К книге
ЗграяСтраница 16
73%
Страница 16
16

Цяпер ніхто з іх не сумняваўся, што рашэнне распавесці пра свае сакрэты было правільным. Тое, што выдумаў Гаўл, давала ім шанцы на перамогу, пра якую раней і марыць нельга было.

Перад тым, як разысціся ў розныя бакі, яны ўтварылі кола і ўзнялі вочы да неба. На ім адначасова былі два браты – яркае Сонца і амаль незаўважаны з-за яркасці Месяц.

– Добры сімвал.

– Так. Браты разам і назіраюць, як мы будзем біцца з ворагамі свету.

– І дапамогуць нам перамагчы.

– Слава Прароку, слава братам Сонцу і Месяцу.

– І Гаўлу…

***

На жаль, ні птушак, ні караблёў у горадзе Стыр-Калі не было. Яны яшчэ плылі. І, хутчэй за ўсё, не паспеюць на бойку.

“І я таксама павінен заставацца тут. Бо нехта ж павінны расказаць ім куды ісці і з кім біцца”. Нягледзячы на перасцярогі, Арык пагадзіўся на прапановы Гаўла – усе ваўкі яго зграі, якія маглі біцца, былі ў войску Аўчылака.

***

Ад гор на захадзе да блакіту мора на ўсходзе – усюды, куды накіроўваў погляд Гаўл, ён бачыў шэрыя спіны сваіх братоў. Ззаду стаялі драўляныя пачвары катапульт, зараджаныя камянямі, і стралкі з лукамі. Сам генерал узвышаўся над усімі на вялікім драўляным памосце, пабудаваным спецыяльна для яго. З правага боку звешвалася скура з намаляваным сонцам, а з левага – з месяцам. Побач з ім сядзелі маладыя ваўкі і рыхтаваліся бегчы да камандзіраў перадаваць загады, а прыступкі да памоста ахоўвалі ваўчыцы Стыр-Калі. Не лепшыя байцы, але калі белыя дойдуць сюды, гэты будзе не важна.

“Самая вялікая армія з часоў пачатковай зграі… І нас чакае самая вялікая бойка за гісторыю ваўкоў. Калі пераможам – станем легендай. А калі не… Калі не, то праз гадоў дзесяць ніхто не ўспомніць пра тое, што мы, шэрыя ваўкі, існавалі”.

Гаўл паглядзеў на захад, дзе сярод шматлікіх шэрых спін спрабаваў разгледзець Акіру. І ўбачыў. Яе атачаў нейкі арэал. Ваўкі стаялі на крок далей, чым патрэбна. Гэта быў знак павагі да каралевы, якая будзе біцца на роўных з усімі.

Генерал паглядзеў на поўнач і яго поўсць уздыбілася. З-за лесу з’явіліся белыя.

14.

Алена прачнулася і пабачыла Максіма. Ён скруціўся абаранкам і спаў на кушэтцы побач. Яго вусны варушыліся. Дзяўчына заўважыла, што хлопец паспеў пераапрануцца і набыў для яе яблыкаў і бананаў з сокам. Апошняе, што яна памятала з учорашняга дня – як хуткая везла яе ў аперацыйную. А потым сон.

Макс заварушыўся і адкрыў вочы:

– Добрай раніцы, Алена.

– Прывітанне, мой герой.

Яна пасміхнулася і пра сябе адзначыла: “Сапраўды герой. Ён перамог іх. Усіх траіх. Аднаго нават забіў”.

– Па твары бачу, хочаш спытаць пра ўчорашняе. Але… Не ведаю, што сказаць. Я быў вельмі злы, таму не ўсведамляў нічога.

– Ты ж забіў бялявага.

– Мабыць, так… Прынамсі, у гэтым сусвеце. Цела яго не ўставала, і новая галава не адрасла. Але двое збеглі.

– Думаю, турбаваць яны нас не будуць.

– Сапраўды ў гэта верыш? А як жа мая гісторыя?

– Нешта мне падказвае, што сваё жыццё тут ім даражэй, чым свет ваўкоў. Дарэчы, што там у іх адбываецца?

Максім апусціў галаву ў падлогу.

– Гісторыя скончана. Пачалася вайна.

– Адбылася бойка?!

– Не. Я пабачыў толькі пачатак, як белыя выйшлі з-за лесу, а шэрыя ваўкі чакаюць іх. Я прапусціў чатыры дні і не ведаю, што за гэты час адбывалася. Апосталы распавялі нейкія таямніцы, Акіра таксама, шчанюкоў і старых эвакуявалі на якісьці востраў, з-за мора, магчыма, плывуць ваўкі…

Максім пераказаў сон.

