— Ну якая ў вайну дабрыня? Тут азьвярэць можна, — сказаў я.
— Праўда. I ўсё ж яна ёсьць, дабрыня. Я во ўспамінаю сваю грушаўскую гаспадыню. Ды і на Чэрвеньшчыне...
— Ну, а тут, у Нямеччыне?
— Дык і ў Нямеччыне ёсьць. Болей сярод старэйшых, якіх яшчэ фашызм не перайначыў.
— Ну, а ты сама добрая? — запытаўся я і прыціх, чакаючы яе адказу.
— Наўрад ці. Усё ж я адтуль, дзе рэлігіяй была жорсткасьць, непрымірымасьць. Гэта ўжо сядзіць у нас унутры. Ведаю, тое кепска, а што зробіш? Мабыць, натура мацней за розум. Вось да праўды сябе не прывучу. Асабліва, калі праўда калючая. Усё прыгожай хлусьні хочацца.
— Гэта канечне. Прыгожае заўжды прыемнае.
— Галоўнае, што паверыць у прыгожую хлусьню заўжды надта лёгка. Яна сама на душу кладзецца. Вось ты сказаў — прыгожая, і я ўжо растала. Я ўжо за адно гэтае гатовая цябе пакахаць.
— Праўда?
— Ну, — адказала яна проста, як некалі казалі ў нас, і ціхенька засьмяяўшыся, прыгарнулася да мяне.
— Але ж я бяз хітрасьці. Ты ж і сапраўды прыгожая.
— Калі побач няма прыгажэйшай, — гарэзьліва скончыла яна.
— Але ж ты яшчэ й разумненькая.
— Ну ўжо не. Я, можа, і была б разумная, калі б была шчасьлівая. Няшчасная дзяўчына разумнай ня будзе. Гэта хлопцы на горы вучацца. А дзяўчыну гора зьядае. I розум яе, і прыгажосьць.
— Навошта дзяўчыне розум, калі ёсьць прыгажосьць? — трохі жартоўна зазначыў я.
— Ну, ведаеш, розум — гэта ўсё ж адносная якасьць. Я недзе чытала, што каб паразумнець, трэба адчуць сябе дурнаватым. А ўвогуле розум — ня самае галоўнае ў чалавеку. Разумны можа быць і злачынца. Разумны для сябе.
— А што ж галоўнае?
— Чалавечнасьць, во што. Тое, што ідзе ад Бога, а не ад д'ябла. Ці ад малпы, як дарвіністы пісалі. Усё ж у нас дужа мала боскага. Ці яшчэ не набылі, ці бальшавікі адабралі. Аддзялілі народ ад Бога.
— А ў немцаў хіба больш... боскага?
— Ведаеш, больш. Усё ж яны болей з Богам жылі. Зноў жа яны Бога шукалі. Пратэстанты, напрыклад. Ён быў ім патрэбны, казаў доктар Шарф. А мы свайго так і не знайшлі.
— Хай сабе яны і з Богам. А мы ўсё роўна іх перамаглі.
— Перамагчы, можа, і магчыма, — не адразу, падумаўшы, сказала Франя. — Але ці магчыма бяз Бога жыць? Ніводзін народ, нават самы адсталы, не жыве бяз Бога. Мабыць, гэта немагчыма. Бяз Бога, ён проста сам сябе зьесьць. Асабліва прымітыўны народ.
— Ну мы ж во не прымітыўныя, а жывем бяз Бога і — нічога. Ня зьелі яшчэ адзін аднаго.
Франя трохі прымоўкла, зьбіраючыся з думкай, і сказала надта сьцішаным голасам:
— Ведаеш, даволі пасьпяхова елі. Клясавая барацьба — хіба ня тое ж самаедзтва? Хаця нас, можа, ратуе, што нас многа. Ня надта хутка можна адзін аднаго зьесьці!
