Ну, і, нарэшце, тая восень 1991-га, калі новаспечаны кіраўнік беларускага парламента адчуў на пасяджэннях Дзяржсавета ў Маскве ўсю моц гарбачоўскага прэсінгу, накіраванага на тое, каб падмяць волю астатніх і навязаць-такі свой варыянт аб’яднання рэспублік. Дзяржсавет патрэбен быў яму толькі як шырма для дыктоўкі сваіх умоў. Трэшчына ва ўзаемаадносінах станавілася ўсё шырэйшай. А паміж Віскулямі і Крамлём была ўжо непераадольная бездань...
* * *
Адступленне. Аўтарскі «допыт»
(люты 1993 года)
— Як вядома, Вам потым даводзілася неадпойчы сустракацца ўжо з экс-прэзідэнтам СССР. Ці закранаў ён пры гэтым хоць раз «белавежскую» тэму?
— Не, ніколі. Праўда, выказваў крыўду з іншай нагоды. У верасні 1992 года і яго, і мяне запрасілі на прадстаўнічы міжнародны кангрэс у нямецкі горад Вольфсбург. Мне давялося там выказаць меркаванне — у тактоўнай форме, вядома, што Гарбачоў занадта эксплуатуе сваю папулярнасць на Захадзе, дае шмат парад, аднак лепш было б, каб ён сам імі як след карыстаўся, калі меў уладу. Міхаіл Сяргеевіч вельмі пакрыўдзіўся, асабліва на маю фразу пра тое, што ён быццам адчувае сябе прэзідэнтам Злучаных Штатаў Свету. Але я лічу, што для тых маіх выказванняў мелася падстава. Ну як, прабачце, можна разглядаць Гарбачова ў якасці патэнцыяльнага прэзідэнта Сусветнага Зялёнага Крыжа, калі на ягоным сумленні — утойванне маштабаў чарнобыльскай трагедыі? Маё перакананне: трэба перш за ўсё сапраўды рабіць дабро Радзіме, а не біць сябе ў грудзі, пераконваючы ў гэтым увесь свет.
* * *
Тых, хто заседзеўся ля тэлеэкранаў позна вечарам 8 снежня, адначасова бы тарганула электратокам. Імгненна зляцела дрымота, людзі ўскоквалі з канап, каб пабольшыць гук...
Беларускае тэлебачанне паведамляла пра вынікі белавежскай сустрэчы.
Фразы, што гучалі з тэледынамікаў, шмат каму падаваліся ірэальнымі, фантастычнымі, іх сэнс ніяк не хацеў укладвацца ў свядомасці. Саюза больш няма... створана Садружнасць трох незалежных дзяржаў... каардынацыйны цэнтр — Мінск.
Безумоўна, тое, што стары, збудаваны па сталінскай мадэлі Саюз асуджаны, тады ўжо разумелі, бадай, усе. Але мала хто мог прадбачыць, што разрыў з мінулым будзе менавіта такім — маланкавым, дзёрзкім, ашаламляльным...
I няўжо Гарбачоў капітулюе? Хто-ніхто апасліва адсоўваў фіранку: можа, ужо выязджаюць на вуліцы бронетранспарцёры?
Шушкевіч вярнуўся ў Мінск апоўдні 9 снежня. Журналісты ўжо каравулілі літаральна ля трапа. Далажылі: у замежных сродках масавай інфармацыі — натуральны фурор, «радыёгаласы» і тэлетайпныя стужкі няспынна даносяць усё новыя заявы палітыкаў і каментарыі экспертаў, дзе вылучаецца нота трывогі за магчымае развіццё падзей...
Шушкевіч выглядаў спакойна і ўпэўнена:
— Ці так драматычна, як гэта бачаць за мяжой, пагадненне змяняе сітуацыю ў краіне і ў свеце?.. Нам неабходна было знайсці дастойны варыянт для таго, каб, атрымаўшы сапраўдную суверэннасць, не раз’ядноўвацца граніцамі, праводзіць самастойную, але ўзгодненую з суседзямі палітыку. Вы ведаеце, што ў апошні час сітуацыя ў краіне стала крытычнай. Народ Украіны адназначна выказаўся за незалежнасць. Расія абнародавала сваю праграму жорсткіх эканамічных рэформ, якія не могуць не закранаць інтарэсы яе суседзяў... Думаю, не толькі мяне хвалявала пытанне: ці можна зрабіць так, каб не ўзводзіліся агароджы паміж Беларуссю і Украінай, Беларуссю і Расіяй? Мы, здаецца, знайшлі адказ і на гэта пытанне... У нас ёсць вера і надзея, што да гэтага пагаднення далучацца іншыя рэспублікі... Мяркуем, што да яго могуць далучыцца і тыя дзяржавы, якія не былі суб’ектамі былога СССР.
