— А можа, таму й пляжаць, што напасьледак, — сказаў Сьцяпанаў, — каб нікому не дасталося.
Што напасьледак, гэта пэўна, падумаў я, бо дужа няшмат засталося. Толькі мы штось замарудзілі, уперліся ў нейкую перашкоду. З захаду па Аўстрыі ўжо наступалі амэрыканцы. Часам батарэйны радыст лавіў іх ня так і далёкія перамовы на ангельскай мове, якая перамешвалася ў эфіры зь нямецкай, чаго раней не чутно было ніколі. Значыць, яны тут недалёка і, можа, днямі ўдараць насустрач нам з захаду. Калі да таго часу гэты гарадок не ператвораць у руіны. Чамусьці раней пра тое ня думалася. Будынкі, гарады і сёлы на вайне наогул ня браліся пад увагу і аднолькава руйнаваліся і намі, і немцамі. Але цяпер во паявілася новае пачуцьцё, новыя адносіны як да чалавечых жыцьцяў, так і да чалавечай маёмасьці. Ды яшчэ такой, як у гэтай пакутніцы Аўстрыі, таксама па-сутнасьці нямецкай ахвяры.
Як трохі пацішэла ўгары, прыйшлі нашыя салдаты з кухні. Атрошчанка і Скібаў прынесьлі па два кацялкі, боханы хлеба ў рэчмяшках — харч для ўзвода на ўвесь дзень. За імі чамусьці валюхаста валокся праныра санінструктар Пятрушын, і я зласьліва падумаў: а гэты навошта? Мне ён не падабаўся ніколі, гэты трыццацігадовы сяржант, які ў прамежках паміж абстрэламі бадзяўся па батарэйных тылах. Калі ж узьнікала якая патрэба, дык санінструктара было не знайсьці. Зноў жа празь ягоны ровар я сёньня перажыў сутычку з камбрыгам. Мабыць, адчуваючы тое, Пятрушын адразу пачаў трошкі нават лісьліва, нібы паддобрываючыся:
— Ну, як? Дастаецца вам тут? На самым, лічы, перадку. Ня тое, што ў трэцяй — сядзяць, як у бога за пазухай. Камбат на акардэоне грае. Параненых няма? — запытаўся ён.
Салдаты павылазілі з раўка, пачалі рэзаць хлеб на палатцы, усаджваліся над кацялкамі з астылай пярлоўкай. Пятрушын, падобна было, пасьнедаў ужо і не выказваў цікавасьці да ежы. Ён дастаў з кішэні “бархотку” і, паставіўшы бот на станіну, узяўся яго начышчаць. Пасьля старанна начышчаў другі. З усіх сяржантаў у палку адзін ён фарсіў у зграбных хромавых ботах, аб якіх не пераставаў дбаць нават у часе абстрэлаў.
Начысьціўшы боты і палюбаваўшыся на іх амаль люстраны бляск, санінструктар раптам успомніў:
— А дзе мой трафэй?
— Які трафэй? — знарок не зразумеў я.
— Ровар.
— Ровар камбрыг адабраў, — схлусіў я.
— Ды ну? Так і адабраў?
— Менавіта адабраў. Вунь хай Кананок скажа.
Пятрушын павярнуўся да Кананка, які з маладым Атрошчанкам распачаў сьнедаць на бруствэры. На мае словы той сьпярша заўсьміхаўся.
— Ну, адабраў...
— Так я і паверыў, — засумняваўся санінструктар. — Схавалі недзе.
Ён пачаў азірацца каля агнявой, шукаць ровар: зазірнуў у апусьцелы равок, за штабэль снарадных скрынак пад брызэнтавай накрыўкай.
— Не шукай, ня знойдзеш, — раптам сказаў Мядзьведзеў. — Камбрыг загадаў аддаць.
— Каму аддаць?
— У каго ўзялі.
Ну, навошта было гаварыць тое, зласьліва падумаў я, хай бы шукаў, дзе хоча. Але Пятрушын адразу зразумеў, што Мядзьведзеў не падманвае і, ні слова ня мовіўшы, пераскочыў бруствэр.
— Ты куды? Назад!
Той толькі буркнуў штось на хаду і хуткім крокам скіраваў да катэджа. Гэта ўжо мне не спадабалася, але што было зь ім рабіць? Па службе ён мне не падпарадкоўваўся, а зьвяртацца цяпер да камбата ня мела сэнсу. Камбат з гэтым сяржантам чуўся ў надта прыязных адносінах: той нядаўна яшчэ цягаў яму бутлі зь віном, выручаў, калі ён, перабраўшы, ляжаў у кабіне “студэбэкера”, казаў па тэлефоне: камбат хворы, дыягназ — малярыя. Той і праўда хварэў на малярыю, як зрэшты, шмат хто на батарэі. Але хварэлі ўлетку і ўвосень, зімой малярыя ня брала.
