К книге
ЗграяСтраница 15
68%
Страница 15
15

Паліва скончылася на дванаццатым крузе па МКАДзе. Алена паспела заехаць у невялічкі лясок. Разам з Максам яны выйшлі, узброіліся нажамі, абрэзам, стрэльбай і сталі чакаць. З багажніка пачуўся стук.

– Давай яго выпусцім.

– Пачакае…

– Выпусцім, і хай ідзе, куду хоча. Трымаць яго не будзем. Думаю, ён збяжыць.

– Макс, а калі ён пачне біцца і кідацца?

– Ён жа звязаны па руках і нагах. Што ў такім стане зможа зрабіць? Калі па-вар’яцку паводзіцца будзе, я і чапаць яго не стану.

– Добра, трымай.

Алена працягнула ключы і Максім кінуўся адчыняць багажнік. “Можа, яна і мае рацыю. Трэба патрымаць яго там. Але ж… ён дапамог мне, выратаваў з-за кратаў. Такое нельга забываць”.

Хлопец уставіў ключ, зрабіў адзін абарот і вечка само з вялікай хуткасцю рынулася яму насустрач. Макс не паспеў адскочыць і атрымаў моцны ўдар у нос, паваліўся на зямлю, выраніўшы з рук абрэз. З багажніка вылез і ўстаў над ім бялявы з тройцы. Алена ўскрыкнула і, не цэлячыся, стрэліла. Шкло ў аўтамабілі з храбусценнем развалілася на аскепкі. Каля дзяўчыны раптам з’явіўся чарнявы і вырваў стрэльбу з рук. Лысы глядзеў на гэта з боку дарогі, перакрываючы шлях для адыходу. Бялявы з нечаканым для свайго твару здзіўленнем углядаўся ў Алену.

– Я не заўважыў твайго стрэлу, чаму… Ты! Ты мінулая апавядальніца. Вось чаму мы не адчуваем цябе. Цяпер зразумела, хто схаваў Максіма. Табе канец.

Ён пайшоў у яе бок, але насустрач выйшаў лысы.

– Не! Мы не можам нічога з ёй зрабіць. Яна апавядальніца. Заб’еш яе і ўсё зменіцца, гісторыя пойдзе па-іншаму. Яна звязана з новым апавядальнікам. Яшчэ адной страты ён не перанясе.

Максім сядзеў на зямлі і трымаўся рукой за нос, кроў з якога заляпала яму цішотку і штаны. “Мы чарговы раз прайгралі, нават не ўступіўшы ў бойку. Можа, не памыляўся Філіп, калі казаў, што перамагчы немагчыма? Філіп…”.

– Дзе ён? Дзе Філіп?

Усе паглядзелі на яго. Бялявы спыніў спрэчку з лысым.

– Дзе Філіп, куды ты яго дзеў, вырадак?

Бялявы паказаў зубы, ці то скалячыся, ці то спрабуючы пасміхнуцца.

– Ён адправіўся ў падарожжа да тваёй былой дзяўчынай.

– У сэнсе? Дзе ён?

– Што? – лысы схапіў свайго хаўрусніка загрудкі. – Ты накіраваў яго ў іншы сусвет? Забіў яго?

– Так. Апавядальнік памёр, а свет не змяніўся. Мы тут і перамога наша, – крыва пасміхнуўся бялявы.

– У сэнсе, апавядальнік? – Максім не мог даўмецца, што яны кажуць: ён жа апавядальнік, ён жывы…

– Такі ж апавядальнік, як ты. Яго маці расказалі гісторыю ваўкоў. А потым, калі мы яшчэ не ўмешваліся, а сачылі, яна перадала яе сваім сынам-блізнятам. З братам Філіпа мы “працавалі”. Аднак не чакалі, што другое дзіця назаўсёды застанецца апавядальнікам. Ці як ён сам назваўся – назіральнікам. Чалавекам, які ўсё бачаць, усё чуе, а зрабіць нічога не можа.

– Ён жа казаў, што…

– Абраны? Вы ж разумныя стварэнні. Кім абраны? Сусветам? Ды сусвету, усім гэтым зоркам, планетам і каметам пляваць на вас, жывых. Яны існуюць па законах фізікі. А гэты – дурань. Я перакінуў яго на планету ваўкоў. І хутка ён стане ежай альбо для нас, альбо для шэрых.

– Ты не меў права гэта рабіць, – да яго зноў падступіў лысы.

– Што абмяркоўваць? Трэба было ад пачатку быць жорсткімі і не шкадаваць ні іх, ні гэты сусвет.

Максім страціў слых і зрок. Але калі ў першы раз гэта здарылася з-за гуку вырваных варот і нечаканага святла пасярод цемры, то цяпер ён захлынуўся пачуццямі і ператварыўся ў нянавісць.

