Не сказаць, што гэтая сутычка далася мне лёгка, без хваляваньня. Ведаў, тое мне, мабыць, проста не абыдзецца, яшчэ можа быць ліха. Адчуваў, што гэта ня так сабе, не выпадкова, штосьці тут усунулася тайнае і малапрыемнае. Ці не пашчыраваў тут наш санінструктар, іначай чаму б яны скіравалі адразу да гэтага катэджа? Ужо пэўна не таму, што ён тут самы прыгожы? Што ў іх там, у тыле, мала здатных, прыгожых будовак для разьведроты гвардзейскай арміі? Ды і ці для разьведроты яны рупіліся?
З дрыготкіх рук прымоўклае Франі я ўзяў сваю гімнасьцёрку, моўчкі надзеў цераз галаву. Франя чамусь ні пра што не пыталася, — мабыць, і бяз роспыту адчувала, што здарылася на падворку, і на яе азмрочаным тварыку прадаўжаў трымцець спалох.
— Ня бойся, — сказаў я, падпярэзваючыся. — Мы абаронім.
— Дзякуй вам, — ціхенька адказала дзяўчына.
— I гэта... Заві мяне на ты. Добра?
— Добра, Міця.
Усё ж я задоўжыўся на гасьцях, нельга было так доўга адсутнічаць на агнявой. Хоць навакол было ціха, але трывога магла ўзьнікнуць кожнай хвіліны. Зноў жа камбат там, мабыць, ужо неаднойчы тэлефанаваў Муху, патрабаваў узводнага. Мядзьведзеў, канечне, выручыць, як звычайна, скажа, што лейтэнант пайшоў у другі разьлік, дзе не было тэлефону. Але ўсё ж не на паўдня ён пайшоў у той разьлік.
— Я вярнуся, — сказаў я Франі, якая, не выходзячы на ганак, стаяла ў расчыненых дзьвярах. — Нікога не пушчайце!
На агнявой, аднак, усё было як заўжды, калі не было абстрэлу. Наводчык Сьцяпанаў дыміў сваёй махоркай; гультаяваты Атрошчанка ляжаў дагары на бруствэры, зьвесіўшы на пляцоўку даўгія ногі ў шырокіх трафэйных ботах. Малады Скібаў дзёўбаў пад сашніком рыдлёўкай — каб павялічыць радыюс абстрэлу гарматы. Ягонай лянівай працай прыдзірліва кіраваў камандзір Мядзьведзеў, што сядзеў насупраць на станіне.
— Глыбей, глыбей вазьмі. А то як дасьць на адкаце — наводчыку сіняк і пасадзіць. Абед вам, лейтэнант, у кацялку на скрынцы, — сказаў ён да мяне. — На двух з Кананком.
— Еш, Кананок, я ня буду.
Мне было не да абеду. Адчуваў, каньячны хмель яшчэ не мінуўся, як не мінулася ўзрушэньне ад нядаўняй малапрыемнай сутычкі. Адкрыты “додж” кудысь зьнік з дарогі, і я не заўважыў, куды. Ці яны, можа, зьехалі зусім, ці шарылі дзе паблізу. Маглі зноў налезьці на той асабняк. I я ўвесь час пазіраў туды, хаця й ня ведаў, што зрабіў бы, калі б убачыў іх там. Я сказаў Франі не пушчаць, але разумеў, што магчымасьці яе ў тым надта абмежаваныя. Калі гэтыя захочуць, іх не спыніць і танку. Што ім гэты катэдж! У мяне ўжо была падобная сустрэча, праўда, ня тут — ва Ўгоршчыне, ля Балатону, у адным графскім маёнтку, які мы занялі надвячоркам. Толькі ўлезьлі з-пад дажджу пагрэцца на ноч, як на падворак укацілася некалькі “студэбэкераў”, і такія во хлопчыкі з аўтаматамі пачалі нас выкурваць. Маўляў, вымятайцеся, тут будзе ўправа гвардыі палкоўніка Маляванага. Хоць на самой справе таму палкоўніку спатрэбіліся зусім не халодныя графскія пакоі з партрэтамі продкаў на сьценах, а хутчэй сутарэньні пад імі, дзе было што-нішто зь пітнога. I закусі. Як яны нас вытурылі ў поле, дык пасьля да раніцы гаспадарылі там, а на золаку, пакуль не пачаўся бой, тыя “студэбэкеры”, цяжка валюхаючы па калдобінах, павезьлі іхныя трафэі. А мы толькі ляскалі зубамі, седзячы ў мокрай пасадцы пры дарозе. Ну але там быў камбат, ён прымаў рашэньне застацца ці ўступіць. Вырашыў уступіць, можа, і правільна — таньней абыйшлося. Бо што б мы зрабілі з тою п'яною хэўрай, надзеленай уладай высокага начальства? Тут жа камбат далёка, рашэньне належала прымаць мне. Во я і прыняў. Цяпер буду чакаць наступства.
