А тады, 7 снежня, у Ельцына выдаўся пасля афіцыйных мерапрыемстваў невялікі «тайм-аўт», і ён накіраваўся ва ўрадавую рэзідэнцыю ў Заслаўе, што паблізу ад Мінска.
Шушкевіч жа тым часам спяшаўся зноў у аэрапорт «Мінск-2», дзе вось-вось павінен быў прызямліцца самалёт украінскага прэзідэнта.
Краўчук, выслухаўшы прапановы, адразу ж прадэманстраваў дзелавы настрой: нашто гуму цягнуць, Станіслаў Станіслававіч, — вось наш самалёт «на ўсіх парах», месцаў хопіць, сядайце разам са сваімі памочнікамі ды і махнем адразу на Брэстчыну, а Барыс Мікалаевіч дагоніць...
Побач стаяў і беларускі Як-40, але сапраўды: нашто марнаваць час ды адмаўляцца ад магчымасці лішніх паўгадзіны пагутарыць з Краўчуком на борце ягонага лайнера па дарозе ў Віскулі?
Атакавалі журналісты, давялося ахвяраваць колькі хвілін. Краўчук нагадаў пра вынікі нядаўняга рэферэндуму на Украіне: 31 мільён чалавек, 90,3 працэнта выбаршчыкаў выказаліся за самастойнасць і незалежнасць украінскай дзяржавы. Трохі «прайшоўся» наконт Міхаіла Сяргеевіча, намякнуўшы, што няварта таму валіць з хворай галавы на здаровую, вінавацячы Украіну за свае ўласныя палітычныя правалы. I рэзюмаваў: «...Усе ў душы разумеюць, што гэты Саюз ужо асуджаны».
Не пазбег журналісцкай цікаўнасці і гаспадар сустрэчы. Адказваючы на пытанне аб яе магчымых выніках, зазначыў:
— Гэтыя дні павінны пакласці канец тым маніпуляцыям, што робяцца... Я спадзяюся, што першае слова наконт гэтага будзе сказана на Беларусі.
* * *
Адступленне. Аўтарскі «допыт»
(люты 1993 года)
— Ці прадбачылі Вы напярэдадні, што сустрэча ў Віскулях можа завяршыцца менавіта такімі радыкальнымі рашэннямі: вынесці бязлітасны «прысуд» старому Саюзу і ўтварыць Садружнасць трох дзяржаў, пакінуўшы Гарбачова «па-за гульнёй»?
— Калі зусім шчыра, то я на такое не разлічваў, дакладней — не спадзяваўся. Безумоўна, адчуваў, што Ельцын гатовы да самых рашучых крокаў у гэтым кірунку. Але ж вы памятаеце, якое рэха даносілі тады сродкі масавай інфармацыі з Украіны: толькі канчатковае аддзяленне, толькі поўная самастойнасць! I чакаць ад Краўчука той пазіцыі, якую ён у рэшце рэшт заняў у Віскулях, я, прабачце, не мог. Гэта было для мяне нечаканасцю. Гэта змяніла ўвесь падыход да справы.
— Цяпер хто-ніхто з палітыкаў і газетных каментатараў сцвярджае: Шушкевіч, маўляў, толькі воляй абставін апынуўся ў кампаніі двух зацятых праціўнікаў Гарбачова, якія даўно марылі яму «насаліць», і мусіў падпарадкавацца іх націску...
— Нагадаю: да таго часу я толькі тры месяцы быў на пасадзе Старшыні Вярхоўнага Савета. Безумоўна, у сэнсе палітычнага вопыту ні з Ельцыным, ні з Краўчуком цягацца не мог. I адчуваў, што трохі не «дарос», каб такія крокі прапаноўваць. Я абмежаваўся б, напэўна, меншымі вынікамі. Ну, а тыя два прэзідэнты прадэманстравалі гатоўнасць ісці далей. Так што — скажу шчыра — рашучасцю сваёй яны тады мяне пераўзыходзілі. Хоць чыста лагічна перад сустрэчай я выводзіў тую ж выснову: далей цягнуць немагчыма... I ўжо дарогай у Віскулі адчуў: адным камюніке, адной канстатацыяй сваіх поглядаў на сітуацыю мы не абмяжуемся.
— Вы не баяліся абвінавачванняў у змоўніцтве, у вераломстве, якія ў рэшце рэшт абрынуліся з вуснаў палымяных змагароў за аднаўленне «адзінага і магутнага» Савецкага Саюза?