Абстрэл ужо сьціхаў, здаецца, з абодвух бакоў; закацілася за вяршыні гор далёкае рэха, надоўга ці не — невядома. Санінструктар перайшоў масток, рашуча пераскочыў цераз невысокую брамку і скіраваў да дзьвярэй катэджа. Штосьці пагрозьлівае здалося мне ў той яго самаўпэўненай, амаль злой рашучасьці, быццам і я ўжо меў пэўнае дачыненьне да таго катэджа. Я выскачыў з агнявой і, накульгваючы на пабітую нагу, перайшоў масток, пералез цераз агароджу. З дамоўкі ніхто не паказваўся, а Пятрушын раз-пораз дубасіў кулаком у цяжкія дзьверы.
— Адчыніце!
Я падбег ззаду і рвануў яго за плячо.
— Прэч адсюль!
Санінструктар павярнуўся, працяў мяне злым позіркам, але паслухаўся і пайшоў да брамкі. Здаля толькі брыдка нягучна вылаяўся. Я павярнуўся быў, каб падацца сьледам, як ззаду забразгалі дзьверы.
— Дзякуй вам. Ён другі раз ужо...
На парозе ў паўрасчыненых дзьвярах стаяла яна — мая зямлячка. Толькі зірнуўшы ў яе кірпаценькі, зь некалькімі рабацінкамі ля пераносься тварык, я адразу пазнаў наш паўзабыты дзявочы выраз — ветліва стрыманы, мо трошкі з боязьзю перад незнаёмым чалавекам. З выгляду яна была зусім яшчэ дзяўчо, падобная на хлопчыка-падлетка, — у цёмнай кофтачцы зь белым каўнерыкам і вузкіх штоніках замест спаднічкі. Сьпераду быў прышпілены куртаценькі белы фартушок — як у пакаёўкі, ці што. Уражаны гэтай сустрэчай, я на момант забыўся пра санінструктара і нават ня бачыў, як той пералез цераз брамку.
— Вы зь Беларусі? — зьдзіўлена папытаўся я.
— Ну, — ціхенька адказала яна і бы насьцярожылася затым.
— I я ж таксама.
— Ведаю. Мне ваш салдат сказаў.
— Але... Вы тут даўно?
Падобна было, яна ўздыхнула ці толькі памкнулася да таго, стрымаўшы ўздых. Затым павярнулася ў дзьвярах, не запрашаючы мяне заходзіць, але й сама не выходзячы на нізенькі каменны ганак. Уся такая спрытненькая, тоненькая, бы цьвічок, з адзнакай чагось устрывожанага на прывабным тварыку.
— Як вам сказаць... Хутка ня скажаш, — вымавіла яна й зрабіла нясьмелую спробу трошкі ўсьміхнуцца. Бы на разьвітаньне. Але разьвітвацца зь ёю мне ўжо не хацелася.
— Нікога не пушчайце, — сказаў я, адчуўшы цьмяную прыязнасьць да яе. — Калі будуць стукаць, не адчыняйце. Мы вас абаронім.
— Тут ужо стукаліся.
— Хто стукаўся?
— Вашыя ваенныя, — сказала яна і памаўчала. — То можа, зойдзеце? — нечакана папыталася ці прапанавала яна і трошкі збочыла ў дзьвярах, пераступіўшы на сьлізкім граніце маленькімі, у мяккіх пантофліках ножкамі. Я міжволі зірнуў на свае белыя ад пылу кірзачы і ступіў на нізкі парожак.
Тут быў ня дужа вялікі, з высокаю столяй вэстыбюль, бы шахматная дошка, вымашчаны чорна-белаю кафлянаю пліткай, з высокаю чорнай шафай збоку і двума стрэльчатымі вокнамі насупраць. Пасярэдзіне стаяў лёгенькі прыгожы столік на выгнутых ножках, пакрыты квяцістым абрусам. Некалькі гэткіх жа гнутых зэдлікаў мясьцілася побач, а ля сьцяны стаялі два цяжкія скураныя крэслы. Скрозь было чыста, дагледжана і цемнавата: вокны знадворку напалову затулялі галіны старых зазелянелых дрэваў.
— А вы тут — адна? — папытаўся я, трохі зьдзіўлены яўнай заможнасьцю яе жытла.
— Не, чаму ж... Гаспадары ёсьць, — сказала яна, стоячы насупраць. Яна ня зводзіла зь мяне сваіх зыркіх вачэй, бы чагосьці чакала. Чакала пытаньня.
— Немцы, канечне?
— Не-а. Аўстрыйцы.
— Во як! Але ж... Як вы тут апынуліся?
