К книге
ЗграяСтраница 14
64%
Страница 14
14

– Арык?

– Генерал, я адкажу табе тое ж, што казаў раней – як толькі прыплывуць ваўкі з-за мора, мы выправімся вам на дапамогу. Дагэтуль ніхто з маіх не прыйдзе. Нас і без таго мала. Ды й тыя – старыя, малыя і ваўчыцы.

– Дваццаць ваўчыц, Арык, – Акіра з прыкрасцю ставілася да таго, што ў зграях збольшага патуралі ваўчыцамі. – Для асабістай аховы мяне і Гаўла.

– Добра, каралева. Для цябе я абяру дваццаць лепшых ваўчыц нашай зграі.

***

Пасля заканчэння савета Акіра засталася разам з Гаўлам. Дэманстратыўна лягла на белую скуру і паглядзела ў вочы генерала.

– Гаўл, ты ж не ведаеш, як нам перамагчы?

– Не ведаю. Ніводнага разу я не пытаўся ў цябе на Савеце, колькі да нас ідзе белых, бо баюся пачуць адказ.

– Хочаш, назаву лічбу? Яна і мяне пужае.

– Скажы.

– Дакладна падлічыць цяжка – выведнікам жа трэба не паказвацца на вочы, сачыць за кірункам ветру і…

– Акіра, назаві лічбу. Ты мне неаднаразова расказвала пра асаблівасці выведкі і я гэта ведаю.

– Дванаццаць тысяч. Калі выведка памыляецца ў горшы бок, то пятнаццаць, а калі ў лепшы – дзесяць.

– Дрэнна. Вельмі дрэнна. Па маіх разліках, мы зможам параніць і забіць да пачатку бойкі каля трох тысяч. Гэта калі кожны стралок патрапіць у сваю цэль, а пасткі спрацуюць, як трэба. І тады восемсот ваўкоў Аўчылака будуць біцца “ўсяго” з дзевяццю тысячамі белых.

– Не забывай пра Арыка.

– Я памятаю. Але не ведаю, наколькі нам могуць дапамагчы яго дзве сотні. За сцены горада мы здолеем адвесці пяцьсот ваўкоў. А з белых, па маіх падліках, да горада дойдзе тысяч сем. Яшчэ тысяча загіне ля сцен, астатнія рынуцца ў горад. І тут мы самі апынёмся ў пастцы – нельга збегчы з-за вялікіх сцен. Нас загрызуць, як трусоў у клетках.

– Яшчэ ёсць час. Ты нешта прыдумаеш. Я веру ў цябе.

– Дзякуй, Акіра.

***

Аўчылак агледзеў падначаленых. Тры сотні шэрых ваўкоў, узброеных з дапамогай Вый-Кло. Астатнія ў гэты час займаліся паляваннем на тэрыторыі чатырох зграй, каб здабыць ежу для войска. Праз тры гадзіны яны таксама будуць стаяць тут і слухаць яго, галоўнакамандуючага. А затым і трэцяя частка ваўкоў.

Выглядалі вайскоўцы дзіўна. Дваццаць дзён таму Аўчылак першы б засмяяў іх – драўляныя дошкі па баках, на шыях незразумелыя “ўпрыгожванні” з вострых птушыных костак, на галовах дзіўныя шаломы з умацаванымі рагамі зуброў, А да двух пярэдніх лапаў прывязаны вострыя камяні. Смех ды й толькі.

– Ваўкі! Сёння ўпершыню вы апранулі зброю да бою з белымі ваўкамі. З яе дапамогай мы пераможам любога саперніка, калі будзем прытрымлівацца простых правіл. Першае – калі бачыце, як на вас ідзе белы, ні ў якім разе не паварочвайцеся да яго задам – там вас нішто не ахоўвае. Лепш прыміце ўдар бокам з бранёй. А потым альбо падскоквайце і біце яго ў твар ды спіну пярэднімі лапамі, альбо паднырвайце пад іх цела і сваім шаломам прапорвайце жывот. Не спрабуйце пракусіць тоўстую поўсць на шыі, баках ці спіне – усё роўна не атрымаецца. Зараз паспрабуем. Па адным падыходзьце да пудзіла.

Перад войскам стаялі жахлівыя постаці. Скуры зуброў набілі пер’ем і зрабілі фігуры, якія аддалена нагадвалі постаці ваўкоў.

– Першы, паднырвай пад яго і спрабуй пракалоць жывот. Дрэнна. Наступны, за ім, хутка. Дрэнна. Трэці – дрэнна, чацвёрты – дрэнна. Пяты – малайчына! Не бойцеся падчас бойкі згубіць шалом, які засядзе ў целах гэтых пачвар. Проста адступіце да абозу і вазьміце новы.