***

Алена глядзела на тройцу і дрыжэла. Як яна магла падумаць, што ў іх атрымаецца? “Лепш было схавацца і дамаўляцца з імі. Цяпер нічога не зробіш. Мяне заб’юць, Максіма пасадзяць на ланцуг, а ваўкі загінуць”.

Кроў з носа Максіма капала на зямлю. Алена глядзела на хлопца і шкадавала, што не пазнаёмілася з ім у кавярні па-сапраўднаму, як чалавек знаёміцца з чалавекам. Не спытала, ці хоча ён стаць выратавальнікам сусветаў.

А потым здарылася тое, што дзяўчына не змагла адразу ўсвядоміць. Ёй падалося, што Макс на імгненне знік, настолькі хуткімі былі яго рухі. Ён выхапіў нож са шкарпэткі, падхапіў абрэз з зямлі і кінуўся на бялявага, паваліў яго на зямлю, прыставіў рулю ў твар і стрэліў. Па паляне разляцелася белае рэчыва, з якога складаліся целы тройцы. Лысы кінуўся на выратаванне, але Максім прадухіліў атаку – нажом ударыў ворага ў нагу і паваліў на зямлю.

Чарнявы зразумеў сітуацыю і павярнуўся да Алены. Яна так і не даведалася, хацеў ён яе задушыць, ці забраць з сабой, як другі стрэл з абрэза адсек яму нагу ніжэй калена. Частка драбін трапіла ў дзяўчыну, яна павалілася на зямлю і закрычала. Макс кінуўся да яе.

– Прабач, Алена, прабач! Я не бачыў, не думаў, што ў цябе патраплю.

– Нічога, Максім, усё добра. Мы перамаглі?

– Не, яшчэ не.

Ён падняў яе на рукі і панёс да кальцавой дарогі. Лысы і чарнявы зніклі, а цела белага засталося ляжаць на зямлі, падобнае на манекен з адарванай галавой.

Воўчы сон

Белая нянавісць, белая злосць, белая ненажэрнасць уз’яднаныя ў адну зграю павольна, крок за крокам, рушылі наперад. Адзінае жаданне гэтай навалы – забіваць і есці, ламаць і нішчаць. Сэнс яе жыцця – пашырэнне жыццёвай прасторы.

Яны ішлі, з асалодай чакаючы бойкі і марылі пра перамогу. Бо перамога – гэта шмат ежы, магчымасць спыніцца і адпачыць. Белыя ваўкі не баяліся цемры ці святла, болю ці жорсткасці. У іх не было страху. Боль можна стрымаць, хай гэта і непрыемна, а злосць не схаваеш. Кожны з іх зграі, якая паўзла на поўдзень, ведаў – адчуўшы пах крыві ворага, паспрабаваўшы яе смак, навакольны свет знікне. Вочы будуць бачыць толькі кроў, вушы будуць чуць яе ток па венах шэрых, нос будзе адчуваць салёны пах, а рот перасохне ў чаканні пачастунку.

***

Зграя Ачын мела добрую выведку за шмат гадоў да таго, як іх уладаром стала каралева. Ваўкі шмат ваявалі, а таму хутка зразумелі – хто больш ведае, у таго і шанцаў на перамогу больш.

Іншыя зграі наогул не мелі выведнікаў з-за паху. У кожнай зграі свой асаблівы водар. І таму лёгка адрозніць свайго ад ворага. Чужака заўсёды пачуюць, значыць, хутка знойдуць і заб’юць.

Не адно дзесяцігоддзе Алык-Ачын біліся з гэтай праблемай. Спрабавалі смуроднай вадою намочваць поўсць, стрыгчы яе, пускаць кроў, абмазвацца вантробамі ваўкоў іншых зграй – нічога не дапамагала. Усё да моманту, пакуль аднаго з ваўкоў не траўмавалі падчас бойкі – вырвалі шмат мяса з-пад хваста. Зграя перастала яго заўважаць, асабліва калі да таго ён добра вымыўся.

Так былі знойдзены залозы паху. Выдаліш іх – і можна ў чужы горад зайсці. На цябе не звернуць увагі – ці мала ваўкоў у зграі? Усіх ведаць не будзеш. Дый у паселішчах столькі пахаў, што тваю “нейтральнасць” ніхто не заўважыць. Канечне, у будку важака заходзіць небяспечна, а вось прысутнічаць на сходзе зграі можна лёгка.

Быў у гэтай “аперацыі” адзін недахоп, з-за якога іншыя зграі калі б і даведаліся пра такі метад, ніколі б яго не выкарысталі. Шэры без гэтых залоз губляў цікавасць да расплоду. Ваўкі не заўважалі ваўчыц, нават падчас цечкі, а ваўчыцы без залоз кідаліся на ваўкоў, якія да іх заляцаліся.

