К книге
ЗграяСтраница 17
77%
Страница 17
17

***

Акіра, як і іншыя ваўкі яе арміі, не бачыла белых з-за высокага вала. Яна стаяла сярод першых, у дваццаці кроках ад чорнага рова, і чакала сваёй чаргі. Стралкі заб’юць шмат ворагаў, у гэтым яна была ўпэўнена. Аднак асноўны бой будзе за імі. Яны будуць забіваць і будуць паміраць.

“Дзякуй Стыр-Калі за вынаходніцтва атруты для поўсці. З ёй я не буду шкадаваць, калі мяне заб’юць, бо пасля памрэ кожны белы вырадак, які паспрабуе мяне на смак”.

Адзін з Апосталаў назваў гэта “пасмяротнай помстай”. Калі ўсе шэрыя загінуць і белыя пачнуць жэрці іх целы, то ўсе атруцяцца і далей не пройдуць.

Акіра не баялася бойкі. Яна ведала, што тут ім не перамагчы. Трэба будзе адступаць да горада і там змагацца да апошняга. “Уся надзея на Гаўла, на яго мазгі і планы”. Думаючы пра важака Суу-Ардун, Акіра апусціла галаву, нібы капіявала свайго каханага.

“Мы вельмі зблізіліся. Так нельга рабіць ваўкам розных зграй. Будзе лепш, калі нехта з нас загіне падчас гэтай бойкі. Інакш, я не ведаю, што рабіць”.

Гэтыя думкі праследавалі ваўчыцу. Як каралева, яна ў першую чаргу павінна была думаць пра сваю зграю, а не пра нешта асабістае. Але не магла адкінуць думкі пра важака Суу-Ардун.

“У нашай зграі яго б забілі пасля нараджэння. Бо такія не могуць прынесці карысці. А цяпер я сама гатовая нянчыць кожнага шчанюка ў надзеі, што адзін з іх стане такім жа, як Гаўл. Відаць, мне прыйдзецца змяніць Ачын, калі мы пераможам. Зноўку, услед за сваёй маці, ламаць традыцыі”.

Акіра кінула позірк на памост генерала. Гаўл глядзеў наперад. Побач з ім круціліся шчанюкі. За гэты час бою ён яшчэ не перадаў ніводнага загаду. “Відаць, усё ідзе так, як было задумана. І калі мы выжывем, і ён, і я…”. Ваўчыца з цяжкасцю задушыла пачуцці шчасця і чакання ў сваёй душы.

***

Белыя запаволілі ход. Перашкаджалі шматлікія целы, якія былі раскіданы па ўсім прагале. За дзесяць крокаў ад валу яны быццам упершыню пабачылі гэту земляную сцяну, створаную за месяц ваўкамі чатырох зграй. Для белых яна была не надта высокая – яны маглі пераскочыць яе з разбегу. Уперад скокнулі не менш за сем дзясяткаў ваўкоў. Адзін з іх быў паранены і не змог высока ўзняцца ў паветры, урэзаўся пысай у вал і пакаціўся ўніз. Астатнія пераскочылі і трапілі ў роў з укапанымі каламі. Перабрацца здолелі толькі двое. Да першага, з двума стрэламі ў спіне, падскочыла Акіра. Яна лёгка праслізнула пад яго жывот і з імпэтам уторкнула рог свайго шалома ў жывот ваўка. І гэтак жа хутка выскачыла з-пад яго. Тры шэрых з яе фланга ўрэзаліся ў ворага і спіхнулі ў роў. Ён упаў на самае дно і, перамазаны ў чорнае, працягваў целяпацца, распырскваючы сваю кроў.

Другога ваўка, які выбраўся на іншым флангу, сустрэў Аўчылак. Пяцёра шэрых схапілі белага за поўсць і трымалі, пакуль галоўнакамандуючы зубамі, каб не шкодзіць шалом, разгрызаў яго жывот. На зямлю вываліліся вантробы, пасля чаго белага таксама кінулі ў роў.

Гаўл наглядаў за двума першымі сутычкамі з не меншым задавальненнем, чым да гэтага за трапнымі стрэламі катапульт і стралкоў. Па яго падліках – не менш за тысячу белых забіта. Яшчэ столькіх ж павінна быць паранена. І зараз надышоў момант асноўнай бойкі.

Белыя цяпер у вялікай колькасці пераскоквалі праз вал і валіліся ў яму з доўгімі каламі, насаджваючы на іх свае целы. Пяць хвілін не прайшло, як роў запоўніўся мёртвымі і параненымі белымі. Тых, хто выбіраўся, хутка забівалі.

