Гаўл расказаў план, які быў простым і складаным адначасова. Пры паспяховым выкананні Арык рабіўся важаком зграі. Калі ж нешта пойдзе не так, то Суу-Ардун павінна будзе цалкам знішчыць суседзяў.
– Вы хочаце, каб я стаў здраднікам…
– Арык, у нас няма выйсця. Кінеш выклік важаку – атрымаеш шанец захапіць уладу. Не кінеш – твая зграя загіне ў бойцы з намі. А пасля і мы загінем пад белымі ваўкамі. Выбірай.
– Зразумеў цябе, Гаўл. Я згодны.
***
Гаўл вярнуўся ў хату, якую займаў Апостал, і лёг на зямлю. Заўтра Суу-Ардун абрэжуць кончыкі хвастоў і яны пачнуць кланяцца Месяцу ды брату ягонаму Сонцу. Сёння ноччу трэба забіць важака Стыр-Калі, а ўчора ён забіў Аўка і сам стаў важаком. А што было да гэтага? Няпростыя перамовы з Ачын і Вый-Кло, пабег ад Стыр-Калі, белыя… За апошнія дні ў жыцці зграі адбылося столькі ўсяго, што раней за тысячу гадоў такога б не назбіралася. Далей – горш. Набліжаецца бойка з белымі. І важак Суу-Ардун дрэнна ўяўляў, як іх перамагчы. Сцяна горада амаль дабудаваная, земляныя валы будуць насыпаныя самае меншае заўтра, роў выкапаны. Але гэтага мала.
– Апостал, падыдзі да мяне.
Апостал на час знаходжання ў горадзе Суу-Ардун ператварыўся ў лекара. Ён дапамагаў не толькі ваўкам, якім дасталася ў бойцы супраць Аўка і яго прыхільнікаў, але і іншым. Расказваў, што трэба есці ад розных хвароб, пры болю ў костках, калі выпадае поўсць ці зубы. Навука лекавання ў Вый-Кло дасягнула вялікіх поспехаў. Апостал пахваляўся, што асобныя ваўкі дажывалі ў іх зграі да дваццаці пяці гадоў. Гаўлу гэта падавалася казкай. Але за апошнія дні ён навучыўся верыць у казкі.
– Слухаю, важак.
– Сёння ўвечары нам спатрэбяцца самыя лепшыя стралкі.
Гаўл каротка распавёў свой план. Пераказваючы яго другі раз, зразумеў, наколькі ён недасканалы. Адно несупадзенне і прыйдзецца натуральна біцца з другой зграяй да смерці. Гэта ж заўважыў і Апостал
– Гаўл, я вельмі цябе паважаю. Мы дапамагалі, калі справы тычыліся Суу-Ардун. Ты меў на гэта права. Стыр-Калі – чужая зграя. Напад на яе ніхто не зразумее, усе будуць супраць.
– Хто – усе? Суу-Ардун пойдзе за мной, Акіра павядзе Ачын. А калі ты падтрымаеш мяне, то значыцца і Месяц на нашым баку. Не ведаю вашы правілы, але заўважыў – што гаворыць адзін Апостал, бясспрэчна прымаюць і іншыя.
– Ты назіральны.
– Апостал, я дагэтуль не прачытаў вашы скруткі. І не ведаю, ці гаворыцца там аб тым, што свет змяняецца. Але ён змяняецца. Два тыдні назад мая зграя нічым не адрознівалася ад іншых. Прынамсі, так здавалася. А потым я пазнаёміўся з традыцыямі Ачын, з вамі, са Стырк-Калі і зразумеў – мы розныя. Вы ўсе парушылі спрадвечныя традыцыі. Дык, можа, прыйшоў час змяняцца? Мне таксама не падабаецца нападаць знянацку, але што рабіць? Калі не мы сёння, то заўтра яны “нечакана” нападуць на нас.
– Гаўл, з кожным разам ты ўражваеш мяне. Часам я думаю, што ты – яшчэ адзін прарок, які выратуе нас. А часам гатовы перагрызці табе глотку. Але… “Свет зменіцца і тыя ваўкі, якія не захочуць змяніцца разам са светам, ніколі не пабачаць шчанюкоў”. Хай і не слова ў слова, ты зноў працытаваў Прарока.
– Мне ўсё роўна, Апостал. Называй мяне і лічы кім хочаш. Ты дапаможаш?
– Дапамагу, Гаўл.
– І яшчэ… Я хачу ведаць пра ўсю вашу зброю, пра ўсе вынаходніцтвы. Бо дагэтуль не разумею, як мы зможам перамагчы белых.
– “Месяц і Сонца будуць на яго баку. Аднак не здолее ён перамагчы без дапамогі іншых ваўкоў”. Я раскажу ўсё. Бо твая вайна – наша вайна.
