“Відаць, гэта канец. Мы, напэўна, перамаглі. Інакш мяне б хутка загрызлі. І тое добра”.
Гаўл сеў на заднія лапы каля вогнішча. З яго выцекла столькі крыві, што стала холадна. Аўк вырашыў, што ён так рыхтуецца, каб скокнуць, а таму адбег далей. А потым пабачыў – яго сапернік не варушыцца. Стары воўк бачыў усю бойку і цудоўна разумеў, што прайграў. І не сумняваўся, што чакае яго пасля бойкі. “Але гэтага я забяру з сабой”, – вырашыў ён.
Стары колам стаў абыходзіць Гаўла. І калі стаў насупраць, адзінец кінуўся ў атаку праз агонь. Попел і іскры паляцелі ў бок Аўка, трапілі ў вочы. Воўк стаў матляць галавой, каб пазбавіцца болю. У гэты момант у яго шыю ўчапіўся Гаўл. Яго пашча настолькі моцна сціснулася, што хруснулі пазванкі саперніка. Аўк памёр імгненна.
***
Акіра аглядала пляц бою. Яны перамаглі, хай і са стратамі. Грык памёр, так і не давёўшы нікому, што важаком будзе Гаўл. З хвіліны на хвіліну за сынам павінна была пайсці Сурта – у яе былі зламаны тры лапы і амаль усе рэбры. Гаўл у другі раз за апошнія два дні страціў прытомнасць. Апостал запэўніў, што ён выжыве, але здолее ўстаць на свае ногі не раней як праз тыдзень. Аўчылак круціўся побач з ёй і чакаў.
– Я ведаю, што ты хочаш пачуць, воўк – каб я прызнала цябе важаком, бо ніхто іншы ім быць не можа. Аўчылак, мне шкада, што ты не нарадзіўся сярод Ачын. Ты добры воін. Аднак ты ніколі не станеш уладаром зграі. Не выскаляй зубы, бо ў бойцы са мной прайграеш. Зразумей – твой лёс не кіраваць, а весці салдат у бой. А таму ад сёння ты генерал аб’яднаных войскаў шэрых ваўкоў. А Гаўл наадварот, не створаны для бойкі. Але ў яго ёсць тое, чаго ніколі не будзе ў цябе – розум. І зараз мы з табой пойдзем да зграі і скажам, што новым важаком Суу-Ардун стане Гаўл. А ты – ягоны першы дарадца.
11.
Лена першая паснедала і кудысьці збегла. Максім патэлефанаваў на працу і папрасіў, як яму і прапаноўвалі, адпачынак на два тыдні. Пасля ўчорашняга здарэння яму не пярэчылі.
Дзяўчына прыйшла з вялікай торбай і стала выкладаць яе змесціва на стол: некалькі нажоў, газавы балончык, два шокеры, перыскапічныя дубінкі.
– Ого, мы што, у партызаны ідзём?
– Не, мы збіраемся змагацца з тым, чаго не разумеем. Глядзі – гэты маленькі ножык схавай дзе-небудзь, хай заўсёды будзе побач. Вялікія патрэбны для сапраўднай бойкі. Наконт газавага балончыка не ведаю, спрацуе ён ці не, шокер таксама – трэба спрабаваць.
– Думаю, часу на выпрабаванні нам не дадуць.
Да выкладзенага на стале дзяўчына паклала абрэз Філіпа.
– Лена, ты ж ведаеш, ён ім не нашкодзіць.
– Ведаю, але… Думаю, калі стрэлам трапіць у нагу, гэта іх запаволіць.
А далей паміж хлопцам і дзяўчынай пачаліся разважанні – што рабіць далей і як змагацца з тройцай.
– Яны быццам з воску злепленыя. Наста ўдарыла бялявага ў шыю, а з яго нават кроў не пацякла. І рухаюцца дзіўна.
– Думаеш, калі галаву ім адрэзаць, яны застануцца жывымі?
– Не ведаю. А памятаеш, я расказваў, што яны Насту ў іншы сусвет перамясцілі і пра яе ўсе забылі? Думаю, калі б яна жывая там апынулася, таксама б пра нас забыла.
– Прапануеш, каб мы іх некуды накіравалі?
– У тым і сэнс. Яны ж знаходзяцца ў нашым сусвеце і памятаюць усё пра сябе. Можа тройца ўтрымлівае нейкую сувязь са сваім вымярэннем? Не канчаткова сюды перамясцілася?
– На сёння гэта лепшая версія. Так сапраўды можа быць. Але ж мы не ведаем, як гэту сувязь разарваць. Можа, я магу нанесці шкоду іх целам, бо таксама маю сувязь з іншым сусветам? Тады і ты таксама, – раздумваў Максім.
