Алеся яшчэ не клалася спаць. Па яе апухлых ад слёз вачах Карп адразу здагадаўся, чаго яго адпраўлялі ў камандзіроўку. Узрадаваўся: значыць, давяраюць, значыць, час адплаты збыўся!
Ён зрабіў выгляд, што нічога не разумее. Спытаўся, каб адвесці ад сябе падазрэнне:
— Стален захварэў? Чаго ты плачаш?..
— Тату з мамай арыштавалі,— загаласіўшы, адказала Алеся.
— Калі? — спытаўся ён.
— Назаўтра, як ты паехаў у камандзіроўку,— адказала Алеся.— Я хацела знайсці цябе, хадзіла да твайго начальніка, але ён не ведаў, дзе ты.
— Хадзіць не трэба было,— павучальна сказаў Карп.— Адкуль ты ўведала, хто ў мяне начальнік? — здзівіўся Карп.
— Дык жа я раніцай пабегла да цябе на працу...
— I зусім неразумна,— узлаваўся Карп.— Можаш мне нарабіць шкоды.
— Але ж я не магла не пабегчы... тата ж з мамай ні ў чым не вінаватыя...
— Выйшла нейкая памылка,— рашуча сказаў Карп.— Разбяруцца...
Карпу вельмі хацелася пачуць, што арыштаваны таксама і бацька з сынам Далейкі, аднак трэба было быць асцярожным.
Назаўтра ён найперш пайшоў да начальніка следчага аддзела. Даклаў, што камандзіроўку выканаў. Той вельмі пільна паглядзеў на Карпа, спытаўся:
— Як дома?..
— Плача,— гэтак жа коратка адказаў Карп.
— У нас тут саспеў адзін цікавы план,— сказаў начальнік.
— 3 маім удзелам? — здагадваючыся, спытаўся Карп.
— Не хочаш пэцкацца?..
— Наадварот, палічу за гонар...
— Правільна,— ухваліў начальнік ягоныя словы.— У нас адна маці — савецкая радзіма, адзін бацька — Савецкі Саюз.
— Слухаю...
— Зараз, зараз і пагамонім,— адказаў начальнік і паклікаў Булынчыка, а калі той прыйшоў, прапанаваў: — Раскажы маёру пра наш план.
Булынчык павёў Карпа ў свой кабінет. Закурыўшы, паскардзіўся на Цярпілоўскага:
— А твой цесць — сволач, якіх свет не бачыў. Яго з ходу не возьмеш. Трэба зрабіць абходны манеўр,— і прапанаваў план.
Карп быў згодны на ўсё. Яму толькі не цярпелася як найхутчэй пабачыць ненавіснага цесця, пабачыць ягоную прыніжанасць. Застаўшыся чакаць сігналу, Карп нервова хадзіў па кабінеце. Ён гарэў блізкай помстай, і яго аж калаціла ад насалоды.
Нарэшце яму была дадзена каманда прыступаць да справы. Ён устаў, паправіў кіцель, пайшоў у кабінет начальніка цвёрдым крокам чалавека абсалютна ўпэўненага ў сабе.
Цесць сядзеў сярод кабінета начальніка аддзела. Справа ад яго — Булынчык, злева — начальнік аддзела. Допыт ужо цягнуўся не менш як гадзіну і, было відаць, безвынікова. Убачыўшы Карпа, Канстанцін Вячаслававіч насмешліва паглядзеў на яго, спытаўся:
— I ты, Брут, з імі?..
Карпу захацелася даць цесцю аплявуху, але рабіць гэта пакуль не дазвалялася.
— А, уласна кажучы, што адбылося? — спытаўся ён, і цесць раптам з удзячнасцю паглядзеў на яго.
Канстанцін Вячаслававіч нешта хацеў сказаць, ды Булынчык апярэдзіў яго:
— Ды во, гэтая контррэвалюцыйная поскудзь не хоча з намі размаўляць. Ёй, ці бачыш, наша асвета не падабаецца. Можа, ты з ім пагаварыў бы. У цябе ж таксама універсітэцкая адукацыя...
— Але ў чым вы яго абвінавачваеце? — спытаўся Карп.