Алык-Ачын спачатку таксама не ішлі на гэта. Да таго моманту, пакуль у іх не з’явілася каралева. Яна вырашыла, што ў зграі і так шмат ваўкоў. І выведка стала адной з галоўных зброяй Ачын. А самі выведнікі карысталіся вялікай пашанай. Бо для карысці зграі яны ахвяравалі сваім будучым.

І цяпер дваццаць тры выведнікі на рознай адлегласці адзін ад аднаго сачылі за рухам белых. Трое ваўкоў пабеглі ў горад Суу-Ардун дакладаць пра пачатак вайны. Астатнія хаваліся і чакалі.

***

Савет праходзіў у добрым настроі. Белыя далі ім чатыры дні, за якія шмат чаго адбылося. Апосталы расказалі Гаўлу пра свае сакрэты і ён распавёў пра іх усім астатнім. А Арык прынёс добрую навіну – караблі з усходу вяртаюцца. Аўчылак праявіў сябе як сапраўдны камандзір – ваўкі з розных зграй пад яго кіраўніцтвам сталі адзіным войскам, і самі цяпер дрэнна адрознівалі хто адкуль, бо ад усіх смярдзела аднолькава – потам, брудам і крывёю. Гаўл упершыню паверыў у магчымую перамогу. Шанцаў было няшмат, але яны з’явіліся.

– Сябры, мы скончылі падрыхтоўку да вайны з белымі. І калі загінем у гэтай бойцы, то нашых ворагаў памрэ шматкроць больш. І іншыя зграі лёгка іх перамогуць.

– Няўжо гэта Гаўл? – у словах Акіры чулася іронія. – Ты паверыў у сябе? Можа, пачнём планаваць як самі пойдзем у атаку?

– Сапраўды. Прабач мяне. Не мог стрымаць пачуццяў. Раскажы навіны з поўначы.

– Навін няма. Белыя сабраліся ў вялікую зграю і нечага чакаюць. Можа, загада свайго ўладара, можа нечага іншага.

– Думаеш, у іх ёсць важак?

– А трус іх ведае. Выведнікі не могуць падысці настолькі блізка, каб гэта высветліць. Сядзім ад іх за трыста крокаў і чакаем.

– Сядзім? Ты што, сама там была?

– Учора, каб упэўніцца, што ўсё добра. Хачу адразу падзякаваць Вый-Кло за вашы… прыстасаванні, якія дазваляюць глядзець у шмат разоў далей.

– Няма за што, Акіра. Ты наша сястра па веры, а таму ўсё наша – тваё.

– Акіра, ты ж ведаеш, наколькі гэта небяспечна для цябе – набліжацца да белых. Твае залозы, наколькі мне вядома, яшчэ на месцы.

– Не хвалюйся. Я была асцярожнай.

Гаўл незадаволена матлянуў галавой. Ён вельмі хваляваўся за ваўчыцу, з-за чаго хаваць ад іншых іх адносіны рабілася складана.

– Апосталы, што са зброяй?

– Камяні для катапульт падрыхтаваны ў вялікай колькасці, зроблена дзве тысячы стрэл і шэсцьдзесят лукаў. Панцыры ёсць у кожнага ваўка з тых, што будуць біцца, а шаломаў у тры разы болей.

– А што з… іншай зброяй?

– Як і дамовіліся, Гаўл, усё зроблена. Будаўніцтва завершана.

– Добра. Арык, што са старымі і шчанюкамі?

– Шчанюкі з усіх зграй, разам са старымі, якія не могуць біцца, схаваны на востраве пасярод балота. Там яны ў бяспецы – ніводны воўк без лодкі і нашых прыспасоб не здолее пераадолець дрыгву.

– А якія навіны пра ваўкоў з-за мора?

– Сёння раніцай прыляцела другая птушка, якую я апісваў вам раней – з незвычайнай дзюбай. Але калі першая была зялёная, то гэта чырвоная. Да яе нагі быў прымацаваны скрутак з адным словам – “Сёння”.

– Будзем верыць, што гэта сапраўды плыве дадому твая зграя, а не нехта іншы з-за акіяна. Твае ваўкі спатрэбяцца ў бойцы. Хай яны дзень адпачнуць, а потым рухаюцца да нас. Аўчылак, іх трэба будзе хутка навучыць усяму, што ты ведаеш.

– Слухаюся, важак. Дазволь…

У будку нечакана забеглі тры ваўкі, у якіх Гаўл адразу пазнаў выведнікаў Акіры. Пасля навіны пра выдаленыя залозы ён навучыўся знаходзіць вакол сябе ваўкоў без паху.

