Самым цікавым быў сусед з правага боку. Яго звалі Андрэй, ён любіў сучасныя серыялы і выглядаў цалкам здаровым. Падчас размовы прызнаўся, што ляжыць у Навінках па сваёй волі. І робіць так кожныя шэсць месяцаў, бо на працы стрэс і калі не будзе адпачынку, то ён з глузду з’едзе.
– Цікавы ты абраў адпачынак – у вар’ятні.
– А дзе яшчэ? Да сонца на поўдзень ехаць? Там заспакаяльныя мне калоць ніхто не будзе. Мне ж трэба, каб мозг адпачываў, а не цела. А на курорце я ўсё роўна буду пра працу думаць. Таму і прыязджаю сюды.
– А што сям’я, жонка?
– Якая сям’я… Я ж кажу – адна праца ў маім жыцці. З васьмі раніцы да дзесяці вечара. А прыходжу дадому, хапае сіл толькі каб паваліцца і захрапці.
– А выходныя?
– Субота – працоўны дзень. А нядзеля – час, каб закрыць касякі.
– Кім жа ты працуеш? Гэта ж парушэнне заканадаўства.
– У мяне свой бізнес. Працоўны дзень доўжыцца дваццаць чатыры гадзіны. Але мне падабаецца. Пра адно шкадую – жыццё праходзіць, а ў ім нічога не адбываецца. А я ж не маладзею. Мне сорак пяць стукнула ў тым годзе. Адзіная радасць – серыялы.
– На іх часу хапае?
– Не, што ты. Я задаў сабе мэту – кожны дзень гляджу адну серыю. А ў суботу і нядзелю па тры. Так хоць нешта новае ў жыцці кожны дзень здараецца.
– Але ж не ў тваім жыцці.
Максіма выклікалі да галоўнага ўрача, прапісалі курс лекавання – таблеткі з незнаёмымі назвамі, расказалі пра рэжым, перадалі некалькі дакументаў на подпіс, папрасілі яшчэ раз пераказаць гісторыю пра ваўкоў і сказалі падпісаць яшчэ стос дакументаў. А потым, “на ўсялякі выпадак”, зрабілі ўкол з заспакаяльным і адпусцілі.
Пасля вяртання ў ложак Максім зразумеў, што яму ўкалолі не заспакаяльнае, а дрыму. Ён адключыўся.
***
Лысы сядзеў у кустах пад вокнамі палаты Максіма. Ён не ведаў, што адбываецца на планеце ваўкоў і хваляваўся з-за гэтага. І сёння ноччу, калі ўсе заснуць, вырашыў пра гэта даведаецца. Хай без згоды апавядальніка і пабачыць не ўсё.
У гэты ж час чарнявы стаяў каля бальніцы, дзе ляжала Алена і сачыў за ёй. Гэта было цяжка, бо ён не адчуваў дзяўчыну. Але ён прызвычаіўся – дастаткова было сканцэнтравацца.
Яны сачылі і чакалі свайго часу.
Воўчы сон
Шэры, белы і чырвоны колеры перамяшаліся на зямлі. Адусюль чуліся гырканні, скавытанні і падвыванні. Нехта прасіў дапамогі, хтосьці радаваўся забойству, іншы паміраў. Гаўл збіўся з ліку, колькі белых ваўкоў забіта. Іх целы, перамешаныя з целамі шэрых, засейвалі зямлю, утварылі новы вал з другога боку ад рова. Катапульты працягвалі кідаць камяні ў гушчу белых спін, аднак рабілі гэта куды радзей, чым на пачатку бою. Стралкі выпускалі дзясяткі залпаў, кожны з якіх станавіўся смяротным для ворагаў. Але белым не было бачна канца. Замест старых з лесу выходзілі новыя забойцы, быццам нараджаліся там дарослымі.
Ні Акіры, ні Аўчылака не было бачна з узвышэння Гаўла. Генерал канчаткова заблытаўся, хто зараз перамагае, а хто прайграе. Пачалі з’яўляцца ваўкі з будак лекараў – з перавязанымі галовамі, з дошкамі на лапах. Яны адразу кідаліся ў бойку.
Тактыка, сумесна распрацаваная Гаўлам, Акірай, Аўчылакам і Апосталамі была простая – першы рад шэрых ваўкоў атакуе белых. Пажадана, каб на аднаго белага кідалася не менш за трох шэрых. Двое фіксуюць яго на адным месцы, а трэці прапорвае жывот. Пасля тройца адыходзіць у апошні рад, а іх месца займаюць ваўкі, якія да гэтага былі ў другім радзе. Падыходзіць іх чарга біцца з белымі, а першыя адпачываюць.