Аўчылак займаўся са сваім войскам ад раніцы да ночы. Часу было мала, а ваўкоў, якія дрэнна авалодвалі новай тэхнікай бою, – шмат.

– І памятайце, у дзень бойкі ваша поўсць будзе насычаная атрутай. Не думайце залізваць раны. Лепш ідзіце да лекараў. Дваццаць шосты – дрэнна!

Аўчылак даўно перастаў адрозніваць ваўкоў сваёй зграі ад іншых. Яны для яго сталі салдатамі.

***

Апосталы адасобіліся ў адной з хат для таемных перамоў.

– Мы павінны ім расказаць.

– Не, ні ў якім разе! Пасля перамогі над белымі мы павінны мець зброю і супраць іх.

– Навошта? Яны ж прынялі Месяц!

– Зараз – так, а што будзе пасля? Наша вера ім патрэбна для перамогі.

– Гаўл сапраўды воўк з прароцтва. Столькі супадзенняў не можа быць маной.

– Калі так, то ён цудоўна справіцца і без нашых сакрэтаў.

– А ў скрутках напісана па-іншаму. Там гаворыцца, што мы павінны дапамагчы ўсім, чым можам. Інакш загінем.

– Не загінем. Хай яны і прайграюць, белых таксама памрэ шмат. І мы пераможам.

– А калі не? І Гаўл даведаецца пра нашы сакрэты?

– Гэта магчыма, улічваючы яго розум і выведку Акіры.

– Так, іх сяброўства з каралевай-ваўчыцай таксама трэба ўлічваць. Хто ведае, да чаго гэта прывядзе.

– Давайце галасаваць.

Некалькі ваўкоў ляглі на зямлю, астатнія засталіся стаяць.

– Шэсць за тое, каб расказаць, пяць супраць – невялікая перавага.

– Але перавага. Таму нас адзінаццаць, а не дванаццаць.

– Добра, тады я пайду і пра ўсё раскажу.

– Скажы, што мы не так даўно даведаліся пра гэта. Хай не думае, што мы наўмысна хавалі ад яго інфармацыю.

***

Арык зліўся на сябе. “Пайшоў на ўступкі, дваццаць ваўчыц… Не шмат, але й не мала. Зграя і без таго амаль выжывае. Не хапае паляўнічых, а хто будзе карміць старых і шчанюкоў? І дзе тыя караблі з усходу?”.

Ён чакаў іх не менш за Гаўла. Бо яны павінны былі прывезці не толькі дзве сотні ваўкоў, якія могуць біцца, але й ежу, якой так не хапае.

Важак Стыр-Калі дамовіўся сам з сабой, што калі ваўкі не прыплывуць, ён сам пойдзе на бойку з белымі, як прадстаўнік зграі. Інакш, у выпадку перамогі, ім нічога не дастанецца. А так яны таксама стануць удзельнікамі, хай і фармальнымі. Яшчэ злавала яго, што на Савеце ніхто не прыслухоўваецца да яго слоў. На любую прапанову адказваюць, што ён не ўдзельнік бойкі, а таму не мае права выказвацца.

13.

Максім прачнуўся ў цемры, рэзка паспрабаваў падскочыць на ногі і ўпаў.

– Не шумі, – заспаным голасам сказаў Філіп. – Я ў першы раз таксама спужаўся. А цяпер звыкся, ведаю – дзе я і хто.

– Філіп, мне трэба расказаць сённяшні сон…

– Не, не хачу нічога слухаць. Пачакаю, пакуль твая гісторыя скончыцца і можа, мяне адпусцяць.

– Філіп, гэта важна. Я прапусціў некалькі дзён. Тры ці чатыры. Я не бачыў іх у сне, а яны прайшлі. Што здарылася?

– Гэта значыць, што твая гісторыя рухаецца да фіналу.

– Але як гэта адбылося? Я ж не ведаю, чым яны займаліся, што зрабілі.

– Не першы раз такое бачу. Час у нашых сусветах ідзе з рознай хуткасцю. Бывае, што апавядальнікі на працягу трох-чатырох начэй бачылі падзеі аднаго дня, а бывала, што прапускалі цэлыя тыдні і не ведалі, што ў гэты час адбываецца.

– А я магу праспаць саму бітву і не пабачыць яе?

– Не. Ты ні ў якім разе не прапусціш галоўнага.