– Каралева, дазволь мовіць.

Генерал рыкнуў. Гэтыя ваўкі заставаліся адзінымі, якія дагэтуль спярша звярталіся да Акіры, а на яго не звярталі ўвагі. “Нічога, прыйдзе час – навучацца”.

– Гаварыце, дазваляю.

– Белыя рухаюцца да нас.

Гэта інфармацыя змяніла настрой савета.

– Аўчылак, рыхтуй войска. Апосталы – каб стралкі праз дзесяць хвілін рушылі на пазіцыі. Арык – ідзі дадому чакаць сваю зграю. Пры з’яўленні хутка бяры ўсіх, хто можа ісці, і руш у наш бок. Выведнікі, наколькі хутка белыя будуць тут?

– Яны ідуць павольна і калі не паскорацца, то праз дзве-тры гадзіны. Але калі пабягуць – значна хутчэй.

– Дрэнна. Колькі іх?

– Шмат. Да далягляду без прасветаў. Не менш за дзесяць тысяч.

– Бяжыце назад і ідзіце за сто крокаў ад іх у наш бок. Калі яны паскорацца, ці здарыцца нешта яшчэ, дакладвайце.

– Слухаемся, генерал.

Ваўкі выбеглі з будкі.

Калі яны засталіся ўдвух, Гаўл сказаў:

– Акіра… Рыхтуйя да аблогі горад.

– І не мар пра гэта, Гаўл. Я не шчанюк, а таму буду біцца разам з астатнімі ваўкамі. Хай ваўчыцы Стыр-Калі ахоўваюць цябе ад белых, а маё месца там.

– Акіра, прашу цябе. Ты ж ведаеш, я не проста так думаю, што мы можам перамагчы. І табе не трэба дзеля гэтага паміраць.

– А я і не збіраюся. Але сядзець за спінамі не буду. Мае салдаты звыклі да таго, што іх каралева б’ецца побач.

– Акіра…

– Маўчы, Гаўл. Усе размовы будуць пасля бойкі. А зараз я сама вырашу, што трэба рабіць, а што – не. Ты не мой уладар.

Ваўчыца выбегла, а Гаўл сеў на хвост агаломшаны. Яшчэ ніколі яна не размаўляла з ім так жорстка. Нават падчас знаёмства. А цяпер яны былі бліжэй, чым калі. “Няўжо Акіра не разумее, што я без яе жыць не змагу?”.

***

Вялікае войска пастроілася пад сценамі горада. Ваўкі і ваўчыцы, старыя і маладыя, хвастатыя і бясхвостыя. Ваўкі са зграй Стыр-Калі, Ачын, Вый-Кло і Суу-Ардун, аб’яднаныя разам на барацьбу з агульным непераможным ворагам. Пах, які падымаўся ад тысяч скур быў непадобны на пахі нейкай асобнай зграі. Аўчылак аскаліўся – перад ім нібыта стаяла новая, невядомая раней у свеце зграя. І ён таксама быў адным з іх.

– Бойка, як я казаў раней, адбудзецца на двух флангах. На правым буду камандаваць я. А на левым – каралева Акіра са зграі Ачын. Зараз мы выходзім да пазіцый і чакаем. Мы не адразу сутыкнёмся з белымі, спачатку ім прыйдзецца паспрабаваць нашы пасткі. Большасць з вас загіне. І я хачу, каб кожны аддаваў сваё жыццё як мага даражэй. Калі нехта памрэ і не заб’е хаця б аднаго белага, лічыце, што ваша смерць – перашкода для іншых. А цяпер выпраўляемся. Зброю атрымаеце на месцы. Мы выходзім першымі. Акіра ідзе за намі. Каралева?

– Ваўкі левага флангу. Перад тым, як ісці, хачу папярэдзіць – кожнага, хто пабяжыць за спіны іншых, я заб’ю асабіста. Памятайце пра гэта, калі страх пачне перамагаць мужнасць.

Грамада з тысячы шэрых целаў прыйшла ў рух. Палова пайшла за Аўчылакам на усход, а калі знікла, на захад сваё войска павяла Акіра. Каралева ішла апошняй. Упершыню за шмат дзён яна ведала, куды ісці і што рабіць. Не трэба думаць пра будучыню, бо яна можа ніколі не адбыцца.

***

Апосталы падзяліліся. Шасцёра ператварыліся ў лекараў, трое – у камандуючых стралкамі, а двое сталі наглядаць за пабудовамі: роў, сцяна, валы і пасткі, якія павінны былі спрацаваць у патрэбны момант.

Предыдущая главаГлава 15 из 22Следующая глава