К книге
UnknownСтраница 7
78%
Страница 7
7

— Капітан, хачу запытацца.

— Што? — павярнуў да мяне незадаволены твар камбат.

— Што гэта тут асабіст раніцой высьледжваў?

— А ты ня ведаеш, што? — камандзір батарэі ўпёрся ў мяне нядобрым позіркам. — Не адчуваеш?

— Не адчуваю, — сказаў я, пачынаючы, аднак, здагадвацца.

— Зь якой гэта ты зямлячкай там зьнюхаўся?

На хвіліну я анямеў — так яно і казалася, як я меркаваў. Я моўчкі чакаў, што яшчэ скажа камбат, але ён таксама змоўк, мабыць, пашкадаваўшы, што і без таго сказаў шмат.

— Зноў жа, бацькі твае дзе? На акупаванай тэрыторыі пражывалі?

— Пражывалі. Ну?

— Во табе і ну! — няпэўна скончыў камбат і крута павярнуўся да свае машыны. Наперадзе ўжо загырчалі маторы, здаецца, калёна рушыла.

Я подбегам вярнуўся да машынаў свайго ўзвода і зноў ускочыў на шырокае крыло “студэбэкера”. Вось табе і радасьць: называецца, сустрэў зямлячку. Ды яшчэ й бацькі на акупаванай тэрыторыі. Але дзе тыя бацькі, што я пра іх ведаў? Думаў, прыеду пасьля вайны, буду шукаць. Нехта ж павінен ведаць, як і дзе яны прапалі летась пад Ушачай. Былі ў партызанах, ды зьніклі. Магчыма, у час прарыву зь нямецкага акружэньня. Можа, загінулі, а можа... Тое можа дацінала мяне ўжо паўгода. Шкада, на парозе міру рушыліся ўвогуле нармальныя адносіны з камбатам, які яўна злаваў на мяне, мабыць, з падачы асабіста. Хаця з ягонай падачы як не зазлуеш? Тут не на жарт спалохацца можна.

Калёна рушыла далей, і неўзабаве мы ўбачылі тую самаходку, што абстраляла нашую калёну. Экіпажа яе там ужо не было, самаходка стаяла пакінутая за рэчкай на схіле. Зрэшты, шкоды яна нам не ўчыніла. А на другім павароце пад абрывам ляжала ў рэчцы нашая перакуленая трыццацьчацьвёрка, і горны паток булькатаў ля яе гарматнае вежы. Здаецца, там засталіся і танкісты, — відаць, надта пасьпяшаліся да перамогі.

Мы зноў зьехалі ў даліну, на раўнейшае, машыны прыбавілі хуткасьці. Я ўсё сядзеў на крыле, трымаючыся за абрашотку фары. I раптам мы ўбачылі немцаў. Немалая калёна іхнай пяхоты маршавала акрай дарогі, зважліва прапускаючы нашыя аўтамабілі, — змораныя, схуднелыя, аброслыя шчэцьцю твары, — бязладны, прытомлены строй. Усе абвешаныя шынялямі, коўдрамі, тарбінамі з паходным майном, але бяз зброі. Ужо раззброіліся. Нібы палонныя. Ці падрыхтаваліся ў палон. Афіцэраў было мала відаць — дзе-нідзе збоч калёны тупаў абыякавы да ўсяго лейтэнант ці обэр-лейтэнант з адной-дзьвюма бубкамі на кароткіх пагонах. Нашыя салдаты з машынаў свавольна крычалі ім “Гітлер капут!”, яўна выказваючы тым і радасьць, і зьдзек, і зласьлівасьць. Немцы амаль не адказвалі, толькі засьцярожліва пазіралі на сваіх учарашніх ворагаў і тупалі сабе далей. Тады салдаты, па-дурному жартуючы, пачалі крычаць звыклае для немцаў “Хайль Гітлер!”, ускідваючы ўгору руку. I некаторыя зь немцаў стрымана адказвалі сваё “хайль”, няўпэўнена рухаючы ўгору рукой. Як на запясьцях некаторых відаць быў раменьчык ад гадзіньніка, нашыя стукалі зьверху ў кабіну “Стой!”, шафёр прыпыняў машыну, нехта саскокваў на дарогу і кідаўся ў нямецкі наўтоп. Неўзабаве зьяўляўся адтуль з гадзіньнікам, а то й двума ў руках, ужо на хаду чапляўся за борт “студэбэкера”. Камандзіры сёньня зрабіліся надзіва добрыя і глядзелі на тое паблажліва, некаторыя й самі выскоквалі з кабінаў. Мой маёр-прапагандыст таксама разы два вылазіў на дарогу. Аднаго разу, вярнуўшыся, кінуў на сядзеньне новы, сталёвага колеру афіцэрскі плашч, а ў другі, мабыць, таксама разжыўся гадзіньнікам. Увогуле мне рабілася сумна...

