– Акіра, якая ж ты прыгожая. Я кахаю цябе.
Ваўчыца паглядзела на Гаўла і ціха адказала.
– Я цябе таксама.
– Ведаеш, любая, я вельмі шчаслівы, што стану бацькам, бо з дзяцінства думаў, што такі воўк ніколі не спадабаецца ніводнай ваўчыцы.
– Ты ўпершыню назваў мяне каханай, Гаўл. Гэта нечакана і… прыемна. Я хачу ў цябе спытаць. Мы не абмяркоўвалі гэта на сходзе, і амаль не гаварылі на Савеце. Быццам баімся гэтай тэмы. Скажы, што рабіць з белымі ваўкамі? Мне не верыцца, што яны спыняцца.
– Мы зробім тое, што павінны. Адпачнём, а потым я пайду ў іншыя зграі на поўдні – дамаўляцца. Нам патрэбна дапамога. Мы не выстаім у такой колькасці. І калі дамовімся, не станем чакаць ворагаў на сваёй зямлі, а пойдзем у наступ.
– Ты… Ты сапраўды хочаш ісці на поўнач?
– У нас няма іншага выйсця.
– Ты неверагодны воўк.
– Не я, а мы разам. Усе зграі.
Яны ляжалі у маўчанні. Над імі свяціўся белы Месяц. Гаўл адчуваў цеплыню цела Акіры.
– У мяне такое адчуванне, быццам мне дапамаглі. Пасля перамогі я адчуў, што ўпершыню стаў свабодным. Быццам да гэтага моманту маім жыццём кіраваў нехта іншы, а не я сам. А цяпер мы самі вырашаем, як жыць далей.
Магчымы эпілог у іншым сусвеце
– Тата, а шэрыя перамаглі белых і яны больш не вернуцца?
– Я гэтага не казаў. Белыя адышлі на поўнач. Яны злыя і галодныя, хочуць адпомсціць.
– Але ў Гаўла ўсё атрымаецца? Ён жа здолее разам з іншымі ваўкамі забіць іх, перамагчы? А потым аб’яднаць усе ваўчыныя зграі ў адну вялікую? І раскажы, што там за таямнічыя ваўкі жывуць на іншым кантыненце, якія ведаюць пра жалеза. І як ваўкі пілуюць дрэвы?
– Шмат у цябе пытанняў. Пра ўсё раскажу заўтра. А цяпер адпачывай.
– Тата, пачакай. Апошняе пытанне, калі ласачка. Гэта праўда? Уся гэта гісторыя пра Максіма, пра ваўкоў, пра вайну?
– Яна будзе праўдай, калі паверыш у яе. Адпачывай. Заўтра я раскажу, чым скончыліся перамовы Гаўла з іншымі зграямі, хто жыве на другім кантыненце планеты ваўкоў і пра прыгоды Зграі Зграй на поўначы.
Мінск, лістапад 2019 – красавік 2021