– Не. Калі такая сувязь і была, то я згубіла яе, калі расказала табе гісторыю пра ваўкоў, – запярэчыла Лена.
Яшчэ адно пытанне, якое не давала спакою Максіму – жыццё Філіпа.
– Я ведаю, што ты хочаш адшукаць свайго нечаканага сябра, але не ўяўляю, як гэта зрабіць. Мы ж не можам чытаць думкі тройцы, не можам ведаць, дзе яны знаходзяцца. Нават не ведаем, ці жывы Філіп.
– Разумею, Алена. І гэта вельмі непакоіць. Тое, што здарылася з ім і Настай – мая віна. Хочацца верыць, што з ім усё добра. А калі абшукаць дамы побач з месцам, дзе ён знік? Не маглі ж яны далёка яго адвалачы?
– Макс, мы не ведаем, што яны могуць, а што не. Давай працаваць з тым, што дакладна вядома.
***
Удзень, калі ідэі скончыліся, а галовы балелі ад напружання, Максім разам з Аленай выйшлі ў горад. Яны не размаўлялі, проста разам гулялі па Мінску: Няміга, вуліца Багдановіча, Асмалоўка. Зайшлі ў невялікую кавярню па каву.
– Алена, ведаеш, калі я ўпершыню пабачыў іх, то нават не зразумеў, што гэта ваўкі. Непадобныя яны зусім да таго, што я бачыў у відэа. А яшчэ дзівіць, як жывуць розныя зграі. Адна падобна да старажытнагрэчаскай Спарты, іншая– на сярэднявечную краіну Еўропы, дзе ўсё вырашаў Папа Рымскі. А Стыр-Калі з караблямі – гэта натуральныя гішпанцы часоў каланізацыі. Няўжо хлопчык, які выдумаў сусвет, дадумаўся да такога?
– Не. Думаю, на пачатку зграі былі аднолькавыя. А потым, калі "стваральнік" памёр і яны атрымалі волю, сталі развівацца самастойна. І кожная пайшла сваім шляхам. Нехта не змяніўся. А іншыя, наадварот, адбудавалі сябе наноў. Тут і знешнія абставіны згулялі ролю, і самі ваўкі. Гаўл, Акіра, Прарок… Яны ж непадобныя на іншых. Гэта як Галілей, Бруна, Ньютан ці Тэсла ў нашым свеце.
– Даўно хацеў спытаць пра тваю зграю. Які быў ключавы момант? На чым спыніліся сны?
Дзяўчына задумалася.
– Здаецца, я нічога не вырашала. У маёй зграі не было шанцаў. Супраць тысяч белых біліся трыста шэрых. Не ведаю, што мне трэба было расказаць, каб яны перамаглі. Калі я падышла да цябе, то разумела, што не здолею сказаць, быццам белыя прайгралі. Гісторыя б не дазволіла.
– Значыцца, дарэмна я лаяўся, што самой трэба было ўсё змяніць? Шанцаў няма?
– Шанцы ёсць, асабліва цяпер. Я ведала, што не магу сказаць, напрыклад, як белыя памерлі ад невядомай інфекцыі, быццам у дрэннай галівудскай кінастужцы. Язык бы не павярнуўся. Але… У той момант, калі я апавядала табе сваю гісторыю, я зразумела, што магу выратаваць хаця б каго. Таму і дадала ад сябе, што шасцёра ваўкоў выратаваліся. Ведаю, гэта не шмат, але лепшага нічога ў галаву не прыйшло.
– Не, гэта вельмі шмат. Паглядзі, што зараз адбываецца ў свеце ваўкоў. Тыя, хто выжыў, расказалі пра белых ваўкоў іншай зграі, пра гэта пачуў Гаўл, у яго з’явіўся план па аб’яднанні зх іншымі зграямі. Без цябе ў шэрых ваўкоў не было б ніводнага шанцу. А я б, хутчэй за ўсё, да апошняга моманту бачыў толькі шчаслівыя сны пра жыццё ваўкоў. І аднойчы б да іх прыйшлі белыя.
– Калі ты гэта гаворыш, атрымліваецца, быццам я нейкі герой. А насамрэч зрабіла вельмі мала.
– Часам дастаткова, каб усе зрабілі зусім пакрыху добрых спраў, каб уся гісторыя пайшла па-іншаму. Уяві, каб такія ж самыя невялікія справы да цябе зрабілі іншыя апавядальнікі. Мабыць, мы б і не сустрэліся ніколі, бо белых ваўкоў даўно б перамаглі.
