К книге
ЗграяСтраница 13
59%
Страница 13
13

– Паглядзіце на яго – там усё стыне, а ён сядзіць ды на ваду глядзіць. Па твары бачу, не менш як Напалеонам сябе ўяўляеш. І дзеля каго я гатавала ды каву заварвала? – Лена ўпікала незласліва. – Пайшлі есці. Сёння ў нас шмат спраў.

– Спраў? Мне здавалася, што мы будзем чакаць, пакуль сны скончацца…

– Нельга сядзець і чакаць нечага. І наогул – не сорамна табе перад маладой дзяўчынай у адным ручніку сядзець?

Максім пачырванеў і ўсхапіўся з канапы.

– Прабач, зараз адзенуся і прыйду.

***

За снеданнем Макс пераказаў учорашні сон. Дзяўчына не рабіла заўваг, не перабівала і не задавала пытанняў. Гэта занепакоіла хлопца.

– Алена, з табой усё добра?

– Прабач мяне, Максім. Я так не магу. Яшчэ адну ноч не вытрымаю. Таму трэба вырашаць што рабіць далей.

– Пра што ты гаворыш?

– Я не сказала табе. Думала, вытрымаю, нічога цяжкага – не спаць некалькі начэй запар.

– У цябе што – бяссонне?

Алена пасміхнулася і адмоўна пакруціла галавой.

– Не. Пакладзі мяне ў ложак, і можаш сказаць да пабачэння ці да наступнага ранку. Я… Я не магу хаваць цябе ад тройцы, калі засну.

– Дык ты не спала ўсю ноч, каб хаваць мяне… Ты ведала пра гэта раней?

– Ведала. Думала, хопіць моцы пратрымацца. Мне здавалася, што яшчэ троху і адбудзецца бойка з белымі, мы пераможам і я адасплюся. Прабач.

– Яшчэ адну ноч вытрымаеш?

– Вытрымала б, але… Я так стамілася. Гэта вельмі цяжка – спрабаваць схаваць яшчэ некага, акрамя сябе.

Яна раптам заплакала. Максім падхапіўся, стаў хадзіць вакол стала. Сітуацыя выглядала дрэннай. Тройца ў любым выпадку адчувае, што ён знік. Калі зараз вярнуцца ў горад, у іх з’явіцца шмат пытанняў і падазрэнняў. Да таго ж, яны, вядома, абшукалі кватэру. Вяртацца нельга. Але калі Алена засне, яны самі з’явяцца. Будзе нашмат горш – наўрад ці тройца пашкадуе дзяўчыну.

– На якой адлегласці ты можаш хаваць мяне?

– Не ведаю. Я ж не спрабавала…

– За кіламетр зможаш?

– Магчыма…

– Зараз я сыходжу, саджуся ў аўтамабіль і еду як мага далей. А ты хавай мяне, пакуль можаш. Чым далей я буду, тым менш шанцаў, што цябе знойдуць. А мне яны ўсё роўна нічога не зробяць.

– Прабач. Я не думала, што хаваць некага будзе так цяжка.

– Нічога. Ты спрабавала. Мы яшчэ можам перамагчы. Але не сёння.

Максім сабраў рэчы, маленькі нож паклаў у шкарпэтку і пабег да аўтамабіля. Там яго ўжо чакала Алена.

– Макс, прабач. Я…

– Ні аб чым не думай. Ідзі ў дом і як мага больш часу хавай мяне. А калі адчуеш, што не можаш гэтага рабіць – кладзіся спаць. Тут шмат дамоў побач, не думаю, што яны будуць абшукваць кожны. Калі мяне зловяць, скажу, што сам навучыўся хавацца.

Алена абняла Максіма і пацалавала ў шчаку. Хлопец сеў за стырно, завёў рухавік і паехаў. Адометр пачаў адлічваць пераадоленую адлегласць. Адзін кіламетр, два, тры…

Макс не ведаў куды едзе. Галоўнае, далей ад Алены, уперад. “Шэсць кіламетраў, нядрэнна”, – ён не сумняваўся, што тройца з’явіцца ў той жа момант, як дзяўчына не зможа яго хаваць. Дзевяць…

Апошняе, што запомніў Макс – твар лысага.

***

Аўтамабіль стаяў на ўзбочыне. Побач сядзеў звязаны Максім. Бялявы, чарнявы і лысы стаялі над ім.

– Хочаш сказаць, навучыўся хавацца ад нас? Ты што, дагэтуль не зразумеў, што мы заўсёды ведаем, калі ты ілжэш, а калі гаворыш праўду? Пра “хованкі” – мана. Табе нехта дапамагаў. Яшчэ адзін назіральнік? Ці, можа, нехта іншы?