— Ды гэта ж найгалоўнейшы зачыншчык антысавецкай дзейнасці ў рэспубліцы. Ён жа, гад печаны, кіраўнік шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі, якая мела на мэце звергнуць савецкую ўладу, аддаць Беларусь амерыканскаму імперыялізму. I вось гэты пярэварацень не хоча назваць прозвішчы сваіх саўдзельнікаў.
— Канстанцін Вячаслававіч, што я чую,— дужа тэатральна ўсклікнуў Карп.— Калі вы вінаваты, дык хутчэй прызнавайцеся. Чыстасардэчнае прызнанне змяншае кару...
— А пайшоў ты, зяцёк...
Канстанцін Вячаслававіч ад усёй душы мацюкнуўся.
— I не разыгрывайце камедыі. Я даўно здагадваўся, што ты правакатар. А што нягоднік, дык я цябе з першага знаёмства раскусіў...
Карп з усяго размаху двойчы выцяў кулаком па твары, а потым, калі Канстанцін Вячаслававіч зваліўся з услона, з асалодай біў ботамі пад бакі, стараючыся найперш выцяць па пячонцы і нырках.
— Ну, годзе,— нарэшце сказаў начальнік аддзела.— Яшчэ заб’еш падлу — клопатаў не абярэшся. Я мяркую, што цяпер ён паразумнее...
Канстанціна Вячаслававіча адвалаклі ў камеру, кінулі на тапчан. Ен паволі ачомваўся. Яго здароўе волата ўжо к ночы вярнула яму разважнасць і магчымасць рухацца. Але ён прадаўжаў рабіць выгляд, што яшчэ не апрытомнеў, што яму вельмі баліць і ён стогне ў кашмарным сне.
Яшчэ ў трыццаць другім годзе, калі па краіне пракацілася хваля жахлівых і абсалютна беспадстаўных арыштаў, Канстанцін Вячаслававіч зразумеў сваю безабароннасць. Тады ён чакаў арышту асуджана і змярцвела, як чакае смерці трусяня перад удавам. Калі ж пачаліся арышты ў трыццаць сёмым годзе, Канстанцін Вячаслававіч зразумеў і яшчэ адну бясспрэчную ісціну: камусьці патрэбны новыя і новыя ахвяры, і наўрад ці абміне і яго лёс ужо асуджаных і пакараных смерцю. Вось тады ён і падрыхтаваўся да свайго будучага арышту.
Са старога кішэннага гадзінніка ён выцягнуў спружыну, затачыў яе. Атрымалася вельмі прыдатнае для невялікай аперацыі прыстасаванне, а галоўнае, якое можна было надзейна схаваць ад лішне цікаўных вачэй. Нават у вайну Канстанцін Вячаслававіч насіў гэтае прыстасаванне пры сабе. 3 таго часу, як у доме пасяліўся Карп Хіжняк і Канстанцін Вячаслававіч нейкім дзесятым пачуццём адчуў для сябе небяспеку, ён не расставаўся з прыстасаваннем ні днём ні ўначы. Але і не збіраўся панічна скарыстаць яго пры першай жа небяспецы — толькі тады, калі настане поўная нявыкрутка.
Ноччу, калі вартавы чарговы раз зазірнуў праз вочка ў камеру і пераканаўся, што падследны ўсё яшчэ ляжыць, але дыхае, Канстанцін Вячаслававіч з асцярогаю дастаў спружыну, дачакаўся чарговага зазірання вартавога ў камеру, зрабіў дзесяткі раз прапрацаваную аперацыю. Хірург ведаў, як зрабіць гэта без вялікага болю і непрыкметна. Больш, ён яшчэ, заціснуўшы сонную артэрыю, дайшоў да парашы, укінуў у яе спружыну і лёг на тапчан пад коўдру, нацягнуўшы тую да падбародка, так што не ўгледзець было, што чалавек ужо канае.
Смерць Цярпілоўскага зблытала ўсе карты. Застапарылася следства, намечаныя арышты прыпыніліся. Затое пачаў раскручвацца махавік высвятлення вінаватых у самагубстве хірурга Цярпілоўскага. Кіраўніцтву хацелася зацерці скандальную смерць зняволенага, але яно павінна было і не пакінуць яе без пакарання вінаватых.