“Самы момант выкарыстаць таемную зброю”. Гэта быў першы загад, які ён перадаў аднаму са сваіх малых кур’ераў – “Запальвай”. Той памчаўся да старога ваўка каля вялікага вогнішча, раскладзенага паміж двух флангаў, і перадаў тое ж слова: “Запальвай”.

Стары, адзін са зграі Вый-Кло, выцягнуў галавешку і кінуў яе на чорную пляму пад сваімі нагамі, над якой хутка ўзнялося полымя. Яно панеслася па сцежцы з чорнай вадкасці ўперад, да самага рову з каламі, ўсё дно якога было заліта гэтай смаляной чарнатой.

***

Углядаючыся ў агонь, які павольна паўзе да месца бойкі, Гаўл успомніў, як Апосталы расказалі пра гэты новы від зброі.

– Уладар, мы называем гэту вадкасць чорнай вадой. Прарок не вынаходзіў гэта, ваўкі Вый-Кло ведалі пра яе існаванне шмат дзесяцігоддзяў да яго нараджэння. На тэрыторыі нашай зграі ёсць некалькі месцаў, дзе яна выходзіць на паверхню з зямлі. Мы выкарыстоўваем яе ў лекаванні і для сваіх абрадаў. Адна з асаблівасцей чорнай вады – яна гарыць.

– Ты хочаш сказаць, што гэта вадкасць гарыць як дровы?

– Не як дровы. А ў шмат разоў лепш, Гаўл. Яна густая, а таму і цячэ не так добра, як звычайная вада. Але ёй можна абліваць поўсць белых ваўкоў, а потым падпаліць іх

– І колькі ў вас ёсць гэтай чорнай вады?

– Столькі, колькі табе будзе патрэбна.

– Дзякуй, Апостал. У мяне ёсць план, як выкарыстаць яе.

***

Полымя, спачатку слабое, вырвалася на волю і ўзнялася вышэй за вал. Поўсць белых ваўкоў ус пыхвала так зырка і хутка , што нават тыя, хто трапляў у роў не на калы, а на целы памерлых, адразу загараліся і ў пакутах паміралі.

Навала спынілася. Упершыню з таго моманту, як белыя выйшлі з лесу, яны зрабілі нешта разумнае. Стаялі ў дзесяці кроках ад вала і пазіралі на языкі вогнішча, якія ўздымаліся ўверх.

– Агонь, яны баяцца агню! – разуменне гэтага факта адначасова было шчаслівым і балючым для Гаўла. Калі б ён мог ведаць пра гэтую слабасць сваіх ворагаў раней, усю бойку з выкарыстаннем сакрэтаў Апосталаў мождна б было сплаваць іначай.. І тады іх шанцы на перамогу ўзрасталі б.

…Камяні і стрэлы працягвалі лётаць над ваўкамі, забівалі дзясяткі, калечылі сотні белых. А тыя насамрэч не зважалі на гэта. Стаялі і чакалі. Гаўл сачыў, як аднаго з ваўкоў наскрозь прабіла страла, ён паваліўся на зямлю. А яго браты нават не зірнулі на гэта, і на мёртвае цела стаў іншы белы воўк.

Чорная вада неўзабаве згарэла, агонь стаў меншым і трымаўся толькі на целах мёртвых. Апосталы, камандуючыя катапультамі і стралкамі, далі перадых сваім падначаленым.

Цішыня, якая ўтварылася на месцы бойкі, уражвала сваёй гучнасцю. Чаканне непапраўнага зацягвалася. Напружанне рабілася невыносным.

І белыя пачалі разбег. Першыя з іх пераскочылі вал і трапілі ў распалены роў, на косткі сваіх братоў. На іх галовы скокнула наступная хваля наступаючых. І калі яма запоўнілася, верхнія сталі вылазіць. На іх зноў пасыпаліся камяні і паляцелі стрэлы. Акіра завыла і кінулася на ворагаў. Тое ж зрабіў Аўчылак. Пачалася сапраўдная бойка.

15.

Нага балела, але Алена магла хадзіць без дапамогі мыліц. Яна хацела збегчы з бальніцы, каб хоць неяк дапамагчы Максіму. Сёння з раніцы дзяўчына два разы тэлефанавала бацьку, аднак той адмаўляўся размаўляць. Казаў, што Макс сапраўдны вар’ят – вярзе ў міліцыі пра паралельныя сусветы ды разумных ваўкоў. І хутка яго адвязуць у Навінкі.

“Відаць, Максім вырашыў усім расказаць праўду і не думае пра будучыню. Стаў жыць з ваўкамі. Скончылася яго гісторыя ці не? Калі ўчора ён бачыў, як белыя выйшлі з лесу, то сёння павінна была адбыцца бойка. І, магчыма, ужо вядомы пераможца”.

У палату зайшоў доктар:

– Спадарыня Рыльке, вам рана ўставаць з ложка. Кладзіцеся назад. Паспееце нахадзіцца на фізіятэрапіі.

