К книге
ЗграяСтраница 2
9%
Страница 2
2

– Што за глупства, якія ваўкі?

– Учора ты сустракаўся з дзяўчынай. Яна расказала пра ваўкоў. Нам патрэбны працяг.

– Вы з глузду з’ехалі? Нічога я расказваць не буду. Самі прыдумвайце.

– Мы не можам. Гісторыя належыць табе. І мы хацелі б яе… арандаваць.

– Прабачце, не разумею. Як можна “арандаваць” гісторыю?

– Што тут незразумелага? – ініцыятыву перахапіў белабрысы. – Ты расказваеш нам працяг, а мы за гэта пакідаем цябе ў спакоі.

– Не пужай, – прамовіў лысы. – Вас Максімам клічуць? Дык вось, Максім, калі зробіце, як мы прапануем, то атрымаеце грашовую падзяку. Скажам, сто тысяч. Падумайце над нашай прапановай. Заўтра прыйдзем па вашу згоду.

Яны расступіліся, даўшы праход.

***

Макс зайшоў у кватэру і зачыніў дзверы на ўсе замкі. Нават на верхні, якім не карыстаўся з самага пераезду.

“Што гэта за хрэнь? Глупства нейкае. Ваўкі, гісторыі, грошы… Зразумела, што справа ў той дзяўчыне. Можа, нехта са знаёмых вырашыў паздзекавацца, ці блогеры свой нейкі флэшмоб ладзяць? Ды й сама тройца – нешта неверагоднае. Ніколі не бачыў такіх розных людзей разам. І што мне рабіць з гэтым? Ай, пайшло яно ўсё! Дзе піва? Не выйду заўтра нікуды з хаты. Паглядзім, што яны зробяць. О, учора ж новая серыя “Вядзьмара” выйшла, трэба глянуць”.

***

Тройца сядзела каля пад’езда. Яны не размаўлялі, не варушыліся, не дыхалі і не міргаліь. Васковыя твары замёрлі, а вочы глядзелі ў адну кропку. Быццам мадам Цюсо выкінула тры экспанаты са сваёй вялікай калекцыі і цяпер яны чакаюць свайго калекцыянера.

Воўчы сон

Грык сядзеў на ўзвышэнні, побач ляжаў Аўк. Тры сотні ваўкоў зграі Суу-Ардун – усе дарослыя, хто мог хадзіць – стаялі насупраць і моўчкі чакалі. Бо закон зграі – пакуль важак гаворыць, астатнія сядзяць ціха.

– Браты і сёстры, думаю вы ўсе чулі навіны з поўначы, якія прынеслі ваўкі зграі Агыр-Санан. Тысячы белых ваўкоў, якія не разумеюць мовы і лічаць нас ворагамі, праз месяц прыйдуць на нашу зямлю, – Грык адразу перайшоў да галоўнага. – Я склікаў сход, каб вырашыць – што нам рабіць. Белыя мацней, іх больш і з імі немагчыма паразумецца. Мабыць, яны як і дзікія звяры, не маюць розуму. Таму трэба вырашыць – будзем змагацца з імі, прайграем і нас з’ядуць, альбо пойдзем на поўдзень, на землі іншай зграі, дзе нас таксама заб’юць, але пахаваюць па ваўчыных звычаях. Я сказаў.

Пасля апошніх слоў шэрая маса пачала падвываць і перагаворвацца. А гучней за ўсіх – маладыя ваўкі, кожны з якіх марыў некалі заняць месца Грыка. Зараз ён іх не баяўся, бо ў чэснай бойцы мог перамагчы любога са сваёй зграі.

– Ціха, цяпер я хачу слухаць вас.

Зграя супакоілася. Кожны, хто хацеў выказацца, мог выйсці наперад і гаварыць. Першым да Грыка падышоў Аўчылак, малады высокі воўк з шэра-зялёнымі вачамі.

– Уладар, мы разумеем, што навала з поўначы можа скончыць зямны век нашай зграі. Але бегчы ад небяспекі, як баязліўцам, нельга. Любы воўк лепш загіне ў бойцы, чым будзе чакаць, каб воўк іншай зграі перагрыз яму глотку. Таму лічу: мы павінны змагацца.

– Я цябе пачуў, Аўчылак. Хто яшчэ хоча гаварыць?

Астатнія маўчалі. Нікому не хацелася бегчы са сваёй зямлі.

– Калі ўсе маўчаць, то скажыце, як нам змагацца з белымі. Аўчылак, кажы ты.

– Мы павінны чакаць іх у лесе і ў чэснай бойцы забіць усіх.

– Аўчылак, чэсная бойка – гэта калі воўк б’ецца з ваўком адзін на адзін. А тут кожнаму прыйдзецца біцца з дзясяткам ворагаў. Хто яшчэ хоча гаварыць?

