– У нас не так шмат чорнай вады.
– Яна нам больш не спатрэбіцца. Уся, што ёсць, ліце на сцены. Калі што застанецца, то пасля зверху ўпрыгожым белую поўсць чорным. І таксама падпалім.
У будку зайшоў адзін з выведнікаў Ачын.
– Генерал, вогнішча затухла. Белыя ідуць.
– Добра. Савет скончаны. У наступны раз, калі збяромся разам, будзем святкаваць перамогу.
16.
“Цікава, ці ў кожнага з жывучых у свеце людзей ёсць свая гісторыя? Сапраўды свая, не падобная на гісторыі мільёнаў іншых людзей. Не нейкая там недарэчная гісторыя кахання, а каб было ўсё – і любоў, і вайна, і шчасце, і гора. А можа, такога не бывае? Не жыцці, а ўспышкі. Яркія і імгненныя, нібы ад фотакамеры. Як у мяне. Трыццаць гадоў са мной не адбывалася нічога. Вучыўся нядобра і нядрэнна, спортам не займаўся, ва ўніверсітэт паступіў на платнае аддзяленне, знайшоў добрую працу. Звычайнае жыццё чалавека. А потым у ім, нібы выбух, здарыліся гэтыя ваўкі. Калі ўявіць мой лёс як лінію з пункта “А”, ад нараджэння, у пункт “Б” – да смерці, то ваўкі ўтварылі на гэтай лініі пункт “В”, які перакрэсліў усё, што было да гэтага. А можа заўтра, калі ваўкі знікнуць і гэта гісторыя будзе падавацца мне сном, я стану тым жа самым чалавекам?”.
Максім ляжаў пасля сняданку і раздумваў. Ён не планаваў змен, бо хутка задаволіўся тым, што мае. Вытыркацца далей, змагацца, сілаў не засталося. Кожны яго намер на супраціў, ён пераканаўся, заканчваўся дрэнна – смерцю і горам.
Раніцай ён атрымаў пігулкі – заспакаяльныя і вітаміны – і ўсе праглынуў. Доктар прымусіў адкрыць рот і даказаць, што нічога не засталося. Паглядзеў пад языком і за вуснамі, нічога не знайшоў і адпусціў.
Ад такіх лекаў стала лёгка жыць. І, у той жа час, невыносна. “Невыносная лёгкасць быцця… Ніколі не разумеў гэты выраз – як так, лёгкасць можа быць невыноснай? А цяпер адчуваю – так і ёсць. Жыццё –вельмі простая рэч. Аднак з-за таго, што ўсе мы робім сур’ёзны выгляд, яно для нас невыноснае”.
Андрэй, які сеў на ложак Максіма, пераказваў яму сучасны расійскі серыял пра залежных людзей.
– У яго і назва пра гэта гаворыць. Там ёсць людзі, залежныя ад наркотыкаў, алкаголю… Аднак, калі ўглядацца глыбей, то разумееш, што і іншыя героі гэткія ж. Нехта залежны ад грошай, нехта ад сэксу. Але самая галоўная метафара – мы залежныя адзін ад аднаго. І ад такога нельга пазбавіцца, бо нельга пратрымацца без іншых людзей. А ўсе гэтыя святыя, пустэльнікі – вар’яты.
“Залежнасць адзін ад аднаго. Сапраўды, добрая думка. А што, калі адзін з залежных людзей – нікацін, а іншы – гераін? Ад гэтага і памерці можна.
Думкі пра сэнс жыцця і падзеі апошніх дзён давялі Максіма да адзінага вываду: “Жыццё скончана. У гэтых сценах, на гэтым ложку, сярод гэтых людзей, якія па сто разоў перачытваюць Дастаеўскага і хаваюцца ад рэальнага жыцця ў вар’ятні і серыялах. Што б далей ні адбывалася з ваўкамі, ніхто ніколі не раскажа працяг маёй гісторыі”.
***
Алена з раніцы пасварылася з бацькам. Ён з’ехаў за мяжу, на нейкую канферэнцыю па цукру і яго замяняльніках. А значыць, выратаваць Максіма стала немагчыма. Яна ж дагэтуль не магла добра рухацца, хутка стамлялася і не ведала, як пазбавіцца ад целаахоўніка, прыстаўленага бацькам.
“А нават, калі і здолею збегчы, што рабіць далей? У міліцыю пайсці ці ў Навінкі ехаць? Дык там мяне не будуць слухаць. А дапамогі шукаць няма ў каго”.
Ён з’явіўся бязгучна. Высокі, цёмнавалосы і безэмацыйны. Адзін з тройцы. Той самы, які выхапіў з яе рук стрэльбу падчас апошняй бойкі. Лена інстынктыўна забілася ў кут палаты і пачала крычаць.