Так мы даехалі да чарговага гарадка і спыніліся на яго ўскраіне. Далей было не прабіцца, ды, мусіць, ужо й не было патрэбы куды прабівацца. Усе вуліцы, цэнтар і навакольле былі поўныя войска: пяхоты, артылерыі, некалькі 76-мм самаходак, грузавікоў, “вілісаў” і “доджаў” начальства. Начальства дзе на машынах, а дзе пехатой упарта прабівалася наперад, на бераг ракі, дзе раней за нас зьявіліся амэрыканцы. На чорным шыкоўным “хорху”, усё сыгналячы, каб саступілі дарогу, хутка праехаў знаёмы ўсьмешысты маёр, брыгадны “сьмершавец”. Цяпер ён, аднак, не ўсьміхаўся, выглядаў аж надта заклапочаны за ветраным шклом аўтамабіля, — мабыць, спазьняўся на сустрэчу. Ці яшчэ куды. На мяне ён і не зірнуў нават, і я падумаў: хоць бы так і не заўважаў ніколі.

Нашая калёна трохі пастаяла на ўезьдзе ў гарадок, а затым нехта з начальства павярнуў яе ў бакавы завулак. Неўзабаве мы апынуліся на гарадзкой ускраіне, ля шырокай надрэчнай лугавіны. Не пасьпелі выраўняць у які-небудзь парадак аўтамабілі з гарматамі, як нас апанавалі вясёлыя людзі ў нябачанай, спартыўнага крою форме, грубых грувасткіх гамашах, яшчэ болей грувасткіх касках з чахламі. То былі амэрыканцы. Яны адразу кідаліся ў абдымкі зь першым, хто ім трапляўся насустрач — салдат ці афіцэр, гучна ляскалі па плячах, штось ва ўсё горла крычалі на незразумелай мове. Нешта разумеў па-ангельску толькі мой пасажыр-маёр, і яны пасьля першых ягоных словаў з радасным крыкам пачалі кідаць яго ўгору, бы найвялікшага савецкага героя. Нашыя салдаты сьпярша неяк нясьмела паддаваліся іх весялосьці, пасьля пачалі сьмялей і ахвотней, гучна здароўкаліся і таксама па-свойму крычалі, бы да глухіх. Некаторыя з гасьцей ужо паўзлазілі на нашыя машыны, аднекуль зьявіліся бутэлькі ды салдацкія пляшкі, ужо налівалі ў кварты, а то і жлукцілі па чарзе з бутэлек. Лугавіна ўмомант ператварылася ў гаманкі бязладны кірмаш, замест вазоў застаўлены вялізнымі “студэбэкерамі” з гарматамі на прычэпе. Ніхто не камандаваў, не імкнуўся навесьці парадак. Тут былі толькі малодшыя афіцэры, камбаты і ўзводныя, старэйшыя камандзіры кудысь пазьнікалі, мабыць, туды, дзе быў мост цераз раку і дзе цяпер адбывалася галоўная сустрэча.