Такая тактыка давала магчымасць адпачываць, а пры неабходнасці, атрымліваць дапамогу лекара. На жаль, пратрымалася яна хвілін дзесяць, пакуль белых не стала вельмі шмат. Яны пераскоквалі вал з ровам і атакавалі вялікай колькасцю. Адзіны іх недахоп – яны вар’яцелі ад паху крыві шэрых. І апынуўшыся каля мёртвага акрываўленага цела ваўка, пачыналі яго жэрці, не звяртаючы ўвагі на бойку. Пажыраючы мяса разам з поўсцю, белыя ваўкі праз хвіліны валіліся на зямлю ў канвульсіях. З-за атруты іх кроў гусцела і сэрца не магло праштурхнуць яе па венах.
“Толькі гэта нас і выратоўвае. Інакш нас бы даўно задавілі”.
Гаўл думаў, калі даваць каманду на адыход да наступнай кропкі абароны – горада. Там белых чакалі новыя пасткі і яшчэ шмат з іх загіне. Аднак пры адступленні яны згубяць катапульты і лукі, якія дагэтуль нядрэнна прарэджваюць стан ворагаў.
“Ды й белыя бегаюць хутчэй за нас, а значыцца ўсе, хто будзе ззаду, загінуць ў іх зубах. Трэба неяк запаволіць іх. І чаму я не падумаў пра гэта раней?”.
Ён перадаў некалькі загадаў двухгодкам і тыя пабеглі да апосталаў.
“Гэта добры шанец. Пасля іх вяртання будзем адступаць”.
***
Акіра абламала адзін са сваіх клыкоў, калі намагалася за тоўстую поўсць утрымаць на месцы белага ваўка. Ён вырваўся і яго магутная пашча схапіла шыю аднаго з шэрых, які павінен быў праскочыць пад яго і забіць. Палілася кроў – белы патрапіў на ашыйнік з вострых костак. Звычайны воўк на яго месцы адскочыў бы і завішчэў ад болю, а гэты працягваў давіць, пакуль не зламаў шыю саперніка. І сам жа ўпаў мёртвы. Ці атрута на яго падзейнічала, ці адна з костак прайшла ў мозг.
Ваўчыца моцна штурхнулі з боку сляпога вока. Белы схапіў абарончую дошку на яе баку, перакусіў на дзве часткі і цяпер выплёўваў нясмачнае дрэва. Акіра скарысталася момантам, кінулася пад ворага, разгрызла яго жывот. Свой шалом яна згубіла яшчэ на пачатку бойкі. Ён ушчаміўся паміж рэбраў аднаго з ворагаў і там застаўся.
Каралева стамілася. Яна забіла дваццаць шэсць белых і паўдзельнічала ў забойстве яшчэ адзінаццаці. Нылі пашча, спіна, лапы. Кроў на яе твары залівала вочы і нос.
“І ўсё ж мы трымаемся. Мне толькі трэба адпачыць. Дзве-тры хвіліны хопіць”.
Яна пачала праціскацца ў задні рад праз мёртвыя целы шэрых і белых ваўкоў. І пачула незвычайны гук падаючых камянёў. Паглядзела на захад, дзе ад навалы белых ваўкоў іх ахоўвала высокая скала, і зубы яе сцяліся. На самым версе стаялі ворагі. Яны падбіраліся да ўступа і рыхтаваліся скакаць уніз.
“Вышыня скалы не менш трыццаці хвастоў. Яны адразу заб’юцца. Але…”.
Адзін з белых адштурхнуўся лапамі і паляцеў уніз. Ён трапіў на спіны шэрых, двое з якіх ненатуральна прагнуліся і бязгучна памерлі, а трэці гучна заекатаў і паваліўся на зямлю. Белы зламаў ногі, але заставаўся жывы і спрабаваў ухапіць пашчай бліжэйшых да сябе шэрых. Акіра ўзняла пысу высока ўверх і завыла. А потым кінулася да ворага і пярэднімі лапамі з узмацняльнікамі апусцілася на яго галаву, раздрабляючы чэрап.
***
Гаўл пачуў Акіру. Яны не дамаўляліся аб нейкіх сігналах, і тым больш дзіўным быў яе заклік. Менавіта так важак заклікае на сход. Генерал узіраўся ў левы фланг і не разумеў: чым выкліканы гэты кліч. А потым заўважыў. Небяспека, якую ён прапусціў. Высокая скала, з якой немагчыма было спусціцца, не пераламаўшы ногі. І белыя на яе вяршыні. Іх целы выконвалі ролю камянёў. Яны давілі шэрых, забівалі сваёй масай.
– Воўк, як можаш хутка бяжы да Апостала, які камандуе стралкамі. Хай пачынае абстрэльваць скалу на левым флангу. І чым шчыльней, тым лепш.