Я ўжо не пярэчыў, унутрана я пачаў зь ёй згаджацца. Я адчуў, што яна разумнейшая за мяне, хоць і ня надта прыемна было ў тым прызнавацца сабе. Усё ж я не лічыў сябе дурнем — што-нішто разумеў у жыцьці, памятаў са школьнай гісторыі ды й прачытаў трохі кніжак. У размовах з такімі, як я, не выглядаў дурнейшым за іншых. Але пра што былі тыя размовы? Пра нашую праклятую вайну, пра несправядлівасьць начальства. Пра артылерыю ды нямецкія танкі, як іх падбіваць. Пра жыцьцё мы наогул не гаварылі, можа таму, што яго ў нас яшчэ не было. Не было ў нашым кароценькім мінулым, а на будучае мы ня надта спадзяваліся. Нам часта было незразумела, як дажыць да вечара, дзе ўжо было разважаць пра Бога. А яна вось разважала. Усё ж я ня ведаў дзяўчат. Духоўнае сталеньне ў іх, мабыць, адбываецца інакш, чым у хлопцаў. Усё ж яны нараджаюцца не для вайны — для жыцьця. Якое для хлопцаў — заўжды праблема. З Богам ці безь яго.
Тое, што я пачуў, уражвала не адным толькі выказаным ёю. Было там штось малапрыемнае для мяне — усё гэта яе партызанства ў атрадзе асобага прызначэньня. Але я падумаў, што гэтак па шчырасьці расказаць можа толькі даверлівая натура. Я ўжо ведаў, якія бываюць хамы і жлабы сярод нашага брата-вайскоўца, меў уяўленьне пра тых начальнікаў, якія і ў войску налаўчыліся ваяваць чужымі рукамі. За кошт чужых жыцьцяў. У партызанах тым болей. У партызанах, расказвалі некаторыя, хто там быў, для начальства наогул рай — рабі што хочаш. Камандаваньне далёка, аж у Маскве, па радыё вешай яму локшыны на вушы — ня прыйдзе, не праверыць. Во і рабілі подзьвігі з гэткімі во дзяўчаткамі, якіх па адной і дзясяткамі кідалі ў пашчу вайны. Новых заўжды хапала — яны любілі радзіму і ляцелі на вайну, бы матылькі на агонь.
— Ведаеш, я ж таксама Богам ня надта цікавілася, — сказала Франя. — Выхоўвалася ж ваяўнічаю атэісткай. Аж покуль во тут, у Нямеччыне, не пабыла на імшы. Як пачула арган ды сьпевы “Авэ Марыю”, усё ўва мне перавярнулася. I я зразумела — раптам і назаўжды — Бог ёсьць. Яго проста ня можа ня быць. Нягледзячы на ўсё жахлівае на зямлі.
Што ж, можа й так, думаў я. Шкада, што тое да мяне яшчэ не дайшло — раней дайшло да яе. Моўчкі я прыгарнуў да сябе дзяўчыну, і яна не адхінулася. Здаецца, яна ўжо давяралася мне, хаця штосьці яшчэ не да канца адоленае стрымлівала яе адказаць на мае пяшчоты. Але пяшчота гоіць усё, мабыць, пачала яна гаіць і Франіна гора. Нясьмела яшчэ, з далікатнай стрыманасьцю яна пацалавала мяне і зьнерухомела. Я зьнерухомеў таксама.
Гэта быў мой першы пацалунак, дагэтуль ніводная зь дзяўчат не цалавала мяне. Ды й я таксама. Я быў удзячны лёсу, што ён падарыў нам гэтую пару на зыходзе дня. Падумалася, можа, падорыць і шчасьлівую ноч? Я адчуваў сябе дужым, удачлівым і пачаў даваць волю рукам. Яна, падобна было, хмялела ў маіх абдымках, маўчала, толькі цалавала мой твар. А пасьля і зусім расслабілася, аддаючыся на маю хлапечую ўладу.
— Любая...
I раптам страпянулася, спрабуючы вырвацца з маіх абдымкаў.
