ваўкамі. Паляўнічыя выбіраліся на тэрыторыі Вый-Кло і Стыр-Калі.

У бойцы выжыла каля двухсот дарослых ваўкоў, і яшчэ каля сотні шчанюкоў і старых. Вельмі малая колькасць для сапраўднай зграі, таму ніхто не спяшаўся бегчы на сваю тэрыторыю. За апошнія два тыдні межы паміж асобнымі ваўкамі розных зграй і пахі цалкам сцерліся. Ваўкі з цяжкасцю адрознівалі “сваіх” ад “чужых”.

Значная частка жывых стала кланяцца Месяцу і брату ягонаму Сонцу. Асабліва пасля таго, як Апосталы сталі зачытваць скруткі Прарока. Нехта з вернікаў пры з’яўленні Гаўла нізка нахіляў галаву. Важаку гэта не падабалася.

***

– Арык, ваша зграя цяпер самая вялікая, але толькі таму, што позна прыйшла на дапамогу. І калі ты лічыш, што вы здолееце выжыць без нашай дапамогі, я цябе не трымаю.

– Я не гэта меў на ўвазе, Гаўл. Але твая прапанова… Недарэчна. Як ты гэта ўяўляеш? Іншыя зграі будуць смяяцца. А потым пачнуць ненавідзець. Ведаю, ты шмат традыцый парушыў, але гэта… На гэтым трымаецца ўвесь свет. Наш свет трымаўся на асобных зграях стагоддзі…

– А мы згодны з Гаўлам. Зграі павінны быць моцнымі. А гэта магчыма, толькі разам, – апошнім часам Апосталы кожнага разу былі на баку Гаўла. Складвалася адчуванне, што цяпер яны не сумняваліся, што ён абраннік Месяца. – Да таго ж, белыя могуць вярнуцца. Трэба рыхтавацца да гэтага.

– Мне трэба падумаць. Мае ваўкі…

– Арык, у цябе засталося сем дзясяткаў ваўкоў. Так, у вас ёсць караблі і жалеза, ёсць таямнічыя землі на ўсходзе. Аднак ты альбо пагаджаешся зараз, альбо назаўсёды сыходзіш з савета. У нас няма часу на спрэчкі. Зграі збянтэжаны і не ведаюць як жыць далей. Вырашай зараз.

Арык лёг на зямлю.

– Добра, Гаўл, я згодны.

***

Акіра маўчала. Гаўл лічыў такія паводзіны каралевы дзіўнымі, бо яна заўсёды выказвала свае меркаванні па самых розных пытаннях. А на гэтыя прапановы, мабыць, самыя важныя за ўсю гісторыю чатырох зграй, не сказала ні слова.

Дый аб чым яна магла гаварыць, калі сама прырода вырашыла за яе. Акіра насіла шчанюкоў Гаўла. Яна зацяжарыла яшчэ перад бойкай з белымі, але вырашыла пра гэта нікому не казаць – навошта, калі шанцы выжыць былі такімі малымі? А зараз ідэя Гаўла падавалася ёй лепшым выхадам са становішча.

Яна здзіўлялася сама сабе – за ўсё ранейшае жыццё ў яе ні разу не ўзнікала жадання стварыць пару з іншым ваўком. Гэта пры тым, што яна была не маладая, а Ачын патрабавалася новая каралева. Некалькі месяцаў таму Акіра вырашыла, што праз год зацяжарыць ад аднаго з моцных ваўкоў сваёй зграі. А потым з’явіўся Гаўл – воўк-адзінец з траўмаванай шыяй, нізкага росту, худы і слабы. З дзяцінства яна прывучалася пагарджаць такімі. Але яго розум, яго словы і дзеі загіпнатызавалі каралеву. Усё сваё жыццё яна жыла разам з хуткасцю і магутнасцю і ўпершыню сустрэлася з розумам. Гэта скарыла яе. Акіра нічога не магла парабіць з пачуццямі і першая зрабіла крок насустрач каханню, бо была ўпэўнена, што Гаўл ніколі не наважыцца на такі ўчынак.

Шчанюкі пасля нараджэння не будуць належыць зграі Ачын ці Суу-Ардун. Яны будуць новым пакаленнем, ваўкамі будучыні. Першымі са шматлікіх.

І калі абмеркаванні спыніліся, Акіра расказала савету пра цяжарнасць, чым выклікала новую хвалю спрэчак, у якіх стала ўдзельнічаць з заўсёднай жарсцю.

***

Ваўчыны сход па чарзе аб’явілі Гаўл, Акіра, Арык і Апосталы. Усе ваўкі, жывыя пасля вайны, з’явіліся і паселі вакол вогнішча, побач з руінамі разбуранага горада.