Праблемы з’явіліся і на правым флангу – белыя кідаліся ў мора, плылі і падымаліся на бераг збоку ад войскаў Аўчылака. Гаўл зразумеў, што праз дваццаць хвілін ворагі абкружаць правы фланг.
– Ты, – ён тыцнуў пысай у наступнага сувязнога, – бяжы да таго ж Апостала. Хай таксама абстрэльвае мора. Тое ж самае перадай Апосталу з катапультамі.
“Адступаць нельга. Калі дам такі загад, белыя на сваіх хуткіх нагах возьмуць нас у кальцо і перагрызуць аднаго за адным. Трэба чакаць. А чаго? Я прайграў… Застаецца адно – забіць як мага больш вырадкаў!”.
***
Аўчылак паміраў. Яго мара стаць важаком зграі так і не здзейсніцца. Хтосьці з белых моцна піхнуў яго ў бок і паваліў на спіну. Другі самкнуў пашчу на задняй лапе, перакусіў яе і стаў пажыраць.
“Мой сямнаццаты забіты белы. Шкада, што ён памрэ не ад зубоў, а ад атруты ў маёй поўсці”.
Яшчэ адзін воўк кінуўся на Аўчылака, ухапіўся за бок, адгрыз вялікі шмат мяса і прагна заглынуў. Шэры з войска падскочыў да яго і насадзіў на свой рог.
“Нічога. Не стаў важаком, затое падрыхтаваў добрых вайскоўцаў. Яны перамогуць і без мяне. Нават з гэтым Гаўлам”. Апошняе, што пачуў Аўчылак – дзіўны гук з боку мора, адкуль на іх нечакана накінуліся белыя. Гук, нібы дрэва рэжа мяса.
***
Акіра пабачыла работу Гаўла – ён адрэагаваў імгненна. Стралкі цяпер абстрэльвалі скалы. Белыя калі і падалі ўніз, то рабілі гэта мёртвымі. Яна, ў сваю чаргу, дала каманду адысціся як мага далей ад каменнай глыбы. Хай ворагі скачуць уніз. Калі і выжывуць, са зламанымі нагамі далёка не дойдуць.
Непакоіла ваўчыцу іншае. Яе фланг прагінаўся. Пакрыху яны адступалі ўсё глыбей. Дзясяткі шэрых заставаліся паміраць у пашчах белых.
“Хутка мы не здолеем стрымліваць іх. Нас засталося вельмі мала. Менш за палову. Гаўл, калі ж ты вырашыш, што надышоў час адступлення?”.
***
Пяць дзясяткаў караблёў з чорнага дрэва ўрэзаліся ў целы плывучых белых ваўкоў. Нібы востры камень яны пераразалі іх целы на часткі. Арык стаяў сярод сваіх братоў на адным з гэтых караблёў. Ён радаваўся, што паспеў, бо з першага погляду зразумеў – Гаўл прайграе.
“Мы паспелі і выратуем іх. З нашай дапамогай ваўкі перамогуць белых. Зграя Стыр-Калі пакажа, на што здольная”.
Вецер з мора надаваў хуткасці караблям. Вада зрабілася чырвонай ад крыві белых. Арык упершыню бачыў такое. Новы від дрэва, знойдзены на далёкім кантыненце, быў неверагодна цвёрдым – як камень.
Першы карабель дасягнуў берага і з яго выскачыла тры незвычайных ваўкі. Іх пашчы былі закрыты дзіўным шэрым матэрыялам, які блішчэў на сонцы і быў нібы працягам зубоў. Арыку расказалі, што гэты матэрыял завецца жалезам. Яно вельмі цвёрдае, аднак пры жаданні можа прыняць патрэбную форму. Пра сакрэт яго вырабу ваўкі даведаліся ў адной са зграй іншага кантынента. Яна ж падаравала ім жалезныя маскі, з дапамогай якіх можна перакусіць не толькі чужую шыю, а нават дрэва.
Ваўкі Стыр-Калі кінуліся на белых. Іх жалезныя маскі лёгка пракусвалі целы ворагаў, нават на спіне, якая была абаронена поўсцю. Хутка на беразе былі ўсе сто пяцьдзясят ваўкоў. Яшчэ трыццаць па зямлі накіроўваліся на дапамогу другому флангу.
***
Нечаканае з’яўленне саюзнікаў выратавала аб’яднанае войска. Гаўл задаволена назіраў за бойкай. Зграя белых скончылася – новыя ворагі не выходзілі з лесу. Аднак нельга стаяць на месцы. Змораным, ім не хопіць сілаў біцца далей. Нават з дапамогай цудоўнай зброі ад Стыр-Калі. Генерал перадаў Акіры, Аўчылаку, Арыку і Апосталам пра пачатак адступлення па яго загадзе. Усё было падрыхтавана, каб можна было адысці, не баючыся за свае хвасты.