Праз колькі часу, перачытваючы гэтае інтэрв'ю, надрукаванае ў беларускай прэсе пад гучным загалоўкам «36 гадзін, якія ўскалыхнулі свет», ён з сумнаватым гумарам зазначыць: і нас тады не абмінула бальшавіцкая мроя пра «сусветную рэвалюцыю»! Прыбалтыка, нягледзячы на ўсе захады, ідэяй далучэння да Садружнасці не загарыцца. Ды і ўнутры СНД справы пойдуць не так гладка, як хацелася. Расія і Украіна пачнуць зацята, абменьваючыся пагражальнымі заявамі палітыкаў, спрачацца за Чарнаморскі флот, потым — за лёс размешчанай на Украіне ядзернай зброі былога СССР. На межах рэспублік стануць паспешліва будавацца мытні, а друкарскія станкі пачнуць тыражаваць сурагаты нацыянальных валют — украінскія карбованцы, беларускія рублі-«зайчыкі», кыргызскія сомы... Паміж краінамі СНД будуць падпісвацца ўсё новыя эканамічныя пагадненні, але колькасць гэтых дакументаў упарта не захоча пераходзіць у іх якасць. I раз за разам Шушкевічу давядзецца трываць жорсткія, бязлітасныя ўдары апанентаў — тых, каму менавіта белавежскія рашэнні пададуцца той скрыняй Пандоры, адкуль раптам пасыпаліся ўсе беды. Ашалеламу ад дарагоўлі і чэргаў у крамах простаму люду будуць нагадваць пра танную каўбасу і гарэлку часоў СССР. А купка камуністаў, сабраўшыся ў пушчы ў гадавіну сустрэчы трох лідэраў, з імпэтам заб’е ў зямлю тры асінавыя калы...
Ну, з тымі, урэшце, усё зразумела. Куды больш крыўдна будзе, што і многія дэпутаты беларускага парламента хутка забудуцца, як дружна прагаласавалі яны ў свой час за ратыфікацыю падпісанага іх кіраўніком пагаднення, і ператворацца ў яго гнеўных крытыкаў.
А ў той дзень, 10 снежня, Шушкевіч і сам не чакаў, што справа вырашыцца гэтак імкліва. Спадзяваўся на трохі іншы, больш «лагодны» варыянт: калі ўдасца пераканаўча давесці парламентарыям сэнс белавежскага кроку, то Вярхоўны Савет адобрыць асноўныя палажэнні пагаднення і даручыць сваім камісіям дапрацаваць дэталі, каб потым ужо зрабіць канчатковы разгляд. Але абмен думкамі напачатку ў кулуарах, а потым і на парламенцкім пасяджэнні засведчыў нечакана рашучы настрой дэпутатаў: калі ўжо наважыліся на галоўнае, дык ці варта, маўляў, секчы хвост у некалькі прыёмаў — давайце ўжо адным махам!
Вынікі галасавання выглядалі эфектна: за ратыфікацыю — 263, устрымаліся — 2, супраць — толькі 1.
То быў, бадай, момант, калі прадстаўнікі самых розных парламенцкіх плыняў фенаменальна сышліся на глебе агульнай незадаволенасці палітыкай Гарбачова. Калі нацыянальна-дэмакратычная апазіцыя, напрыклад, націскаючы кнопкі галасавання, з асалодай помсціла Прэзідэнту СССР за ягоныя імперскія амбіцыі, то носьбіты артадаксальных, кансерватыўных поглядаў разлічваліся такім чынам за ягоную «здраду справе КПСС», за абрыдлую нерашучасць, палавіністасць у барацьбе супраць «сепаратыстаў» і ўвогуле «так званых дэмакратаў». Тыя, хто марыў пра рэванш за страту «сацыялістычных заваёў», употай разважалі, відаць, што не бывае ліха без дабра: калі ўжо Цэнтр не здолеў гэтыя заваёвы абараніць, то, можа, якраз суверэнітэт дазволіць стаць гаспадарамі становішча ў асобна ўзятай невялікай рэспубліцы, дзе ўсё знітавана старымі наменклатурнымі сувязямі. Між іншым, далейшая хада падзей пакажа, што спадзяванні тыя былі не такімі ужо і беспадстаўнымі. Магутнае кансерватыўнае лобі, адчуўшы ў парламенце сваю сілу, будзе не аднойчы зводзіць на нішто намаганні рэфарматараў, «выкручваць рукі» Старшыні...