— Ня трэба! Пашкадуй мяне. Потым... Я ж сірата...
Тыя словы раптам ацьверазілі мяне, і я адхіснуўся. На самой справе, што ж гэта я? Як жа я? Я ж кахаю яе.
— Я ж нікога яшчэ не цалавала, Міцечка. Цябе першага. Пашкадуй мяне.
Ну ведама, я ж цябе не пакрыўджу. Я добры. Я справядлівы, бо я кахаю цябе...
— Любая!..
Я адчуў, яна не давяраецца інстынктам, не дае заснуць розуму. I ашчаджае мяне. Усё ж я не такі, як тыя, што траплялі на яе шляху. Я кахаю яе і шкадую. Найперш, можа, шкадую. Ці не — найперш кахаю. А каханьне — заўсёды сіла, так мне здавалася...
Глухі грукат у дзьверы не адразу данёсься ў нашую шкляную вежу, сьпярша падумалася, што гэта дзесьці страляюць. Але Франя нядобра напружылася ў маіх руках і ўскочыла.
— Міця!!
— Гэта за мной, — здагадаўся я.
Як не скруціўшы сабе галаву па цёмнай і стромкай лесьвіцы, я скаціўся ўніз, навобмацак знайшоў у вэстыбюлі дзьверы, у якіх гулка грукаталі знадворку.
— Таварыш лейтэнант!..
Франя ледзьве ўправілася зь цяжкім засовам, а як адчыніла дзьверы, і я выскачыў на цёмны падворак, Кананок абвясьціў:
— Камбат кліча.
— Што такое?
— Кажуць, зьнімацца нам.
Ну, усё зразумела, таго трэба было чакаць.
У суцэльнай цемрадзі мы дабрылі да агнявой, на якой ужо тоўпіўся разьлік, і Мядзьведзеў, як заўжды ўначы, сьцішана вытлумачыў:
— Загад — згортвацца. За машынай паслаў, зараз прыедзе. А вас камбат патрабуе.
Я ўлез у змрочны равок, навобмацак пераняў з рукі Мухі тэлефонную трубку.
— Ты дзе там блудзіш? — загучаў устрывожаны голас камбата. — Гадзіну чакаць цябе трэба. Зараз жа згортвай баявы парадак, грузі боепрыпасы і — на дарогу. Чакайце мяне.
Пачыналася звычайная ліхаманка пасьпешлівых збораў. Зь цьмяным сьвятлом падфарнікаў прыпоўз на агнявую аграмадны “студэбэкер”, другі побач пабрыў каля плота ў суседні разьлік. Гэты пачаў разварочвацца, здаваць да агнявой задам; неўзабаве праз расчынены борт хлопцы ўзяліся грузіць цяжкія скрынкі нерасстраляных снарадаў, брызэнты, зброю, рознае салдацкае майно. Усе працавалі радасна і спорна, бо падобна было на тое, што рушым ня ў бой, а мабыць, з бою, туды, дзе ўжо скончылася вайна. Урэшце канец вайне, і мы ўсе жывыя, здаровыя. Во дзіва дзівоснае! Цуд!
У маёй душы быў вэрхал пачуцьцяў — радасьць перамогі ўсё ж засмучалася клопатам ростані. Ведаў, адчуваў, што паедзем адсюль. Але куды? Ці далёка? Я хацеў вярнуцца сюды, мне дужа патрэбна было тое. Хоць на гадзіну, хоць на пятнаццаць хвілінаў. Я ж нічога не сказаў ёй. I нічога ад яе не пачуў.
Не стрываў, пакуль чакалі другую гармату, я выбег на пустку і прыпусьціў да мастка. Брамка на гэты раз была не зачыненая, і толькі я ўскочыў на падворак, як расчыніліся дзьверы у катэдж. На парозе стаяла Франя. За ёй нерухома шарэлі два цені яе старых.
— Франя, мы едзем!..