— Не, у мяне было адчуванне, што мы маем маральнае права на такія рашэнні, што мы робім адзіна магчымыя ў такіх варунках захады, каб захаваць цывілізаваныя кантакты паміж нашымі краінамі, перавесці іх гістарычныя сувязі на новую, сапраўды справядлівую падставу. Сёння ад многіх чуеш: СНД сябе не апраўдала! Але хто можа сцвярджаць, што без СНД было б лепей, што мы не дакаціліся б да югаслаўскага варыянту распаду унітарнай дзяржавы?
— І што, сапраўды, там, у Віскулях, вы фармулявалі дакументы экспромтам, маючы перад сабой толькі чысты стос паперы? Няўжо ў Ельцына, напрыклад, не было нейкіх папярэдне падрыхтаваных «шпаргалак»?
— Калі што і было, то я, ва ўсякім разе, гэтага не прыкмеціў і дагэтуль веру, што ўсё фармулявалася менавіта там, у Віскулях. Хіба што тэзіс аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 года быў падрыхтаваны расійскай дэлегацыяй загадзя. Я гэта адчуў па выказванні расійскага дзяржсакратара Генадзя Бурбуліса адразу ж, калі пачаўся наш дыялог.
— Дарэчы, ёсць версія, што менавіта Бурбуліс, якога нядобразычліўцы ахрысцілі «шэрым кардыналам» Ельцына, стаў галоўным ідэйным натхніцелем белавежскага пагаднення — маўляў, усё рабілася ледзь ці не пад ягоную дыктоўку.
— Такія выказванні проста зневажаюць Ельцына як магутную, неардынарную палітычную фігуру. У Віскулях жа з поўным напружаннем працавалі ўсе тры дэлегацыі. Вядома, Бурбуліс — філосаф па адукацыі, чалавек вострага, нестандартнага мыслення — актыўна ўдзельнічаў у вызначэнні, так бы мовіць, сэнсавага калідора нашых рашэнняў, а пасля ўжо ідэі «абрасталі» юрыдычна абгрунтаванымі, адточанымі фармулёўкамі.
Тут, дарэчы, я асабліва адзначыў бы ролю Сяргея Шахрая. Увогуле ў Віскулях сабралася тады даволі шмат тых, каго я ўжо добра ведаў па сумеснай дзейнасці ў складзе дэмакратычнай плыні з’езда народных дэпутатаў СССР — Міжрэгіянальнай групы. У нас быў немалы вопыт сумеснай выпрацоўкі рашэнняў, якія, дарэчы, нярэдка ўяўлялі сабою менавіта альтэрнатыву лініі Гарбачова.
* * *
У поўным складзе дэлегацыі сабраліся ў віскулёўскай рэзідэнцыі вечарам 7 снежня. Апошняй, ужо зацемна, прыехала расійская. За вячэрай гаварылі аб усім, акрамя таго, дзеля чаго сюды з’ехаліся. Хоць, бадай, кожны ўжо выразна адчуваў: пачынаецца падзея, рэха якой прагучыць сапраўдным выбухам не толькі ў Крамлі, але і ва ўсім свеце.
Між тым абслуга ўрадавай рэзідэнцыі звыкла забяспечвала традыцыйную праграму прыёму высокіх гасцей. За мінулыя гады іх тут перабывала досыць. Кіраўнікі БССР любілі здзівіць «важных птушак» з Масквы ці з-за мяжы казачнай патрыярхальнай веліччу гэтага запаведнага кутка Беларусі: векавыя дрэвы, волаты-зубры, неверагодны, першабытны спакой дрэмлючай прыроды... Мусіць, гэткім жа непахісным здаваўся і той лад рэчаў, за які не аднойчы ўздымалі келіхі ў гэтай рэзідэнцыі яе ранейшыя гаспадары і госці. I, вядома ж, нікому з іх нават у благім сне не магло прымроіцца, што некалі менавіта тут збяруцца людзі, якія наважацца паставіць кропку ў гісторыі непераможнай, непахіснай, як падавалася, супердзяржавы.
А знешне ўсё выглядала напачатку зусім як у ранейшыя часы. Адмыслова дастаўлены з Мінска шэф-кухар шчыраваў над апетытнымі стравамі, якія потым увішна падхоплівалі афіцыянткі, і ўжо былі акуратна складзены камплекты паляўнічай амуніцыі: ну хто ж, трапіўшы ў Белавежу, адмовіцца ад спакусы ўласнаручна заваліць лютага клыкастага дзіка? Ды яшчэ надвор’е як па заказу: марозік бадзёрыць кроў, ні адна галінка не калыхнецца ды ззяе цнатлівай беллю снег пад агромністай поўняй...