– Калі мяне адпусцяць, доктар?

– Калі будзеце здаровы, тады і адпусцім. А пакуль кладзіцеся. Лепш самі, а то паклічу санітараў з заспакаяльным.

– Не, не трэба.

– Вось і добра. Давайце паглядзім на вашу нагу.

Доктар зняў павязку. Вышэй калена нага была ў мностве невялікіх ранак. “Дзякуй богу, што ў мяне няма трыпафобіі”, – падумала Алена, гледзячы на такую “прыгажосць”.

– Заражэння няма. Раны загойваюцца добра. Баліць?

– Калі спрабую хадзіць, а так не.

– То не хадзіце, пакуль не загоіцца. Інакш раны раскрыюцца і лячэнне будзе змарнавана. Мы ля двух дзясяткаў драбін з вас выцягнулі. Не спяшайцеся збягаць адсюль. Рэабілітацыя зойме некалькі тыдняў.

– Тыдняў?! Я не магу чакаць так доўга. Думала заўтра ці хаця б на выходных…

– Не, гэта немагчыма. А цяпер адпачывайце.

Доктар сышоў. Алена зразумела, што яе роля ў гісторыі Максіма скончана. Яна ніяк больш не дапаможа яму ў змаганні.

***

Максім ляжаў на нарах у адзіночцы. Яго хвалявалі толькі два пытанні: па-першае, чаму яго дагэтуль не перавялі ў агульную камеру, а па-другое, чаму бойка з белымі ваўкамі не скончылася ва ўчорашнім сне. І Макс не адчуваў, што гісторыя скончана.

“Быццам шэрыя вырашылі самастойна перамагчы белых, без майго ўдзелу. Калі так, то добра. Але ж ці значыць гэта, што да канца жыцця я буду бачыць пра іх сны? Спачатку гэта было цікава, але зараз – невыносна”.

Заскрыгатаў замок, дзверы камеры адчынілася і ўнутр зайшоў малады міліцыянер:

– Строцаў, на выхад.

“Вось і пераезд”, – Максім падняўся, выйшаў з камеры, пачакаў, пакуль на яго руках зашпіляць кайданкі і пайшоў за міліцыянерам у кабінет следчага. “Відаць, яшчэ раз хочуць, каб я ім казкі парасказваў. Можа, спадабалася? А раптам я такім чынам зраблю аднаго з іх апавядальнікам?”

У кабінеце не было следчага, а за яго сталом сядзеў высокі цемнаскуры мужчына з сівымі валасамі.

– Сядайце, Максім. Я Угву Рыльке. Ведаеце, хто я такі?

– Думаю, родны Алены.

– Так, я яе бацька. Следчы дазволіў перамовіцца з вамі, бо сам не ведае, што рабіць: ці выклікаць хуткую, ці правесці больш жорсткія допыты, каб адбіць жаданне займацца сімуляцыяй. А вы як лічыце, што яму лепш выбраць?

– Не ведаю. Хай робіць, што хоча.

– Вы ж разумны чалавек. Навошта расказваць брыдоту пра ваўкоў? Калі б і хацелі падмануць, то маглі лепшае што прыдумаць. А то паралельныя сусветы, ваўкі…

– Я вырашыў нікога не падманваць. Не хачу выдумваць, як вы сказалі, брыдоту. Калі мая праўда падаецца несапраўднай, то рабіце са мной усё, што заўгодна. Падманваць не буду.

– І ў цэнтры гэтай гісторыі з ваўкамі знаходзіцеся вы, як галоўны герой. Ведаеце, Максім, вы не падобны на героя.

– Я пра гэта думаў. Але гісторыя сама абірае сваіх герояў. Напалеон таксама не быў прыгажуном.

Угву дастаў цыгарэту і закурыў.

– З вамі цяжка размаўляць. Не трэба было мне прыходзіць. Адкажыце – якім чынам Алена паверыла ва ўсе гэтыя казкі?

– Бо сама іх расказвала.

Мужчына пасміхнуўся.

– Давайце так. Я ўплывовы чалавек. Магу дамовіцца, каб вас выпусцілі, забяру заяву з міліцыі. Зможаце жыць далей як пажадаеце. Аднак, выканайце просьбу – забудзьце пра Алену. Што б там паміж вамі не адбывалася– каханне, сяброўства ці агульнае вар’яцтва.

– Дык засадзіце мяне ў Навінкі на ўсё жыццё і праблема вырашана.

Рыльке дастаў з кішэні пінжака сурвэтку і працёр лоб.