Але нам і тут хапала радасьці. Некалькі амэрыканцаў, здаецца, ужо на добрым падпітку, апынуліся перад маёй машынай і ўжо весела гарланілі, двое абдымаліся з тэлефаністам Мухам. Аказваецца, гэтыя разумелі па-польску, таксама, як і Муха, што трапіў у полк з польскай арміі. I ўжо там чутна было, як гучала “Бардзо прошэ”, “Пан капрал”, “германско быдло”. Убачыўшы мяне, Муха радасна растлумачыў:

— Таварыш лейтэнант, во дзіва! Землякі! Іхныя бацькі з-пад Познані. Во ромам частуюць...

Адзін з тых землякоў — расхрыстаны, плячысты вярзіла ўжо соваў мне вялізную бутэльку, у якой яшчэ штось плёскалася, а Муха падахвочваў: “За пабеду, лейтэнант!” I я выпіў — без вялікай ахвоты некалькі глыткоў цёплага сьмярдзючага пойла. Пасьля мяне спаважна выпіў сяржант Мядзьведзеў. Затым аднекуль зьявілася алюміневая пляшка, жвава пайшла па руках. Муха раздаваў невядома дзе ўзятыя цьвёрдыя кавалкі шакаляду — на закусь. Мы яшчэ выпілі, і ля мяне апынуўся здаравенны белазубы негр, увесь у хакі, пачаў бесцырымонна мацаць на грудзях маю “чырвоную зорку”.

— Прэзэнт, сэр офіцыр? Эс, прэзэнт? Эс?

Я не разумеў, што значыць — прэзэнт? Ці ня хоча ён атрымаць у падарунак мой ордэн? Сапраўды, мабыць так. У адплату ён ужо скінуў з рукі мэталічны бранзалет гадзіньніка і соваў мне. Як было ад яго адчапіцца? Іншыя, аднак, не адчапляліся, скрозь адбываўся п'яны абмен сувэніраў — гадзіньнікаў, зорак зь пілотак, дзягаў і нават пісталетаў. Гляджу, мой ціхі Кананок ужо прыцэльваецца кудысь у кузаве з ладнай амэрыканскай вінтоўкі, выменяў ці што? Не наваяваўся хлопец. Побач сядзіць на борце і паблажліва ўхмыляецца расхрыстаны амэрыканец.

— Ну, яшчэ трохі прымем за пабеду, — трохі разьвязна соваў мне пляшку Мядзьведзеў.

— Давай!

Чорт яе бяры, сапраўды перамога. Найвялікшая перамога ў найвялікшай вайне. Давай, Мядзьведзь, будзем піць. За тых, хто ніколі ня вып'е.

I я выпіў, ці ня першы раз са сваім падначаленым, камандзірам гарматы. Увогуле тое не было ў нас прынята — піць з падначаленымі. Калі й пілі, дык болей з роўнымі сабе: узводныя — з узводнымі, камбаты — з камбатамі. Але тут такая падзея — канец вайны. А мы зь Мядзьведзевым болей за чатыры месяцы кожны дзень і кожную ноч разам. У адным акопчыку і ля адной гарматы. А з адной пляшкі выпіваць не даводзілася.

— Усё ж маглі ў адной яме ляжаць, — сказаў Мядзьведзеў, боўтаючы паднятую пляшку і быццам не адважваючыся дапіць.

— Пад Шаманторніяй?

— Пад Шаманторніяй гэтай. Там я ўжо не спадзяваўся. Нявыкрутка поўная.

Так, ён казаў праўду, на Шаманторнію я не забыўся. У час веснавога прарыву нямецкіх танкаў нашую гармату адрэзалі ад сваіх, мы суткі праседзелі ў кукурузе, ужо не спадзеючыся выбрацца жывымі. Наперадзе на вышыні былі немцы, ззаду на дарозе нямецкія танкі, наш цягач “студэбэкер” згарэў яшчэ ранкам ля пераправы. I мы апанурыліся. Тады Мядзьведзеў кажа: трэба, як пацямнее, паслаць каго ў пяхоту, каб далі чалавек пяць, і тады б мы паспрабавалі выкаціць гармату. Так і зрабілі. Паслалі Сьцяпанава, той прабраўся між нямецкіх танкаў і прывёў чатырох зь пяхоты; пад ранак у тумане мы неяк выкацілі з кукурузы нашую гармату і прабраліся да сваіх. Нават нікога ня страцілі. Але натрываліся — дай Бог! Уранку па той кукурузе ўжо гойсалі нямецкія грэнадзёры.