***
Арык прыплыў да берага Суу-Ардун на вялікім караблі. На ім жа разам з Гаўлам, Акірай, трыма стралкамі з лукам і трыма ваўкамі Ачын плыў назад. Акіра злавалася, бо да апошняга спрачалася з важаком Суу-Ардун, прымушала яго застацца дома. А ён упёрся і не адступаў: “Гэта маё рашэнне. І калі нешта пойдзе не так, то я першы буду пакараны”.
Карабель плыў павольна, рух хваляў не адчуваўся. Але калі Арык прычаліў да берага, усё пайшло не так – іх чакалі. Больш за дваццаць ваўкоў кінуліся да карабля. Сярод нападнікаў лёгка пазнаваўся важак зграі Стыр-Калі. На яго першага кінулася Акіра, а той нечакана лёгка адкінуў ад сябе ваўчыцу. Яна паляцела і ляснулася ў ваду каля берага.
“Мы прайгралі, – гэта думка маланкай праскочыла ў Гаўла. – Шанцаў на выратаванне няма. Нас заб’юць тут жа. А заўтра гэтыя ваўкі зруйнуюць усё, што мы збудавалі супраць белых”.
– Вітаю вас, Суу-Ардун. Бачу, сам важак вырашыў наведацца да нас, нягледзячы на хваробу. А яшчэ так званая каралева Алык-Ачын і некалькі ваўкоў Вый-Кло. Няўжо мы ваюем з усімі гэтымі зграямі? Арык, ты прывёз гэтых ваўкоў на перамовы, ці здрадзіў сваім братам?
– Я не здраднік. Я хачу выратаваць нас ад белых. А ты прапанаваў першымі напасці на Суу-Ардун.
– Белыя – нашы сябры. Я ж казаў і табе, і ўсёй зграі пра гэта. Ааа… Ты быў сярод ваўкоў на караблі. Адзіны з тых вальнадумцаў, якога мы не заўважылі і не паклалі ў яму побач з астатнімі. Цяпер выправім гэтую памылку. Але вы ж хацелі мяне зрынуць, ці не так? На сапраўдную вайну прыплыло б куды больш. А таму кожны атрымае свой шанец. Я буду біцца з усімі па чарзе. Кожны воўк, які мяне пераможа, атрымае свабоду і пакіне нашы землі. Астатнія застануцца тут назаўсёды.
***
Гаўл вызваўся першым. І першым жа прайграў. Важак Стыр-Калі нават ні разу не ўкусіў яго – з набегу моцна штурхнуў у бок. Пасля ўдару адзінец не падняўся. За ім гэтак жа хутка прайгралі ваўкі Вый-Кло, а важак Стыр-Калі нават не паспеў паказаць зубы.
Трое ваўкоў з Ачын біліся больш часу. Але адзінае, што яны маглі рабіць – адскокваць ад удараў. Іх жа ўкусы не пакідалі на поўсці важака Стыр-Калі нават адмецін. Акіра адмовілася біцца і пайшла да Гаўла і іншых, абкружаных колам варожых пашчаў.
– Гаўл, мне гэта не падабаецца. Не ведаю чаму, але важак нейкі… дзіўны. Ніводны воўк не будзе біцца так, як б’ецца ён – без зубоў і кіпцюроў. Паглядзі на нас – усе збітыя, усім баляць бакі ды спіны, але ніводнай драпінкі.
– Акіра, я шмат бачыў за гэтыя дні. Можа, Стыр-Калі выпрацавалі свой стыль бойкі?
– Арык папярэдзіў бы нас. Да таго ж, я не магу зразумець, чаму яго ўдары такія магутныя, бо па памерах ён не нашмат большы за мяне.
Здагадка знічкаай прасякнула розум важака Суу-Ардун. Яна была настолькі дзіўная і фантастычная, што воўк спачатку пасміхнуўся сам з сябе, а потым з жахам паглядзеў на пляцоўку, дзе насупраць адзін аднаго стаялі Арык і важак Стыр-Калі. Калі тое, аб чым падумаў Гаўл, праўда, яны змогуць перамагчы.
Арык назіраў за бойкамі, таму лёгка адскочыў ад першага і другога ўдараў. А потым на секунду яго рэакцыя спазнілася і воўк атрымаў моцны штуршок, ад якога паваліўся на зямлю.
– Цяпер усё. Ваўкі мае, вядзіце палонных да ямы і забіце.
– Не! – Арык падняўся на ногі. – Не ўсё. Я магу біцца! І ніколі не прызнаю цябе важаком зграі. Ты забойца! Я бачыў, што робяць белыя ваўкі. І той, хто ідзе з імі на перамовы – сапраўдны здраднік не толькі сваёй зграі, а ўсіх шэрых ваўкоў.
– У такім выпадку, заб’ю цябе тут.
