К книге
ЗграяСтраница 20
91%
Страница 20
20

– Так, я за ўсю бойку нават крыві белых не паспрабаваў.

Акіра спынілася, разумеючы, што абразіла Гаўла. Яна апусціла галаву. У гэты момант белы воўк прабіўся са сцяны ўніз. Да яго кінулася некалькі шэрых, якіх ён лёгка раскідаў і памчаў на Акіру. Але не паспеў – яму ў бок пацэліла страла і прыбіла да драўлянай хаты. Драпежнік з усёй сілы рвануўся наперад, разарваўся жывот і вантробы вываліліся на зямлю. Яго моцы хапіла дабегчы да ваўчыцы. Белы разявіў пашчу, каб схапіць каралеву за нагу, ды не паспеў – Гаўл скокнуў і ўчапіўся ў яго гарляк, трымаў, пакуль вораг не ўпаў на зямлю.

– Вось і ты паўдзельнічаў у бойцы…

– Не. Я не здольны зрабіць нічога добрага зубамі ці кіпцюрамі. Але не дазволю, каб з табой нешта здарылася.

Акіра паказала зубы ў знак падзякі.

– Зразумей, у кожнага з нас свая роля. Я не спрачаўся, калі ты захацела біцца і кіраваць флангам. Але зараз твая мэта – зрабіць усё, каб ацалець. Бо без цябе наша перамога нічога не будзе каштаваць. Прынамсі, для мяне.

– Дзякуй, генерал. Прабач, што накінулася на цябе. У наступны раз я выратую тваё жыццё.

– Ты і так штораз гэта робіш, – ён крануўся сваёй пысай аднавокай пысы каралевы. – Часам я пачынаю верыць у казкі пра Месяц, асабліва калі пачытаў тэксты Прарока. Ён аднекуль ведаў пра з’яўленне белых і пра мяне з табой.

– Ого, і я там таксама ёсць? А мне падавалася, што там толькі пра выратавальніка.

– Не, не толькі. І там гаворыцца… Шмат цікавага пра цябе і мяне. Думаю, пасля заканчэння вайны нам трэба шмат што абмеркаваць.

– Добра. А што рабіць цяпер?

– Тое, што патрабуецца ад каралевы і важака – кіраваць абаронай горада. За табой Апосталы, а за мной – сцены.

Гаўл паглядзеў, як белыя ўсё большай колькасцю сягаюць на сцены. Адзін з шэрых не ўтрымаўся і перакуліўся на той бок. Пакуль яго цела разрывалі сотні пашчаў, напор на сцяну спыніўся.

– А вось і мой першы табе загад, Акіра: ідзі ў лякарню і даведайся, колькі мёртвых ваўкоў у горадзе.

***

Катапульты разбураныя, чораная вада скончылася, засталося восем лукаў – вельмі мала, каб імі трэба было камандаваць. Таму ўсе Апосталы лекавалі параненых ваўкоў і рамантавалі ўзбраенне. Паламаныя ногі перавязваліся з тоўстымі дошкамі, замест адгрызеных ставіліся штучныя. Цяжка параненых, з разадранымі жыватамі і шыямі, зашывалі. Часу на дапамогу ўсім не хапала. Яны хацелі як мага больш ваўкоў вярнуць на поле бойкі. Мёртвыя целы звальвалі ў адно месца і іх колькасць пераваліла за сотню.

– Апосталы, колькі ў вас мёртвых?

– Мёртвых? А хто іх лічыць – паглядзі сама на вуліцы каля вогнішча.

Ваўчыца глядзела на скалечаных ваўкоў, якія запаўнялі памяшканне. Кульгавыя, акрываўленыя, без ног і хвастоў. На зямлі побач з уваходам ляжаў вялікі воўк без нагі.

– Аўчылак? Ты жывы?

– Пакуль жывы. І хачу біцца, але не магу хадзіць.

– Апосталы, што з ім?

– Згубіў шмат крыві, пашкоджаны ўнутраныя органы. Доўга не працягне. Не сёння дык заўтра памрэ.

Аўчылак, які быў самым моцным ваўком Суу-Ардун пасля памерлага Грыка, сціснуў зубы ад злосці.

– Акіра… Выканай маю просьбу. Я не хачу загінуць тут, сярод раненых і нямоглых. Гэта не мой шлях. Калі паміраць, то ў бойцы. Дапамажы мне.

***

Гаўл сачыў за сценамі, змяняў стомленых ваўкоў на свежых. Калі бачыў, што белыя пачынаюць моцна насядаць на адзін з бакоў, накіроўваў туды дапамогу. Часу заставалася мала. Вярнулася Акіра.

– Гаўл, я размаўляла з апосталамі. Мёртвых у нас у шмат разоў больш, чым параненых.