– Дзякуй за твае словы. Мне стала крыху лягчэй.
Кава была горкая і не смачная, больш падобная на нелюбімы Максімам цыкорый.
– Добра, цяпер мы дакладна ведаем, што можам змяняць гісторыю і можам дапамагчы выратаваць ваўкоў. Але што будзем рабіць далей?
– Сёння, думаю, нічога. Тройца ў шматлюдных месцах не з'яўляецца. Таму вечарам пойдзеш дадому і сустрэнешся з імі. Хай паглядзяць, як Гаўл з Акірай і іншымі скінулі Аўка. А калі яны сыдуць – тэлефануй мне. А зараз будзем збірацца.
– У сэнсе?
– Няма чаго чакаць. Гісторыя хутка скончыцца. Прыйдуць белыя і твой час распавядаць…
– Ты гэта адчуваеш?
– Не, я сачу за гісторыяй. Амаль усе зграі аб'яднаныя, ды й белыя павінны былі падрыхтавацца за гэты час.
– І куды мы збяжым?
– Спачатку ў метро. Увечары там будзе шмат людзей. Тройца не з'явіцца. А затым я схаваю нас. І мы паедзем куды хочам, выйдзем на любым прыпынку… А потым за горад. Чым далей, тым лепш.
– Што з роднымі і сябрамі?
– Не ведаю. Я амаль упэўнена, што без цябе яны ні да каго не прыйдуць.
– Але ж…
– Максім, трэба рызыкнуць. Інакш нельга.
– Добра. Я веру табе.
***
Тройца з’явілася праз дзесяць хвілін пасля вяртання Максіма дадому. Яны былі яшчэ больш маўклівымі, чым мінулы раз. Лысы адмовіўся адказваць на пытанні, чарнявы ўвесь час стаяў за спінай Максіма, быццам чакаў, што ён кінецца на іх. Бялявы трымаўся далей за ўсіх і не выпускаў з рук металічны кій.
Лысы скончыў працэдуру і яны сышлі. Макс патэлефанаваў і праз паўгадзіны расказваў Алене аб дзіўных паводзінах тройцы.
– Яны сталі нейкімі аддаленыя. Эмоцый і раней не было, а цяпер яны быццам адначасова былі са мной і ў той жа час недзе яшчэ.
– Гэта пацвярджае версію пра сувязь з іншым сусветам.
– Мне падаецца яны ведаюць наконт нашых планаў.
– Тройца не ўмее чытаць думкі. Інакш мяне б даўно чакаў лёс Філіпа. Можа, адчуваюць нейкія змены ў тваім розуме, але не разумеюць, з чым гэта звязана.
– Альбо яны самі рыхтуюцца прыняць удзел у фінальнай бойцы і таму ім няма на мяне часу. Алена, дапамажы зразумець. Белыя ваўкі – іх жа шмат, яны ў разы мацней… Дык чаму яны адразу не атакавалі Суу-Ардун? Пакуль Гаўл дамаўляўся, не былі збудаваны ўмацаванні, а ваўкамі кіравалі Грык з Аўкам? Яны б за гадзіну перамаглі. І з той жа лёгкасцю накіраваліся далей.
– Не ведаю. Можа, так яны парушаць законы таго сусвету? Альбо не могуць ісці супраць гісторыі? Свет ваўкоў несвабодны. Ты – іх бог, у нейкім сэнсе. І вырашаеш, як гісторыя ваўкоў будзе развівацца ў ключавых момантах.
– Дрэнна быць богам, які нічога не разумее…
– Ведаеш, калі над нашым сусветам ёсць бог, то ён таксама нічога не разумее.
Яны ўсміхнуліся адно аднаму.
***
З сабой узялі неабходнае – запас ежы на два дні, ваду, набытую Аленай зброю, па два камплекты адзення. Усё паклалі ў заплечнікі і рушылі да метро. Яно знаходзілася ў двух прыпынках ад дома Максіма і прыйшлося ледзь не бегчы – на вуліцы людзей было няшмат і небяспека сутыкнуцца з тройцай узрастала.
Хлопец з дзяўчынай спусціліся ў падземку і, змяніўшы лінію, даехалі да Ўручча. Выходзячы, Алена сказала:
– Як толькі мы зайшлі ў метро, я схавала цябе. Не ведаю, ці добра атрымалася, але хутка пабачым. Трымай нож напагатове.
На вуліцы дзяўчына завяла Максіма ў двор. Людзей не было і калі тройца ведала, дзе яны, гэта быў лепшы момант для атакі. Ніхто не з’явіўся. Яны селі ў арандаваны аўтамабіль і паехалі.
– Алена, у нас ёсць план? Куды мы едзем?