Якраз да нашае вясёлае купкі далучыўся і Сьцяпанаў — дужы, немалады ўжо малодшы сяржант з ордэнам Славы на зашмальцаванай гімнасьцёрцы — гэта за той яго ня надта звычайны подзьвіг. Зьлез з машыны Кананок. На гэтым кірмашы гарэзнае весялосьці ён выглядаў нейкім найменш радасным, заўсёдная яго ўсьмешка сёньня сышла з курносага твару, і я разумеў, чаму. Скончылася вайна, а ў хлопца ніводнага мэдаля, што, пэўна, яго засмучала. Казалі: не заслужыў. Праваяваў зіму побач з усімі, як і ўсе, трываў пад агнём, але во — не заслужыў. Бо малады і сьціплы. Хаця галоўнае — заслужыў жыцьцё, ці гэта не найбольшая ўзнагарода для кожнага салдата?

Наўкола гуў, гаманіў, мітусіўся салдацкі наўтоп. Салдаты нашай ды іншых батарэяў палка перамяшаліся з амэрыканскімі, якіх прымалі сапраўды як братоў, — гаманілі, абдымаліся і пілі разам зь імі. Але і між сабой у нашых бруіла ніколі дагэтуль ня чутая радасьць. Дзесьці зводдаль ужо гарланілі “Кацюшу”, а бліжэй узьнікала новая песьня, якую пачынаў прыгожы барытон батарэйнага запявалы:

Пакахай мяне, салдацік,

Буду вернай жонкаю...

А забудзеш — толькі разам

З роднаю старонкаю...

Мядзьведзева, падобна было, хмель браў ня хутка, выглядаў ён цьвярозым і ціхім голасам прамаўляў мне:

— Замірацца — прыяжджай на госьці. Калі можна, зь сям'ёй. Ці адзін. Я ж каля Цяляцкага возера жыву.

Тое я ведаў. За зіму і вясну даволі ўжо наслухаўся пра яго возера, поўнае рыбных цудаў і незямной прыгажосьці. Але сяржант і зараз ня мог стрымацца, каб не напомніць пра тое.

— Гэта ж возера — цуд. Першае месца займае па хараству.

— Можа, і прыеду, — сказаў я няпэўна.

— А чаго? Малады, жаніцца трэба. А ў мяне глядзі — і нявеста гатовая. Тоська мая якраз упару...

Я ведаў і пра ягоную Тоську. Мядзьведзеў быў удвая старэйшы за мяне, меў дарослую дачку і сына-кулямётчыка, што загінуў пад Сталінградам. Засталася адна дачка, во ён і стараўся годна ўладкаваць яе ў жыцьці. Але наўрад ці я гадзіўся ў жаніхі да алтайскіх нявестаў.

Ззаду між мной і Мядзьведзевым праціснуўся санінструктар Пятрушын — зь перакручанай на галаве пілоткай і счырванелым тварам. Гэты ўжо быў на добрым падпітку.

— Чур, Мядзьведзь, не сватай дачку лейтэнанту. Мне абяцаў.

Мядзьведзеў толькі паморшчыўся ад п'янага нахабства.

— Зашмат хочаш, — ціха вымавіў ён і працягнуў мне пляшку. — Дык вып'ем, лейтэнант.