– Добра, знайдзі моцных ваўкоў і скажы, каб раз на пяць хвілін скідвалі адно цела з кожнага боку сцяны.

– Навошта?

– Гэта спыніць націск. Хаця б на колькі хвілін. Пакуль ты хадзіла да апосталаў, загінула дванаццаць шэрых, чацвёра параненыя.

Акіра панеслася назад, а да Гаўла падышоў Арык.

– Генерал, у тваім горадзе так шмат ваўкоў, што цяжка знайсці сярод іх галоўнага. Асабліва з такой шыяй.

– Арык, не час шуткаваць. З чым ты прыйшоў?

– У мяне прапанова. Замест таго, каб бегчы невядома куды, можам пайсці да ракі. Там чакаюць мае караблі. Пераправімся на наш бераг і выратуемся…

– Не. Мы альбо пераможам белых сёння, альбо загінем.

– Гаўл, навошта паміраць…

– Бо ў нас не будзе іншай магчымасці.

– Але твая прапанова – гэта самагубства… Колькі ваўкоў засталося ў цябе і колькі белых чакае звонку?

– Дзве сотні супраць двух тысяч. Пакуль што. Я планую давесці гэты лік да роўных лічбаў.

– І ты лічыш, што зможаш перамагчы, калі супраць аднаго шэрага будзе біцца адзін белы?

– Так, я сапраўды ў гэта веру.

***

Шэрыя больш не маглі супраціўляцца белай навале. Усе, хто стаяў на сценах, былі параненыя і стомленыя. Не дапамагалі і мёртвыя целы, якія скідвалі зверху. Белыя цяпер не надта кідаліся на іх. Яны праглі свежага, жывога мяса.

Гаўл зразумеў, што чакаць далей няма сэнсу. Важак завыў, падаючы загад да апошняга адступлення. Другая фаза бойкі была карацейшай за першую.

Ваўкі пасунуліся за хату, у якой працавала лякарня. Там, прыхаваны лісцем, быў таемны ход, даўжынёю не менш за дзве тысячы хвастоў. Ён з’явіўся тут дзесяць гадоў таму, вырыты ваўкамі Ачын. Адзін з сакрэтаў выведнікаў Акіры – чаму яны пра ўсё ведалі першымі. Такія ж таемныя хады былі ў гарадах усіх суседніх зграй.

Па адным ваўкі пачалі сыходзіць з горада. Праход быў дастаткова вузкі для шэрага ваўка, а белы ніколі б не здолеў праціснуцца ўнутр. Гаўл з Акірай стаялі побач і сачылі, як праходзіць адступленне. Ваўкі на сценах працягвалі змагацца і паміралі. Яны цудоўна ведалі, што зграя пакінула іх на смерць.

Калі ў горадзе засталося два дзясяткі ваўкоў, Гаўл даў загад абаронцам сцяны.

Белая зграя, якую ніхто не стрымліваў, кінулася ў горад. Без роздуму яны ляцелі на зямлю і дахі, паміраючы, а жывыя кідаліся на іх зверху і так выжывалі.

Шэрыя, адступаючы, замкнулі кола, у цэнтры якога каля таемнага хода стаяў Гаўл з факелам, а побач з ім ляжаў Аўчылак. Калі белых стала зашмат і яны пачалі шчыміць шэрых, звужаючы кола, генерал скамандаваў:

– Час!

І кінуў факел на ледзь заўважны на зямлі шэры парашок, рассыпаны пад нагамі. Ён ярка заіскрыўся і невялікае полымя панеслася адразу ў некалькі бакоў да сцен. Гаўл, Акіра і ўсе хто мог ісці, кінуліся ў нару. Белыя, разрываючы жывых, наваліліся. Аўчылак перакусваў ім сухажыллі на нагах, колькі белых звалілася на зямлю. Адразу з дзясятак воргаў кінуліся на Аўчылака і разарвалі.

***

Белыя зубамі і лапамі, як маглі, пашыралі праход, каб лезці за сваёй ежай. З затуманеным розумам, яны маглі думаць толькі пра гэта і не заўважалі яскравыя агеньчыкі, якія несліся да драўляных скарбонак, зарытых у зямлю пад высокімі сценамі горада.

Шаснаццаць выбухаў скалыхнулі зямлю. Ваўкоў, якія стаялі побач з імі, разарвала на кавалкі. А пасля сцены абрынуліся на горад, пахаваўшы пад сабой сотні белых ваўкоў.

***

Апосталы называлі гэты незвычайны парашок чароўным пылам. Яго рэцэпт, як і шмат чаго іншага, вынайшаў Прарок. Апосталы доўгі час не ведалі, навошта ён ім патрэбны. Таму хавалі гэты сакрэт ад іншых зграй і рыхтавалі запасы.