– Максім, вы чулі калі-небудзь пра комплекс Рамэо і Джульеты? Чым больш змагаешся за тое, каб каханыя не бачылі адзін аднаго, тым больш іх цягне быць разам. А я не хачу, каб яна кожныя выходныя бавіла ў вар’ятні. Таму цябе адпусцяць. І ты паабяцаеш, што калі Алена прыедзе, прагоніш яе.

– А калі не?

– У такім разе машына з Навінак ужо прыехала і чакае. Выбірай, зламаць свой і яе лёс, альбо працягваць жыць, як нармальны чалавек.

– Мне трэба падумаць.

– На гэта няма часу. Альбо зараз пагаджаешся, альбо едзеш да псіхаў. Вырашай.

Максім схапіўся за галаву. Ён ненавідзеў выбіраць. Сунічнае марозіва ці бананавае, гуманітарны клас ці фізіка-матэматычны, разумная Маша ці прыгожая Даша. Усё жыццё целяпаўся пасярэдзіне і, як вынік, губляў усё. Бо ў сярэдзіне пустэча. Нават у гісторыі з ваўкамі – ён то вырашаў змагацца з тройцай, то ішоў на ўступкі, то зноў ператвараўся ў ваяра. І нічога не мог парабіць з гэтай рысай характару.

Алена – адзіны чалавек, які мог зразумець яго пачуцці, выслухаць гісторыю пра ваўкоў. Першы яго сябар за шмат гадоў. Аднак і ў словах бацькі дзяўчыны быў сэнс. Ён нічога не атрымае, калі адмовіцца ад яго прапаноў. Алена застанецца невыносна далёка, а ён да канца жыцця будзе збіраць пазлы ды маляваць фігуры Роршаха.

– Я не ведаю, што рабіць.

– Тады я адкажу за цябе. Абяцай ніколі не бачыцца з маёй дачкой. Абяцай і ўсё скончыцца.

“Усё скончыцца? Нішто не скончыцца! Ваўкі б’юцца, двое з тройцы жывыя, а я ў пастцы!” – Максім нервова пасміхнуўся. Чалавек насупраць не ведаў ні пра што і пры гэтым прымушаў зрабіць неверагодны выбар паміж вялікім і яшчэ большым няшчасцем.

– Чаго ты смяешся? Відаць, сапраўды звар’яцеў. Дамовы не будзе. Перадавай прывітанне псіхам.

Угву Рыльке выйшаў, і праз хвіліну ў кабінет зайшоў следчы, даў хлопцу падпісаць нейкія паперы. Затым тры санітары пад рукі павялі яго да машыны.

***

– Тата, як ты мог такое прапаноўваць? Гэта… гэта дрэнна. Так нельга.

– Алена, я зрабіў усё, каб яму дапамагчы. Але ён вар’ят, а там дапамогуць. Упэўнены, праз два-тры гады выйдзе здаровы.

– А я хто? Таксама вар’ятка? Магу пацвердзіць кожнае слова Максіма. Гісторыі пра ваўкоў і тройцу чужых – праўда. Гэта я першая пабачыла сны пра іншы сусвет, гэта я падышла ў кавярні да Максіма і расказала яму ўсё. З-за мяне ён сярод вар’ятаў.

– Дачка, супакойся. Мы з тваёй маці зробім усё патрэбнае. Ноймем кваліфікаванага псіхолага…

– Ты мяне не чуеш. Я не пра сябе кажу, а пра Макса. Ён жа нічога не зрабіў дрэннага. Ён…

– Прастрэліў табе нагу, Алена. Не трэба кідацца на мяне.

– Тата, калі ласка, сыдзі. Мне цяжка зараз бачыць цябе.

– Алена…

– Прашу цябе.

Алена, як толькі бацька выйшаў, падхапілася з ложка. Яна цвёрда вырашыла збегчы і выратаваць Максіма, хай пакуль і не ведала як. У пакоі не было адзежы, а звонку сядзеў целаахоўнік, які наўрад ці дазволіць ёй выйсці. Дзяўчына падбегла да акна – на вуліцы ішоў моцны дождж, а калі б яго і не было, яна б не здолела збегчы з пятага паверху. З-за бездапаможнасці Алена забілася ў кут і заплакала.

***

Пра адзіночку ў псіхіятрычнай лякарні можна было не марыць. Макса змясцілі ў агульную палату разам з адзінаццаццю хворымі. Гэта былі спакойныя, ці, як іх празвалі санітары, бяспечныя псіхі. Адзін цэлы дзень стаяў тварам да сцяны, другі хадзіў ад дзвярэй да вакна і назад, нашэптваючы сабе пад нос дзіцячыя вершы. Трэці засоўваў палец глыбока ў нос, даставаў казяўкі і еў. Сусед Максіма злева ляжаў і чытаў “Братоў Карамазавых” Дастаеўскага.

Предыдущая главаГлава 17 из 22Следующая глава