– Ціха, жанчына, цябе ніхто не пачуе. Усё, што зараз тут адбываецца, схавана ад іншых людзей.
Дзяўчына змоўкла і з жахам пазірала на нечаканага госця.
– Мы столькі разоў папярэджвалі твайго хлопца. Шмат часу ў нас сышло на спробы хоць неяк з ім дамовіцца. Прапаноўвалі розныя варыянты. А ён збягаў, кідаў выклік, калечыў, а потым забіў… Варыянтаў не засталося. Ты пойдзеш са мной. Мы схаваем цябе ад усіх. Закладніца – не самая дрэнная роля. Не хвалюйся, забіваць цябе ніхто не будзе. Нам гэта не трэба. Ты ж і сама чула нашу размову. Калі мы заб’ём апавядальніка, нават былога, могуць адбыцца непапраўныя змены. Бо вы не звычайныя людзі, а… богі іншага сусвету. А цяпер апранайся і збірай рэчы. Можаш не спяшацца, але, калі ласка, не спрабуй збегчы. Стане горш.
– У мяне няма адзежы…
– Гэта не праблема. У месцы, дзе мы цябе схаваем, будзе цёпла.
– Тады… Мне няма чаго збіраць.
– І добра. Падыдзі і краніся маёй рукі.
– Я хацела б спытаць… Скажыце, чаму вы такія, як ёсць? Размаўляеце як людзі, на нашай мове, з інтанацыямі, без акцэнту. І нават маеце свае асабістыя характары. Як гэта магчыма, калі вы… іншыя?
– Кожны сусвет сам абірае, якую форму павінна прымаць разумнае жыццё. Таму на планеце ваўкоў мы сталі белымі ваўкамі. А ў вас мы такія… Такія розныя. Насамрэч, я не вельмі добра пра гэта ведаю. Законы сусвету, нічога не паробіш. Мы нават не ведаем, дзе наш дом і які наш сапраўдны выгляд. А цяпер пайшлі.
Алена падышла́ да чарнявага на дрыжачых нагах і дакранулася да працягнутай рукі. І знікла.
***
Салата з капусты, вадзяністы булён з вялікімі плямамі тлушчу на паверхні, вязкая ячная каша без смаку, хлебная катлета, кісель. Добрая ежа, каб падтрымліваць жыццё ў чалавечых арганізмах і не даваць ім паверыць у магчымасць лепшага. Максім запіхваў у сябе лыжку за лыжкай. Ён адыходзіў ад ранішніх лекаў, думкі сталі зразумелымі, а ў навакольным сусвеце з’явіўся сэнс.
Андрэй, які чамусьці лічыў яго сябрам, увесь дзень сядзеў побач і не змаўкаў. Ён пераказваў брытанскі серыял пра чатырох сяброў, трое з якіх усё жыццё смяяліся з чацвёртага, проста таму, што ён быў тоўсты. Кожная серыя была маленькай трагедыяй у жыцці добрага, але закамплексаванага чалавека. Андрэй сцвярджаў, што гэта сіт-ком з традыцыйным англійскім гумарам. Праўда, канец серыяла атрымаўся банальным – сяброў-паскуднікаў выкрылі і герой застаўся адзін. Без працы, без жонкі, без каханай і без тых самых сяброў.
Пасля ежы чакалі чарговыя лекі. Дванаццаць пігулак. Сем белых, тры блакітных і дзве ружовыя.
“Доза смерці пасярод жыцця”, – Максім пасміхнуўся і ўсё праглынуў. А праз хвіліну страціў час. Ён бачыў людзей, памяшканне. Але рэчы сталі гіперрэальнымі, ператварылі ў сябе паветра, захіснулі думкі. Вочы спыніліся на белай столі. Хлопец пабачыў кожную расколіну, бруднае павуцінне, пляму ў форме галактыкі. Не ў сілах адвесці позірк, падарожнічаў па гэтым бясконцым пляскатым сусвеце.
– Калі б я ведаў, што перамагчы так проста, то зрабіў бы гэта з самага пачатку.
Голас, нібы з іншага розуму, пранізаў галаву хлопца. Яркім спалохам разарваў рэчаіснасць звышрэальнасці і звышматэрыяльнасці. Праз яго прарваліся і думкі: “Небяспека. Я ведаю гэты голас”.
– А цяпер слухай. Нягледзячы на твой цяперашні стан, ты ўспомніш мае словы заўтра раніцай, калі зможаш нешта рабіць і самастойна думаць. Твая сяброўка ў нас. Яна жывая і здаровая, мы не хочам забіваць яе, – гучала ў галаве.