– Макс, усё ж добра. Яны зрабілі, што маглі і сустракаюць ворагаў у найлепшым стане. Што цябе непакоіць?

– Алена, адкажы мне… Ты адчувала, што твая гісторыя скончана і трэба расказаць яе працяг?

– Так.

– На што гэта падобна?

– Быццам ты прачынаешся, а ў цябе адабралі самае дарагое і каштоўнае, што было. І невыноснае жаданне каму-небудзь расказаць пра тое, што згубіла. Трымалася колькі магла, а потым прыйшла ў кавярню, пабачыла цябе і вырашыла – ты наступны. А чаму ты пытаешся? Таксама адчуваеш нешта падобнае?

– У тым і справа, што не. Мне падавалася, што бойка і будзе маёй гісторыяй. Усё прадумаў наперад. Прыйдуць белыя ваўкі і я раскажу, як яны прайгралі, як іх целы завалілі ўсё поле і шэрыя тры тыдні запар закопвалі іх, каб пазбегнуць хвароб… Усю гісторыю ў галаве пракруціў некалькі разоў з дэталямі. І што? Я нічога не адчуваю. Нічога, разумееш? Вайна з белымі пройдзе без мяне. Не ведаю – ці яны заб’юць Суу-Ардун, ці Гаўл нешта сам выдумае, але без мяне.

– Максім, можа, яшчэ не час?

– Я думаў пра гэта, але мая гісторыя неразрыўна звязана з Гаўлам і Суу-Ардун. Бо ў кожным сне я бачыў гэтага ваўка і гэту зграю. А калі яны загінуць, то…

– А раптам перамогуць?

– Так не лепш. Пра што мне тады расказваць? Гісторыя ж скончыцца.

– Гісторыя ніколі не скончыцца.

Максім паглядзеў на Алену і нечакана для сябе пяшчотна пагладзіў яе па валасах.

– Ты цудоўная дзяўчына, Алена. Без цябе я б не здолеў нічога зрабіць. А зараз адпачывай. Мне трэба дадому.

***

– Што рабіць? Час сыходзіць. Калі не заўтра, то праз дзень ён стане расказваць. Мы будзем чакаць?

– Так. Час – наша зброя.

– Дазволіш яму расказаць сваю гісторыю?

– Магчыма.

– Мы не можам гэта зрабіць. Ён забіў аднаго з нас. І ты не адпомсціш?

– Не.

– А калі шэрыя перамогуць?

– Яны не перамогуць. Нават самая вялікая іх перамога будзе нязначнай для ўсёй гісторыі. Мы дабіліся такіх поспехаў, што лёгка вытрымаем адну паразу. Да таго, я вельмі сумняюся, што нават з усёй падрыхтоўкай іх тысяча здолее што-небудзь зрабіць з дзесяццю тысячамі нашых братоў.

– Ты не бачыў яго сны і не ведаеш, што зараз адбываецца ў тым сусвеце.

– І што яны маглі прыдумаць супраць нас? Хутка нарадзіць і выхаваць яшчэ пяць тысяч шчанюкоў? Не, а таму маўчы і слухай. Мы пачакаем, пакуль усё скончыцца. А далей ён усё роўна раскажа тое, што дазволіць яму сказаць гісторыя. І мы. Для гэтага неабавязкова лезці са сваімі прапановамі ды ідэямі. І не забывай пра законы гэтага сусвету. Тое, што адбылося паміж намі, незаўважаным не пройдзе. Хутка гэты апавядальнік апынецца ў пастцы.

Дзіўнаватая пара, лысы і чарнявы, сядзелі на дзіцячай пляцоўцы і перамаўляліся. Абодва трымалі ў руках кіі.

***

Максім сядзеў на прыступках бальніцы і курыў. Звычка, ад якой ён пазбавіўся ў падлеткавым узросце, вярнулася. Яна не давала хлопцу звар’яцець ад цяперашніх думак.

Наста, Філіп, Алена… Усе яны – яго ахвяры. На шчасце, апошняя засталася жывой. А трэба было проста пагадзіцца. Сказаць: “Згодны”. Так гаварылі на працягу тысяч гадоў мільёны чалавек. Нягледзячы на сваю нязгоду, яны сціскалі вусны і прамаўлялі: “Я згодны”. Гэта ўсё, дзеля таго каб выратаваць тых, каго яны любілі.