Егераў, аднак, чакала лёгкае расчараванне. Шушкевіч (а ён, дарэчы, сам тут быў упершыню) увогуле, як высветлілася, не аматар цэліць у нешта жывое з дубальтоўкі («Ведаеце, толькі аднойчы, у 1954 годзе, падстрэліў нейкую качку, дык і дагэтуль не ўцямлю, нашто я гэта зрабіў...»). Катэгарычна адмовіўся ад палявання і Ельцын. У рэшце рэшт колькі энтузіястаў усё ж назбіралася і традыцыя парушана не была. (Назаўтра, калі на сняданак было пададзена мясное, астатнія паўжартам-паўсур’ёзна цікавіліся: а ці не з вашай, панове, дзічыны?)
Большасці ж тым вечарам было зусім не да палявання. Сумесная мазгавая атака ішла да глыбокай ночы. Пасля таго як лідэры паразумеліся ў галоўным, іх «каманды» адпрацоўвалі чарнавыя варыянты дакументаў.
Раніцай 8 снежня справу ўзяла ў свае рукі шасцёрка кіраўнікоў: ад Расіі — Ельцын і Бурбуліс, ад Украіны — Краўчук і прэм’ер Фокін, ад Беларусі — Шушкевіч і Старшыня Савета Міністраў Кебіч. Выбралі найбольшае ў рэзідэнцыі памяшканне — більярдную залу на першым паверсе. Туды хуценька зацягнулі чатыры сталы, саставілі іх у «карэ», накрылі абрусам. Адсунутыя ўбок більярдныя сталы таксама аказаліся дарэчы: на іх раскладвалі розныя «дапаможныя» паперы, чарнавікі... Па суседству, за дзвярыма, ля якіх застылі двое мажных ахоўнікаў, знаходзіліся астатнія члены дэлегацый. Раз-пораз даводзілася запрашаць у більярдную залу то Гайдара, то Шахрая, то беларускага міністра замежных спраў Краўчанку, то яшчэ кагосьці: трэба яшчэ падумаць вось над гэтым абзацам, абмазгаваць вось гэтую фармулёўку — падключайцеся да справы... Лісты паперы з накідамі тэкстаў качавалі міма ахоўнікаў то туды, то сюды. Афіцыянткі ледзь паспявалі падносіць каву і мінералку. У рэшце рэшт у більярдную залу праплыў паднос з кілішкамі малдаўскага каньяку. Гэта было тады, калі «шасцёрка» адчула: галоўныя, ключавыя думкі, можна лічыць, ужо адчаканены па ўсіх канонах. «Што ж, мы, бадай, і сапраўды заслужылі нешта трохі мацнейшае за каву!» — усміхнуўся хтосьці. Вядома, дозы выглядалі зусім сімвалічнымі: наперадзе чакаў яшчэ кавалак працы. (Потым, дарэчы, «алкагольны» аспект белавежскай сустрэчы стане адной з улюбёных тэм для найбольш зацятых нядобразычліўцаў: маўляў, трэба было няйначай як у сцельку набрацца, каб гэткае сатварыць!)
Тым часам па калідорах рэзідэнцыі, апасліва касавурачыся на ахоўнікаў, нецярпліва кружылі некалькі цудам трапіўшых сюды з Мінска журналістаў. Прафесійны нюх падказваў: будзе нешта так-о-о-е!.. Адзін з іх крадком зазірнуў праз нечае плячо ў толькі што аддрукаваную машыністкай паперчыну: «Саюз ССР... спыняе сваё існаванне». Аж дух заняло: нічога сабе «заявачкі»!
Між тым у фае перад більярднай залай адчулася нейкае ажыўленне. Доўгі стол аздобілі мініяцюрнымі дзяржаўнымі сцяжкамі трох краін. Журналісты імгненна занялі пазіцыі побач і літаральна свідравалі поглядамі дзверы більярднай залы.
Вось яны нарэшце расчыняюцца. Першы выходзіць Ельцын, за ім — астатняя пяцёрка. Садзяцца за стол і ставяць подпісы пад галоўным дакументам сустрэчы. Спахапіўшыся, мінскі газетчык фіксуе для гісторыі час падзеі — 14 гадзін 17 хвілін 8 снежня 1991 года.
Праз колькі часу кіраўнікі трох дзяржаў падымуцца на другі паверх, у апартаменты Ельцына, і Шушкевіч патэлефануе Гарбачову...
* * *
У свой час ён, Шушкевіч, тады яшчэ проста прафесар-фізік, перажыў перыяд сапраўднага, шчырага захаплення новым савецкім лідэрам, фігура якога так кантраставала з абліччам ягоных крамлёўскіх папярэднікаў — знясіленых старэчымі хваробамі людзей, што адзін за адным сыходзілі ў магілу на пачатку 1980-ых: Брэжнеў, Андропаў, Чарненка...