– Я сказаў усё, як было. Можаце мне не верыць…

– Гэта не пытанне веры. Я адчуваю, што ты ілжэш, ведаю тэмпературу твайго цела і што табе чэшацца правая нага. Ты з намі – адно цэлае. А самае галоўнае – я адчуваю твой страх. І не за самога сябе, а за некага іншага.

– Я хвалююся за Філіпа.

– Не, гэты тут ні пры чым… Да таго ж, хутка вы пабачыцеся. Мы не можам давяраць табе. Дадому ты не вернешся. Будзеш сядзець за кратамі, як жывёла. А зробіш яшчэ адзін неабдуманы ўчынак і мы спраўдзім свае пагрозы – адсячом рукі з нагамі. Гэта зашкодзіць светаўспрыманню, але розум ты не страціш. А зараз дазволь, я пагляджу твае сны.

– Не дазваляю.

– Што ты сказаў?

– Што чуў – не дазваляю. Я доўга думаў, навошта ты кожнага разу пытаешся ў мяне аб гэтым, а цяпер зразумеў. Без маёй згоды ты ні пра што не даведаешся.

– Чалавек, – загаварыў чарнявы. – Мы можам прасіць па-рознаму. Напрыклад, я скажу што ў выпадку адмовы мы абыдзем кожны дом у бліжэйшых адсюль вёсках і пасёлках і заб’ём усіх людзей. Што думаеш наконт гэтага?

– Вы так не зробіце. Вялікі шум уздымецца з-за такой колькасці ахвяр.

– Не ўздымецца, калі мы зробім з імі тое ж самае, што і з тваёй дзяўчынай. Не думаў пра гэта?

Максім сцяў зубы. Гэта таемная зброя тройцы, з якой ён не мог змагацца.

– Добра, лысы. Глядзі і пабачыш, як шэрыя забілі твайго брата. Ён першы з тысяч белых, якія хутка зальюць сваёю крывёю планету ваўкоў.

***

Пасля сеансу снагляду Максіма паклалі ў багажнік і некалькі гадзін везлі. Відаць, не маглі перамясціць яго з такой жа лёгкасцю, як рабілі гэта самі. Па гуках хлопец зразумеў, што вярнуўся ў горад.

“Вось цяпер я сапраўды ператварыўся ў героя. Ахвяраваў сабой дзеля дзяўчыны. Цікава, ці выканаюць яны свае пагрозы? Не, не думаю, інакш даўно маглі б мяне звязаць і прымусіць рабіць тое, што трэба. Відаць, іх улада таксама мае свае абмежаванні. Яны чамусьці баяцца моцна ўздзейнічаць на гэты свет. Няўжо гэта неяк уплывае на сусвет ваўкоў? І чаму я дагэтуль называю яго так – сусвет ваўкоў. Трэба прыдумаць якую-небудзь больш цікавую назву.”

Макса падкінула на калдобіне і ён успомніў дзе знаходзіцца.

“І пра што я думаю… Назвы даю іншым сусветам у той час, калі мяне вязуць забіваць. Хаця не… Не заб’юць. Прынамсі, цяпер. Спачатку трэба, каб я зніштожыў шэрых ваўкоў. Пасля я буду непатрэбны. Стоп! Чаму мяне гэта не пужае?”

Дадумаць Максім не паспеў. Аўтамабіль спыніўся. Яго выцягнулі на свет і кінулі на зямлю. Ён ляжаў пасярод гаражоў. Бялявы адчыніў іржавыя дзверы аднаго з іх, а чарнявы занёс яго ўнутр. Тройца сышла, пакінуўшы Максіма ў цемры.

– Максім? – пачуўся з кута голас.

– Філіп? Ты жывы?

– Як бачыш. Ці, лепш сказаць, чуеш. Яны мяне кормяць нейкімі кансервамі, каб не памёр. Не ведаю толькі, навошта. Прасцей было б забіць.

– А ты дзе?

– У правым куце. Мяне кайданкамі прыкавалі да жалезнай трубы.

Максім са звязанымі рукамі і нагамі, выгінаючыся бы вусень, дапоўз да назіральніка і лёг каля яго ног.

– Філіп, ведаеш прынцып брытвы Акама?

– “Не варта памнажаць існае без неабходнасці”?

– Можна па-іншаму сказаць – самы просты адказ найчасцей самы правільны. Яны не забіваюць цябе таму, што не могуць гэтага зрабіць.

– Што ты маеш на ўвазе?

– Не ведаю. Але паглядзі на іх – амаль бессмяротныя, безэмацыйныя, моцныя і смелыя. Быццам суперзлодзеі з коміксаў. Дык навошта хавацца ад людзей? Маглі б лёгка захапіць прэзідэнта і прапанаваць абмяняць на мяне. Такое адчуванне, што так нельга. А чаму – не ведаю. Можа, кодэкс які ёсць па заваёве планет, ці, напрыклад, яны не могуць сур’ёзна ўплываць на наш сусвет.