“Я не мог. Інакш ператварыўся б у забойцу разумнай расы са сваімі традыцыямі і культурай”– запэўнівала свядомасць. А падсвядомасць нашэптвала: “А хто такія гэтыя ваўкі? Навошта яны табе патрэбныя, як іх жыццё звязанае з табой і іншымі людзьмі? Ты дурань, які думае, што абраны героем. А насамрэч – звычайная дрэнь. Іншыя праз цябе гінуць. Змагайся далей і пабачыш яшчэ больш болю. Ты наогул упэўнены, што тыя ваўкі існуюць? Можа, гэта масавая галюцынацыя? А тая тройца таксама сніла сны і верыла ў сваю праўду? Ці гэта вірус, які захоплівае мазгі? Табе трэба ісці да доктара, легчы ў Навінкі. Там дапамогуць, выратуюць. І ты нікому не нашкодзіш”.

***

Максім вярнуўся ў палату праз тры гадзіны, весела пасміхаўся і жартаваў. Алена смяялася разам з ім. Для дзяўчыны ваўкі і бессмяротная тройца тут, у бяспецы, ужо падаваліся нават трошкі вясёлай прыгодай.

Міліцыянеры з’явіліся неспадзявана. Начапілі на Максіма кайданкі і вывелі. Ён не супраціўляўся і працягваў пасміхацца. Падчас затрымання Алене падалося, што ёсць у такіх паводзінах нешта вар’яцкае.

Калі канвой вывеў хлопца, у палату зайшоў Угву Рыльке, бацька Алены. За гады ён ад звычайнага інжынера па харчовых пытаннях дайшоў да дырэктара харчовага камбінату з асабістым кіроўцам. Цёмны колер скуры ў гэтым пытанні яму не перашкаджаў, а ў некаторых выпадках дапамагаў. Бо яго лічылі замежнікам, які жыве зусім па іншых прынцыпах.

– Алена, калі ласка, скажы, як ты звязалася з гэтым чалавекам?

У яго голасе не было асуджэння ці прыніжэння. Ён сапраўды хацеў ведаць.

– Тата, ён добры…

– Дачка, учора гэты хлопец прастрэліў табе нагу. Міліцыя так і не змагла даведацца, каму належала тая стрэльба. Імя чалавека няма, ёсць толькі адрас – нейкая старая хата на Грушаўцы. Там знайшлі адбіткі пальцаў твайго сябра і сляды пораху.

– Усё так і адначасова ўсё не так, тата. Выратуй яго.

– Алена, ён жа страляў у цябе, як ты не разумееш? А таму павінен несці адказнасць. Скажы мне, справа ў наркотыках? Калі так, мы пакладзём цябе ў клініку. Усё будзе добра. Ці можа… Ты ад яго зацяжарыла? Гэта мы таксама вырашым.

– Што вырашым? Аб чым ты гаворыш, тата? Дай мне падняцца, не трымай!

– Дык гэта праўда дзіця?

– Няма ніякага дзіцяці. Я нават не спала з ім ні разу. Проста… Ты не зразумееш.

– Ты сама ўсё ўскладняеш. Застанешся тут, лячыся, а потым паедзеш да нас з мамай. Будзем жыць разам. І не думай уставаць з ложка. Каля палаты будзе сядзець мой чалавек. Па ўсіх пытаннях звяртайся да яго.

***

Максім вярнуўся ў СІЗА. Міліцыянеры, якія ўдзельнічалі ў затрыманні, палічылі яго вар’ятам і рэкамендавалі накіраваць у іншае месца.

“У гэтым ёсць нешта іранічнае. І тыдня не прайшло, як мяне зноў кінулі за краты. Абодва разы справядліва. Спачатку за забойства Насты, а цяпер з-за Алены. Трэба, каб яшчэ і за Філіпа некалькі гадоў да тэрміну дадалі. І збегчы на гэты раз не атрымаецца. Адваката няма, а тыя двое не стануць дапамагаць. Яны, мабыць, і рады. Адно дрэнна – сваю гісторыя прыйдзецца расказваць якому-небудзь зэку”.

Макс адказаў на пытанні следчага і павялічыў свае шанцы патрапіць у Навінкі. Расказаў усю праўду – і пра ваўкоў, і пра тройцу, і пра Насту, і пра гаспадара стрэльбы – Філіпа. Міліцыянеры на ўсялякі выпадак праверылі па сваіх базах, але не знайшлі такога чалавека. Максіма абмацюкалі і пакінулі аднаго.

Воўчы сон

З-за лесу з’явіліся белыя. Выйшлі на вялік прагал, падзелены на дзве часткі драўлянай сцяной з ссечаных дрэваў. Ваўкоў было шмат. Гаўл да гэтага моманту не ўяўляў такога відовішча. Яны рухаліся павольна і не спяшаліся. Звыклыя да перамог з асалодай чакалі новай бойкі.