***
Акіра не разумела, аб чым так настойліва гаворыць Гаўл.
– Не разумею. Што ты вярзеш? Да чаго тут белыя ваўкі?
– Акіра, ён і ёсць белы воўк.
– Хто?
– Важак Стыр-Калі.
– Я не бачыла белых, але дакладна ведаю, што яны… белыя. Ці ты галавой стукнуўся? Адкуль такія думкі?
– Ты сама адзначала яго моц і… кроў.
– Не пралілося ні кроплі крыві.
– Я пра тое ж. Успомні паляванне на трусоў, нашу асноўную ежу. Мы разважлівыя і спакойныя, гадзінамі чакаем і выслежваем здабычу. Але як адчуем пах крыві нам дах зрывае. Нясёмся за трусамі, хапаем, шкуматаем ужо мёртвае цела, рвём поўсць.
– Я разумею, аб чым ты – гэта нашы інстынкты. Але такога ніколі не здараецца ад крыві ваўка.
– Бо воўк не здабыча – мы не палюем адзін на аднаго. А белыя… Мы – іх асноўная ежа. Таму ў мінулы раз важак не стаў забіваць нас у горадзе, а загадаў адвесці да ямы.
Ад разумення Акіра застала на нейкі момант. У яе заставаўся лёгкі недавер, але словы Гаўла гучалі разумна.
– А цяпер прагрызі мне скуру.
– Навошта?
– Калі тое, што хаваецца пад скурай важака Стыр-Калі, адчуе пах крыві, то выдасць сябе. Я ўпэўнены. І трэба хутка яго забіць, бо ён стане вельмі небяспечным. А я самы дрэнны баец з вас. Чарговая драпіна мне не зашкодзіць.
***
Важак Стыр-Калі нізка нахіліўся да зямлі і скокнуў на Арыка. У таго не было сіл адскочыць і ён рыхтаваўся памерці. Але нешта здарылася. У паветры воўк запаволіўся, паваліўся на зямлю і завыў. Вой перайшоў у злосны рык. Шэрая поўсць жмутамі спадала з яго. А пад ёй была іншая, асляпляльна белая, нібы снег на далёкіх горных вяршынях. Цела “важака” вырасла ў памерах у два разы. Вочы з рудых зрабіліся невыносна блакітнымі, вялікі язык не змяшчаўся ў пашчы і вывальваўся з рота.
Асляпляльна белы воўк, чыя поўсць свяцілася ў паўцемры, устаў, атрос з сябе рэшткі шэрай поўсці і павольна пайшоў да Гаўла. Чуткі не падманулі – па памерах ён быў значна большы за шэрых. А цела настолькі густа парасло поўсцю, што ніводны воўк не здолеў бы зубамі дабрацца да скуры.
Ваўкі Стыр-Калі ў страху схаваліся ў лесе і кінулі палонных. Акіра зразумела, што зараз будзе, і гучна рыкнула:
– Разам!
І першай кінулася на белага. За ёй пабеглі ваўкі Ачын і пакульгаў Гаўл. Стралкі з Вый-Кло знайшлі лук і нацягнулі стралу, ды не маглі пацэліць у шэра-белы ваўчыны згустак поўсці, кіпцюроў і зубоў.
Нягледзячы на лікавую перавагу, белы перамагаў. Адзін з ваўкоў Ачын вылецеў з клубка. У яго не было задняй лапы, а з вялікай дзіркі ў баку ішла кроў.
Арык, які да гэтага стаяў у нерашучасці, завыў, выклікаючы сваю зграю на месца бойкі і, вылучыўшы момант, кінуўся на белага. У чацвярых яны схапілі ворага за поўсць і на секунду здолелі ўтрымаць на месцы. Гэтага хапіла, каб ваўкі Вый-Кло выпусцілі стралу. Яна лёгка ўвайшла ў цела белага. Але той не адчуў, як з яго цячэ струмень крыві. Ён кідаўся на сапернікаў, моцным ударам адкінуў Гаўла ў раку і пайшоў на Акіру. Яго вялікая пашча сышлася на галаве ваўчыцы. Яна завішчала, але не магла вырвацца. Два ваўкі Ачын спрабавалі адцягнуць ворага ад сваёй каралевы. У гэты момант другая страла прайшла скрозь шыю белага. Яго зубы разышліся і адпусцілі Акіру. Ён ірвануўся да ракі ў намеры ўцячы і трэцяя страла увайшла ў яго спіну. Падскочылі ваўкі Стыр-Калі і разам накінуліся на паўмёртвага белага, пацягнулі да берага і разарвалі.
***
Арыка прызналі важаком Стыр-Калі. Ён абяцаў сваю дапамогу ў вайне з белымі, але не раней, чым прыплывуць ваўкі з-за мора.