Тады ж, 10 снежня, быў поўны трыумф Шушкевіча. На працягу дня ён раз-пораз звязваўся па тэлефоне то з Масквой, то з Кіевам, і тое, аб чым яму паведамлялі, выразна сведчыла, што і ў расійскім, і ў украінскім Вярхоўных Саветах «працэс пайшоў» з гэткай жа імклівасцю і ашаламляльным поспехам.
Аднак да лунання ў аблоках было далёка. Як-ніяк, Прэзідэнт СССР заставаўся рэальнай фігурай і неўзабаве пасля «нямой сцэны» падчас тэлефоннага дыялогу з Шушкевічам авалодаў сабой. У сродках масавай інфармацыі прагучала ягоная прасякнутая гнеўнымі нотамі заява. Гарбачоў абвяшчаў белавежскія рашэнні авантурыстычнымі і незаконнымі, абмовіўшыся, праўда, што ўдзел Украіны ў сустрэчы падаецца яму добрым сімптомам, адыходам ад гранічна сепаратысцкіх настрояў. «Кожная рэспубліка мае права выхаду з Саюза, але лёс шматнацыянальнай дзяржавы не можа быць вызначаны воляй кіраўнікоў трох рэспублік»,— зазначыў Гарбачоў, імкнучыся, напэўна, сыграць на амбіцыях лідэраў Малдовы, Закаўказзя, Сярэдняй Азіі.
Якраз з імі і вёў у гэты час інтэнсіўныя талефонныя перамовы беларускі Старшыня. Потым ён прызнаецца, што ніколі ў жыцці не праводзіў столькі часу са слухаўкай у руцэ. Важна было як мага хутчэй схіліць усіх патэнцыяльных партнёраў да ідэі Садружнасці. А тут, як на грэх, гэтая мядзведжая паслуга журналістаў, што імгненна раструбілі на ўвесь свет пра «новы саюз славянскіх дзяржаў». Вось і вылузвайся цяпер са скуры, даводзячы, што ніякай славянскай фанабэрыяй тут і не патыхае...
Неўзабаве сродкі масавай інфармацыі пачалі паведамляць: за Садружнасць выказаліся Назарбаеў, Муталібаў, Тэр-Петрасян, Акаеў...
Гарбачоў яшчэ працягваў свае філіпікі, пагражаў, што звернецца «непасрэдна да народа»... Але сама гэтая фразеалогія, у той час як нават зацятыя фундаменталісты пазбягалі ўжо тэзісу пра «адзіны савецкі народ», выклікала міжволі іранічныя ўсмешкі. I шмат хто адчуваў, што ўсё гэта проста блеф. У рэшце рэшт і сам Прэзідэнт СССР зразумее, што пачаў выглядаць фігурай трагікамічнай. I, да ягонага гонару, зробіць, бадай, адзіна дастойны ў тым двухсэнсоўным становішчы крок — уласнымі вуснамі адрачэцца ад свайго тытула. Далёка не ўсе, дарэчы, адзначаць як след гэты ўчынак. Між тым, хто ведае, што магло б усчацца ва ўзбуджанай, знерваванай «перабудовачным» бязладдзем, нашпігаванай страшэннай зброяй краіне, каб у Гарбачова не хапіла тады цвярозасці мыслення, каб ён адчайна наважыўся ісці лоб у лоб да апошняга!
Неўзабаве знойдзецца багата ахвотнікаў без усялякай ужо рызыкі выцерці падэшвы аб былога Прэзідэнта СССР — ад эстрадных парадыстаў да шаноўных дзяржаўных мужоў. 3 Гарбачова будуць з асалодай здзекавацца і рэфарматары, і артадоксы, вінавацячы — кожны са сваёй званіцы — ва ўсіх магчымых і немагчымых грахах. Шушкевічу, у свой час перажыўшаму драму расчаравання ў былым куміру, будзе тым не менш ніякавата ад гэтай бязлітаснасці на мяжы садызму. Многія хутка забыліся, што менавіта былы генеральны сакратар ЦК КПСС адважыўся некалі ўскалыхнуць ідэямі рэфарматарства тую могілкавую атмасферу таталітарнай краіны, дзе палітычныя анекдоты расказвалі толькі паўшэптам на кухнях... І гэта вялікая чалавечая драма Гарбачова — тое, што «працэс пайшоў» значна далей, чым ён мог прадбачыць, пакінуўшы на ўзбочыне самога ініцыятара, у якога, мовячы спартыўным жаргонам, «не хапіла дыхалкі». Нават калі абставіны будуць вымушаць яго, Шушкевіча, да крытычных заўваг па адрасу экс-прэзідэнта Савецкага Саюза, слухачы будуць нязменна адчуваць ноткі тактоўнасці і чыста чалавечай павагі ад адной з самых неардынарных гістарычных асоб дваццатага стагоддзя.