Пачулася кароткае завыванне, стук драўляных канструкцый, і катапульты, шырока размахнуўшыся сваімі хвастамі, кінулі ўверх сотні камянёў – ад малых, памерам з воўчы нос, да вялікіх, якія ваўкам прыходзілася несці ўпяцярых. Белыя таксама пачулі новыя, дзіўныя гукі. Не толькі стук дрэва, але і свіст паветра, якое разрывалі каменныя снарады. Аднак яны не глядзелі ўверх, а працягвалі гэтак жа ісці наперад, да прыемнага паху сваёй ежы.

Камяні абрушыліся зверху, ломячы хрыбты, прабіваючы галовы, калечачы ногі. Маленькі каменьчык, які ўтварыўся ў паветры ад сутыкнення двух вялікіх валуноў, патрапіў аднаму з белых у вока, прабіў яго і пацэліў у мозг. Яшчэ некалькім ваўкам прышчаміла камянямі хвасты. Прыкаваныя да зямлі, яны працягвалі рабіць крокі наперад. Нават тыя, хто не маглі ісці, валачыліся ўслед за сваімі. Пасля таго, як апошні снарад упаў на зямлю, чарговае кароткае завыванне ўзняла ў неба другую партыю камянёў.

Гаўл назіраў за гэтым без радасці ці ўпэўненасці. Не менш за шэсць дзясяткаў белых назаўсёды засталіся ляжаць на зямлі з-за першага залпу катапульт. Але іншыя белыя і не заўважылі гэтага. Працягвалі ісці наперад, наступаючы на сваіх памерлых, не дапамагаючы параненым.

Па разліках генерала, катапульты павінны былі страляць цягам усяго бою. Бо белых было так шмат, што калі першыя пачнуць пераскокваць роў, апошнія яшчэ не выйдуць з лесу.

***

Прарок намаляваў схему катапульты на адным са сваіх скруткаў, але ніколі не спрабаваў яе сабраць. А Вый-Кло не мелі ніводнай магчымасці выкарыстаць сваю зброю. А таму ніхто не чакаў, з якімі наступствамі прыйдзецца сутыкнуцца.

Дзясяткі ваўкоў, у асноўным старых, а таксама трохгодкі, падносілі камяні да катапульт. Іх спіны, на якія нагружалі мяхі, сцёрліся да крыві. А ваўкі, якія гэтыя самыя мяхі пераносілі ў кідальныя лыжкі, павыдзіралі са сваёй пашчы не адзін зуб. Яны працавалі як маглі хутка.

Другі залп адбыўся адразу пасля першага, а паміж другім і трэцім узнікла невялічкая паўза. Паміж трэцім і чацвёртым яна стала большай. Да пятага стрэлу яна магла зацягнуцца на некалькі хвілін, а на дзясятым ваўкі пачнуць падаць і паміраць.

– Перапынак, усім адпачываць хвіліну, – скамандаваў апостал.

Ваўкі ляглі на зямлю. За хвіліну нічога страшнага не павінна здарыцца. Адна хвіліна перапынку на кожныя тры стрэлы. Так яны пратрымаюцца долей.

***

Праз некалькі хвілін пасля з’яўлення белых ваўкоў на прагале, пачуўся новы ваўчыны загад. Другі апостал камандаваў стралкамі, і цяпер насустрач белым паляцелі доўгія завостраныя трэскі, якія на вялікай хуткасці лёгка пранізвалі тоўстую поўсць і скуру белых.

Каля кожнага лука стаяла тры ваўкі. Двое трымалі зброю, а трэці браў у зубы стралу, устаўляў яе ў цеціву, нацягваў і адпускаў. Апостал глядзеў, куды трапляюць стрэлы, праз сваю трубку з чароўнымі шкельцамі, якая магла набліжаць выявы, і камандаваў:

– Падняць лукі вышэй!.. Павярнуць трохі ўлева!..

Праз пяць стрэлаў ваўкі мяняліся месцамі. Той, хто страляў, хапаўся за адзін канец лука, а той, хто трымаў, сам нацягваў цеціву. Усе рабілі стрэл сінхронна і ў паветра адначасова ўзляталі шэсць дзясяткаў стрэл.

Адзін з ваўкоў завішчэў. Ён дрэнна ўзяў стралу і цеціва адрэзала яму кончык языка. Няўдаліца накіравалі да лекара, а яго месца заняў адзін з вайскоўцаў з шаломам на галаве.

Стрэлы ляцелі над галавой Гаўла. Бойка пакуль ішла па яго сцэнарыю. Белыя ваўкі паміралі, гублялі магчымасць хадзіць. А шэрыя заставаліся жывымі. Генерал лічыў колькасць забітых. Атрымлівалася, што за паўгадзіны загінула не менш за шасцісот ворагаў – вельмі добры вынік. Нават лепшы, чым ён мог уявіць. Але іх заставалася вельмі шмат.

Предыдущая главаГлава 16 из 22Следующая глава