Яна не пасьпела адказаць, як паблізу знадворку раскоціста грымнула, аж, чуваць было, штосьці з дробным стукам пакацілася з даху. Дзяўчына міжволі скаланулася, у позірку яе мільгануў спалох, і я выскачыў у дзьверы. За маёй агнявой якраз над лесапільняй вецер разганяў у небе руды клубок дыму — то немцы пальнулі шрапнэляй. У такіх выпадках лепей было схавацца ў доме ці дзе пад дахам. Але я змушаны быў бегчы на агнявую.
Я бег да агнявой і думаў, ці не прыстрэлачная гэта шрапнэль? Ці не засеклі яны пазыцыі маіх гарматаў? Другі разьлік узвода быў па той бок заваленай дошкамі лесапільні, як бы яму там не дасталося. На гэтай агнявой усе сядзелі ў раўку, хоць ад шрапнэлі ў раўку не схаваесься. У гэты час яшчэ з прарэзьлівым трэскам разарваліся два шрапнэльныя, але цяпер далей — па той бок дарогі. Я гукнуў Скібаву зьбегаць у другі разьлік даведацца, ці не параніла каго там. Немцы тым часам перанесьлі агонь за дарогу, мабыць, штосьці там згледзелі — ці ня рух пяхоты? Скібаў толькі адбег, як зазумерыў тэлефон — гэта камбат пытаўся, што ў нас здарылася. Сказаў, нічога пакуль ня здарылася. А калі ў каго й здарылася, дык ня ў нас, гваздаюць пакуль па суседзях. Можа, па пяхоце.
Паклаў трубку і сядзеў, прытуліўшыся да нейчай сьпіны, думаў, што абстрэл, вядома, паганая справа, але ў адным здатная — абстрэлу ня любіць начальства таксама. Калі абстрэльваюць, дык можна не асьцерагацца, што на цябе нечакана наедзе які-небудзь “віліс” з крыклівым камандзірам ці прыдзяўбецца які нахлебнік-камсорг, парторг ці асабіст. У час абстрэлу ты сам сабе гаспадар, лейтэнант-узводны, і болей за немца ворага тут няма.
Абстрэл шрапнэляй цягнуўся, здаецца, бясконца доўга. Усё яснае неба над гарадком было спляжанае жоўта-рудымі плямамі, якія спакваля расплываліся, выцягваліся ў ветраныя космы, і сярод іх пыхкалі новыя — па адным, парамі, а то й па чатыры адразу. Прарэзьлівы трэск выбухаў голасна аддаваўся горным рэхам; ад асабліва блізкіх закладвала ўвушшу і прыгнятала да глыбіні душы. Толькі б стрываць. Толькі перачакаць. Не загінуць. Гінуць напрыканцы вайны — проста жах...
Але во ўрэшце ў небе над горадам змоўкла. Праўда, штось выбухнула напасьледак удалечыні, і настала няпэўная, амаль загадкавая цішыня. Прыбег Скібаў, сказаў, што ў другім разьліку ўсе цэлыя, нікога не параніла, толькі побач у двары забіла двух коней зь пехацінскага абозу. Коні ляжаць, і ўжо прыходзіў нехта з цывільных, прасіў дазволу адрэзаць кавалак каніны на біфштэкс. Бедныя аўстрыякі! Мы ўсё ж, як ні былі галодныя, нават на Ўкраіне ня елі каніну, хоць некаторыя й казалі, што каніна — зусім неблагое мяса. Але, мусіць, сапраўды — голад ня цётка.
Наогул пакуль што не прыкмячалася ніякага руху — ні на ўскраіне гарадка, ні на дарозе. Пяхота штосьці прыціхла, нават не вяла агню зь перадавой. Але не зважаючы на той зманлівы спакой, я адчуваў, што доўга мы тут ня выседзім, усё ж мусім наступаць, дабіваць ворага ў ягонай бярлозе. Асабліва калі наперадзе, з таго боку, наступаюць амэрыканцы.
Салдаты па адным павылазілі з раўка на цесную пляцоўку агнявой пазыцыі, расьселіся на станінах, снарадных скрынках. Камандзір гарматы Мядзьведзеў адыйшоўся на хвіліну пад недалёкі плот лесапільні, а як вярнуўся, я нягучна сказаў, каб іншыя ня надта ўчулі:
— Схаджу туды...
— Вазьміце каго. А то...
Ну, ведама — а то. Я акінуў позіркам маіх хлопцаў і сустрэў усьмешысты твар Кананка.
— Пайшлі!
Той падхапіў на плячо аўтамат, і мы хуткім крокам пайшлі да катэджа. Брамка была зачыненая, і на гэты раз пералазіць цераз яе было трохі няёмка, ня тое, што раней. Затое грукаць у дзьверы не давялося, тыя адразу прачыніліся, як я ступіў на нізенькі каменны ганак.