– Цікавая версія, Максім. Але карысці ад яе ніякай. Выратавацца немагчыма. Як там твае ваўкі жывуць? Рыхтуюцца да вайны з белымі?

– Ты ж сам павінен ведаць. Гаварыў, што бачыш тыя ж сны.

– Не заўсёды. Часам я бачу толькі цябе.

– Рыхтуюцца. Гаўл аб’яднаў чатыры зграі. Але… Учора я ўпершыню пабачыў белага ваўка і нават пабываў у яго скуры. Ведаеш, яны… Яны іншыя. Мне здаецца, што б ні рабіў Гаўл, якую б гісторыю я не расказаў, мы прайграем.

– Ты гаворыш “мы”, быццам сам воўк.

Максім замаўчаў. Мала дзён прайшло з таго часу, як ён упершыню пабачыў сон пра ваўкоў. Але за гэтыя дні ён стаў амаль што адным цэлым з іх светам. У першым сне былі Грык, Аўк, Сурта, Гаўл, Аўчылак. Першыя трое памерлі. А пасля ён пазнаёміўся з іншымі – Акіра, апосталы, Арык.

– Філіп, а калі… калі раптам я памру, яны сапраўды стануць вольнымі?

– Думаю, што так. Але… Хіба ты апошні? Ты павінен перадаць гісторыю далей, і перадаць такі працяг, які захочуць яны, гэтая тройца. Гісторыя працягнецца – з іншым апавядальнікам. Зрэшты, хто я такі, каб пра гэта казаць. Дакладна табе раскажуць трое нашых сяброў.

– А ты не думаў збегчы?

– У першы дзень думаў. Крычаў, спрабаваў адарваць гэтую трубу, абшарваў нагамі і рукамі ўсё, да чаго мог дацягнуцца. Толькі ў кіно і камп’ютэрных гульнях галоўны герой лёгка выратуецца з любых абставін. У жыцці не так.

– У мяне ёсць нож у шкарпэтцы.

– Цудоўна. Але падаецца мне, што на ногі ты ўзняцца не зможаш, каб я дастаў яго. Сам не дацягнешся?

– Не…

– І добра. Ты ўспамінаў пра Акама. Я таксама адзін прынцып успомніў – Мёрфі.

– “Калі нешта дрэннае павінна адбыцца, то яно адбудзецца”.

– Менавіта так. І мы ў самым цэнтры сінгулярнасці Мёрфі, дзе нас чакае ўсё самае горшае. А разам з намі і ваўкоў.

– Ты стаў песімістам за некалькі дзён.

– Хутчэй, рэалістам. Не ведаю, навошта ўсё жыццё чапляўся да гэтых ваўкоў. Трэба было плюнуць – сняцца і хай сняцца. А так выдумаў, што я абраны. Нэо з матрыцы, ага… А насамрэч звычайны лох.

Сітуацыя была безвыходная. Максім сядзеў у цемры разам з расчараваным у жыцці чалавекам.

Воўчы сон

Адзінаццаць апосталаў, Гаўл, Аўчылак, Акіра і Арык сабраліся ў будцы важака Суу-Ардун. Трэці дзень запар яны абмяркоўвалі тактыку бою – хто на якім флангу выступіць, якімі войскамі будзе камандаваць, якія ваенныя хітрыкі выкарыстоўваць. Ідэй было шмат, але значная іх частка аказвалася непрыдатнай для сапраўднай вайны.

Яны назвалі сябе Саветам ваўкоў і заўсёды сядзелі колам – гэта было сімвалам роўнасці. У цэнтры кола ляжала скура забітага белага. Памеры яе ўражвалі. Усе пятнаццаць прысутных маглі змясціцца на ёй. Яна нагадвала пра тых, з кім у хуткім часе прыйдзецца біцца.

Пазаўчора ўсім ваўкам Суу-Ардун былі абрэзаныя кончыкі хвастоў. Яны, хай і фармальна, сталі “хадзіць пад Месяцам”. Адзінаццаць ваўкоў з Вый-Кло сталі Апосталамі зграі. Па дамоўленасці, кожны месяц адзін з іх будзе замяняцца ваўком Суу-Ардун і праз год кіраваць застануцца толькі свае.

У той жа дзень Акіра першай са сваёй зграі пагадзілася абразаць хвост. А ў выпадку перамогі над белымі ўсе жывыя Ачын павінны зрабіць тое ж самае. У абмен яна атрымае навуковыя вынаходніцтвы Прарока. Арык пакуль не жадаў мець з вернікамі нічога агульнага, хаця іх зброя ўразіла яго.