***

“Паўжыцця страціў з-за гэтых ваўкоў. Лічыў сябе абраным, а насамрэч… Я ж нічога не мог рабіць, ні на што не мог паўплываць. Клаўся спаць і назіраў за інтрыгамі, паляваннем, вывучаў іх традыцыі. Дзівіўся, што яны дагэтуль не вынайшлі жалеза, а потым разумеў, што з іх лапамі гэта зрабіць амаль немагчыма. Нават з лука яны могуць страляць толькі ўтраіх. Гадамі сачыў за гэтым, той свет ператварыўся для мяне ў дзіўную казку. А потым прыходзілі белыя. Нібы оркі ва “Ўладары пярсцёнкаў” – мацнейшыя за звычайных ваўкоў, злыя і жорсткія. Сны, у якіх яны нападалі на зграю, ператвараліся ў жахі. Мне падавалася, што нейкая зграя спыніць іх. Оркаў жа спачатку таксама ніхто не мог перамагчы…

Але не. Якая б ні была добрая зграя, колькі б у яе ваўкоў ні ўваходзіла, супраць белых усе ламаліся. Ды й наогул, колькі я тых зграй бачыў? Сто? Трыста? Пяцьсот? Ужо і не падлічу.

А апавядальнікі… Думаў, што яны – гэта мае сапраўдныя сны, якія нічога не азначаюць. А потым заўважыў сувязь – тройцу, якая прыходзіла да кожнага. І ўсё роўна да апошняга верыў – гэта сон і нічога больш. Толькі сон…

Потым усё змянілася… Мая першая сустрэча з тройцай. Адчуў сябе героем сусветнага маштабу, які можа вырашаць лёсы планет, якога будуць слухаць. Падавалася, што я бессмяротны і ўсёмагутны. А насамрэч?..

А насамрэч сяджу ў цемры, прыкаваны да жалезнай трубы, побач – чарговы апавядальнік і хутка гісторыя ваўкоў скончыцца назаўсёды. Яны так паабяцалі.

Адпусцяць мяне на волю пасля ўсяго? А чаму б і не. Навошта я патрэбны? Якую небяспеку ўяўляю? Ды ніякую. І на тым добра. Вярнуся да звычайнага жыцця, стану адвакатам, дзяўчыну сустрэну, яна пакахае мяне, нягледзячы на ўсе мае фізічныя недахопы.

Максім думае супраціўляцца. Адкрыта не кажа, але па голасу чую, што так. Дурань. Такі ж, якім і я быў. Але хопіць. Ніякіх глупстваў ніхто рабіць не будзе. Крыху патрываць і ўсё скончыцца.

Выратавальнік сусветаў… Аж смешна”.

***

– Чаго смяешся?

– Ды так, успомніў гісторыю вясёлую.

– Распавядзі, а то сумна.

– Калі выратуемся, раскажу.

– Філіп, а ты не ведаеш, ёсць тут дзе туалет?

– Ага. І туалет, і душ, а пасля яшчэ кавы можна папіць…

– Я сур’ёзна пытаюся. З учорашняга дня не хадзіў.

– У другім куце вядро стаіць.

– Цяжка будзе са звязанымі нагамі…

– Прабач, але я дапамагчы не магу.

Даскакаўшы да вядра і з вялікай цяжкасцю выканаўшы абавязак перад прыродай, Максім нечакана аслеп – раскрылася металічныя дзверы і ў памяшканне лінуў яркі сонечны свет. Унутр зайшлі трое.

– Добрай раніцы, Максім. Як пачуваешся?

– Нядрэнна, дзякуй. Але з развязанымі рукамі было б лепш.

– Прабач, гэта немагчыма. Мы табе не верым. Ты ж выкарыстаеш любую магчымасць для ўцёкаў. А цяпер дазволь паглядзець, што адбываецца ў свеце ваўкоў.

***

– Усё добра, Максім. Думаем, хутка вернешся да звычайнага жыцця. Засталося зусім мала. Два, максімум тры дні.

– А Філіп?

– Ён таксама будзе вольны. Я ж казаў, мы знікнем з вашага сусвету. Зараз вас пакормяць.

У вусны Максіма тыцнулася лыжка з ежай. Кармілі іх нечым падобным да тушонкі. Хлопец паслухмяна раскрыў рот, бо паміраць з голаду жадання не было. Пасля пяці лыжак ён адчуў пластыкавае рыльца бутэлькі і напіўся звычайнай вады.

***

Час пацягнуўся марудна. Філіп размаўляць не хацеў, а калі і рабіў гэта, то бясконца скардзіўся на сваю долю. Максіму гэта так надакучыла, што ён злосна буркнуў:

– Ну ты й нудота!

Займацца нечым іншым было немагчыма. Хлопец спрабаваў перасоўвацца па памяшканні, каб знайсці нешта карыснае. Тронак ад лапаты, мех з гароднінай, ёмістасці з незразумелымі вадкасцямі. Паспрабаваў ударыцца целам аб дзверы і паваліўся на зямлю. Збегчы было немагчыма. Тады ён вярнуўся да супрацьлеглай ад уваходу сцяны, каб зламаць металічную трубу, за якую трымаліся кайданкі Філіпа. Як раптам з трэскам, падобным на выбух, у “турму” зноў уварвалася святло.