Франя маўчала. Застыла, бы зьнямелая, і не краталася.
— Мы едзем! Ты чакай! Я вярнуся...
Зь цемры вэстыбюля на мяне пазіралі старыя, і я, недарэчна засаромеўшыся, нават не пацалаваў яе. Толькі абняў крышку за плечы ў цесных дзьвярах і адхіснуўся. Я ня мог бавіцца тут: на дарозе, чуваць было, пачынаўся ўжо рух, ішлі аўтамашыны. Некаторыя нават сьвяцілі фарамі, чаго ніколі не было на фронце. Ужо ж, мабыць, сапраўды вайна скончылася. Я перабег масток і ўскочыў на шырокую падножку “студэбэкера”, што з маёй апошняй гарматай вырульваў на шашу.
Над горнай далінай днела: праясьнелася неба, на закрайку яго цьмянымі зубамі вяршыняў азначыліся горы. Бліжняя гара за катэджам яшчэ ўся была, бы змрочны маналіт — і гара, і дрэвы пад ёй. Толькі шэры сілуэт катэджа вылучаўся сьвятляваю плямай на змрочным, зьлітым у адно фоне. Здаля я усё пазіраў туды, намагаючыся згледзець маленькую постаць на ганку, ды нічога ня згледзеў. Яшчэ б паўгадзіны пастаяць тут, калі б лепей стала відаць...
Але паўгадзіны нам не далі. Нейкая шалёная пасьпешнасьць запанавала на дарозе, адны машыны пад'яжджалі, спыняліся, іншыя, абмінаючы іх, шалёна кіравалі далей. Старэйшыя афіцэры падганялі — хутчэй, хутчэй! Камбат накрычаў на мяне за спазьненьне, хаця, як я прыехаў зь дзьвюма гарматамі, батарэя яшчэ колькі хвілінаў нікуды ня рушыла. Чагось чакала. Але зьвягі і крыкі камбата былі для мяне звыклыя, на іх крыўдаваць не належала. Крыўда і шкадаваньне дапякалі за іншае, і тое іншае засталося ззаду. Бы штось адчувала мая душа, ды не магла хіба вымавіць, каб я зразумеў выразана. Толькі шчымела нутраным невыразным болем.
Нейкі час полк ліхаманкава выцягваўся ў паходную калёну. Паўз “студэбэкеры” з гарматамі на прычэпе па ўзбочыне праімчаў “віліс” камбрыга, які штось крыкнуў з машыны, але я не зразумеў, што. Мая ўвага ўжо была скіраваная наперад, дзе ў ранішняй шэрані стаяў на дарозе камбат, і аднекуль ля яго зьявілася знаёмая кругленькая постаць заўжды жвавага капітана, нашага палкавога “сьмершаўца”. Трафэйнага “хорха”, аднак, не было відаць. Штось яны нядоўга там гутарылі, хаця, здаецца, болей гаварыў “сьмершавец”, камбат заклапочана слухаў. Затым абодва павярнуліся тварамі назад, быццам уставіліся позіркамі ў кагось у калёне, здалося — ці не ў мяне? Але, можа, толькі здалося, бо абодва ня рушылі зь месца. “Сьмершавец” расшпіліў тонкую пляншэтку, што заўжды боўталася на ягоным задзе, штосьці каротка пазначыў на паперыне, у якую зазірнуў і камбат. Што яны там запісвалі, і што ён усё капаў між людзей, гэты нястомны барацьбіт са шпіёнамі? Цікава, ці бачыў ён хоць аднаго зь іх у сваім жыцьці? Я падумаў, што, як камбат застанецца адзін, падыду да яго, запытаю. Ды не пасьпеў. Падалі каманду “Па мясцох!”, і я пасьпяшаўся зьбегчы з дарогі.