З яго дапамогай Гаўл зрабіў самаробныя бомбы, якія выкарыстаў у сваёй апошняй пастцы для белых. Сцены горада павінны былі пахаваць пад сабою ўсіх ворагаў. Гэта было б вялікім поспехам.

Жывыя ваўкі, якія вылезлі з таемнага праходу, чакалі на мяжы тэрыторый Суу-Ардун і Ачын. Выведнікі Акіры даклалі, што ў жывых засталося больш за сотню белых. Яны гуртаваліся на руінах і жэрлі целы мёртвых шэрых.

– Нас удвая больш, чым іх. Трэба напасці зараз і перамагчы. Няма часу, каб чакаць наступнага моманту. Калі яны разбягуцца па лесе, то будуць куды большай небяспекай. Акіра, павядзеш нас у апошні бой?

– Так, Гаўл, куды ты, туды і я.

Побач з каралевай стаў Арык і сем жывых Апосталаў.

– Пайшлі.

Дзве сотні ваўкоў панесліся да былога горада Суу-Ардун. Яны беглі як мага хутчэй, марачы усё скончыць адной атакай.

На руінах нікога не было. Усюды валяліся целы мёртвых белых ды косткі з’едзеных шэрых ваўкоў.

– Каралева, дазволь гаварыць, – перад Акірай з’явіўся яе выведнік.

– Кажы.

– Белыя зжэрлі, што маглі, а потым нечакана хутка пабеглі назад, на поўнач. Яны ўсе сышлі, нікога не засталося. Нашы ваўкі сочаць за імі і хутка вернуцца з дакладам.

Акіра павярнулася да Гаўла.

– Ну што, важак, як ты лічыш – гэта перамога ці параза? Мы прымусілі іх бегчы з поля бойкі.

– Не ведаю пакуль, Мяркую, вайна не скончана. Мы не будзем у бяспецы, пакуль жыве хаця б адзін белы. Аднак у нас з’явіўся час. За гэта памерлі восем соцень нашых братоў.

17.

“Гісторыя скончана” – першая думка, якая прыйшла ў галаву Максіма, калі ён раніцай раскрыў вочы. Разуменне, што ён ніколі больш не пабачыць ваўкоў, стала адначасова і палёгкай, і горкай стратай. У нейкім сэнсе ён сам стаў ваўком у апошняй бітве, звыкся з думкай аб абавязковай прысутнасці шэрых у сваім жыцці.

“Цікава, і аб чым я павінен расказаць наступнаму апавядальніку? Белыя пераможаны, хай некалькі дзясяткаў з іх і ацалела. Аб’яднаныя зграі падрыхтуюцца і ўмацуюць абарону. Калі гісторыя і будзе працягвацца, то праз некалькі гадоў. Але… Навошта мне пра гэта думаць? Лысы скажа ўсё, што я павінны перадаць наступнаму апавядальніку. Як бы там ні было, у сваім свеце шэрыя перамаглі. А ў нас я прайграў бойку белым”.

Успаміны пра візіт лысага з тройцы змясціліся некуды на ўскраек падсвядомасці. Макс не памятаваў што ён гаварыў, акрамя таго, што Алене пагражае небяспека, а адзіны шанец выратаваць яе – пагадзіцца на ўсе прапановы тройцы. Ці, хутчэй, ужо двойцы. “Што ж ён мне дакладна казаў?” – хлопец намагаўся ўспомніць, ды не мог. Апошняе, што ўрэзалася ў памяць, як ён схапіў лысага за шыю.

Максім адкрыў вочы і паспрабаваў падняцца, ды не змог. Яго цела было прывязанае скуранымі рамянямі да ложка. Змянілася і палата – ён ляжаў у адзіночцы, святла з маленькага вузкага акенца пад самай столлю не хапала, над ім з непрыемным гукам вылучала мёртвы белы свет доўгая люмінесцэнтная лямпа.

– Гэй! Мяне хто-небудзь чуе?

Дзверы паходзілі на тыя, што паказваюць у фільмах пра турму – цяжкія, металічныя, з невялічкім акенцам, каб можна было сачыць за асуджаным.

На словы Максіма ніхто не адгукнуўся і ён крыкнуў гучней:

– Гэй! Ёсць тут хто-небудзь? Адпусціце мяне!

Пачуліся крокі, нехта паглядзеў у акенца і сышоў.

– Я вас чуў. Адчыніце дзверы. Навошта мяне сюды зацягнулі?