Аднаго дня знік Анатоль Булынчык, і гэтае знікненне не на жарт напалохала Карпа. I хоць начальнік аддзела сцвярджаў, што Булынчык пераведзены кудысьці на ўсход Савецкага Саюза, Карп не верыў яму. Ён зноў са страхам чакаў свайго. Асабліва напалохаўся ён, калі гэтак жа неспадзявана знік і начальнік следчага аддзела. Карп нават пабаяўся выпытваць, куды ж яго перавялі. Можа, у «духаўшчыну», як звычайна гаварылі калегі па службе, калі чалавека расстрэльвалі.
Чакаць вырашэння лёсу заставалася нядоўга. Аднаго разу Карпа выклікалі на дачу Цанавы ў Сцяпянцы. Было тры гадзіны ночы, калі машына спынілася ля пад’езда. Карп прайшоў у дачны кабінет Цанавы. Той быў адзін. Але Карп не сумняваўся, што навокал поўна аховы і варта Цанаве гукнуць яе і загадаць яго знішчыць, як ахвотнікаў набярэцца больш чым трэба.
Першае, што Карп пабачыў, калі зайшоў у пакой, была папка, што ляжала на стале, і ён без цяжкасці здагадаўся, што гэта яго асабістая справа.
«Усё,— падумаў ён.— Во дзе давядзецца загінуць. Фронт прайшоў ад пачатку вайны да канца і нічога, а на глупстве засыпаўся».
Думка прамільгнула, як маланка ўначы — пасля яркай віднаты настае цемра. Ён неяк даклаў, што з'явіўся па загаду.
— Ведаеш. што тут ляжыць? — нават да канца не выслухаўшы рапарт, спытаўся Цанава.
— Ніяк не! — схлусіў Карп Хіжняк.
— Твой лёс,— растлумачыў Цанава.— Што нам з ёю рабіць, не ведаю. Можа, падкажаш?..
Карп пачуў, як ёкнула з левага боку, там, дзе селязёнка. Падумалася, як у каня.
— Вам больш відаць,— троху ўпалым голасам сказаў ён.
— Варта было б цябе пасадзіць,— усміхнуўся Цанава.— Але пасадзіць заўсёды не позна. А ты яшчэ нам можаш згадзіцца. Зробім вось што...
Цанава ўзяў са стала Карпаву справу, падышоў да каміна, кінуў у полымя папку з асабістай справай маёра Хіжняка.
— Усё,— сказаў ён.— I запомні, маёр, ты ў нас не служыў. Ніколі!.. Ніводнага дня...
Карп перапалохаўся.
— Але ж мне дазволілі сказаць дома, што я працую ў вас,— дрыготкім голасам сказаў ён.
— Хто дазволіў? Чаму дазволіў?.. Ну, выдумай там што-небудзь. Скажы, што цябе па дарозе ў камандзіроўку арыштавалі...
Карп гатовы быў упасці на калені, цалаваць наглянцаваныя да бляску хромавыя боты. Ён неяк устаяў на нагах. Пачуў толькі, што сказаў на развітанне Цанава:
— Спатрэбішся — паклічам...
Дома яго чакала цёшча. Яна абняла Карпа, расплакалася.
— А Канстанціна Вячаслававіча не адпусцілі? — спыталася ў Карпа.
Карп ледзьве стрымаўся, каб не сказаць: «I ўжо не адпусцяць». Заміж гэтага, прыцішыўшы голас, спытаўся:
— 3 вас жа таксама напэўна ўзялі падпіску нічога не гаварыць пра арышт?
— Але ж я кажу толькі сваім...
— I сваім не трэба. Нікому ні слова. Іначай нас забяруць. Прызнаюся і я, што не служыў у органах. I мяне, як і вас, арыштоўвалі. Больш нічога не магу сказаць, бо гэта небяспечна і мне і вам.
— А пра Канстанціна Вячаслававіча вы нічога не ведаеце? — папыталася Аўдоцця Якаўлеўна.
— Абсалютна нічога,— не міргнуўшы нават вокам, адказаў Карп.— Мяркую, што яго хутка адпусцяць...