Максім азірнуўся, усё зразумеў і засмяяўся: недалёка ад гаража Алена адвязвала трос ад аўтамабіля, да якога былі прывязаны сарваныя вароты.

Дзяўчына нешта крычала яму, а ён перапытваў “Га?” і працягваў смяяцца. “Не, яны не перамогуць. Апошняе слова будзе за намі”.

Алена развязала яму рукі і ногі і пачала нешта казаць. Але ад гуку выломвання дзвярэй Максу заклала вушы.

– Алена, я вельмі рады цябе бачыць. Там, у дальнім куце сядзіць Філіп, яго трэба вывалачы адсюль.

Дзяўчына махнула рукой і пайшла ў гараж. А Максім пабег да расчыненых дзвярэй аўтамабіля. Сеў і аднекуль здалёк пачуў рэкламу на радыё. Слых вяртаўся.

Філіп не спяшаўся сядаць у аўтамабіль, аднак моцныя аплявухі ад Алены далі паскарэнне. Калі ўсе уладкаваліся ў салоне, Алена на вялікай хуткасці выехала з гаражоў. Але накіравалася не за горад, як у мінулы раз, а ў цэнтр.

– Максім, ты мяне чуеш?

– Чую, але не вельмі добра, кажы гучней.

– Тое, што я зрабіла – вельмі небяспечна. Часу схаваць вас не было. Думаю, у метро мы зайсці не паспеем, а таму…

– Што, таму? Я не пачуў.

– Трэба біцца.

– Біцца з імі? Як?

– Не ведаю. Іншага выйсця няма. Альбо цяпер, альбо ніколі. Ты ж і сам разумееш – адцягваючы час, мы не пераможам.

– Але ж не ў аўтамабілі біцца. А дзе?

– Не ведаю. Трэба шукаць бязлюднае месца.

– Дурная! – Філіп раптам ззаду стаў біць нагамі ў пярэдняе сядзенне. – Дурная, дурная! Навошта ты мяне забрала? Навошта ўмешваешся? Яны перамогуць! Колькі памятаю воўчыя сны, яны перамагаюць. Максім, ты ж бачыў белага ваўка. Ён вялікі і магутны. Нават мільён шэрых не перажывуць іх навалу. Планета шэрых лёсам асуджана на паразу. Давайце вернемся. Нас прабачаць і не заб’юць.

– Максім, супакой яго.

Рукі Філіпа былі дагэтуль скаваны кайданкамі, калі ён зразумеў, што ягоныя ўдары ног не прымусяць Алену спыніць аўтамабіль, ён паспрабаваў кінуцца наперад. Макс моцна стукнуў яго рукамі па твары і рассек брыво. Філіпа гэта не спыніла.

– Не магу. У мяне ж таксама рукі скаваныя, – крыкнуў Макс.

Філіп чарговы раз моцна ўдарыў двума нагамі ў сядзенне кіроўцы, з-за чаго дзяўчына на хвіліну кінула стырно і аўтамабіль павяло ў левы бок.

– Хопіць! Макс, трымайся.

Алена нажала на тармазы. Яе папярэджанне не дапамагло Максіму і ён моцна стукнуўся ў прыборную панэль. Філіп жа пераляцеў наперад, галавой ударыўся ў лабавое шкло і страціў прытомнасць.

***

Праз гадзіну Філіп ачомаўся. Ён зразумеў, што ў рот яму ўторкнулі кляп, ногі звязалі, а сам ён знаходзіцца ў багажніку. Ён раскрыў вочы, паспрабаваў агледзіцца і бязгучна закрычаў: побач з ім ляжаў бялявы з тройцы, глядзеў на яго і пасміхаўся.

***

– Алена, як ты мяне адшукала?

– Я даўно заўважыла, што гэтак званыя паляўнічыя на сусветы не сякуць у сучасных тэхналогіях. Думаю, яны нават не ведаюць пра існаванне GPS. Аўтамабіль я адшукала яшчэ ноччу, але не магла абшукваць кожны гараж. Таму чакала раніцы, калі гэтыя з’явяцца.

– Дзякуй табе. Ведаеш, яны нешта зрабілі з Філіпам. Ён цяпер… не такі.

– Зламалі. Паказалі чалавеку, што ён проста чалавек, а не звышнатуральная істота. Нам з табой такое не пагражае. Мы і так ведаем, хто мы ёсць.

Предыдущая главаГлава 14 из 22Следующая глава