Гаўл аправіўся пасля боек. Яму яшчэ балелі зламаныя рэбры і стамляўся ён хутка, але мог самастойна трымацца на нагах. Апошнія дні побач з ім заўсёды была Акіра. Яны вельмі зблізіліся і цяпер ад кожнага погляду ваўчыцы сэрца важака Суу-Ардун пачынала моцна біцца.

За час пасяджэнняў было дамоўлена, што Аўчылак будзе камандаваць ваўкамі Суу-Ардун, Ачын, Стыр-Калі і Вый-Кло, калі надыдзе час адкрытага супрацьстаяння. Стралкі, катапульты і абаронцы рова знаходзяцца пад камандаваннем Апосталаў. Акіра стала адказнай за абарону горада – хай першая бойка і пройдзе далёка, мала хто сумняваўся, што белыя падыдуць да яго сцен. Таксама ваўчыца камандавала выведкай. Гаўла прызналі генералам вайны. Ён адказваў за стратэгію і тактыку. Па задуме, падчас бойкі побач з ім заўсёды павінны знаходзіцца маладыя ваўкі – адна- і двухгодкі, якія хутка змогуць даносіць загады кожнаму з камандзіраў і інфармаваць пра падзеі бою.

Важным пытаннем заставаўся ўдзел у бойцы ваўкоў Стыр-Калі. Арык абяцаў дапамагчы, аднак не раней, чым з-за мора прыплыве дапамога. А да гэтага адмаўляўся нават дзясятак ваўкоў даслаць. Пасля бясконцых спрэчак пагадзіўся выдзеліць маладых у дапамогу Гаўлу.

Чарговы Савет пачынаўся з таго самага, што і ўсе астатнія:

– Акіра, што даносіць выведка?

– Белыя мітусяцца і рыхтуюцца. Думаю, у нас засталося не больш за тры дні да наступу. У іх няма тактыкі – будуць ісці адзінай навалай. Упэўнена, нам самім трэба падзяліць іх. Інакш захлынёмся.

– Зброя?

– Ніякая зброі ў няма. Ты ж памятаеш, што адзін белы варты дзясятка нашых. А таму ім зброя непатрэбная.

– Як прапануеш раздзяліць іх?

– Драўлянымі заваламі такой вышыні, каб яны не здолелі іх пераскочыць. І рабіць гэта трэба за сто крокаў ад землянога валу.

– Немагчыма, – за будаўнічыя працы адказвалі Вый-Кло. – Мы не паспеем зрабіць гэта за тры дні. Да таго ж, калі самі іх падзелім, наша дальнабойная зброя стане менш эфектыўнай. Магу забяспечыць трыццаць крокаў.

– Апостал, а што са зброяй? – яшчэ адно пытанне, якое падымалася на кожным Савеце.

– Пабудавалі дванаццаць катапульт. Больш не мае сэнсу. Зараз рыхтуем зарады – ваўкі шукаюць камяні па ўсім лесе. Прывезлі трыццаць лукаў і тысячу стрэл.

– Колькі ваўкоў спатрэбіцца на абслугоўванне катапульт і лукаў?

– Паўтары сотні.

– Абарончыя пабудовы?

– Усё завершана. Зараз узмацняем сцены горада.

– Лекары?

– Як ты і загадаў, важак, у горадзе пяць хат перароблены для аказання дапамогі параненым.

– Мабільныя пункты дапамогі?

– Зрабілі тры.

Яшчэ адна частка перамоў была самай нелюбімай Гаўлам, таму ён рабіў перад ёй невялікую паўзу.

– Параненыя?

– Як і раней, важак, мы лічым, што ў першую чаргу трэба лекаваць лёгка параненых, каб яны ў той жа дзень змаглі вярнуцца ў бой. А ваўкам з адгрызенымі канцавінамі і дзіркамі ў целе дапамогу не аказваць. На гэта не хопіць часу.

Аўчылак і Акіра пагаджаліся з гэтай думкай, Арык не мог выказвацца, паколькі не даў згоды на ўдзел у бойцы.

– Апостал, я разумею цябе. Перадай хаця б адну будку для цяжкапараненых з адным лекарам. Хай дапаможа такой колькасці ваўкоў, якой зможа.

– Добра, Гаўл. Зробім так.

– Аўчылак, колькі ваўкоў ты сабраў?

– Трыста пяцьдзясят Суу-Ардун, трыста дваццаць Алык-Ачын, сто семдзесят Вый-Кло… Атрымоўваецца восемсот сорак. Калі да нас паспеюць далучыцца дзвесце пяцьдзясят ад Стыр-Калі, то агульнае войска складзе тысячу сто ваўкоў, – ён пасміхнуўся. – Самае вялікае ваўчынае войска, якое бачыў гэты свет. Мы нават пераўзыдзем міфічную пачатковую тысячахвостую зграю.

Предыдущая главаГлава 13 из 22Следующая глава