“Жывая і здаровая… Гэта можа быць толькі Алена. Яна адзіная мая сяброўка… А голас. Чый гэта голас? Не магу ўспомніць”.
– Я бачыў твой сон. Тое, што робяць аб’яднаныя зграі шэрых, вельмі дрэнна. Таму мы вымушаны пайсці на такія меры. Будзем чакаць, пакуль твае сненні скончацца. А потым прыйдзем, і ты раскажаш наступнаму апавядальніку тое, што нам трэба. Калі ўсё зробіш – застанецеся абое жывымі. А калі не – яна памрэ. Выбар за табой.
“Небяспека! Голас пагражае мне. Ён злы. Я павінен змагацца. Павінен ачуняць і забіць яго, выратаваць сябе, Алену, ваўкоў… Я павінен паглядзець на яго, пазнаць. Крыху нахіліць галаву ці адвесці вочы ад столі”.
– А ты сапраўды моцны. Інакш ніколі не здолеў бы забіць аднаго з нас. І нават зараз, пад лекамі, змагаешся. Я адчуваю гэта.
“Выбух. Рэзкі выбух эмоцый. Гук ці слова. Хаця б нешта”.
– А цяпер бывай. Пабачымся прыканцы тваёй гісторыі.
Максім застаўся адзін. Ён не здолеў паглядзець на незнаёмца, не пазнаў яго. У галаве засталіся словы і адчуванне небяспекі. А вочы ўглядаліся ў плямы і расколіны, у павуцінне і бясконцасць.
***
Андрэй сядзеў расчараваны і пазіраў на суразмоўцу. Мабыць, адзінага адэкватнага чалавека ў гэтым дурдоме. У мінулым адэкватнага. Пасля лекаў ён ператварыўся ў сапраўднага вар’ята. Глядзіць уверх і не адгукаецца. Ад мерцвяка адрозніваецца мычаннем і шумным дыханнем. Мужчына нахіліўся над яго тварам, каб заглянуць у вочы. І хлопец, які дагэтуль быў нерухомы, падняў рукі і схапіў Андрэя за шыю. Жалезныя пальцы перакрылі шлях для паветра.
– Пусці, пусці мяне!
Максім не адрэагаваў на слабы хрып. І ніхто з санітараў у калідоры не звярнуў на гэта ўвагі. Іншыя вар’яты з палаты былі занятыя сваімі справамі – хадзілі з кута ў кут, у пяцісоты раз чыталі Дастаеўскага, размаўлялі з нябачнымі субяседнікамі.
– Спыніся…
Ніхто не рэагаваў.
У вачах Андрэя пацямнела, ён абмяк і паваліўся на Максіма. Нехта з пацыентаў пабачыў гэта і завішчаў. У палату зазуірнулі, пасля прыбеглі санітары, расчапілі пальцы, вынеслі ўжо мёртвае цела. Максім працягваў жыць у свеце расколін і плямаў.
***
– Ты ўпэўнены, што правільна зрабіў?
– Так. У яго няма выйсця. Ён давёў сябе да зрыву з-за смерці іншых людзей. А калі загіне гэтая дзяўчына, то не вытрымае.
– Цяжка быць чалавекам. Памятаеш, у нейкім адным цыкле мы былі чыстай энергіяй. Адна матэматыка – адразу вядома дзе плюсы, а дзе мінусы. А ў гэтым сусвеце ператварыліся ў ахвяр эмацыйнасці і недасканаласці. Нават сярод ваўкоў жыць лепш. Ніколі не рабілі столькі памылак.
– Не жаліся. Не нам абіраць, дзе нарадзіцца і які выгляд мець. Сусвет вырашае. У нас ёсць мэта, і трэба рабіць усё для яе здзяйснення.
– Я разумею. Скажы, улічваючы тое, што ты бачыў у свеце ваўкоў, ці хопіць нам яго гісторыі для перамогі? Дастаткова яе будзе?
– Цяпер не ведаю. Але з-за гэтага мы і не можам даць яму свабоду.
***
Алена дакранулася адным пальцам да рукі чарнявага і апынулася ў нумары гатэля. Адна, з зачыненымі дзвярыма і вокнамі. Вызірнула праз акно, пазнала краявід – яна ў “Еўропе”.
“Відаць, я паважаная палонная, раз хаваць мяне будуць не дзе-небудзь, а ў адным з лепшых гатэляў горада”.
Воўчы сон
Яны чакалі, пакуль агонь цалкам знікне, баючыся пераскокваць праз яго. Іх страх перад жоўтым полымем быў зусім не з-за страха згарэць. У сваёй нянавісці да шэрых яны не баяліся смерці. Страх перад полымем сядзеў у іх на генетычным узроўні, перайшоў ад далёкіх продкаў.