Між тым было чутна, як у раўку штось стрымана прамаўляў па тэлефоне Муха, але, мяркуючы па голасе, не з начальствам, — хутчэй са сваім братам-сувязістам. Пагутарыўшы трохі, устаў ад тэлефону і голасна абвясьціў:
— Брацьця славяне! Вайне канец!!
Мы ўсе на агнявой зьнерухомелі, змоўклі, чакаючы тлумачэньняў радаснай навіны, і Муха, натапырыўшы свае вусы, з важнасьцю аб'явіў:
— Брыгадныя радысты падслухалі: заўтра капітуляцыя.
— А чаму нам нічога ня кажуць? — запытаўся Мядзьведзеў.
— Мабыць, скажуць...
Муха зноў зьнік у раўку, прыпаўшы да свае трубкі — цяпер адтуль чакаліся незвычайныя навіны, ад якіх радасьцю займалася салдацкая істота, сонцам асьвятляўся ўвесь белы сьвет. Гэта ж трэба — скончылася вайна, і ты жывы! Цябе не забілі. Ты будзеш жыць доўга, доўга. Ня будзеш трэсьціся ў зямлі і чакаць апошняга свайго выбуху. Ты вернесься дамоў, зноў убачыш маму. Знойдзеш сваё каханьне, якое дасьць табе законнае шчасьце ў жыцьці. Канец вайне!..
Але калі канец вайне, дык, мусіць, доўга мы тут ня ўседзім. Мусіць жа, мы некуды рушым — назад ці наперад. Толькі наперад чамусь не пушчаюць немцы — ці яны ня ведаюць пра сваю капітуляцыю? Ці, што зусім кепска, ня згодныя зь ёй? Калі якія эсэсаўцы, дык ведама, тая капітуляцыя дае ім няшмат радасьці — яшчэ яны паваююць. Не дачакаўшыся, аднак, болей дакладных навінаў, я ўзьлез у равок і патэлефанаваў да камбата. Ці праўда, што ўжо фініта?
— Будзе фініта — скажам. Ні на хвіліну ня спозьнімся. А пакуль захоўвайце пільнасьць, — ахалодзіў мяне камбат.
Мабыць, так. Калі загадана захоўваць пільнасьць, дык мабыць, нічога і не адбылося. Мабыць, радысты пасьпяшаліся. Можа, дзе і капітулююць, а ў нас будуць марудзіць. Чакаць загаду. Таксама, як і мы чакаем загаду зьверху. У гэтым сэнсе нічога не мяняецца. Хоць і канец вайне, усе падпарадкуюцца ўласнаму начальству. Як і заўсёды. Толькі начальства вырашае, замірыцца ці ваяваць.
Але ўсё ж калі капітуляцыя, дык, мабыць, не пакінуць нас у гэтай зямлі. Цяпер ужо ў зямлі не сядзелася, і я выйшаў з агнявой на зялёную траўку побач. У навакольлі стаяла зусім мірная ціша, не стралялі ні мінамёты, ні гарматы. Не чуваць было і апрыклай трывожнай страляніны на перадавой. Штось усё сціхла, стаілася. Чакала. Сапраўды, ці не канец гэтай праклятай калатнечы? Настрой мой то поўніўся радасьцю, то азмрочваўся невядомасьцю, калі я кідаў позірк на недалёкі катэдж. Ужо мне карцела туды, да Франі. Як ёй быць цяпер з гэтымі старымі аўстрыякамі? Трэба дадому. У Беларусь. Але як? Куды я яе вазьму? Да маіх артылерыстаў на агнявую? Вядома, хлопцы былі б радыя. Але што скажа начальства?
Сонца схавалася за аграмадзінай гор, у даліне напоўз даволі прахалодны цень; усё навокал спахмурнела, хутка губляючы сваю нядаўнюю веснавую ўрачыстасьць. З-за шчыльнага плоту лесапільні патыхала паленым, даляталі па ветры горкія подыхі пажарышчаў. Нічога паблізу, аднак, не паказвала на небясьпеку, і я наважыўся. Сказаў Мядзьведзеву, каб у выпадку чаго прыслаў Кананка, той ведае. Мядзьведзеў кінуў скупое “ладна”, і я скіраваў да мастка.
Яшчэ я не ўзяўся за разлапістую жалезную клямку дзьвярэй, як тыя расчыніліся, за імі ў прыцемку пакорліва стаяла Франя. Яна чакала мяне. На гэты раз яна была без свайго фартушка, у кароценькай шэрай кофтачцы паверх тых жа чорных і вузкіх штонікаў. Была надта прывабная і з сарамлівай гасьціннасьцю ўсьміхнулася мне.