Бойка з адным белым стала цяжкім выпрабаваннем. Воўк Ачын з адарванай нагой памёр, астатнія двое моцна пацярпелі, Акіра засталася без левага вока, а Гаўла зноў пачало ванітаваць і трэсці.
Яны селі на карабель, забралі цела мёртвага белага ваўка і накіраваліся дадому. Суправаджаў іх адзін з ваўкоў Стыр-Калі. Гаўл, якому дасталася менш, глядзеў на ўсход цёмнага неба, дзе з’явіўся месяц. Да яго падышла Акіра з перавязанай пысай.
– Аб чым думаеш, важак?
– Ведаеш, Акіра, у Вый-Кло ёсць цікавая традыцыя. Калі яны хочуць нешта атрымаць, то просяць гэтага ў Месяца. І ён быццам бы ім дапамагае. Яны называюць гэта малітвай. Я плыву на караблі, існаванне якога не мог уявіць яшчэ тыдзень таму, і малюся. Тое, што мы бачылі сёння, неверагодна. Калі б не было стралкоў, белы забіў бы ўсіх. Адзін белы воўк. І я не ведаю, як нам перамагчы тысячы такіх. Ёсць шмат думак і ідэй, але… Я не ўяўляў напраўду, з чым прыйдзецца сутыкнуцца.
– Ты запамятаваў, Гаўл. Сказаў пра карабель, Месяц ды стрэлы і ні слова не дадаў, што разам з табой плыве каралева, адзіная ў свеце уладарыня зграі. Ды й пра сябе не забывай. Ты – адзіны за гісторыю воўк, які здолеў аб’яднаць разам чатыры зграі.
Гаўл нявесела ўсміхнуўся.
– Акіра… У мяне ніколі не было сяброў сярод ваўкоў. Ніколі б не падумаў, што маім першым сябрам стане ваўчыца з іншай зграі. Калі б у нас быў час, я б пайшоў далей на поўдзень дамаўляцца з іншымі зграямі – Дзір-Карна, Май-Торна, Аз-Руда, Матэр-Трыя і іншымі. Дайшоў бы да Паўднёвага мора, замерзлага ад холаду. Я б сабраў разам усіх шэрых ваўкоў свету. Уяві сабе – тысячы, ці дзясяткі тысяч шэрых у адной вялікай зграі. Гэта была б зграя зграй… Але часу няма.
– Ён у цябе будзе. Адаб’ёмся ад першай атакі і атрымаем шанец самім пайсці ў наступ.
Па целу Гаўла прабегалі мурашы. Дрыжыкі пачалі біць цела і ён лёг на палубу. Акіра лягла побач і шчыльна прыціснулася да яго, саграваючы.
12.
Упершыню Максім быў у саўне. Сухое гарачае паветра паліла скуру і вочы. Недзе на другім паверсе Алена гатавала сняданак.
Хлопец быў расслаблены. Калі тройца іх не знойдзе, калі Гаўл прыдумае выратаванне ад белых ваўкоў, калі іх родныя, блізкія, сябры застануцца здаровымі, то яны перамогуць. І не спатрэбіцца зброя, якую назбірала з сабой дзяўчына. А раніцай яна паказала дубальтоўку свайго дзядзькі і прапанавала адрэзаць ёй ствол. Макс адмовіўся, бо дакладна не ведаў, ні як гэта рабіць, ні навошта ім трэба другі абрэз.
Хлопец выйшаў з саўны і скокнуў у басейн. Вада падалася ледзяной. Моцны стук сэрца, перарывістае дыханне, ляпанне зубоў і бадзёрасць – такія адчуванні ні з чым не пераблытаеш. Ён праплыў туды і назад, вылез з вады, абкруціўся ў вялікі махровы ручнік і сеў на скураную канапу каля вады. Гледзячы на люстэркавы блакіт, думаў пра ваўкоў. Ад успамінаў пра белага хлопец здрыгануўся. Ён быў настолькі ж непадобны на звычайнага шэрага ваўка, як чалавек непадобны да арангутана. Прыгожы, злы, моцны, ненажэрны. На некалькі секунд Макс апынуўся ў яго скуры і адчуў толькі нянавісць. Ніякіх іншых эмоцый, пачуццяў ці думак. Быццам гэта быў біяробат з адной функцыяй – забіваць шэрых ваўкоў, знішчаць іх да апошняга.
“А калі б я мог перадаваць інфармацыю шэрым, мог бы расказваць ім пра вайсковую тактыку. Гэтага дабра ў сеціве хапае. Мог бы навучыць іх вырабляць жалеза і порах. А супраць стрэльбаў ніводны белы воўк не выстаіць. Ці, напрыклад, пасадзіць усіх ваўкоў на караблі Стыр-Калі, закінуць у тыл да белых і атакаваць ззаду. Яшчэ б партал туды адкрыць і…”.