* * *
Адступленне. Аўтарскі «допыт»
(люты 1993 года)
— I ўсё ж ці не падаецца Вам, Станіслаў Станіслававіч, што фармальна Гарбачоў меў нейкую рацыю, заяўляючы, што трыма росчыркамі пяра нельга вырашаць лёс шматнацыянальнай краіны? Як-ніяк у яе і сапраўды ўваходзілі не толькі славянскія рэспублікі...
— Нагадаю: аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 года абвясцілі тры з чатырох рэспублік, якія ў свой час яго і падпісалі. I ва ўсякім разе пасля ратыфікацыі белавежскага пагаднення парламентамі Беларусі, Украіны і Расіі ўсе юрыдычныя праблемы, я лічу, былі знятыя. Ну, а крыху пазней, у Алма-Аце 21 снежня, як вы ведаеце, у СНД уступілі яшчэ восем рэспублік і такім чынам кропкі над «і» былі расстаўлены канчаткова.
А ўвогуле я прапанаваў бы зірнуць на сітуацыю з іншага боку: можа, неправамоцным быў якраз той, стары Саюз, утвораны сілай, бальшавіцкім прымусам? I мы проста адшукалі хай сабе, можа, і не стопрацэнтна дасканалы, але ўсё ж варыянт цывілізаванага выйсця з гэтага гістарычнага тупіка і аднаўлення справядлівасці. Скажыце, хто ў свой час пытаўся ў беларусаў, які шлях ім больш даспадобы?
* * *
I сапраўды — не пыталіся. Гвалтам загналі ў таталітарны бальшавіцкі «рай», а неўзабаве каванымі ботамі сталі выбіваць з душаў усё беларускае, з асаблівым садысцкім імпэтам абрушваючы ўдары на самых неардынарных, таленавітых — на эліту нацыянальнай культуры. Здавалася, што змрок ахутаў шматпакутную зямлю беларусаў назаўсёды, што жалезныя абдымкі крыважэрнага цмока не расціснуцца ніколі... I кінуты ў сібірскі лагер паэт-беларус Шушкевіч, вядома ж, нават у самых дзёрзкіх думках не мог сабе ўявіць, што менавіта ягонаму сыну наканавана праз паўстагоддзя з лішкам стаць адным з тых, хто вынесе канчатковы прысуд ужо калапсуючай савецкай імперыі.
«...Канстатуем, што Саюз ССР, як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне... 8 снежня 1991 года... За Рэспубліку Беларусь — С. Шушкевіч...»
ДАЙСЦІ ДА БЕЛАРУСІ
За ранішнім кубкам гарбаты ён з усмешкаю сказаў жонцы:
— А ведаеш, што сёння прымроілася спрасоння, калі будзільнік пачуў? Што трэба ва універсітэт спяшацца — лекцыю чытаць.
Сказаў без задняй думкі, але адразу ж заўважыў па Ірыніных вачах, што міжволі закрануў балючую для яе тэму. Жонка з самага пачатку была не ў захапленні ад ягонага рашэння стаць палітыкам. Ад дабра дабра не шукаюць. Меў жа цікавую і прэстыжную працу, поспех, што выпадае далёка не кожнаму навукоўцу...
I раптам, усё кінуўшы,— у гэтае пекла. Палітыкам заўсёды і ўсюды на абаранкі добра давалі. Што ўжо казаць пра наш час і пра наша грамадства — хворае, затузанае, узбуджанае. Ды яшчэ са шматгадовай традыцыяй — абавязкова знаходзіць ворага, на якога можна спіхнуць віну за ўсе беды і няўдачы. Для студэнтаў ён быў богам, аракулам — а цяпер кожны, хто не лянуецца, можа вешаць усіх сабак. I не лянуюцца...
Між тым навука на месцы не стаіць. Былыя калегі мкнуць наперад, а ён і ранейшую кваліфікацыю, здаецца, пакрысе страчвае. Хіба што зрэдчас дапаможа сыну камп’ютэр наладзіць... I калі што якое — ці ўдасца вярнуцца на кругі свая, ці не чакаюць наперадзе разбітыя ночвы?
— Ты думаеш пра гэта, Станіслаў?
Ён усміхнуўся:
— Ведаеш, адно добра: пасля тваёй знішчальнай крытыкі мне ўжо любыя дэпутацкія наскокі дробяззю здаюцца...