– Я хачу, – да ўзвышэння выйшла Сурта, старая ваўчыца з сівой поўсцю, маці Грыка. Яна заўсёды агучвала пазіцыю ўсіх ваўчыц зграі.

– Мы слухаем цябе, Сурта.

– Аўчылак – малады гарачы воўк. Ён хоча біцца і памерці. Кроў гоніць яго ўперад, а мазгі не працуюць. Калі і біцца з белымі, то рабіць гэта трэба за сценамі, якія мы зараз будуем. І чым вышэй яны будуць, тым лепш. Трэба падумаць над тактыкай. Я ведаю, што мы загінем, аднак жыццё трэба аддаць як мага даражэй. І яшчэ…

– Я хачу гаварыць!

Сурта змоўкла. Усе паглядзелі ў бок нахабніка, які перарваў прамоўцу на сходзе. Гаўл – малады, але слабы воўк, які не цаніў традыцыі і трымаўся асобна ад астатніх. Ён не працаваў разам са зграяй, самастойна паляваў і жыў у сваё задавальненне. Такія як ён былі ў кожнай зграі. Астатнія рабілі выгляд, што іх не існуе. За вочы такіх ваўкоў абразліва называлі “адзінцамі” ці “самотнікамі”.

– Вітаю цябе на сходзе, Гаўл. Калі не памыляюся, гэта твой першы сход за жыццё. Ты перапыніў слова паважанай Сурты і лічыш, што мы будзем цябе слухаць?

– Грык! Нашто мне было хадзіць на іншыя сходы? Каб вырашыць, колькі зуброў трэба з’есці? Ці ў якім лесе спыніць паляванне, каб цалкам не зніштожыць усіх жывёл? А можа, каб выбіраць ваўкоў на будоўлю фермы? Я прыйшоў на сход, калі ўсёй зграі, не, нават усім ваўкам пагражае небяспека. І вы павінны мяне слухаць. Бо я ведаю, як выратавацца.

– Добра, Гаўл. Мы выслухаем цябе. Аднак ведай, калі ты перарваў Сурту з-за нейкіх глупстваў, то пасля сходу табе прыйдзецца бегчы як мага хутчэй, інакш застанешся без хваста і вушэй.

– Я згодны. Але гаварыць буду толькі з табой і Аўкам. Усё роўна рашэнне прынятае – мы будзем змагацца з белымі. І не ў лесе, як таго хоча Аўчылак, а за сценамі, як сказала мудрая Сурта. Таму дазволь размаўляць асабіста.

– Калі так, то Сурта можа працягваць.

– Мне больш няма чаго казаць, Грык, – сказала ваўчыца.

– Ёсць у каго што сказаць? Калі не, то сход скончаны.

3.

Максім прачнуўся і закрычаў. Вялікая смуродная рука накрыла яго рот.

– Мы прыйшлі, як дамаўляліся.

Над хлопцам навісаў учарашні знаёмы з чорнымі валасамі.

– Замоўкні, а то будзе горш.

Максім кінуў спробу закрычаць.

– Так лепш, – чарнявы прыбраў руку і сеў на стул каля ложка. Бялявы і лысы стаялі побач з ім. – Не трэба пужацца. Мы прыйшлі дамаўляцца. Зараз усё вырашым і будзеш вольны.

– Што ты цягнеш? Дай па зубах і ўсё, – белы быў самым нецярплівым з траіх.

– Не трэба. Куды спяшацца? Ды й здаецца мне, гэты хлопец добра ўсё разумее. Так, Максім?

– Што вам трэба? Забірайце што хочаце. Толькі не забівайце.

– Пашанцавала гэтым разам, – замычэў лысы. – Добра, што ты ідзеш на кантакт. Аднак, мы не забойцы. Нам патрэбна толькі гісторыя. Аддай яе і ўсё.

– Я перакажу гісторыю дзяўчыны, калі трэба…

– Не. Мы ведаем, што яна сказала. Нам патрэбны працяг.

– Але ж я не ведаю…

– Дай згоду і ўсё.

– Я згодны.

Лысы падышоў бліжэй і прыклаў свае вялікія пальцы да скронь Максіма. Перад вачамі хлопца панесліся каляровыя выявы, быццам нехта паставіў кіно на перамотванне. Калі ён ачухаўся, тройцы ў кватэры не было, а галава расколвалася ад болю. Макс памацаў скроні і адхапіў пальцы ад болю. Устаць з ложка і пайсці ў ванну ён не змог – ногі не слухаліся. Розум праваліўся ў небыццё.

Воўчы сон

Гаўл стаяў перад Грыкам і Аўкам нізка схіліўшы галаву. Не з-за пашаны да прысутных – пры нараджэнні яму пашкодзілі хрыбет. І таму ён не мог доўга трымаць галаву высока.