Ніхто не адгукнуўся. Максім спрабаваў успомніць абставіны ўчорашняга дня. Пасля абедзеннага прыёму лекаў ён быццам знік. У памяці засталася толькі размова з Лысым. Хлопец памятаў, як спрабаваў задушыць яго, але не ведаў, ці атрымалася.

Дзверы адчынілася. У палату зайшоў доктар.

– Вітаю, Строцаў. Думаю, да суда вы застаняцеся ў гэтай палаце, каб не нашкодзіць іншым хворым. Зараз зробім ін’екцыю і вы адпачняце.

– Не, доктар, не трэба! За што мяне сюды? Я нічога не памятаю.

– Не памятаеце? Ці ваш розум спецыяльна хавае гэты ўчынак? У любым выпадку, я не буду з вамі гуляцца ў добрага псіхіятра. Учора вы задушылі іншага хворага.

– Як задушыў? Каго?

– Андрэя Баранава. А цяпер ляжыце спакойна, ці будзе горш.

Доктар часткова аслабаніў левую руку Макса, знайшоў вену і заліў у яе вадкасць са шпрыца.

***

Максім не мог сказаць, колькі гадзін ці дзён правёў у забыцці. Калі ачухаўся, рамянёў на целе не было, а на ложку ляжала адзенне. Побач стаялі Лысы з Чарнявым.

– Апранайся. Зробіш апошнюю паслугу і будзеш вольны.

– Вы напішаце, што я павінен казаць?

– Гэта не трэба. Мы скажам, што павінна адбыцца ў тым сусвеце. А расказваць можаш любымі словамі. Галоўная ўмова: ты не павінен гаварыць пра нас наступнаму апвядальніку.

Макс апрануўся. Чарнявы працягнуў у яго бок руку.

– Дакраніся да мяне і мы перанясёмся ў іншае месца.

– Я хачу спытаць.

– Не будзе ніякіх пытанняў. Ты робіш тое, што мы кажам, і разам са сваёй дзяўчынай атрымоўваеш свабоду. Іначай яна памрэ, а ты на ўсё жыццё застанешся ў гэтай лякарні.

– Я забіў чалавека.

– Мы ведаем. Ты зрабіў гэта сам, пад лекамі. Мы ні пры чым. Дапаможаш, і гэты чалавек знікне з вашага сусвету, як зніклі іншыя. Ніхто пра яго не ўспомніць.

– Можна мне пагаварыць з Аленай?

– Ніякіх размоў. Часу мала.

– Альбо вы даяце мне магчымасць размаўляць з Аленай, альбо я раскажу тое, што захачу. Мне трэба ведаць, што яна жывая.

Лысы з чарнявым пераглянуліся.

– Добра. Ккраніся маёй рукі і перанясешся да яе.

***

Алена была забарыкадавана ў адным з самых шыкоўных нумароў гатэля. Два разы ў дзень чарнявы прыносіў ежу, але адмаўляўся размаўляць ці расказваць пра Максіма. І першае, што яна зрабіла, калі пабачыла апавядальніка – кінулася яму на шыю. Лысы, які стаяў побач, суха прамовіў:

– Даю дзве хвіліны.

– Максім, ты жывы. А я не ведала, што і думаць. Цябе адпусцілі з турмы?

– Хутчэй з вар’ятні. Цяпер усё будзе добра. Хутка ўсё скончыцца і мы атрымаем волю.

– Макс, не расказвай тое, што яны хочуць. Не трэба. Не думай пра мяне. Жыццё цэлага сусвету важнейшае за нас.

– Не магу. Шмат людзей загінула з-за мяне. Я хачу перадаць сваю гісторыю і жыць свабодным.

– Памерлыя людзі застануцца мёртвымі. Ты не зробіш ім горш ці лепш. І што ты скажаш пра тысячы ваўкоў, якія загінуць з-за тваёй згоды?

– Ваш час скончаны. Максім, дакраніся да мяне.

На кароткае імгненне хлопец апынуўся ў цемры, а потым вынырнуў у сваёй кватэры разам з лысым і чарнявым.

– Слухай і запамінай. Мы бачылі, што адбылося пасля бойкі аб’яднаных зграй з белымі ваўкамі. Тое, што зрабілі шэрыя – цуд. Яны амаль перамаглі. А таму наступнаму апавядальніку ты раскажаш, што праз дзень белыя ваўкі вярнуліся і лёгка знішчылі ўсіх шэрых са зграй Суу-Ардун, Алык-Ачын, Вый-Кло і Стыр-Калі. А напад быў настолькі нечаканым і хуткім, што ніхто не выжыў. Пасля гэтага белыя пайшлі на балота, забілі ўсіх шчанюкоў са старымі і спыніліся, каб чакаць дапамогі з поўначы.

Предыдущая главаГлава 20 из 22Следующая глава