У красавіку 1985-га ў цяжкой, гнятучай, бы наскрозь прасякнутай тым могілкавым пахам атмасферы жыцця велізарнай краіны выразна адчуліся свежыя павевы. Газетчыкі, праўда, хутка зашмальцуюць да брыдоты метафару «красавіцкі вецер перамен», ды і самі перамены набудуць у вачах многіх жахлівы, катастрафічны выгляд, але тады, на самым пачатку, утапічныя лозунгі перабудовы, рэфармавання камуністычнай сістэмы сапраўды заваражылі, ап’янілі — перш за ўсё інтэлігенцыю — салодкай мрояй пра новы, «гуманны» сацыялізм.
Ды што там казаць, калі пасля эпохі панавання «крамлёўскіх дзядоў» сапраўдны фурор рабіла ўжо адно тое, што новы генеральны сакратар ЦК КПСС гаворыць без паперкі і без рызыкі згубіць пры гэтым штучную сківіцу!
Пройдзе даволі шмат часу, перш чым прамовы Гарбачова пачнуць выклікаць у савецкіх грамадзян напачатку лёгкае, а затым усё нарастаючае раздражненне, бо з удасканаленнем ягонага красамоўства справы ў падначаленай яму дзяржаве будуць ісці ўсё горай і горай...
Шушкевіч жа ўпершыню зірнуў на Гарбачова іншымі вачыма пасля жахлівых дзён вясны 1986-га, калі чарнобыльскі выбух абсыпаў Беларусь смяротным радыеактыўным попелам. Генсек ЦК КПСС, безумоўна, быў да драбніц інфармаваны аб жудасных маштабах трагедыі. Але мужнасці сказаць усю праўду так і не знайшоў: выступаючы неўзабаве па Цэнтральным тэлебачанні, настойліва даводзіў, што ніякай небяспекі, можна лічыць, няма... Ужо каго-каго, а фізіка-ядзершчыка Шушкевіча такія заявы ўвесці ў зман не маглі. Ён выдатна ўяўляў, што здарылася на справе, як добра ведаў і тое, што многія наступствы можна было прадухіліць элементарнымі экстранымі захадамі (каб людзі, напрыклад, пілі для прафілактыкі ёд, які абараняе ад нуклідаў шчытападобную залозу, ушчыльнілі вокны і дзверы, па магчымасці не выходзілі на вуліцу). I грунтоўныя, падрабязныя інструкцыі на гэты конт меліся ва ўсіх штабах грамадзянскай абароны. Аднак час быў злачынна змарнаваны, бо там, на камуністычна-дзяржаўным Алімпе, найперш захваляваліся не пра лёс мільёнаў ахвяр чарнобыльскага выбуху, а, як заўсёды, пра імідж Сістэмы, пры якой, згодна са шматгадовай афіцыйнай міфалогіяй, ніякіх катастроф проста быць не можа...
Менавіта тады, у першыя дні, людзей зноў прынеслі ў ахвяру традыцыйнай Вялікай Хлусні. I беларускія, украінскія, расійскія дзеці бесклапотна корпаліся ў пяску, размахвалі чырвонымі сцяжкамі, седзячы на таткавых плячах падчас першамайскіх дэманстрацый (дні стаялі такія цёплыя, пагодлівыя, і ўсіх так цягнула на вуліцу!), а на іх усё сыпаўся і сыпаўся нябачны радыеактыўны пыл, што праз некалькі гадоў абернецца для многіх агоніяй на ложку анкалагічнага дыспансера...
Пазней, стаўшы народным дэпутатам СССР, Шушкевіч убачыў яшчэ шмат з таго, што не даносілі да мільёнаў радавых грамадзян тэлекамеры, усталяваныя ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў,— вытанчаную закулісную механіку выкручвання рук, жорсткага ціску на дэмакратычную апазіцыю, на тых людзей, што напачатку так шчыра паверылі Гарбачову і якіх ён потым, калі прастора для кампрамісаў паміж рэфарматарамі і артадоксамі пачала катастрафічна звужацца, усё часцей і часцей з’едліва называў «так званымі дэмакратамі», раз за разам усё выразней ад іх адмяжоўваючыся. Не дадало сімпатый да Гарбачова і ягонае спантаннае, няўзважанае абяцанне Захаду ў нерэальна імклівым тэмпе вывесці савецкія войскі з краін былога «сацыялістычнага лагера». Бо расплачвацца за наступствы гэтага шырокага жэста давялося найперш менавіта Беларусі, і без таго самай мілітарызаванай савецкай рэспубліцы, куды хлынулі з захаду новыя палкі і дывізіі — тысячы ды тысячы людзей у пагонах, што, як і ўсе астатнія смяротныя, хочуць есці і мець дах над галавой.