Гаўл падлічваў страты. Загінула не менш за пяць соцень шэрых. Лічы, цэлая зграя. Яшчэ шмат было паранена. Пры адступленні пацярпяць некалькі дзясяткаў. Што тычыцца белых, то іх засталося каля чатырох тысяч.
Спроба акружэння з вады была заблакаваная магутнымі чорнымі караблямі. А скалу бесперапынна абстрэльвалі стралкі.
“Самы час перабрацца на наступную лінію абароны”, – Гаўл падняў пысу ўверх і завыў.
***
Акіра завыла ў адказ генералу. Усе ваўкі з яе фланга кінуліся бегчы. Белыя паспелі схапіць трох-чатырох, астатнія былі занятыя тым, што жэрлі мяса трупаў. Каралева адыходзіла адной з апошніх. Да выратавання было некалькі соцень крокаў.
***
Гаўл з узвышэння сачыў, як шэрыя беглі да выратавальнай паласы катапульт, дзясяткі паспелі яе пераадолець. Белыя кінуліся наўздагон і лёгка атакавалі безабаронных праціўнікаў.
Катапульты па чарзе абвальваліся на зямлю, нібы забітыя драпежнікі. Ваўкі, якія да гэтага цягалі камяні, аблівалі дрэва канструкцый чорнай вадой. Ёй было заліта ўсё навокал, цэлая паласа ад мора да гор па лініі, адкуль раней ляцелі камяні. Важак Суу-Ардун пераскочыў яе і ў гэты ж момант за яго спінай узнялася полымя. Шэрыя лёгка пераадольвалі яго, нават не абсмаліўшы поўсць. А некалькі белых, не паспеўшы спыніцца, імгненна ўспыхвалі.
Наступ быў спынены, і шэрыя схаваліся за сценамі горада – сваім апошнім абарончым рубяжом.
***
Падчас перапынку, пакуль дагарала дрэва і чорная вада, у будцы генерала сабраўся Савет. Акіра без сілаў ляжала на зямлі і цяжка дыхала. Яе поўсць стала чырвонай ад чужой і сваёй крыві. Арык сядзеў у жалезнай масцы, бо не мог самастойна зняць яе. Сем апосталаў, як і Гаўл, выглядалі змучанымі. Яшчэ чатыры займаліся лекаваннем і не маглі падысці.
– Дзе Аўчылак?
– Ён цяжка паранены. Не ведаю, ці выжыве. Робім усё магчымае.
– Трэба ўсіх параненых пачаць выводзіць з гораду. Ад іх тут дапамогі не будзе.
– Мы займаемся гэтым.
– Акіра, ты як?
– Я добра, – голас ваўчыцы казаў аб адваротным. – Стамілася.
– Арык, дзякуй за дапамогу.
– Няма за што. Я ж абяцаў.
Гаўл замаўчаў. Ён не ведаў, што трэба казаць. Далейшы план быў добра вядомы. Яго не трэба было зноўку прагаворваць і абмяркоўваць.
Гэта быў ягоны план, які альбо здабудзе ім перамогу, альбо усіх загубіць. Калі так, то белыя адным ударам перамогуць адразу чатыры зграі шэрых. І яшчэ бліжэй падыдуць да ўладарання над планетай.
– Хачу падзякаваць кожнаму з вас. Не за бойку, тут вы самі ведаеце, чаго вартыя, мае падзякі не патрэбны. Хацеў падзякаваць за давер. Разам мы зрабілі немагчымае – перабілі больш за палову белых вырадкаў. Частка з іх загіне ў пастках на падыходзе да сцен, а астатнія – пад нашымі сценамі і ў горадзе. Мы павінны перамагагчы.
– А што далей, важак Гаўл? Мы пераб’ём усіх белых, што прыйшлі сюды. Аднак у іх усё роўна застанецца палова планеты. Праз дзесяць гадоў да нас прыйдзе яшчэ большая зграя.
– Акіра, мы не ведаем, што хаваецца на іх тэрыторыі, як яны жывуць. Але падаецца мне, што ўсе белыя, якія маглі хадзіць, прыйшлі да нас. Заб’ём гэтых, а потым будзем вырашаць, што рабіць з астатнімі. Апосталы, усё падрыхтавана да апошняй бойкі?
– Так, Гаўл.
– Тады слухайце загад: усе знешнія сцены па магчымасці абліце чорнай вадой. Белыя не змогуць праз іх пераскочыць, а таму будуць станавіцца адзін на аднаго. У патрэбны момант мы падпалім і …