Здаецца, я і яшчэ выпіў зь Мядзьведзевым, а пасьля і са зважлівым Кананком і нават зь Пятрушыным. Я ўжо не злаваў на санінструктара, тым болей, што ён не злаваў на мяне і сам мне пра тое сказаў. Падобна, пасьля мы нават абдымаліся зь ім, і ён усё пахваляўся, як яго паважаюць афіцэры; начальнік санслужбы заўжды вітаецца зь ім за руку. Ужо п'яным позіркам я згледзеў перад сабой хісткую постаць маёра-прапагандыста, — здаецца, поруч з камбатам ці яшчэ з кім, каго я ўжо не пазнаў. Марудна, але пэўна я адключаўся, прыхінуўшыся да крыла “студэбэкера”. Нейкі час яшчэ чуў вялікую гаману побач, як скрозь пілі, сьпявалі, сьмяяліся. А некаторыя і плакалі п'янымі гаручымі сьлязьмі. Аж покуль узварушаную лугавіну не змарыў п'яны сон.

Як я заснуў, дык і не прыкмеціў, але прачнуўся раптам на золку. Намацаў ля галавы вялізнае пыльнае кола “студэбэкера” і, неяк учапіўшыся за яго, сеў.

На ўсёй лугавіне стаялі ўразброд нашыя “студэбэкеры”, ніхто іх не параўняў, — як учора паставілі, так і засталіся. I між іх, пад станінамі гарматаў, на стаптанай траве, у кузавах і парасчыняных кабінах ляжалі, спалі, храплі салдаты — савецкія ўперамешку з амэрыканскімі — хто дзе і хто як. Побач выцягся той учарашні нэгр, што хацеў у мяне выменяць ордэн; на ягоныя ногі ўзьлёгся хтось з нашых, пад ім, утаптаны ў зямлю, валяўся чыйсьці карабін. Кабур у амэрыканца ўжо быў пусты і расшпілены, — мабыць, ужо падарыў камусьці свой кольт. Ці памяняў на гэты іржавы карабін. Я з натугай падняўся на ногі. Балела галава, нязвыклая слабасьць адчувалася ў целе. Але новае памкненьне адразу ахапіла мяне. Я памятаў прыкладна, зь якога боку мы сюды прыехалі і хістка пабрыў у тым накірунку. Абыйшоў “студэбэкеры” сваёй батарэі, нідзе ня згледзеў камбата і падумаў, што так, можа, і лепш. Праўда, натыкнуўся на знаёмыя боты санінструктара Пятрушына, які, зьвесіўшы ногі з расчыненай кабіны, салодка спаў на мяккім сядзеньні. Мусіць, перабраў, — падумаў я, хоць сам быў ня ў лепшым стане.

Сонным правулкам, скрозь застаўленым пераправачнымі амфібіямі, выйшаў на галоўную дарогу. Усюды было пустэльна й бязьлюдна, бы пры канцы сьвету. Скрозь усе ўсюды спалі, — у машынах, на падворках ды, мабыць, і ў дамах таксама. Пасьля вялікай натугі-вайны.

Апанаваны пэўнаю мэтай, я пабрыў па дарозе на ўсход. Раз за разам азіраўся, чакаючы, што недзе зьявіцца якая машына. Ды не зьяўлялася, не даганяла, нідзе не было ніякай. Тым часам зусім разьвіднела, блакітнае ранішняе неба было без адзінай хмурынкі. Першы дзень міру, вялікі дзень перамогі. Урэшце наперадзе зьявіўся нейкі аўтамабіль з двума афіцэрамі ў кабіне, але ён ехаў насустрач. За ім праз працяглы час паказаліся два прысадзістыя аўстрыйскія аўтамабілі з кузавамі, поўныя вызваленага эўрапейскага люду. Іх было чутна здалёк, яны гарланілі свае песьні, ім было весела. Я ўсё спорна крочыў і крочыў, пакуль гарадок не застаўся далёка ззаду. Дарога стромка прастала па ўзьбярэжжы даволі шырокай ракі. На тым яе беразе, здаецца, таксама пралягала шаша, і дарожны рух там быў нашмат большы, чым тут. Аўтамабілі так і снавалі ў абодвух кірунках, і я здагадаўся, што там — амэрынкацы. Рака сталася мяжой паміж дзьвюма зонамі.

Предыдущая главаГлава 7 из 9Следующая глава