– Гаўл, уся зграя трывае твае выбрыкі. З дзяцінства ты быў дурным ваўком. Не гуляў з іншымі шчанюкамі, не паляваў з дарослымі, а калі лавіў труса, то не дзяліўся з іншымі. Мы маглі пакараць ці выгнаць цябе, але ж ты наш брат па крыві. Аднак сёння ты перасягнуў сам сябе. Яшчэ адна памылка – станеш выгнаннікам. Як дзікі драпежнік будзеш хавацца ад сваіх і чужых. Таму добра падумай, перш чым пачаць гаварыць.

– Зразумеў, Грык. Не буду апраўдваць свае паводзіны, бо не за гэтым прыйшоў. Я хачу гаварыць пра белых.

– Мы не на сходзе, не трэба пытаць дазволу, каб нешта сказаць.

Гаўл нахіліў галаву яшчэ ніжэй у знак згоды.

– Біцца з белымі – самагубства. Аўчылак і яму падобныя з лёгкасцю пойдуць на гэта. Аднак мне хочацца жыць далей, паляваць, а ў будучыні выхоўваць сваіх ваўчанят.

Аўк ціха рыкнуў. Ніхто з ваўчыц не пагодзіцца мець агульных шчанюкоў з Гаўлам – адзінцом і вырадкам.

– Я не хачу біцца дзеля бойкі. Я хачу перамагчы. Колькі б там ні было белых, якімі б моцнымі яны нам не здаваліся, іх можна забіць.

– Якім жа чынам ты хочаш перамагчы?

– Колькі ваўкоў зграі могуць біцца? Дзвесце, трыста? Нас павінна быць больш, чым зараз.

– І гэта твая прапанова? Прымусіць ваўчыц нараджаць шчанюкоў? У нас не хопіць ежы, каб іх пракарміць. Ды й белыя не стануць чакаць некалькі гадоў, каб малыя выраслі.

– Не. Нашай зграі не патрэбны лішнія пашчы. Я хачу дамовіцца з іншай зграяй і прасіць дапамогі.

Аўк загыркаў і падняўся на ногі. Тое, што прапанаваў Гаўл, было непрымальным.

– Гэта немагчыма, дурань. Ніколі адна зграя не будзе дапамагаць іншай. Ні ў якім разе. Такога не было за ўсю гісторыю. Мы не кантактуем, а калі бачым іншых ваўкоў на мяжы – ігнаруем іх. Аб чым ты гаворыш, якія перамовы?

– Свет змяняецца. Нам не выжыць адным.

– І гэта кажаш ты, воўк-самотнік? Калі не выжывем самастойна – загінем, як зрабілі сотні зграй да нас.

– Я не хачу паміраць. Нам трэба аб’яднацца.

– Як толькі воўк Суу-Ардун пяройдзе мяжу – пачнецца вайна. Хочаш, каб з поўначы нас грызлі белыя, а з поўдня – шэрыя?

– Чакай, Аўк. – Грык выглядаў зацікаўленым. – Гаўл, ты сапраўды лічыш, што іншыя зграі захочуць дапамагчы?

– Так. На поўдні мы мяжуем з трыма зграямі. У кожнай па трыста-чатырыста ваўкоў, якія могуць біцца. Калі аб’яднаць сілы, можна выставіць армію ў больш за тысячу ваўкоў. І хай нас усё роўна будзе менш, з’явіцца шанец на перамогу. А калі паспяшацца і запрасіць іх на дапамогу ў будоўлі сцяны, шанцы стануць роўнымі.

– А навошта ім гэта трэба?

– У іх, як і ў нас, няма выйсця. Яны альбо загінуць, альбо будуць ваяваць разам з намі.

– Не будзе гэтага! – Поўсць на спіне Аўка ўздыбілася, хвост наструніўся, нібы стары воўк рыхтаваўся да атакі. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, ён быў у паўтары разы большым за Гаўла і лёгка б яго перамог.

– Супакойся, Аўк. Ты не важак, не табе вырашаць. А ты, Гаўл, калі выказаў такую ідэю, то сам і пойдзеш на перамовы. Аднак папярэджваю – мяжу не перасякаць. Рабі ўсё згодна з традыцыямі. Мы маем права пайсці на іх тэрыторыю толькі па запрашэнні. Нам не трэба яшчэ адной вайны.

– Я згодны, уладар. Дазволь ісці?

– Ідзі.

Як толькі Гаўл выйшаў на вуліцу, Аўк рыкнуў на Грыка.

– Што ты робіш? Навошта слухаеш гэтага адзінца? Усё жыццё ён пляваў на зграю. Чаму ты вырашыў, што зараз нешта змянілася? Ён хоча зацвердзіцца на нашым горы!