Нарэшце неяк няўпэўнена, з прыпынкамі, рушылі разьбітаю вуліцай гарадка ў бок недалёкай перадавой. Пакуль я выглядваў “сьмершаўца”, у кабіну майго “студара” ўлез пасажыр — наш палкавы прапагандыст, маёр з мудрагелістым прозьвішчам, якога я ня мог запомніць. Я змушаны быў прыткнуцца на пляскатым крыле ля фары, як нярэдка езьдзіў на перадавой. Цёплаю парой тут было ня горш, чым у кабіне, ды й зручней было пры нечаканым абстрэле саскочыць на зямлю. Належала толькі трымацца. Перад тым як рушыць, ніхто з камандзіраў не сказаў нічога, але калі рушылі адкрыта, значыць, немцы не супраціўляліся. Яны зьніклі. За дашчэнту разьбітымі дамамі ўскраіны пераехалі лінію акопаў нашай пяхоты, якой ужо там не было, затым і нямецкую лінію. Нямецкія акопы выглядалі, як пры пасьпешлівым адступленьні — скрозь валялася вайсковае майно, зброя, скрынкі боепрыпасаў; упоперак бруствэра на сошках стаяў нарыхтаваны да бою кулямёт з абвіслай у акоп стужкай, поўнай патронаў. Але салдатаў нідзе не было відаць — ні жывых, ні забітых. Здаецца, учора, расстраляўшы збольшага боекамплект, яны падаліся на захад. На сустрэчу з амэрыканцамі. З намі яны сустракацца не захацелі.
Ужо добра разьвіднела, хаця сонца з-за гор яшчэ не паказалася, і ў горнай даліне панавала прахалодная засень. Мы няхутка ехалі па асфальтавай шашы на захад, мінулі першы не крануты вайной гарадок з дбайна дагледжанымі дамкамі ў стылі фахвэрку абапал вузенькіх вулічак, зь цёмнай кірхай сярод купкі разложыстых дрэваў. Людзей было мала відаць, але скрозь з бальконаў і вокнаў зьвісалі белыя прасьціны — знакі капітуляцыі. Пасьля сталі трапляць і людзі — старыя, дзеці і жанчыны; з расчыненых вокнаў яны махалі нам і ўсьміхаліся. А некаторыя плакалі — відаць і такое. Салдаты з кузаваў махалі ў адказ, выкрыквалі самае цяпер зразумелае “Гітлер капут!” ці яшчэ што — вясёлае і гарэзьлівае. Усім было весела і радасна — вайне нарэшце канец.
За тым гарадком дарога павярнула ўгору, пачаліся павароты — то ўправа, то ўлева. Нечакана на горным схіле калёна спынілася: наперадзе за павароткай пачуліся гарматныя выбухі, усе насьцярожыліся. Я саскочыў з крыла, думаў, зараз будзе якая каманда, можа, прыйдзецца адчапляць гарматы. Але ніякай каманды не падавалі. Афіцэры павылазілі з машынаў, пасталі на ўзбочыне, узіраліся наперад. Некаторыя ішлі далей, дзе было начальства і дзе раздаліся гэтыя нечаканыя выбухі. Што там адбывалася, было невядома. Я таксама прайшоў трохі ўздоўж батарэйных машынаў і згледзеў наперадзе свайго камбата. Разам з камандзірам першай батарэі яны ўсё ўзіраліся ў галаву калёны, мабыць, таксама чакалі якога сыгналу. Гэтыя два афіцэры, два капітаны з выгляду былі дужа розныя — маленькі хударлявы камбат-1 і цыганскага выгляду, камлюкаваты камбат-2. Зь іх ціхай гаворкі было зразумела, што нас абстраляла нямецкая самаходка, якая, аднак, змоўкла. Экіпаж яе, пэўна, даў драла. Так што няварта хвалявацца, зараз паедзем. I праўда, неўзабаве з галавы калёны прагучала каманда “Па машынах!” Камандзір першай батарэі пабег да свайго “студэбэкера”, а мой трохі затрымаўся, усё ўзіраючыся наперад.