Яны чакалі і не варушыліся, пакуль смачная ежа ўцякала. А ім так хацелася кінуцца следам, перагрызаць глоткі, адчуваць смак крыві. Замест гэтага ў нос забіваўся смуродлівы дым ад гарэння чорнай вадкасці.
Калі полымя знікла, ваўкі кінуліся наўздагон. Яны беглі на пах, які пакінулі пасля сябе параненыя. Дзясяткі белых праваліліся ў глыбокія ямы. Вострыя калы прапаролі іх скуры, прайшлі скрозь вантробы і выйшлі вонкі. Але тысячы дабеглі да сваёй мэтай і з вялікай хуткасцю ўразаліся целамі ў каменныя сцены горада, ломячы зубы, рэбры ды хрыбетнікі. Але хваля не спынілася. На спіны скалечаных ваўкоў лезлі другія, на іх спіны – трэція. Яны караскаліся ўверх, да сваёй перамогі.
Грукат і скрыгат запоўнілі горад Суу-Ардун. Сотні белых асадзілі яго і кіпцюрамі, целамі ды зубамі імкнуліся прабіць праход да ежы. А ежа, яшчэ жывая, скідвала зверху камяні і вылівала на галовы ворагам кіпень. Белыя звонку будавалі піраміду з целаў, каб забрацца ўнутр, захапіць горад, разбурыць сцяну, з’есці ўсё жывое.
І калі жывая вежа была пабудаваны, а самы верхні воўк рыхтаваўся заскочыць унутр, сцены, палітыя чорным, успыхнулі агнём. Белыя паваліліся на зямлю. Тыя, хто быў у самым нізе, паламалі спіны і адпаўзалі. Тыя, што былі наверсе, зламалі лапы і паразбівалі галовы. Калі полымя сціхла белыя пачалі будаваць новую вежы са сваіх цел.
Яны лезлі ўверх супраць розуму, нягледзячы на камяні і кіпень, не звяртаючы ўвагі на смерць сваіх супляменнікаў.
***
Чорная вада скончылася. Яе хапіла, каб адпіхнуць ваўкоў ад сцяны, але цяпер горад быў безабаронны. Гаўл стаяў побач з Акірай і рыхтаваўся да нападу. Біцца тут было куды лепш, чым каля рова. Шмат ваўкоў не зможа адначасова заскочыць на вузкія сцены – для іх не хопіць месца.
– Гаўл, ты не баец. Сыходзь. Ты ж ведаеш, што тыя, хто застанецца наверсе, загінуць.
– Я сыду разам з табой, Акіра. Тут хапае ваўкоў і без нас. Пайшлі са мной. Час рыхтавацца да апошняй дзеі.
– Ты яшчэ верыш у перамогу?
Воўк-адзінец пасміхнуўся.
– А што яшчэ застаецца? Сюды дайшло каля трох тысяч, мы здолеем забіць яшчэ з сотню, а потым… Потым будзем верыць у лепшае.
Адзін з белых заскочыў на сцяну, шэрыя хутка схапілі зубамі ворага і спіхнулі ўніз, у горад, дзе яго забілі. Праз хвіліну тое ж сталася з другім ваўком. А потым белых на сцяне стала вельмі шмат.
– Акіра, пайшлі са мной. Мы патрэбны сваім зграям. На сценах застануцца лепшыя з тваёй зграі. Яны нікога не прапусцяць.
– Я не кіну сваіх, Гаўл.
– Тады прабач мяне.
Генерал моцна піхнуў у бок сваю саюзніцу, з-за чаго яна не ўтрымалася і ўпала са сцяны на дах хаты, скацілася па ім і звалілася на зямлю. Ваўчыца нічога не зламала, але была шакавана паводзінамі Гаўла.
– Гаўл, чаму?!
– Прабач, Акіра, у мяне іншыя планы. І твая смерць стала б глупствам.
Важак Суу-Ардун прызямліўся побач з ёй.
– Не злуйся. Мы пераможам, толькі калі застанёмся жывымі.
Акіра пайшла на яго.
– Ты скінуў мяне са сцяны, дзе я павінна біцца побач з іншымі ваўкамі. І зараз кажаш мне, каб я не злавалася? Аб чым ты думаў, “генерал”?
– Яны і без цябе будуць добра біцца. Ці думаеш, адна выратуеш усіх?
– Справа не ў выратаванні ці чымсьці іншым. Каралева павінна быць побач са сваімі, калі яны гінуць. Кожны уладар мусіць так рабіць, а не пасылаць на гібель свае войскі, а ты…