– Аўк, я раблю тое, што павінен. Шукаю лепшае выйсце для зграі. Прапанова Гаўла дае нам шанец на выратаванне.

– Я заўсёды стаяў побач з табой. Скажы, раіў я калі-небудзь дурное?

– Не, ты быў добрым дарадцам.

– Дык і зараз паслухай мяне. Адмоўся ад глупства. Пакліч баламута назад і выгані са зграі. Ты што, не бачыш небяспекі ў яго паводзінах?

– Я ўсё разумею, Аўк. Зразумей і ты: традыцыі зніклі са з’яўленнем белых. З дапамогай Гаўла я зразумеў, што таксама не хачу гінуць. Хай ён ідзе да іншых зграй, размаўляе з імі. Калі пашэнціць, нас стане шмат. А калі не – то яны самі заб’юць гэтага самотніка.

4.

Макс разглядаў у люстэрку чырвоныя адзнакі на скронях. Пасля ўчарашняга здарэння ён праспаў больш за дваццаць гадзін. З самай раніцы палез у сеціва, каб высветліць, што гэта за гісторыя пра ваўкоў. І не знайшоў нічога. Запыты “гісторыя пра ваўкоў”, “белыя ваўкі” і нават “Суу-Ардун” нічога не далі.

“Відаць, незнаёмка выдумала брыдоту пра разумных ваўкоў. Але навошта гэтая тройца хоча пачуць ад мяне працяг? І які? І як яны зрабілі гэта?”

Хлопец дакрануўся да адмецін. Яны ўжо не балелі, але выглядалі так, быццам ён перажыў электрашокавую тэрапію.

За некалькі гадзін у сеціве Максім знайшоў толькі адну падказку – на форуме пра жывёл ананім распытваў пра злых белых ваўкоў з поўначы. Хлопец напісаў невядомаму паведамленне ў прыват і яны дамовіліся сустрэцца ў цэнтры горада.

“Да чаго дайшоў – спатканні незнаёмцам прызначаю”, – пасмяяўся сам з сябе Макс. На ўсялякі выпадак паклаў у заплечнік кухонны нож і выйшаў з кватэры.

***

Інтэрнэт-ананімам аказалася шаснаццацігадовая дзяўчына Ася са светлымі валасамі і блакітнымі вачамі. Яна сама падсела за столік Максіма.

– Ну прывітанне, ці што?

Хлопец не ведаў што адказаць, таму ў адказ кіўнуў галавой.

– Дык і будзеш маўчаць? Калі так, то я пайду, – прамовіла яна з выклікам.

– Чакай, я пра ваўкоў хачу пагаварыць.

– Ведаю, ты пісаў. Інакш я б і не прыйшла да незнаёмага мужыка. Што хочаш ведаць?

– Ты пісала пра белых ваўкоў з поўначы. І яны мяне вельмі цікавяць.

– А я табе навошта? Ідзі да біёлагаў.

– Слухай, мяне цікавяць не звычайныя белыя ваўкі, а гісторыя… Гісторыя, як белыя ваўкі прыйшлі з поўначы і… І забілі астатніх ваўкоў.

Дзяўчына з палёгкай выдыхнула.

– Фух, дзякуй богу. А то мямліш нешта, я нават напружылася. Табе таксама нехта расказаў гэту казку?

– Так, а пасля…

– А пасля прыйшлі трое – чарнявы, бялявы і лысы. Прапанавалі расказаць працяг.

– Усё так. Скажы, што гэта за ваўкі такія і што мне рабіць? Як паводзіць сябе з гэтымі людзьмі?

– А я скуль ведаю, што гэта за ваўкі? Адно скажу – пагаджайся. Наконт грошай яны не падманваюць. Вось, глядзі, што я купіла, – Ася пакруціла ў руках новы айфон. – І яшчэ шмат чаго.

– І што трэба рабіць?

– Ды нічога. Воўчыя сны бываюць у цябе? Гэта і ёсць гісторыя. Не ведаю, пад гіпнозам яны сняцца, ці што… Мне сніліся дзён дзесяць, потым спыніліся. Тады тройца прыйшла. Сказалі, што я павінна знайсці незнаёмца і расказаць працяг маіх сненняў. Але не той працяг, які я захачу, а той, які яны скажуць.

– Каму ты расказала?

– Нейкай негрыцянцы з месяц таму. Яна сядзела на прыпынку, прыгожая. Я і вырашыла ёй дапамагчы. Упэўнена, пасля тройца і да яе прыходзіла.

– А далей?

– Далей не было нічога. Сны скончыліся, гэтыя зніклі.

– І што будзе са зграяй Суу-Ардун у канцы? Што яны загадалі расказаць?

Предыдущая главаГлава 2 из 22Следующая глава