— Капітуляцыя, Франя!
— Праўда? А божачка мой...
— Яшчэ не афіцыйна. Але паведамяць.
— Няўжо дачакаліся? Няўжо праўда? — бы дзіця, радавалася дзяўчына. — Трэба старым сказаць.
Яна пабегла кудысь з вэстыбюля, а я застаўся ля засланага квяцістым абрусам століка з трыма цюльпанчыкамі ў фарфоравай вазцы. Я трохі недаўмеўся: што б значыла гэтая яе пасьпешлівасьць наконт гаспадароў? Ці сапраўды ўдзячнасьць, ці добра выхаванае пачуцьцё абавязку? Я ня ведаў яшчэ, як да таго паставіцца, калі праз расчыненыя дзьверы ў вэстыбюль сунуўся той высачэзны стары прафэсар са сваёй фраў. Апошняй ускочыла ажывелая Франя. Трохі адсопшыся ад мабыць доўгага пераходу, гаспадар глухім голасам сказаў нейкую даўгую фразу, якую тут жа патлумачыла Франя.
— Доктар Шарф віншуе з канцом вайны і дзякуе пану афіцэру за вызваленьне ад нацызму.
— Калі ласка, — велікадушна пагадзіўся я. — Жывіце ў міры.
Доктар уважліва выслухаў Франін пераклад, трохі памаўчаў. Відаць па ўсім, гаварыць яму было цяжка, ці ён цяжка зьбіраўся з думкаю. Франя перакладала:
— Ён кажа: старыя шчасьлівыя, што дачакаліся канца вайны. А маладым цяпер прыйдзецца самім ладзіць будучыню Эўропы. Важна не памыліцца.
— Ды ўжо як-небудзь. Не памылімся. Калі дагэтуль не памыліліся — перамаглі, — самаўпэўнена адказаў я і адразу адчуў, што перабраў: ня трэба было гэтак катэгарычна. Франя пераклала адказ.
— Доктар Шарф кажа: перамагчы ў вайне — яшчэ ня ўсё.
— А што ж яшчэ?
— Пасьля цяжкай вайны непазьбежны і цяжкі мір, — ціха, нібы нават не згаджаючыся з чымсьці, пераклала Франя.
Я не зусім зразумеў, што ён мае на ўвазе, гэты стары аўстрыяк. Можа, аднак, і праўда, можа і цяжкі мір. Але ўжо не цяжэйшы, чым гэтая вайна.
— Ён кажа: рускія павінны зразумець, што нацызм і камунізм ёсьць два канцы адной палкі.
Гэтыя развагі я чуў упершыню, і яны здаліся мне дзіўнаватымі — адной палкай мераць Расею і Нямеччыну. У нас гэткім чынам ніхто не разважаў нават пад хмелем, за такія словы кожны мог апынуцца далёка. Мы не адважваліся гэтак нават падумаць. Ды і не было патрэбы так думаць — усё ж мы ваявалі з фашыстоўскай Нямеччынай за свабоду сваёй краіны. Пры чым тут два канцы адной палкі?
Мабыць, разгубіўшыся, я маўчаў. Напэўна, адчуўшы маю ніякаватасьць, гаспадар таксама нядоўга падумаў і, стрымана кіўнуўшы на разьвітаньне, павярнуўся на выхад.
— Пачакай трошкі, — ціхенька кінула да мяне Франя, таксама кіруючы за старымі.
Аднак мне не сядзелася, і я падыйшоў да акна. Гэта зразумела, што за перамогай настане мірнае жыцьцё, але чамусьці не хацелася пра яго думаць, цяпер усе думкі не ішлі далей перамогі. Той самай, да якой мы нарэшце наблізіліся і пра якую столькі марылі ў цяжкія часы малых і вялікіх няўдач. У такія хвіліны яна здавалася нам як зьдзек, як жульніцкая пустая абяцанка. Шмат для каго менавіта такой і засталася, і яны нічога пра яе ніколі не пазнаюць. Іншыя во дажылі да яе, і можа, яшчэ пакарыстаюцца яе плёнам.
З вузкага вакна з высокім, бы ў царкве, падваконьнем ня шмат што было відаць, а мне ўсё ж патрэбна было бачыць мае гарматы. I я сказаў пра тое Франі, калі яна прыбегла ў вэстыбюль. Дзіўна, як за паўдня зьмяніўся яе настрой, яна стала цяпер жвавая, амаль бесклапотная. Лёгкая і імклівая, яна зрабілася падобнаю на гарэзьлівую школьніцу.