— Ну, як вы тут? Жывыя?
— Ой, страхоцьця колькі! Заходзьце, калі ласка, — відавочна яшчэ не супакоіўшыся ад перажытага, сказала дзяўчына.
— Нічога! Нядоўга засталося. З захаду ідуць амэрыканцы.
— Праўда? Але ж мы нічога ня ведаем. Дык, можа, сядайце? — няўпэўнена прапанавала яна.
Я не сядаў, марудзіў. Кананок тым часам кіўнуў на дзьверы:
— Я там, таварыш лейтэнант.
Ён пайшоў на ганак, а я застаўся адзін. Можа, і ня варта было б тут затрымлівацца, але мне хацелася болей дазнацца пра маю зямлячку.
— Дык як цябе завуць?
— Мяне — Франя. А вас?
Стоячы ля чорнае грувасткае шафы, яна, бачна было, з большым, чым раней, даверам вывучала мяне.
— Зьмітрок Барэйка, — трохі сумеўшыся, адказаў я. — Родам зь Бешанковічаў. А ты адкуль?
— Прыкладна, адтуль жа, — скупа адказала Франя, нібы прыслухоўваючыся да чагосьці. Знадворку, аднак, ня чулася нічога асаблівага, хіба за рамамі вузкіх вокнаў ціхенька ляскатала на ветры блізкае лісьце дрэваў. Удакладняць сваё паходжаньне Франя, аднак, ня стала.
— Але пачаставаць вас няма чым. Хіба гарбаткай?
— Добра — гарбаткай! — аж узрадваўся я, учуўшы гэтае знаёмае зь дзяцінства слова. Так некалі вымаўляла маці, вясковая настаўніца; бацька ж заўсёды казаў “чай”, а маці ўпарта папраўляла яго: “гарбата”.
— Дык пасядзіце, я хуценька, — сказала Франя і ціхенька высьлізнула ў сваіх мяккіх пантоплях праз бакавыя дзьверы.
Я застаўся адзін і засьцярожліва падумаў: хоць бы чаго ня здарылася. Усё ж побач немцы, і невядома, хто гаспадар гэтага катэджа. Праўда, Франя ўсё ж служыла нейкім гарантам, што ўсё абыдзецца. Я падыйшоў да аграмадзіны шафы, даверху застаўленай шэрагамі тоўстых кніжак у чорных вокладках з залачонымі гатычнымі літарамі, якія я ня надта навучыўся чытаць у школе. Побач на сьцяне вісела нейкая цьмяная карціна ў дужа тоўстай і таксама счарнелай ад часу раме. Наогул усё тут было старое, можа, зь мінулага стагодзьдзя, са сьлядамі аблезлай пазалоты, што безумоўна сьведчыла пра знатнасьць паходжаньня гаспадароў. Можа, нават цяперашніх фашыстаў — хто ведае.
Франя, аднак, бавілася, і я ўжо падумаў, ці не пайсьці адсюль да сябе на агнявую. Але нейкая далікатнасьць усё ж стрымлівала мяне, і я дачакаўся. Расчыніліся дзьверы, і ўвайшла Франя, абярэжліва несучы маленькі блішчасты падносік з двума кубачкамі гарбаты і нейкай закускай на белым зь сінім беражком сподку.
— Цукру, аднак, ня маем. Паклікаць салдата?
— А ты?
— Я гарбату ня п'ю, — сказала Франя і запыталася: — А можна, каб сюды зайшлі гаспадары?
— Гаспадары? Ну, хай...
Гаспадары ніяк не ўваходзілі ў мае пляны, бачыць іх тут мне зусім не хацелася. Але калі яна просіць?.. Тым часам у памяшканьне неяк нясьмела ўсунуўся дужа высокі стары ў чорнай старасьвецкай піжаме, што, бы на вешаку, вісела на ягоных худых плячах. Зрэшты, таксама, як і штаны зь недарэчнымі, бы ў генэрала, бляклымі лямпасамі сіняга колеру. Ён быў зусім лысы, з надзіва касматымі брывамі, пад якімі глыбока сядзелі зыркія вочы.
— Іх грусэн, гер афіцыр*, — старэчым голасам вымавіў ён, трошкі схіліўшы галаву ў паклоне.
* Я вітаю, пан афіцэр.
— Здравія жалаю, — стрымана сказаў я. У гэты час за ім паказалася ў дзьвярах невялічкая сухая кабетка з зусім белаю, бы дзьмухавец, галавой. Абое прыціхла спыніліся каля дзьвярэй. Расставіўшы ногі, я па-гаспадарску нязрушна сядзеў каля століка.