– Пакуль не скажу. Раптам яны могуць чуць нашы размовы? Даведаешся, калі прыедзем.
***
Даехалі праз чатыры гадзіны. Алена, як сапраўдны шпіён, ад Уручча па кальцавой паехала на другі канец горада да брэсцкай шашы. Але і па ёй яны рухаліся нядоўга і кіламетраў праз дваццаць звярнулі на вясковую дарогу, затым зноў была шаша, вёскі і лес. Максім настолькі заблытаўся, што калі аўтамабіль спыніўся ля трохпавярховага катэджу, не змог бы нават пад катаваннем распавесці, дзе знаходзіцца.
– Прыехалі. Гэта катэдж майго дзядзькі. Ён бізнесмен, чатыры гады жыве ў Маскве. Маці гаворыць, што ён і забыўся пра існаванне гэтага дома. Таму мы самі ім карыстаемся.
На першым паверсе катэджу была саўна і басейн, другі займалі кухня, сталовая і гасцёўня, на трэцім мясціліся спальні. Максім з Аленай хутка перакусілі і пайшлі спаць. Сіл яшчэ раз перамолваць думкі аб ваўках і тройцы не засталося.
Воўчы сон
Бяда прыйшла адкуль не чакалі. Выведнікі прывялі ў будку важака Суу-Ардун, якую займала Акіра, чужога ваўка.
– Каралева, мы злавілі яго каля ракі. Ён кажа, што прынёс паведамленне ад Стыр-Калі.
– Я памятаю цябе, воўк. Ты дапамог нам выратавацца ад смерці. Якія ў цябе навіны?
– Вам пагражае небяспека! Учора ноччу наш важак збіраў сход і сказаў, што заўтра раніцай мы нападзём на Суу-Ардун. Сход спрачаўся, даводзіў, што нас мала. Але яму ўсё роўна. Зараз ідзе падрыхтоўка, паляўнічыя запасаюць ежу, ваўчыцы рыхтуюць атруту, каб абмазваць ёй скуры.
Акіра разнервавалася. Абарончыя збудаванні Суу-Ардун была разлічана на тое, што ворагі прыйдуць з поўначы, а не з поўдня. А таму прыйдзецца біцца сярод лесу. І хай лікавая перавага на іх баку, шмат ваўкоў пацярпяць. А кожны неабходны для вайны з белымі. Яна звярнулася да сваіх ваўкоў:
– Ідзіце да апостала. Спытайце, у якім стане Гаўл – ці можа ён размаўляць.
– Можа, каралева. Я бачыў сёння, як Важак Суу-Ардун хадзіў па вуліцы.
– Тады шукай яго і вядзі да нас.
Гаўл быў на нагах, але стаяў няўпэўнена. Галава была схілена да падлогі – шыя яе не трымала.
– Гаўл, чаму ты не адпачываеш? Табе пакуль шкодна выходзіць з будкі.
– Акіра, калі не памыляюся, зараз я важак гэтай зграі. Няма чаго камандаваць мной.
– Упёрты, як зубр… Добра, ёсць неадкладная справа. Воўк, перакажы тое, што расказаў мне.
Пасля навін Гаўл лёг на зямлю.
– Што будзем рабіць?
– Пра гэта я цябе хацела спытаць. Ты ў нас стратэг, а я тактык. Трэба прымаць бой, але дзе? Чакаць іх у горадзе ці ісці да ракі?
– Не, Акіра, мы не можам біцца з імі. Шмат непатрэбнай крыві пральецца.
– І што ты прапануеш?
– Мы павінны ўдарыць першыя.
– Хочаш забіць цэлую зграю? Цябе, відаць, моцна па галаве стукнулі…
– Усё не так… – Гаўл павярнуўся да ваўка са Стыр-Калі. – Воўк, вітаю цябе. Мяне клічуць Гаўл і я важак гэтай зграі.
– Вітаю цябе, Гаўл, я Арык са зграі Стыр-Калі.
– Скажы мне, Арык, што думаюць іншыя ваўкі наконт прапановы важака?
– За ўсіх не скажу, але большасць супраць.
– Зразумела, Акіра?
– Ты хочаш забіць важака на тэрыторыі чужой зграі. Такога не прабачаць. Хай яны нават ненавідзяць яго.
– Калі гэта зраблю я, то так. А таму супраць яго выступіць Арык.
Воўк са Стыр-Калі спужаўся такой прапановы.
– Я не магу… Ён жа мацней за мяне, мацней за ўсіх ваўкоў, якія засталіся.
– Табе трэба кінуць яму выклік і распачаць бойку. Астатняе зробім мы.