— Ідзем, — сказала яна і кудысь павяла мяне праз бакавы ход да скрыпучых і пакручастых прыступкаў — на гарышча ці што, падумаў я. Але то было не гарышча? а сьветлая цесьненькая вежа, што, нібы шкляначка, прыгожа выглядала здаля на чырвоным даху.
— Адсюль ўсё відаць.
Выгляд з гэтай вышыні быў сапраўды цудоўны — амаль палова разьбітага выбухамі гарадка, вуліца да павароткі, задымлены падворак лесапільні, завалены грудамі дрэва і дошак: мае гарматы — адна адразу за рэчкай, а другая па той бок лесапільні. Насупраць за дарогай разьлёгся шырокі горны адхон, зьнізу парослы хвойным маладняком, які вышэй браўся на добры хваёвы лес. З другога боку відно было ня шмат — стромы чарапічны скат даху ды вершаліны грувасткіх дрэваў, блізка за якімі навісла голая скала гары. У цесьненькай шклянцы-вежы стаяла лёгенькая канапка, цямнеў расчынены люк, празь які мы сюды ўлезьлі. Утульнае было месьцейка, і я захваляваўся нават. Здалося, Франя прывяла мяне сюды ня так сабе, а дзеля пэўнага інтыму, і таму дзяўчо яшчэ болей мне пабліжэла.
— А вунь і твае салдаты, — паказала Франя.
Я агледзеў зьверху мае пазыцыі — нічога асаблівага. Салдаты паселі на станіны, мабыць, цяпер гаманілі пра мір, да якога, падобна, дажылі — хіба ж не падстава для радасьці? Кожны ўжо настройваўся на дом, гаспадарку і мірнае жыцьцё на ёй. То было зразумела. Маладзейшыя марылі пра вучобу і каханьне, пра сваё месца ў жыцьці, наканаванае кожнаму шчасьце. Цяпер усё тое было магчыма. Мы заслужылі на гэта права, перамогшы ў страшнай вайне. Мабыць, далейшае залежала ад кожнага і не залежала ад вайны. То было шчасьце.
Я сеў на зручную белую канапу, Франя стала насупраць ля шырокіх, зашклёных у дробныя шыбкі вокнаў.
— Доктару Шарфу лекі дала. Дрэнна пачуваецца. Дужа напалоханы.
— Кім напалоханы?
— Нямецкімі нацы, але й нашымі таксама.
— Нашымі? Калі ж гэта яны пасьпелі яго напалохаць? — зьдзівіўся я. Здалося, што Франя гаворыць штосьці няслушнае.
— Ты ня ведаеш. Можа, ня трэба табе гаварыць...
— Ня бойся. Я яму зла не зраблю.
— Я веру, што ня зробіш. Ты ж не такі, як... Гэта ж учора ноччу мы да ранку ня спалі...
— Не спалі?
— Ну. Як зьмерклася, прыехалі вашыя. Ну, з асобага аддзелу, сказалі. Мяне прагналі ў вэстыбюль, а самі там да чатырох гадзінаў яго дапытвалі.
— Во як! Але завошта?
— А хто іх ведае. I мне доктар Шарф нічога не сказаў. Фраў Сабіна плакала...
— Ну, а ты? У цябе яны пра што-небудзь пыталіся?
— Ад мяне адабралі падпіску, што буду маўчаць.
— Во як!
Гэта было горш. Зрэшты, я ўжо ведаў, што там, куды лезьлі гэтыя, і не магло быць добра. Ну, але хай гэта ў нас — у войску, у тыле. Ды пры чым тут аўстрыякі? Пры чым нарэшце Франя? Ужо яна навошта ім спатрэбілася? Ці чым не дагадзіла? А можа, яна замінала ім у нейкай іх цёмнай справе?
Хаця, заспакойваў я сябе, да таго патрэбна быць гатовым. Усё ж у гэтых малойчыкаў свае, спэцыфічныя абавязкі, якіх простым людзям ніколі не зразумець. Найперш шукаць ворагаў. Але няўжо ж і гэты стары прафэсар біялёгіі — таксама вораг? Шпіён? Дывэрсант? Ці можа, яны самі вярбуюць шпіёнаў? Але як жа ў такім выпадку тут заставацца Франі?
— А доктар Шарф не фашыст?
— Ну, што ты! Ён ня любіць фашыстаў — страх! Бывала, у Гановэры, як бяжым у бомбасховішча, дык ён груба лае іх. Вакол усё грукоча, ніхто нічога ня чуе..
— Як ніхто ня чуе, можна і палаяць, — сказаў я. — А ты сядай побач, во тут, ля мяне.
Неяк нерашуча Франя прысела ў куточку канапы. Настрой яе зноў, здаецца, рабіўся мінорны, яўна заклапочаны. Яе захапіла перажытае. Я быў настроены інакш, але таксама радасьць мая панікла. Франя між тым пачала расказваць.