“А ваўкі сапраўды сталі верыць у Месяц. Але трэба адвучыць іх пакланяцца мне, інакш гэта перарасце ў нешта дурное. Нас засталося вельмі мала. Нават на сход Суу-Ардун збіралася больш ваўкоў, чым зараз на сход чатырох зграй. І невядома, як ваўкі ўспрымуць навіны. Можа, заб’юць нас і абяруць сабе чатырох сапраўдных важакоў”.

Першымі да сваіх звярнуліся Апосталы.

– Зграя Вый-Кло, мы перажылі самую вялікую бойку ў гісторыі ваўкоў. Месяц і брат ягоны Сонца задаволены нашым подзвігам. Мы выратавалі ўсіх ваўкоў. Нават няверных, якія яшчэ не прызналі сапраўдных уладароў сусвету. З важакамі зграй мы абмяркоўвалі, што рабіць далей. І адно з рашэнняў тычылася веры. Ад гэтага дня народжаным ваўкам будзе абразацца хвост, у знак пасвячэння ў тайну Месяца і Сонца.

Следам па чарзе выйшлі Арык і Акіра. Іх словы мала адрозніваліся. Яны пагадзіліся з усім, што сказалі Апосталы.

Важак Суу-Ардун, генерал вайны, казаў апошнім. З дапамогай незвычайнай прылады, якую выдумалі Апосталы, яго шыю падтрымлівала жалезна-драўляная прылада. Цяпер галава ваўка ніколі не апускалася.

– Ваўкі Суу-Ардун, Ачын, Вый-Кло, Стыр-Калі! Падчас апошняй бойкі мы з вамі сталі братамі. Таму ад сёння больш не існуе чатырох зграй. Іх назвы, іх тэрыторыі, іх традыцыі сыдуць у нябыт. Мы ўсе – новая зграя.

Узняўся шум. Ваўкі рыкалі і завывалі, снехта сварыўся. Цяжка было зразумець, каго больш – згодных з такім рашэннем, ці тых, хто супраць.

– Мы разумеем, што прапанова неверагодная. Ад самай пачатковай зграі ваўкі ніколі не аб’ядноўваліся. Зараз мы слабыя, але праз дзесяць год не будзе ў гэтым свеце больш моцнай зграі. Зброя, навука, вера, тэрыторыя – усё агульнае. Шмат ежы, моцнае войска і новыя, добрыя традыцыі. Такія, якія мы самі абяром. Калі нехта хоча сказаць слова, я слухаю.

Ваўкі сцішыліся, наперад выйшаў адзін з выведнікаў Ачын.

– А што стане з важакамі? Хто будзе галоўным?

– У нас не будзе важака. Кіраваць зграяй зграй будзе Савет. Апосталы будуць адказваць за веру, адукацыю, лекаванне і навуку. Акіра – за выведку, зброю і войска. Арык – за ежу, караблі і гаспадарку. А я – за законы, зносіны з іншымі зграямі і традыцыі. У будучым кожны воўк зможа ўвайсці ў склад Савета. Дзеля гэтага ён павінны даказаць сваю карысць для зграі.

Выйшаў другі воўк:

– А што з зямлёй?

– Я ж сказаў, усё будзе агульным. На тэрыторыі Суу-Ардун можа паляваць любы з вас, як і воўк з былой зграі Суу-Ардун зможа паляваць дзе захоча.

Ваўкі ціха перагаворваліся, тадывыказалася старая ваўчыца:

– Новая зграя, як яна будзе звацца? І ці змогуць ваўкі з розных зграй заводзіць шчанюкоў?

– Мы парушаем адну з векавых традыцый, калі зграі зваліся імёнамі ваўка і ваўчыцы, якія яе заснавалі. Цяпер мы Зграя Зграй. Што тычыцца другога пытання, то так – ваўкі вольныя абіраць любога партнёра па жаданні. І яшчэ – Акіра, каралева былой зграі Ачын, цяжарная ад мяне, важака былой зграі Суу-Ардун. Нашы ваўчаняты стануць першым пакаленнем, якое народзіцца ў новай зграі.

***

– Усё прайшло не так і дрэнна.

– Ты лічыш?

– Выведка даклала, што большасць пагаджаецца з ідэяй аб’яднання. Але амаль нікому не спадабалася назва Зграя Зграй.

– І як жа яны хочуць звацца?

– Гаўл-Акіра.

– Смешна. Ніколі не думаў, што маё імя ўвойдзе ў гісторыю такім чынам. Трэба забараніць гэта. Ты згодна?

– Яшчэ б! Зграя павінна звацца не інакш як Акіра-Гаўл.

Воўк паглядзеў на сваю каханую. Яе твар перасякала чорная абвязка, якая хавала згубленае вока. Праз нос праходзіла вялікая драпіна, некалькі шнараў перасякалі лоб, левы клык быў зламаны. Але…

Предыдущая главаГлава 21 из 22Следующая глава